СЛЕ́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 1672—1705 у г. Слуцк Мінскай вобл. Першая спроба стварыць яе зроблена ў 1665. Распачала дзейнасць на базе княжацкай друкарні Радзівілаў, што перавезена з Мітавы (цяпер г. Елгава, Латвія). У 1693 княгіня Людавіка Караліна Радзівіл перадала друкарню сіноду кальвінісцкай царквы ВКЛ, які перавёў яе ў час Паўн. вайны 1700—21 у г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград, Расія). У С.д. друкаваліся на польскай мове рэліг. кнігі, ваен. і геагр. выданні, маст. творы, календары, навуч. дапаможнікі, мемуары, гравюры, пераклады з ням. і франц. моў. За перыяд 1673—87 выдадзены 23 кнігі тыражом 24 200 экз. Вядома 29 назваў кніг, у т. л. «Абшарнік, або Гаспадар ліфляндскі» І.Германа (1673), «Неабходныя заўвагі пра ваенны парадак» А.М.Фрэдры (1675), «Турэцкая манархія» П.Рыко ў пер. К.Клакоцкага (1678) з гравюрамі М.Вашчанкі, «Руская тэорыя» — падручнік па бел. мове. Тыражы кніг вагаліся ад 82—100 да 3389 экз. Выданні выкарыстоўваліся як падарункі, у Слуцку і Капылі іх прадаваў княжацкі гандляр Цэрнер.
Літ.:
Грицкевич А.П. Книжное дело в феодальном Слуцке в XVI—XVIII вв. // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1983. Вып. 4;
Яго ж. Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;
Яго ж. Древний город на Случи. Мн., 1985;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СОВЕ́ТСКАЯ БЕЛОРУ́ССИЯ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Заснавальнікі — Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і рэдакцыйны савет. Выдаецца з 2.8.1927 у Мінску на рус. мове спачатку пад назвай «Рабочий» як орган ЦККП(б)Б, з 1937 сучасная назва. У 1938—43 орган ЦК і Мінскага абкома КП(б)Б, у 1943—48 — орган ЦККП(б)Б, Савета Міністраў і Прэзідыума Вярх. Савета БССР, у 1948—52 — орган ЦК і Мінскага абкома КП(б)Б, Савета Міністраў і Прэзідыума Вярх. Савета БССР, у 1952—91 — орган ЦККПБ, Вярх. Савета і Савета Міністраў БССР. У 1941—44 выходзіла на бел. мове пад назвай «Савецкая Беларусь» (у прыфрантавой паласе, потым у Маскве, са снеж. 1943 у Гомелі, з 1944 зноў у Мінску). З 2000 выдаецца поўнакаляровым друкам. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., міжнар. жыцця, дзейнасць органаў заканад. і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь, праблемы і шляхі развіцця культуры, навукі, сельскай гаспадаркі, фермерскага, прадпрымальніцкага гаспадарання, прынцыпы буд-ва Саюзнай дзяржавы. Публікуе ўказы і распараджэнні кіраўніка дзяржавы, заканад. акты, факты і каментарыі аб рабоце дзярж. спецслужб, аналіт. матэрыялы па праблемах экалогіі, адукацыі, маралі, права, гісторыі Беларусі, рэпартажы пранайб. значныя сац., культ., спарт. падзеі і інш. З 1999 рэдакцыі газет «С.Б.» і «Российская газета» выдаюць штотыднёвы дадатак «СОЮЗ. Беларусь—Россия».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ПАЦКАЯ НАРА́ДА 1925 Адбылася ў канцы жн. 1925 у г. Сопат
(прыгарад Гданьска). Удзельнічалі прадстаўнікі Цэнтр. к-таў КП(б)Б, КПЗБ і КПП, Камінтэрна: У.М.Ігнатоўскі, А.С.Славінскі, А.Ф.Ульянаў, а таксама Б.А.Тарашкевіч, Р.К.Астроўскі, С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.Шнаркевіч, М.М.Марцінчык, С.А.Мертэнс, Л.Н.Аранштам, П.Корчык (І.К.Лагіновіч, арганізатар нарады),
М.С.Арэхва. Гал. пытанне С.н. — стварэнне масавай бел.нац.-вызв. арг-цыі ў Зах. Беларусі — Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і яе ўзаемаадносіны з агульнапольскім рэв. рухам, асабліва з польскай Незалежнай сялянскай партыяй. Удзельнікі нарады прыйшлі да высновы, што праграма БСРГ павінна змяшчаць патрабаванні рэв.-дэмакр. характару: рабоча-сял. ўрад, зямля для сялян без выкупу, самавызначэнне нацый; прапаноўвалася ўключыць у яе дэмакр. патрабаванні ў паліт. сферы, а таксама па рабочым, сял. і нац. пытаннях. На С.н. заслуханы даклады аб становішчы ў Сав. Саюзе, гасп. і нац.-культ. будаўніцтве ў БССР, становішчы ў Зах. Беларусі і задачах нац.-вызв. руху, разгледжана таксама пытанне аб ліквідацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі. Была дасягнута дамоўленасць пра фінансаванне дзейнасці БСРГ, Т-вабел. школы і бел. гімназій, стварэнне для гэтых мэт Бел. кааператыўнага банка ў Вільні з аддзяленнямі ў Пінску і Глыбокім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЦЫН, Сацыні (Socyn, Socinus Sozzini) Фауст (5.12.1539, г. Сіена, Італія — 3.3.1604), італьянскі тэолаг-антытрынітарый, філосаф, заснавальнік сацыніянства. Скончыў ф-т права ў г. Ліён. Служыў сакратаром пры двары фларэнційскага князя Казіма I Медычы. З 1574 займаўся рэфарматарскай дзейнасцю (гл. Рэфармацыя) у тагачасным цэнтры рэліг. вальнадумства г. Базель. З 1579 у Кракаве, актыўна ўключыўся ў радыкальна-рэфармацыйны рух Польшчы і ВКЛ. З 1588, калі на сінодзе ў Брэсце прыхільнікі С. атрымалі ідэйную перамогу, ён стаў ідэолагам польскага і бел. антытрынітарызму. У ідэйнай спрэчцы правага і левага крыла антытрынітарыяў займаў цэнтрысцкія пазіцыі. Успрыняў і развіў некат. сац. і рэліг.-філас. ідэі С.Буднага, але асуджаў яго вучэнне пра натуральнае паходжанне Ісуса Хрыста і выступаў супраць атэіст. тэндэнцый у антытрынітарызме. Вырашальным крытэрыем у ацэнцы Бібліі лічыў індывідуальны чалавечы розум. Сцвярджаў, што чалавек валодае свабоднай воляй, якая кіруе розумам і мараллю. Таму ва ўратаванні чалавека вызначальную ролю адыгрываюць не царк. прадпісанні, а свабодны выбар. Антрапалагічнаму песімізму кальвінізму проціпаставіў гуманістычны аптымізм, заснаваны на веры, што кожны чалавек здольны заслужыць уратаванне пры дапамозе індывідуальных духоўна-маральных намаганняў.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПОК (Spock) Бенджамін Маклейн (2.5.1903, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 15.3.1998),
амерыканскі педыятр, педагог і грамадскі дзеяч. Скончыў Іельскі ун-т (1925) і мед. курсы пры ім (1929). У 1933—44 займаўся прыватнай практыкай у Нью-Йорку. У 1944—46 на вайсковай службе, у 1947—50 ад’юнкт-праф. Мінесоцкага ун-та, у 1951—55 кіраваў аддзяленнем дзіцячай псіхіятрыі пры мед. курсах Пітсбургскага ун-та. У кн. «Дзіця і яго догляд» (1946) абагульніў свой вопыт педыятра, выклаў уяўленні пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, развіццё здаровай і шчаслівай асобы. Гал. ідэя С. — прызнанне адметнасці, унікальнасці асобы дзіцяці; ён раіў бацькам пазбягаць крайнасцей у выхаванні, праяўляць чуласць і ўлічваць жаданні дзіцяці, дамагацца такіх адносін з дзецьмі, калі адпадае неабходнасць у пакаранні. Важнейшым у выхаванні лічыў «метад цярпення», адначасова падкрэсліваў асн. ролю бацькоўскага аўтарытэту, які не мае нічога агульнага з дыктатам, значэнне дысцыпліны для выхавання. У шматлікіх публікацыях выказаў свае ідэі па пед. праблемах: выхаванне прыёмных і «цяжкіх» дзяцей, выхаванне ў няпоўнай сям’і. уплыў на дзяцей сямейных канфліктаў і разводаў, роля бацькі ў выхаванні і інш. Сваю грамадскую дзейнасць разглядаў як працяг гуманістычнай педагогікі.
Літ.:
Азаров Ю. Диалог: Заметки о Бенджамине Споке и о современ. пробл. воспитания // Новый мир. 1979. № 9—10.
англійскі вучоны-эканаміст. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1935) і працаваў у ім з 1945 (з 1955 праф.). Стварыў сістэму нацыянальных рахункаў, асн. прынцыпы якой вызначылі практыку складання нац. рахункаў у большасці краін свету. Распрацаваў метады вылічэння нац. рахункаў у рэальных велічынях і скарыстаў іх для пабудовы паслядоўных індэксаў цэн і аб’ёму вытв-сці. У працы «Нацыянальны даход і дзяржаўныя расходы» (1944 з Дж.Э.Мідам) прапанаваў методыку вылічэння нац. даходу, якая адрознівалася ад папярэдніх спроб улікам звестак пра даходы і расходы ўсіх сектараў эканомікі. Стварыў сістэму дэмаграфічных разлікаў, якая ўключала фактары змены дынамікі народанасельніцтва і сац.-эканам. пераменныя («Да сістэмы сацыяльнай і дэмаграфічнай статыстыкі», 1975). Значны ўклад яго ў вывучэнне паводзін спажыўца, структуры спажывецкіх расходаў і ашчаджэнняў («Аналіз рыначнага попыту», 1945). Распрацаваў эканаметрычныя мадэлі эканам. росту. Нобелеўская прэмія 1984.
Тв.:
Рус.пер. — Метод «затраты—выпуск» и национальные счета. М., 1966;
Моделирование экономических систем // Экономика и математические методы. М. 1965. Т. 1, вып. 3—4;
Применение метода баланса к статистике населения как средство планирования народного образования // Там жа. 1967. Т. 3, вып. 3;
Экономические и демографические счета и распределение доходов // Там жа. 1971. Т. 7, вып. 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛКАЧО́ВА Галіна Сямёнаўна (н. 3.3.1934, Мінск),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1957, курс К.Саннікава). Працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца характарных роляў. Творчасць Т. адметная паглыбленым псіхалагізмам, дэталёвай распрацоўкай знешняга малюнка ролі, яркай тэатр. формай. Ролі ў бел. рэпертуары: Інга, Лена («Выклік багам», «Начное дзяжурства» А.Дзялендзіка), Зося («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка). Шэраг яркіх вобразаў стварыла ў сучасным рэпертуары: Кэт («Чацвёрты» К.Сіманава), Наташа («Яшчэ раз пра каханне» Э.Радзінскага), Ніна («Гросмайстарскі бал» паводле І.Штэмлера), Ліза Хрэнава («Традыцыйны збор» В.Розава), Марыя («Святая святых» І.Друцэ). Сярод інш. роляў: Ірына, Гурмыжская («Апошняя ахвяра», «Лес» А.Астроўскага), Насця («На дне» М.Горкага), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Амелія («Смерць ваяводы» Ю.Славацкага), Дзяўчына, Зехра («Забыты ўсімі», «Дзівак» Назыма Хікмета), Голда («Памінальная малітва» Р.Горына), Мелі («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Жанчына («Тая, якая сама па сабе блукае» паводле Р.Кіплінга), Элеанора («Месье Амількар, альбо Чалавек, які плаціць» І.Жаміяка), Эліда («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Івона («Жудасныя бацькі» Ж.Както). Яна («Апошні закаханы» Н.Саймана).
Літ.:
Чаркас І. Каб сказаць сваё, запаветнае // Тэатр. Мінск. 1984. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́ЎГУТ Рамуальд Людвікавіч (16.1.1826, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 5.8.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. З 1845 у арміі. Удзельнічаў у падаўленні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі, Крымскай вайне 1853—56 (у т. л. ў Севастопальскай абароне 1854—55). У 1862 падпалкоўнік у адстаўцы, жыў у маёнтку Востраў Кобрынскага пав. У крас. 1863 узначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад, які ў баях з урадавымі войскамі каля в. Горкі тройчы нанёс ім значныя страты. У чэрв. 1863 разам з Брэсцкім атрадам Я.Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну і паўн. Валынь. У ліп. 1863 з дапамогай Э.Ажэшкі выехаў у Варшаву. У чыне генерала быў прадстаўніком паўстанцкіх улад за мяжой. З кастр. 1863 кіраўнік Нац. ўрада ў Варшаве, фактычна дыктатар паўстання. Шмат зрабіў, каб надаць паўстанню новы размах, пашырыць яго сац. базу, рэарганізаваць паўстанцкія ўзбр. сілы. 30.3.1864 арыштаваны і паводле прыгавору ваен. суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі. У Вял.Айч. вайну ў СССР была створана польская дывізія імя Т. У г. Свіслач Гродзенскай вобл. яму пастаўлены помнік.
Літ.:
Миллер И.С. Ромуальд Траугут // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г.М., 1964;
Бандарэнка М Пра Рамуальда Траўгута // Полымя. 1999. №8;
Dunin-Wąsowicz K. Romuald Traugutt. Warszawa, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Мікалаевіч (4.8.1862, маёнтак Ахтырка пад Масквой — 12.10.1905),
расійскі філосаф і грамадскі дзеяч. Брат Я.М.Трубяцкога, бацька М.С.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1900). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), дзе з 1900 працаваў праф., з 1905 рэктарам. У 1900—05 супрацоўнічаў у час. «Вопросы философии и психологии». Адстойваў ідэю універсітэцкай аўтаноміі, актыўна ўдзельнічаў у земскім руху. Для яго філас. поглядаў характэрна спалучэнне ідэй платанізму і хрысціянства, асновай якіх ён лічыў вучэнне пра Логас. Філас. вучэнне Т. — ’«канкрэтны ідэалізм» — выкладзена ў яго працы «Асновы ідэалізму» (1896), дзе ў якасці зыходнага пункта выступае не абстрактная ідэя «чыстага быцця», а канкрэтнае існае. Прызнаваў духоўную прыроду рэальнасці; лічыў, што існае грунтуецца на разумных законах касмічнага Логаса, які ўпарадкоўвае развіццё прыроды і чалавечага грамадства; што існае папярэднічае мысленню, таму што вечная актуальная свядомасць (свядомасць Бога) папярэднічае канечнай свядомасці чалавека, якая знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Сродкамі пазнання побач з розумам абвяшчаў вопыт і веру, якую трактаваў у адпаведнасці з правасл. традыцыяй: лічыў, што яна не супрацьстаіць розуму, а ўтварае з ім пэўнае адзінства. Аб’ектыўнасць свядомасці звязваў з ідэяй саборнасці. Саборнасць у разуменні Т. — пэўны агульначалавечы ідэал дасканалага грамадства, дзе пануе любоў як агульны найвышэйшы сінтэз сац., маральных і рэліг. прынцыпаў праваслаўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУСЕ́ВІЧ Станіслаў Станіслававіч (псеўд.Залеўскі Казімір; 1870, в. Вераскава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 25.8.1918),
дзеяч рэв. руху на Беларусі, у Польшчы і Літве, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскім вет. ін-це (у 1889 выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях). У 1891—92 вёў прапаганду сярод настаўнікаў і сялян Навагрудскага, Лідскага, Слуцкага пав. Сасланы пад нагляд паліцыі ў Мінск, дзе ў 1894 пад яго кіраўніцтвам створана Мінская с.-д.арг-цыя. Адзін з заснавальнікаў Рабочага саюза Літвы, Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы, у 1900—01 чл. яе Гал. праўлення. За рэв. дзейнасць неаднойчы арыштаваны і сасланы. З 1906 у эміграцыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. У 1917—18 заг. аддзела газ. «Известия ВЦИК», рэдактар час. «Вестник жизни». Друкаваўся ў «Правде». У зб. «Грамадскі рух у Расіі ў пачатку XX ст.» (кн. 7, т. 4, ч. 2, 1911) змясціў арт. «Нацыянальны рух», у якім прыводзіў звесткі па гісторыі бел. культуры, мовы і л-ры, вітаў творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Коласа, Я.Купалы. Аўтар брашуры «Мастацтва і пралетарыят» (1918), артыкулаў, у якіх з марксісцкіх пазіцый асвятляў ролю інтэлігенцыі ў развіцці пралет. руху. Пісаў пра творчасць паэта Э.Верхарна, скульптара К.Э.Менье, жывапісца Рафаэля і інш.