ТРУСЕ́ВІЧ Станіслаў Станіслававіч (псеўд.Залеўскі Казімір; 1870, в. Вераскава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 25.8.1918),
дзеяч рэв. руху на Беларусі, у Польшчы і Літве, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскім вет. ін-це (у 1889 выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях). У 1891—92 вёў прапаганду сярод настаўнікаў і сялян Навагрудскага, Лідскага, Слуцкага пав. Сасланы пад нагляд паліцыі ў Мінск, дзе ў 1894 пад яго кіраўніцтвам створана Мінская с.-д.арг-цыя. Адзін з заснавальнікаў Рабочага саюза Літвы, Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы, у 1900—01 чл. яе Гал. праўлення. За рэв. дзейнасць неаднойчы арыштаваны і сасланы. З 1906 у эміграцыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. У 1917—18 заг. аддзела газ. «Известия ВЦИК», рэдактар час. «Вестник жизни». Друкаваўся ў «Правде». У зб. «Грамадскі рух у Расіі ў пачатку XX ст.» (кн. 7, т. 4, ч. 2, 1911) змясціў арт. «Нацыянальны рух», у якім прыводзіў звесткі па гісторыі бел. культуры, мовы і л-ры, вітаў творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Коласа, Я.Купалы. Аўтар брашуры «Мастацтва і пралетарыят» (1918), артыкулаў, у якіх з марксісцкіх пазіцый асвятляў ролю інтэлігенцыі ў развіцці пралет. руху. Пісаў пра творчасць паэта Э.Верхарна, скульптара К.Э.Менье, жывапісца Рафаэля і інш.