ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА,

навука пра глебы, іх склад, уласцівасці, паходжанне, развіццё, геагр. пашырэнне, рацыянальнае выкарыстанне.

Як навука пачала развівацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Германіі, калі з’явіліся тэорыі гумуснага (А.Тэер) і мінер. (Ю.Лібіх) жыўлення раслін. Генетычны і агранамічны кірункі глебазнаўства атрымала ў Расіі ў 2-й пал. 19 ст. ў працах В.В.Дакучаева, П.А.Костычава, В.Р.Вільямса і інш.

На Беларусі даследаванні па глебазнаўству пачаліся ў сярэдзіне 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це. Вядуцца ў Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (з 1969 каардынатар работ па вывучэнні глеб Беларусі), а таксама на кафедрах глебазнаўства БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Бел. тэхнал. ун-та. Развіццю навук. глебазнаўства садзейнічалі працы І.С.Лупіновіча, П.П.Рагавога, А.Р.Мядзведзева, М.П.Булгакава, У.М.Пілько, С.Н.Іванова, Т.Н.Кулакоўскай, Т.А.Раманавай, І.М.Багдзевіча, М.І.Смяяна і інш. Складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы с.-г. угоддзяў кожнай гаспадаркі, адм. раёна і вобласці Беларусі. Праведзена баніціроўка глеб, складзены карты глебава-геаграфічнага раянавання і глебава-эразійныя карты. Вядзецца маніторынг змены асн. уласцівасцей глеб з мэтай распрацоўкі прагнозу іх рацыянальнага выкарыстання, у т. л. глеб, забруджаных радыенуклідамі.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)