археалагічная культура эпохі позняга палеаліту (каля 30—20 тыс.г. назад) у межах Валына-Падольскай пліты на Украіне. Назва ад стаянкі каля в. Ліпа Дубенскага р-на Ровенскай вобл.Асн. занятак насельніцтва — паляванне на каня і паўн. аленя, радзей маманта, шарсцістага насарога і інш. Для матэрыяльнай культуры характэрны сякерападобныя крамянёвыя прылады (вядучая форма), буйныя скрабкі на пласцінах і скрэблы, сіметрычныя вастрыі, прызматычныя і клінападобныя нуклеусы. Сярод касцяных вырабаў пераважаюць наканечнікі коп’яў і дроцікаў, вастрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́-УРУБЛЯВЕ́ЦКАЯ,
рэшткі паселішча 4-га тыс. да н.э. каля аднайменнай вёскі ў Камянец-Падольскім р-не Хмяльніцкай вобл. Украіны, на беразе р. Днестр. Адносіцца да ранняга этапу трыпольскай культуры. Складалася з 7 паўзямлянкавых жытлаў, большасць з якіх мела авальную форму дыям. 3—6 м. Адно жытло, памерам 2—3 × 43 м, належала, верагодна, вял. патрыярхальнай сям’і. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Знойдзены каменныя і касцяныя прылады працы, керамічны посуд, упрыгожанні, тэракотавыя статуэткі жанчын і жывёлін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГЛЕМАЗЕ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура мезалітычных плямён, якія ў 7—6-м тыс. да н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Балтыйскага мора. Назва ад знаходак у тарфяніку Маглемазе на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Знойдзены крамянёвыя прылады працы мікралітычнага і макралітычнага тыпу, рэчы з косці, рогу і дрэва. Плямёны М.к. жылі невял. першабытнымі абшчынамі. Некаторыя даследчыкі разглядаюць М.к. як пераймальніцу свідэрскай культуры. Частка рагавых і касцяных вырабаў нёманскай культуры мае аналагі ў М.к.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́СКІ (ісп. moriscos ад moro маўр),
мусульманскае насельніцтва, якое засталося ў Іспаніі пасля падзення ў 1492 Гранадскага эмірата (гл.Гранада). Прымусова хрысціянізаваныя, яны ў сваёй большасці тайна спавядалі іслам, жорстка праследаваліся інквізіцыяй (забаронена араб. мова, дзесяткі тысяч М. былі спалены). Пасля задушэння паўстання М. 1568—70 значная іх частка выселена ва ўнутр. вобласці Іспаніі. Паводле эдыкта 1609 выгнаны з Іспаніі. Большасць іх перасялілася ў Паўн. Афрыку. У Марока яны стварылі алігархічную рэспубліку Бу-Рэгрэг (1627-41).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́ХЕЛЬ»
(«Michel»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. атрадаў імя Шчорса, імя Дзімітрова, імя Варашылава і мясц.насельніцтва ў Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім, Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл. 30.8—4.9.1942 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 11-га і 15-га паліцэйскіх палкоў, 2 матарызаваных узводаў жандармерыі, узвода процітанк. гармат. Партызаны нанеслі ўдары па варожых флангах і тыле, потым без страт адышлі ў суседнія лясы. 4.9.1942 карнікі атрымалі загад на правядзенне новай аперацыі «Трохвугольнік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),
катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́І (Hawaii),
штат ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. Займае групу вулканічных астравоў у цэнтр.ч. Ціхага ак.Пл. 16,7 тыс.км², нас. 1172 тыс.чал. (1993). Сярэдняя шчыльн.нас. 70,2 чал. на 1 км². Б. ч. яго пражывае на в-ве Ааху (пл. 1574 км²), дзе знаходзіцца адм. ц., буйнейшы горад і порт Ганалулу (371,3 тыс.ж., з прыгарадамі каля 900 тыс.ж., 1992). 61,8% насельніцтва складаюць выхадцы з Азіі і астравоў Ціхага ак., у т. л. японцы, філіпінцы, кітайцы, карэйцы. Карэнных жыхароў (гавайцы разам з метысамі) каля 100 тыс.чал. Амерыканцы і еўрапейцы складаюць 33,4% насельніцтва. (Аб прыродзе гл. ў арт.Гавайскія астравы). Гаваі — важны трансп. вузел паўн.ч. Ціхага ак. Праз Ганалулу праходзяць марскія і авіяц. шляхі, якія злучаюць ЗША і Канаду з Усх. Азіяй, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй. Здабыўная прам-сць (распрацоўка цэментнай сыравіны і буд. каменю). Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: цукар, садавіна-агароднінныя вырабы, нафтапрадукты, вырабы лёгкай і паліграф. прам-сці, папера, цэмент. Аснова сельскай гаспадаркі — плантацыі ананасаў (гал. вытворца ў свеце), цукр. трыснягу, арэхаў (міндаль), садавіны, агародніны, кавы і кветак. Рыбалоўства і аквакультура. Мясная і малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, птушка). Развіты аўтамаб. і марскі транспарт. Цэнтр турызму і адпачынку. Кліматычныя курорты. Абарончыя ваен. збудаванні ў Пёрл-Харбары. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.
Пачалі засяляцца, верагодна, з 5 ст., найб. інтэнсіўна ў 13—14 ст. палінезійцамі, якія прыбывалі з Таіці. Паміж 1527 і 1555 астравы адкрылі іспанцы, у 1778 да іх даплыў англічанін Дж.Кук і назваў Сандвічавымі а-вамі. У гэты час тут існавала некалькі дзярж. утварэнняў пад кіраўніцтвам мясц. уладароў, якія вялі барацьбу паміж сабой. Каля 1800 кароль Каменамена I аб’яднаў іх у адзінае каралеўства. У 1820 амер. місіянеры пачалі хрысціянізацыю мясц.насельніцтва, прыстасавалі да мясц. мовы лац. алфавіт, заснавалі школы, стварылі падручнікі, пераклалі на гавайскую мову Біблію. У 1839 Гаваі атрымалі канстытуцыю. У 1894 абвешчана Гавайская рэспубліка. У 1898 Гаваі анексіравалі ЗША, у 1900 надалі ім статус «тэрыторыі». У 1959 абвешчаны 50-м штатам ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫ́КА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
пасіўная форма дзяржаўнага крэдыту, калі дзяржава выступае ў якасці пазычальніка і прыцягвае часова свабодныя грашовыя сродкі суб’ектаў гаспадарання для фінансавання агульнадзярж. патрэб шляхам выпуску і рэалізацыі аблігацый, казначэйскіх абавязацельстваў, вэксаляў і інш.дзяржаўных каштоўных папер. Паводле права эмісіі П.дз. падзяляецца на пазыкі, якія выпускаюцца ўрадам і мясц. органамі ўлады (муніцыпальныя пазыкі); па катэгорыі трымальнікаў дзяржаўных абавязацельстваў — на пазыкі, якія рэалізуюцца сярод насельніцтва; пазыкі, якія распаўсюджваюцца сярод прадпрыемстваў і ўстаноў; універсальныя пазыкі для іх размяшчэння сярод юрыд. і фіз. асоб; па тэрмінах пагашэння — на кароткатэрміновыя (тэрмін пагашэння 1 год), сярэднетэрміновыя (да 5 гадоў), доўгатэрміновыя (звыш 5 гадоў); па метадах размяшчэння — на добраахвотныя (размяшчаюцца па падпісцы) і прымусовыя. П.дз. могуць быць аблігацыйныя (прадугледжваюць эмісію каштоўных папер дзяржавы) і безаблігацыйныя (казначэйскія абавязацельствы, вэксалі, крэдытаванне цэнтр. банкам дзярж. бюджэту, якія афармляюцца шляхам запісаў у даўгавых кнігах, дагавораў, пагадненняў і выкарыстоўваюцца на міждзярж. узроўні. У залежнасці ад формы выплаты даходаў адрозніваюць П.дз.: працэнтныя (уладальнік штогод атрымлівае цвёрды даход па ўстаноўленай працэнтнай стаўцы), выйгрышныя (трымальнікі пазыкі атрымліваюць даход у форме выйгрышаў у момант пагашэння аблігацыі), працэнтна-выйгрышныя (выплата часткі даходу па купонах, а часткі ў выглядзе выйгрышаў), бяспройгрышныя (гарантуюць, што выйгрыш прыпадае на кожную аблігацыю), беспрацэнтныя (трымальнікам аблігацый гарантуецца атрыманне адпаведнага тавару, попыт на які поўнасцю не задавальняецца). Спецыфічнай формай дзярж. крэдыту з’яўляецца ператварэнне часткі ашчадных укладаў насельніцтва ў П.дз., пры якой размяшчэнне грашовых сродкаў насельніцтва ў дзярж. каштоўныя паперы ажыццяўляецца з дапамогай ашчаднага банка. Знешнія П.дз. характарызуюцца тым, што дзяржава выступае на сусв. рынку як пазычальнік. Яны прадастаўляюцца ў грашовай або таварнай формах і з’яўляюцца крыніцамі паскоранага сац.-эканам. развіцця і ўмацавання фін. становішча дзяржавы-атрымальніка сродкаў, інвесціравання новых тэхналогій і садзейнічаюць умацаванню міжнар. супрацоўніцтва. Найчасцей знешнія П.дз. выступаюць у форме інвестыцыйных крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца на капітальныя ўкладанні. Могуць выдзяляцца непасрэдна ўраду на падтрымку эканам. рэформ, рэфармаванне і ўмацаванне дзярж. кіравання, памяншэння бюджэтнага дэфіцыту. Пагашэнне пазык па ўзгадненні бакоў ажыццяўляецца таварнымі пастаўкамі або валютай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУПРЫЕ́НКА (Сяргей Пятровіч) (н. 20.4.1954, г. Мінск),
бел. філосаф. Канд.філас.н. (1985). Скончыў БДУ (1979). Працуе ў Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Распрацаваў цэласную тэарэтыка-метадалагічную канцэпцыю фарміравання эколагакаштоўнасных поглядаў чалавека ў сучасных умовах, праграму практычных мер па псіхарэабілітацыі насельніцтва, якое жыве на тэр. Беларусі, забруджанай радыенуклідамі. Даследуе праблемы экалагічнай адукацыі, нетрадыцыйных падыходаў у галіне псіхасац. развіцця чалавека.
Тв.:
Экология в системе образования и просвещения Белоруссии: проблемы и перспективы. Мн., 1990;
Социально-культурные аспекты экологических проблем в Беларуси. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,
узнагароджанне ў грашовай ці натуральнай форме, якое выплачваецца работніку за працу, выкананую ў справаздачны перыяд. Уключае: заработную плату, выплаты і дапамогі з фондаў сац. страхавання (пенсіённага, занятасці, сац. абароны насельніцтва і інш.); сац. дапамогі, што выплачваюцца непасрэдна прадпрыемствамі і арг-цыямі (даплаты да пенсій, выплаты ў сувязі з вытв. траўмай ці гібеллю на вытв-сці); дапамогі па беспрацоўі; пенсіі ваеннаслужачым. Узровень аплаты працы вызначаецца па суме ўсіх гэтых налічэнняў без выліку падаткаў і інш. утрыманняў у адпаведнасці з заканадаўствам.