ГРАШО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

форма арганізацыі грашовага абарачэння ў краіне, якая склалася гістарычна і замацавана нац. заканадаўствам. Уключае: грашовую адзінку, маштаб цэн, віды грашовых знакаў, што маюць законную плацежную сілу, парадак эмісіі грошай і іх абарачэння, дзярж. апарат, які ажыццяўляе рэгуляванне грашовага абарачэння. Тып грашовай сістэмы залежыць ад таго, якія грошы знаходзяцца ў абарачэнні. Грашовая сістэма, пры якой усе функцыі грошай выконвае грашовы тавар, а крэдытныя грошы разменьваюцца на метал, адносіцца да сістэм металічнага абарачэння. Калі ролю ўсеагульнага вартаснага эквіваленту выконваюць 2 металы — золата і серабро, тады гэта біметалічная грашовая сістэма. Пры біметалізме свабодна чаканяцца і маюць неабмежаваную плацежную сілу манеты з золата і серабра. Біметалізм быў вельмі пашыраны ў 16—17 ст., а ў шэрагу краін і ў 19 ст. У канцы 19 ст. ў выніку развіцця капіталіст. гаспадаркі на змену біметалізму прыйшоў монаметалізм, калі ўсеагульным эквівалентам выступаў адзін метал (золата або серабро), у абарачэнні функцыянавалі манеты і знакі вартасці, што разменьваліся на гэты метал. Ва ўмовах залатога монаметалізму, у залежнасці ад характару размену знакаў вартасці на золата, адрозніваліся золатаманетны, золатазліткавы і золатадэвізны стандарты. З 1930-х г. грашовая сістэма ўсіх краін засн. на абарачэнні крэдытных і папяровых грашовых знакаў, пры якіх золата ў якасці грошай не выкарыстоўваецца. У сучасных умовах грашовая сістэма прамыслова развітых краін характарызуюцца адменай афіц. залатога ўтрымання грашовых знакаў, зняццем золата з грашовага абароту, выпускам грошай у абарачэнне ў парадку крэдытавання гаспадаркі і дзяржавы, скарачэннем наяўна-грашовага абароту за кошт развіцця безнаяўных разлікаў, узмацненнем дзярж. рэгулявання грашовага абарачэння. У Рэспубліцы Беларусь нац. грашовай адзінкай з’яўляецца бел. рубель, у наяўным абарачэнні ў якасці афіц. плацежнага сродку знаходзяцца банкаўскія білеты (банкноты), манапольнае права эмісіі іх належыць Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца дзярж. органам грашова-крэдытнага і валютнага рэгулявання.

Ж.​Д.​Даніловіч.

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́ЛЬ,

старажытна-руская плацежная і грашовая адзінка; асн. грашовая адзінка і манета ВКЛ, Рас. імперыі, РСФСР, СССР; Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Украіны (да 16.9.1996), Рэспублікі Таджыкістан («рубл»). Этымалагічна, верагодна, паходзіць ад прыметніка «рублены», «абрублены». Як грашовая адзінка Р. упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах Ноўгарада з канца 13 ст., меў выгляд злітка. (да 1447) і адпавядаў 105 нагатам. У 1-й чвэрці 14 ст. тэрмін «Р.» быў сінонімам слова «грыўня». Да 1510 адначасова функцыянавалі наўгародскі і маскоўскі Р. Паводле манетнай рэформы 1534 Р. канчаткова набыў выгляд дзесятковай манетнай сістэмы (Р. = 10 грывенкам = 100 капейкам = 200 дзенгам). Упершыню Р.-манета быў адчаканены ў 1654 па масе талера і наміналам у 100 капеек. Паводле грашовай рэформы Пятра I ў 1699—1701 пачалася чаканка яго фракцый: 1/2 (палціна) і 1/4 (паўпалціна), з 1704 — масавая эмісія. З 1769 выпускаліся папяровыя асігнацыі ў 25, 50, 75 і 100 Р.; крэдытны білет ў 1 Р. з’явіўся ў 1843. У 1917 у абарачэнні знаходзіліся сярэбраны Р., у золаце 5 і 10 Р., у паперах — 1, 3, 5, 10, 25, 50, 100, 250, 500 і 1000 Р. У час грамадз. вайны выкарыстоўваліся папяровыя і металічныя грошы наміналам у Р. і яго кратныя адзінкі Рас. імперыі, Часовага і Сав. урадаў, розных рэгіянальных урадаў і к-таў, населеных пунктаў і прадпрыемстваў. У сак. 1919 выпушчаны разліковыя знакі РСФСР вартасцю 1, 2 і 3 Р. Пасля ўтварэння СССР саюзныя рэспублікі спынілі свае грашовыя эмісіі і паводле дэкрэта ад 22.9.1923 уводзілася адзіная валюта — купюры ад 1 да 100 Р. У 1924 у абарачэнне паступілі сярэбраныя Р., залаты чырвонец 1923 (для знешняга гандлю). У 1947 і 1961 у СССР праведзены грашовыя рэформы з адначасовай дэнамінацыяй (абмен 1:10). З 1.1.1961 сав. Р. фактычна атрымаў статус канверсаванай валюты. З 1961 да 1992 у абарачэнні знаходзіліся 1, 3, 5, 10, 50 і 100 Р. Цяпер у Расійскай Федэрацыі (пасля дэнамінацыі 1997) у абарачэнні манеты вартасцю 1, 2 і 5 Р., банкноты ў 1, 5, 10, 25, 50, 100, 500 і 1000 Р.

На тэр. Беларусі Р. як грашова-лікавая адзінка з’явіўся на мяжы 13—14 ст. першапачаткова ў Віцебскім княстве і ў 1300/1305—27 адпавядаў 50 пражскім грошам. Пры вял. кн. Альгердзе Р. пашырыўся ў ВКЛ. Тэрмін «літоўскі Р.» у бел.-літ. летапісах упершыню названы ў 1399. У 1407 Р. адпавядаў 100 пражскім грошам, а ў 1500—100 літ. грошам. Да сярэдзіны 15 ст. Р. выкарыстоўваўся ў выглядзе сярэбранага злітка (маса 179,8—180 г), а з 2-й пал. 15 ст. функцыянаваў як лікавая адзінка. У ВКЛ Р. ужываўся да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і з’явіўся асновай для пераходу мясц. грашовага абарачэння на выкарыстанне рас. Р. У Рэспубліцы Беларусь у 1992 у абарачэнне быў уведзены «беларускі Р.» вартасцю 1, 3, 5, 10, 25, 50 Р. (да 1.11.1995), 250 і 500 (з 8.12.1992), 1000 (з 8.12.1993) і 5000 Р. (з 7.4.1994); (з 16.4.1998 дзве апошнія — новага ўзору), 20 000 Р. (з 1.1.1995), 50 000 і 100 000 Р. (з 17.10.1996), 500 000, 1 000 000 і 5 000 000 Р. (з 30.4.1999). 20.8.1994 праведзена 1-я дэнамінацыя, калі былі скасаваны суадносіны падліковага і папяровага Р. (10:1) і яны сталі ўраўнаважаны. З 1.1.2000 (пасля 2-й дэнамінацыі) у абарачэнні знаходзяцца 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 Р.; з 16.4.2001—10 000 Р. Усе наміналы (акрамя першых трох) абаронены ад падробкі. З 1995 у якасці законнага плацяжу выпускаюцца памятныя металічныя Р. наміналам 1 (медна-нікелевы сплаў), 20 (серабро) і 1000 (золата) Р. Вядома 7 серый манет, якія рэалізуюцца па камерцыйным кошце як калекцыйны матэрыял ці сувеніры.

Літ.:

Бектинеев Ш.И. Обращение рубля на территории Беларуси до Люблинской унии 1569 г. // Беларусістыка: Беларусь, гіст. лёс народа і культуры. Мн., 1995;

Малышев А.И., Таранков В.И., Смиренный И.Н. Бумажные денежные знаки России и СССР. М. 1991;

Мельникова А.С. Русские монеты от Ивана Грозного до Петра Первого. М., 1989;

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

Ш.​І.​Бекцінееў.

1 рубель (паводле эмісіі Нац. банка Беларусі, 1992).
1 рубель (пасля дэнамінацыі 2000).

т. 13, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕ́ЙКА (ад скарочанай назвы манеты 16 ст. дзенга капейная, на якой была выява вершніка з кап’ём),

манета ў Вял. кн. Маскоўскім, Царстве Маскоўскім, Рас. імперыі, СССР і дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рас. імперыі, СССР, Рэспубліцы Беларусь.

У Маск. дзяржаве і Рас. імперыі 2-й трэці 16 — пач. 18 ст. манета зборнага наміналу ў 2 дзенгі (драцяная і на высечаных з бляхі кружках). У 17 ст. паступова выцесніла як манету дзенгу і стала асн. наміналам у складзе грашовай масы Маск. дзяржавы. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 медныя драцяныя К. пранікалі і на Беларусь. К. сустракаецца ў бел. скарбах 2-й пал. 17 ст.пач. 18 ст. 2) У Рас. імперыі з 1720-х г. і ў СССР пасля грашовай рэформы 1924 — манета, намінал якой адпавядаў дапаможнай грашова-лікавай адзінцы ў 1/100 рубля. Па крыніцах, вядомых у пач. 18 ст. на Беларусі, пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі афіцыйна ўвайшла ў грашовае абарачэнне бел. губерняў.

3) Адзін з «наміналаў» залатых або залачоных сярэбраных драцяных «манет» для жалавання (узнагарод) войску ў Маск. дзяржаве 2-й пал. 15—17 ст., якія выконвалі функцыю ўзнагародных медалёў.

4) Адзін з наміналаў металічных вайсковых бонаў (марак) рас. арміі канца 19 — пач. 20 ст. 5) У Рас. імперыі ніжэйшы намінал недатаваных папяровых казначэйскіх марак-грошаў 1915, у 1917 — Часовага ўрада Расіі.

6) Ніжэйшы намінал бонаў з жалеза германскіх акупац. войск 1916.

7) Ніжэйшы намінал некаторых мясц. эмісій бонаў 1914—15 у Польшчы, Латвіі, Літве і часоў грамадз. вайны ў Расіі. 8) У СССР ніжэйшы намінал казначэйскіх бонаў 1924, якія часова ўжываліся з-за дэфіцыту разменнай манеты. 9) Дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рэспубліцы Беларусь з моманту дэнамінацыі 20.8.1994 да зняцця з абарачэння 1.3.1995 разліковага білета ў 50 К. узору 1992. 10) Манета і грашова-лікавая адзінка Расійскай Федэрацыі з 1998.

І.​І.​Сінчук.

Да арт. Капейка. Расія: 1, 2 — капейкі 1547—84 і 1610—12; 3 — 5 капеек 1713; 4 — 20 капеек 1828. СССР: 5 — 3 капейкі 1957; 6 — 2 капейкі 1931.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІ́СТЫКА (франц. bonistique),

дапаможная гіст. дысцыпліна, якая вывучае папяровыя грашовыя знакі як крыніцу эканам. і паліт. гісторыі грамадства. Узнікла ў пач. 20 ст., цесна звязана з нумізматыкай.

Першыя папяровыя грошы вядомы ў Кітаі з пач. 9 ст.; з 1690 вядомы ў Паўн. Амерыцы, з 1769 — у Расіі, З 1794 — V Рэчы Паспалітай. На Беларусі вядомы з часоў далучэння да Рас. імперыі (на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. пасля 1772, у зах. губернях Беларусі — з 1794). У 1843—1917 абарачаліся крэдытныя білеты наміналам ад 50 кап. да 500 руб. У 19 ст. заменнікі папяровых грошай («ярлык», «квітанцыя», боны, чэкі і да т.п.) абмежавана выпускалі ўладальнікі магазінаў, фірмаў, фабрык, рэліг. суполак у Брэсце, Ваўкавыску, Зэльве, Кобрыне, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме, Слуцку і інш. У час 1-й сусв. вайны ўлады Расіі павялічылі выпуск папяровых грошай і іх заменнікаў (чэкаў, сертыфікатаў, купонаў і інш.). Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыі 1917, у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі працягвалі абарачацца «раманаўскія» і «мікалаеўскія» банкноты, «керанкі», узаконена выкарыстанне аблігацый дзярж. пазыкі і іх купонаў. У часы герм. і польск. акупацыі Беларусі (1915—20) у абарачэнні былі боны, квітанцыі, талоны, аблігацыі з наддрукоўкамі. Іх выпускалі ў Бабруйску, Гомелі, Гродне, Ігумене (Чэрвень), мяст. Колышкі (Віцебская вобл), Лідзе, Лагойску, Мінску, Магілёве, Мазыры, Навагрудку, Пінску, Рагачове, Слуцку і інш. У абарачэнні былі рас. рублі, фінскія маркі, ням. пфенінгі, рэйхсмаркі, острублі, укр. карбованцы. У Зах. Беларусі абарачаліся польск. маркі, з 1924 — злотыя. На тэр. БССР у абарачэнні адначасова былі «саўзнакі» і чырвонцы, з 1922 — казначэйскія білеты (рублі) дробных наміналаў. У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі абарачаліся часовыя заменнікі грошай (сав. рублі, акупац. маркі, рэйхсмаркі). Пасля вайны адноўлена сав. грашовае абарачэнне. У 1992 Нац. банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у якасці самаст. плацежнага сродку разліковыя білеты вартасцю ў 50 кап., 1, 3, 5, 10, 25 (усе зняты з абарачэння ў 1995), 50 (зняты з абарачэння ў 1996), 100, 200, 1000, 5000, з 1994 — 20 000, з 1995 — 50 000 руб.

Да арт. Баністыка. Бона, выпушчаная ў час паўстання 1794.
Да арт. Баністыка. Агульнагарадская бона, выпушчаная Гомельскім гарадскім самакіраваннем у 1918.
Да арт. Баністыка. Разліковая квітанцыя, выпушчаная для абарачэння ў лагерах асобага прызначэння. 1929.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ШЫ,

асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў. Выражаюць затраты грамадскай працы, што надае ім здольнасць абменьвацца. Грошы ўзніклі на пэўным этапе развіцця грамадства як вынік эканам. адносін, гасп. Дзейнасці людзей. З развіццём вытв-сці і пашырэннем абмену тавараў ўзнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б вымяняць любы іншы. Такім таварам сталі грошы. У розных народаў на розных этапах развіцця абмену ролю грошай выконвалі розныя тавары (шкуры звяроў, меры збожжа, упрыгожанні, жывёла і інш.). Паступова ролю ўсеагульнага эквіваленту сталі выконваць золата, серабро. Дзякуючы сваім уласцівасцям (аднароднасць, дзялімасць, высокая вартасць пры невял. аб’ёме, адносная рэдкасць у прыродзе і інш.) за золатам замацавалася роля грошай у сусв. маштабе. Як прадукт працы яно мае вартасць і з’яўляецца таварам, мае таксама спажывецкую вартасць — здольнасць задавальняць пэўныя патрэбы (выраб упрыгожанняў і інш.). На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся толькі залатымі зліткамі, потым і манетамі, якія былі заменены манетамі з медзі і інш. металаў, потым папяровымі грашамі. Папяровыя грошы (знакі вартасці, якія маюць гарантаваную законам плацежную сілу) упершыню з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст., у ЗША у 17 ст., у Расіі ў 1796. Як усеагульны эквівалент грошы выконваюць некалькі функцый: мера вартасці, сродак абарачэння, утварэння скарбаў або сродак накаплення, сродак плацяжу (сусв. грошы). Праз функцыю меры вартасці грошы выражаюць вартасць інш. тавараў. Тавары выражаюць сваю вартасць у пэўнай колькасці золата. Вагавая колькасць золата, прынятая ў нац. эканоміцы дзяржавы за грашовую адзінку, наз. маштабам цэн. Пры рэалізацыі тавару грошы выконваюць функцыю сродку абарачэння. У працэсе абарачэння магчыма замена залатых манет папяровымі грашамі. Калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння, яны выконваюць функцыю сродку накаплення ці ўтварэння скарбу. У якасці скарбу могуць быць не толькі грошы ў манетнай форме, але і накапленні ў выглядзе прадметаў раскошы. Функцыю плацяжу грошы выконваюць, калі тавары прадаюцца ў крэдыт, пры аплаце падаткаў, зямельнай рэнты, кватэрнай і заработнай платы і інш. З выкананнем функцыі сродку плацяжу звязана з’яўленне крэдытных грошай — вэксаляў, банкнот (банкаўскіх білетаў), чэкаў, крэдытных картак або электронных грошай. На міжнар. узроўні грошы выконваюць функцыю сусв. грошай і наз. валютай. Раней гэту функцыю выконвала золата, цяпер выкарыстоўваюцца грошы (валюта) эканамічна магутных дзяржаў свету (долар ЗША, англ. фунт стэрлінгаў, ням. марка). Грошы прадаюцца і купляюцца на грашовым рынку, асн. элементы якога — прапанова, попыт, кошт грошай. Прапанову складае агульная колькасць грошай у дзяржаве. Пры сучасным грашовым абарачэнні развітых краін асн. маса грашовых аперацый праводзіцца ў безнаяўнай форме. Ролю грошай выконваюць не толькі наяўныя грошы, але і ўклады да запатрабавання, тэрміновыя і інш. ўклады. Для разліку колькасці грошай уведзена паняцце дзярж. эканам. паказчыкаў — грашовых агрэгатаў (М 1—наяўныя грошы, М 2 — тэрміновыя ўклады, М 3 — сертыфікаты), колькасць і спецыфіка вызначэння якіх у розных краінах розная. Для інтэрпрэтацыі колькаснай тэорыі грошай манетарысты (гл. Манетарызм) на чале з амер. эканамістам М.​Фрыдменам прапанавалі формулу MV=Py, дзе M — грашовая маса, V — хуткасць абарачэння даходу, P — узровень кошту, y — норма (паток) рэальнага даходу. Попыт на грошы павінен пакрывацца іх прапановай. У сучаснай рыначнай эканоміцы прапанова грошай ствараецца банкаўскай сістэмай (цэнтр. і камерцыйнымі банкамі краіны). Цэнтр. банк выпускае ў абарачэнне манеты, папяровыя грошы ў форме банкнот рознага наміналу. Камерцыйныя банкі даюць пазыкі. Празмерны выпуск грошай (эмісія) выклікае інфляцыю — абясцэньванне, зніжэнне пакупной здольнасці папяровых грошай. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх дэфляцыя (змяншэнне грашовай масы зняццем з абарачэння лішкавых папяровых грошай), нуліфікацыя (замена старых грашовых знакаў новымі, у меншай колькасці), дэнамінацыя (змена намінальнай вартасці грашовых знакаў), дэвальвацыя (афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканад. змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэння курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты), рэвальвацыя (афіцыйнае павышэнне залатога ўтрымання грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты). Існуюць розныя тэорыі грошай (металічная, наміналістычная, колькасная, тэорыя «рэгулюемай валюты» і інш.). Паводле метал. тэорыі меркантылістаў (Т.​Мен, Ж.​Б.​Кальбер), багацце дзяржавы атаясамліваецца з грашамі, а грошы — з высакароднымі металамі. Прадстаўнікі наміналістычнай тэорыі (Г.​Ф.​Кнап, М.​Дз.​Чулкоў) лічаць грошы знакамі вартасці, умоўнымі разліковымі адзінкамі. Паводле колькаснай тэорыі (У.​Джэванс, К.​Менгер), велічыня вартасці грошай знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад іх колькасці. Тэорыя «рэгулюемай валюты» — спалучэнне асн. палажэнняў наміналістычнай і колькаснай тэорый. Яе прыхільнік і тэарэтык Дж.​М.​Кейнс аддае перавагу папяровым грашам, паколькі іх колькасць у абарачэнні можа вызначацца дзяржавай. Праз рэгуляванне колькасці грошай у абарачэнні можна нармалізаваць (асабліва ў перыяды крызісаў) узроўні кошту тавараў, заработнай платы, беспрацоўя. На думку манетарыстаў, грошы — рашаючы фактар узнаўлення, таму няўмелае дзярж. рэгуляванне грашова-крэдытнай сферы можа справакаваць чарговы эканам. крызіс. На Беларусі з 1.7.1992 існуе самаст. грашовая сістэма. У 1994 бел. рублю і разліковаму білету нададзены статус адзінага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь. Грашовае абарачэнне рэгулюецца Нац. банкам Беларусі.

Літ.:

Лившиц А.Я. Введение в рыночную экономику. М., 1992;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Э. Макроэкономика: [Пер. с англ.]. СПб., 1994;

Курс экономической теории. Киров, 1995;

Экономическая теория. Мн., 1996.

Л.​М.​Давыдзенка.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДАЛЬ,

галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.

Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст. Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.

Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл. Гандлёвы цэнтр).

На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст. гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр. ўсерас. рынку. У 2-й пал 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.

Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.

Літ.:

Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​А.​Плашчынскі.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)