сям’я італьян. мастакоў Балонскай школы жывапісу канца 16 — пач. 17 ст. Прадстаўнікі акадэмізму. Нарадзіліся ў Балонні. Ладавіка (хрышчаны 21.4.1555—13.11.1619). Вучыўся ў Балонні ў П.Фантаны (каля 1570—80), там і працаваў. Творчасці ўласцівы простая і строгая кампазіцыя, рэзкая святлоценявая мадэліроўка («Абарачэнне Паўла», 1587; «Мадонна Барджэліні», 1588; «Мадонна Скальцы»; «Бічаванне Хрыста»; «Мадонна са св. Францыскам і Іосіфам», 1591; «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1592; «Ператварэнне», каля 1595—97). Агасціна (15.8.1557—22.3.1602), стрыечны брат Ладавіка. Вучыўся ў Балонні ў Фантаны. Працаваў у Балонні, Рыме і Парме. Рабіў гравюры па карцінах Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Карэджа. Сярод жывапісных твораў: «Прычашчэнне св. Іераніма», «Узнясенне Марыі» (абодва паміж 1591—93) і інш.Анібале (3.11.1560—15.8.1609), брат Агасціна, стрыечны брат і вучань Ладавіка. Да 1595 працаваў у Балонні, потым у Рыме. Рабіў алтарныя карціны, у балонскі перыяд у натуралістычнай манеры пісаў партрэты і жанравыя карціны, рамант. пейзажы. У рымскі перыяд творчасць больш строгая і ўрачыстая, што адпавядала канцэпцыі «прыгожага ідэала», якая ўвасобілася ў тэатралізаваным адлюстраванні героікі вял. падзей з жыцця людзей і багоў. Сярод твораў: «Крама мясніка», «Бабовая поліўка», «Аплакванне Хрыста» (сярэдзіна 1580-х г.), «Венера і Адоніс» (1588—89), аўтапартрэт (1590-я г.), «Узнясенне Марыі» (1592), «Міласэрнасць св. Роха» (1595), «Уцёкі ў Егіпет» (каля 1603—04), «Святыя жонкі ля труны ўваскрэслага Хрыста» (каля 1605), «Партрэт Джавані Габрыэлі з лютняй».
Сумесныя работы К.: фрэскі ў палацах Фава (1580—85) і Маньяні (1588—90) у Балонні і Фарнезе (1597—1604), у Рыме і інш. Каля 1585 у Балонні заснавалі «Акадэмію тых, хто стаў на правільны шлях».
Л.Карачы. Бічаванне Хрыста.Анібале Карачы. Венера і Адоніс. 1588—89.