СТОЎН (Stone) Рычард (Джон Рычард Нікалас; 30.8.1913, Лондан —6.12.1991),

англійскі вучоны-эканаміст. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1935) і працаваў у ім з 1945 (з 1955 праф.). Стварыў сістэму нацыянальных рахункаў, асн. прынцыпы якой вызначылі практыку складання нац. рахункаў у большасці краін свету. Распрацаваў метады вылічэння нац. рахункаў у рэальных велічынях і скарыстаў іх для пабудовы паслядоўных індэксаў цэн і аб’ёму вытв-сці. У працы «Нацыянальны даход і дзяржаўныя расходы» (1944 з Дж.​Э.​Мідам) прапанаваў методыку вылічэння нац. даходу, якая адрознівалася ад папярэдніх спроб улікам звестак пра даходы і расходы ўсіх сектараў эканомікі. Стварыў сістэму дэмаграфічных разлікаў, якая ўключала фактары змены дынамікі народанасельніцтва і сац.-эканам. пераменныя («Да сістэмы сацыяльнай і дэмаграфічнай статыстыкі», 1975). Значны ўклад яго ў вывучэнне паводзін спажыўца, структуры спажывецкіх расходаў і ашчаджэнняў («Аналіз рыначнага попыту», 1945). Распрацаваў эканаметрычныя мадэлі эканам. росту. Нобелеўская прэмія 1984.

Тв.:

Рус. пер. — Метод «затраты—выпуск» и национальные счета. М., 1966;

Моделирование экономических систем // Экономика и математические методы. М. 1965. Т. 1, вып. 3—4;

Применение метода баланса к статистике населения как средство планирования народного образования // Там жа. 1967. Т. 3, вып. 3;

Экономические и демографические счета и распределение доходов // Там жа. 1971. Т. 7, вып. 5.

Р.Стоўн.

т. 15, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)