род матылёў сям. аксамітніц (сатыраў). Пашыраны ў Еўразіі ў лясной і часткова стэпавай зонах. На Беларусі адзіны від роду К. прыдарожная, або аксамітніца ахінэ (L. achine). Трапляецца рэдка (у вільготных лясах, на ўскраінах балот, на ўзлесках і інш.). Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Размах крылаў К. прыдарожнай да 54 мм. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусікі булавападобныя. Хабаток добра развіты. Агульны тон афарбоўкі буры, уздоўж вонкавага краю крылаў рады вял. круглых плям (адсюль назва). Матылі кормяцца сокам дрэў, вусені — дзікарослымі злакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),
адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальменабо менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАСО́СКІ (Hippoboscidae),
сямейства круглашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. 21 род, больш за 200 відаў. На Беларусі 6 відаў, найб. трапляюцца К. птушыная (Grataerina pallida), К. конская (Hippobosca equina), рунец авечы (Melophagus ovinus). Паразіты птушак і млекакормячых, некаторыя — пераносчыкі і рэзервуары ўзбуджальнікаў інвазійных хвароб.
Даўж. да 8 мм. Цела пляскатае, шырокае, ногі ўчэпістыя з зубчастымі кіпцюркамі. Ротавы апарат колючага тыпу. Крылы развітыя або рудыментарныя, ёсць бяскрылыя. Яйцы і лічынкі развіваюцца ў целе самкі, нараджаюцца гатовымі да акуклівання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВА́ЎНІК (Achillea),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў (па інш. даных каля 200). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 7 дзікарослых (найб. вядомы лек. К. звычайны A. millefolium); нар. назвы крывавец, серпарэзнік, грудная трава, рудамётка) і каля 10 інтрадукаваных відаў. Трапляецца на палях, лугах, абапал дарог, у лесе.
Шматгадовыя травяністыя прамастойныя расліны з паўзучым карэнішчам выш. 20—125 см. Лісце перыстарассечанае або суцэльнае. Кветкі ў дробных кошыках, сабраныя ў шчыткападобныя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ПТА (ад грэч. krypte крыты падземны ход, тайнік),
1) у Старажытным Рыме скляпеністае падземнае або паўпадземнае памяшканне.
2) У сярэдневяковай зах.-еўрап. архітэктуры — капліца пад храмам (звычайна пад алтарнай часткай), месца ганаровых пахаванняў.
На Беларусі К. вядомы ў культавых збудаваннях 16 — пач. 20 ст.: К. пад касцёламі езуітаў і бенедыкцінак у Нясвіжы (фамільныя скляпы кн. Радзівілаў), брыгітак у Гродне, езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., у капліцах-пахавальнях у в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я ША́ХТЫ,
выпрацоўкі ў тоўшчы вапняковых або мелавых адкладаў, у якіх першабытныя людзі ў неаліце і бронзавым веку здабывалі крэмень — асн. сыравіну для вырабу прылад працы. К.ш. — пераважна вертыкальныя калодзежы дыяметрам 1,5 м, глыбінёй 2,5—3 м, асобныя да 5 м і больш. Па ходзе залягання крамянёвых канкрэцый ад калодзежа адыходзілі падбоі даўжынёй 1—2 м. Суседнія выпрацоўкі часам злучаліся пралазамі-штрэкамі. У Беларусі вядомы ў сярэднім цячэнні р. Рось каля г.п. Краснасельскі (гл.Краснасельскі археалагічны комплекс) і в. Карпаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Промысел вядомы з 14 ст.Найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Вылепленыя вырабы дапрацоўвалі на ручным ганчарным крузе з наступным гартаваннем або дымленнем; у 20 ст. посуд рабілі на нажным крузе і глазуравалі, часам аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай у выглядзе простых расл. матываў. Посуд вызначаецца ўстойлівымі формамі, выразным S-падобным профілем сценак. З 1950-х г.быт. глазураваныя вырабы нешырокага асартыменту вырабляе кафляны цэх Астравецкага камбіната буд. матэрыялаў (Гродзенская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА МІКРААРГАНІ́ЗМАЎ,
сукупнасць жыццяздольных мікраарганізмаў на пажыўным асяроддзі, якая знаходзіцца ў стане размнажэння або закончыла яго. Адрозніваюць К.м. чыстую (складаецца з арганізмаў аднаго віду), змешаную (складаецца з некалькіх відаў, што вылучаюцца з вады, глебы, паветра і інш.) і электыўную (назапашвальную, у якой з вял. колькасці форм расце пераважна адзін від). Для К.м. неабходны вадкія і цвёрдыя пажыўныя асяроддзі, спец. апаратура, якая падтрымлівае аптымальныя для росту мікраарганізмаў фіз.-хім. ўмовы (аэрацыя, газавае асяроддзе, кіслотнасць, т-ра і інш.). Выкарыстоўваецца для вывучэння мікраарганізмаў, у мікрабіял. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДДЗЯ́Н (Corallorhiza),
род кветкавых раслін сям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку каля воз.Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.
Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.