адно з асн. асабістых правоў чалавека і паліт. правоў грамадзян, састаўная частка больш агульнага права, якое атрымала назву «свабода інфармацыі». Уяўляе сабой магчымасць публічна (вусна, у пісьмовай форме, з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі) выказваць сваё меркаванне (думкі). Заканадаўства і суд. практыка ў дэмакр. краінах выпрацавалі сістэму абмежаванняў С.с. і карыстання інфармацыяй з мэтай не дапускаць злоўжывання імі і абароны гонару і годнасці грамадзян. Забараняецца выкарыстанне С.с. для заклікаў да гвалтоўнага звяржэння законнай дзярж. улады, выдавання дзярж. і інш. тайнаў, якія ахоўваюцца законам, для падбухторвання да ўчынення злачынстваў, для распальвання нац., расавай, рэліг. і інш. варожасці, абраз і паклёпаў на інш. асоб, пасяганне на грамадскую мараль. Пералік абмежаванняў на С.с. можа быць пашыраны ў перыяд дзеяння рэжымаў надзвычайнага і ваен. становішча. У Рэспубліцы Беларусь С.с. і права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі замацаваны ў арт. 34 Канстытуцыі. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Гл. таксама Галоснасць, Інфармацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМЕ́ЖНЫЯ ПРАВЫ́,
разнастайнасць выключных правоў, якія з’яўляюцца вытворчымі ад аўтарскага права, але цалкам з ім не супадаюць. Рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкананнем, пастаноўкай літ. і муз. твораў, у т. л. запісаных на фанаграму, перадачы арганізацый эфірнага і кабельнага вяшчання. Неабходнасць прававой аховы С.п. абумоўлена тым, што развіццё навук.тэхн. прагрэсу закранае не толькі ўладальнікаў аўтарскага права, але і тых асоб, чыя дзейнасць звязана з выкарыстаннем твораў, якія ахоўваюцца гэтым правам. У выніку таго, што магчымасць рэпрадуктавання дазволіла ствараць высакаякасныя копіі з існуючых запісаў, узнікла неабходнасць у ахове інтарэсаў суб’ектаў С.п.: выканаўцаў (адносна іх выканання), вытворцаў фанаграм (адносна іх гукавых праграм), вяшчальных арганізацый (адносна трансліруемых імі праграм). Асн. змест С.п. зводзіцца да таго, што выкарыстанне трэцімі асобамі фанаграм, радыё- і тэлепраграм, а таксама творчых вынікаў выканаўцаў патрабуе згоды або артыста, які ажыццяўляе выкананне, або арг-цый, якія зрабілі гуказапіс, або радыё- і тэлеарганізацый. Пытанні рэалізацыі С.п. і іх аховы ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца цывільным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЕСЦІ́Я, травесці,
камічны жанр, заснаваны на зніжэнні высокіх хрэстаматыйных узораў класічнай паэзіі, міфалагічных або біблейскіх сюжэтаў. Узнікла ў новы час як рэакцыя на класіцызм з яго культам антычнасці і пагардай да нар. культуры. Характэрныя рысы Т.: агрубленне класічнага сюжэта, напаўненне яго быт. рэаліямі свайго часу, выкарыстанне самых нізкіх моўных пластоў, у т. л. дыялектаў.
Асабліва часта травесціравалася «Энеіда» Вергілія: у Францыі — П.Скарон (17 ст.), у Аўстрыі — А.Блумаўэр (18 ст.), у Расіі — М.Осіпаў (канец 18 ст.), на Украіне — І.Катлярэўскі (канец 18 — пач. 19 ст.); у Расіі мела таксама поспех травесційная паэма В.Майкава «Елісей, або Раздражнёны Вакх» (18 ст.).
У бел. л-ры прыёмам зніжэння карысталіся аўтары сатыр. твораў 17—1-й пал. 18 ст. («Прамова Мялешкі», «Казане руске» і інш.). Лінію травесційных «Энеід» працягвае паэма «Энеіда навыварат». Рысы Т. мае таксама паэма «Тарас на Парнасе».
Літ.:
Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Фрэдэрык Уінслаў (20.3.1856, г. Філадэльфія, штат Пенсільванія, ЗША — 21.3.1915),
амерыканскі інжынер-вынаходнік, эканаміст; стваральнік адной з першых сістэм навук. арганізацыі працы (гл.Тэйларызм); заснавальнік навук.менеджменту і менеджэрызму. Прац. дзейнасць Т. пачынаў рабочым у мех. майстэрні ў Філадэльфіі, потым працаваў малодшым служачым, інжынерам, гал. інжынерам металургічнага з-да; з 1890 гал. менеджэр Прамысл. інвестыцыйнай кампаніі, інжынер-кансультант па менеджменце шматлікіх фірм і кампаній. Т. — аўтар каля 100 вынаходніцтваў, якія знайшлі шырокае выкарыстанне ў металургічнай і маш.-буд. прам-сці ЗША. З 1906 прэзідэнт Амер.т-ва інжынераў-механікаў. У 1911 арганізаваў Т-ванавук. менеджменту, якое пасля яго смерці стала наз. «Таварыства Тэйлар». Аўтар прац: «Здзельная сістэма» (1895), «Кіраванне вытворчасцю» (1903), «Майстэрства рэзання металу» (1906), «Прынцыпы навуковай арганізацыі вытворчасці» (1911) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Принципы научного менеджмента. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛО́ДНАЯ ЗБРО́Я,
зброя рукапашнага бою, выкарыстанне якой не звязана з выбуховымі рэчывамі. Падзяляецца на ўдарную (булава, паліца, шастапёр і інш.), колючую (канчар, кап’ё, піка, стылет і інш.), сякучую (бярдыш, меч, сякера і інш.), колюча-сякучую (алебарда, кінжал, палаш і інш.), колюча-рэжучую (нож, штык-нож і інш.). Х.з. вядома з ранняй стадыі развіцця чалавецтва як сродак палявання, потым стала і баявой. Рабілі яе з дрэва, каменю, косці, пазней з медзі, бронзы, жалеза, сталі. Паралельна з’явілася засцерагальнае ўзбраенне, у сувязі з гэтым мяняліся віды Х.з. і сродкі засцярогі. Да 15—16 ст. Х.з. была гал. відам, з удасканаленнем агнястрэльнай зброі (вынайдзена ў 14 ст.) страчвала першапачатковае прызначэнне. Варыянты Х.з. на тэр. Беларусі вядомы з каменнага веку да 18 ст.Найб. пашыраныя з іх былі дубіны, баявыя косы, гізармы, глевіі, кісцяні, кляўцы, корды, пярначы, пратазаны, скрамасаксы, цесакі, чаканы і інш. На ўзбраенні сучасных армій захаваліся штык, армейскі нож і корцік. Некат. віды Х.з. захаваліся як спарт. зброя (рапіра, шабля, шашка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЧАТРА́Н Юрый Мкртычавіч (н. 1.6.1931, г. Гарыс, Арменія),
бел. фізік, адзін з пачынальнікаў даследаванняў па фізіцы высокіх ціскаў на Беларусі. Канд.фіз.-матэм.н. (1964), дац. (1975). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). З 1959 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. З 1970 у Бел. ін-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1994 у Мінскім вышэйшым радыётэхн. каледжы Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, фізіцы магнетызму і вывучэнні ўздзеяння ўсебаковых высокіх ціскаў на магн. матэрыялы. Устанавіў заканамернасці змены магн. уласцівасцей ферытаў і металаў ад прыкладзеных мех. напружанняў, што знайшло выкарыстанне ў выліч. тэхніцы.
Тв.:
Избранные задачи по физике твердого тела. Мн., 1969 (разам з В.М.Варыкашам);
Влияние давления на температуру Кюри ферритов // Физика твердого тела. 1971. Т. 13, вып. 4;
Макроволнистость петли гистерезиса и расщепление линий максимума дифференциальной магнитной проницаемости сплава 42НХТЮА при растяжении после волочения с ультразвуком и в обычных условиях (у сааўт.) // Докл.АНСССР. Технич. физика. 1978. Т. 238, №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЕ́НКА Эрнст Міхайлавіч (н. 21.10.1937, г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі паліва. Д-ртэхн.н. (1989), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1994). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал.ін-т (1959). У 1962—68 і 1976—85 (дырэктар) у н.-д. і праектна-канструктарскім ін-це электроднай прам-сці (г. Чэлябінск). З 1968 у Наваполацкім філіяле Бел.тэхнал. ін-та (з 1970 дырэктар), у 1974—76 і 1987—93 рэктар Наваполацкага політэхн. ін-та, з 1993 у Полацкім ун-це (у 1993—2003 рэктар). Навук. працы па сувязных матэрыялах і тэхналогіі іх выкарыстання ў электроднай вытв-сці, па навукова-метадычным абгрунтаванні новых канцэпцый у вышэйшай адукацыі. Распрацаваў спец. каменнавугальныя і нафтавыя пекі і тэхналогію іх выкарыстання ў вытв-сці вугляродных матэрыялаў. Даследаваў тарфанафтавыя дысперсныя сістэмы і іх выкарыстанне ў дарожным буд-ве.
Тв.:
Торфонефтяные дисперсные системы (разам з А.А.Ермаком, С.М.Ткачовым) // Наука и технология углеродных дисперсных систем. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),
працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.
Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстаннеэл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.
Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.
На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш.прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ БАРО́КА,
арх.-маст. сістэма, якая склалася ў манум. культавай архітэктуры ВКЛ у сярэдзіне 18 ст. Як самастойны стыль вылучаны і распрацаваны ў 1930-я г. ў мастацтвазнаўстве Зах. Беларусі. Арх. помнікі віленскага барока вызначаюцца вытанчанасцю прапорцый, скульпт. пластычнасцю фасадаў і інтэр’ераў, маляўнічасцю сілуэта, утворанага шмат’яруснымі ажурнымі вежамі і фігурнымі атыкавымі франтонамі. Выкарыстанне прынцыпаў віленскага барока ў архітэктуры уніяцкіх храмаў вызначыла не толькі іх пластычныя, але кампазіцыйныя асаблівасці ў выніку спалучэння раманскіх і візант.маст. уплываў, сімволікі каталіцкай і правасл. царквы, літургічных патрабаванняў. Лепшыя ўзоры віленскага барока на Беларусі: уніяцкія храмы — Полацкі Сафійскі сабор, Барунскі манастыр базыльян, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл базыльян у в. Вольна Баранавіцкага р-на, Спаса-Праабражэнскі сабор у Магілёве, касцёлы ў Гродне, Оршы, Слоніме і інш. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць І.К.Глаўбіца.
Т.В.Габрусь.
Да арт.Віленскае барока. Сафійскі сабор у Полацку.Да арт.Віленскае барока. Фрагмент фасада касцёла базыльян у в. Вольна Баранавіцкага раёна.Да арт.Віленскае барока. Царква кляштара базыльян у в. Беразвечча Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА,
навука пра глебы, іх склад, уласцівасці, паходжанне, развіццё, геагр. пашырэнне, рацыянальнае выкарыстанне.
Як навука пачала развівацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Германіі, калі з’явіліся тэорыі гумуснага (А.Тэер) і мінер. (Ю.Лібіх) жыўлення раслін. Генетычны і агранамічны кірункі глебазнаўства атрымала ў Расіі ў 2-й пал. 19 ст. ў працах В.В.Дакучаева, П.А.Костычава, В.Р.Вільямса і інш.
На Беларусі даследаванні па глебазнаўству пачаліся ў сярэдзіне 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Вядуцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1969 каардынатар работ па вывучэнні глеб Беларусі), а таксама на кафедрах глебазнаўства БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-та. Развіццю навук. глебазнаўства садзейнічалі працы І.С.Лупіновіча, П.П.Рагавога, А.Р.Мядзведзева, М.П.Булгакава, У.М.Пілько, С.Н.Іванова, Т.Н.Кулакоўскай, Т.А.Раманавай, І.М.Багдзевіча, М.І.Смяяна і інш. Складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы с.-г. угоддзяў кожнай гаспадаркі, адм. раёна і вобласці Беларусі. Праведзена баніціроўка глеб, складзены карты глебава-геаграфічнага раянавання і глебава-эразійныя карты. Вядзецца маніторынг змены асн. уласцівасцей глеб з мэтай распрацоўкі прагнозу іх рацыянальнага выкарыстання, у т. л. глеб, забруджаных радыенуклідамі.