ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.​А.​Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

адно з найбольшых Пярэднеазіяцкіх нагор’яў, у Іране (​2/3 тэр.), Афганістане, Пакістане, часткова ў Іраку і на Пд Туркменіі. Пл. каля 2,7 млн. км². Размешчана паміж Месапатамскай нізінай на З далінай р. Інд на У. Працягласць з Пн на Пд 1500 км, з З на У 2500 км. Сфарміравалася у межах альпійска-гімалайскай геасінклінальнай вобласці ў выніку альпійскага і больш ранняга арагенезу. Вонкавы край створаны горнымі дугамі. На Пн яны складаюцца з гор Эльбурс (г. Дэмавенд — 5604 м), Туркмена-Харасанскіх, Парапаміз і Гіндукуш, на Пд — Загрос (г. Зердкух — 4548 м) і Мекран, на У — Сулейманавы горы. Унутраная ч. нагор’я, у аснове якой ляжаць палеазойскія сярэдзінныя масівы, занята раўнінамі і катлавінамі, што перамяжаюцца з сярэдневышыннымі гарамі (Сярэднеіранскія, Усх.-Іранскія, Сярэднеафганскія горы выш. да 1500—2500 м). Сярод пустынных унутр. раўнін вылучаюцца Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут, Дашты-Марго з глініста-друзавымі грунтамі і пясчаная Рэгістан. Радовішчы нафты, руд каляровых металаў, каменнага вугалю, серы. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C на Пн да 13 °C на Пд. У ліп. т-ры 25—32 °C. Ападкі ва ўнутр. раёнах да 100 мм, на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм, на вонкавых схілах Сулейманавых гор 700—800 мм за год. У гарах Загрос міжземнаморскі клімат з зімовымі ападкамі да 700 мм за год. Рэкі Гільменд, Сефідруд, Карун, Герыруд — малаводныя, выкарыстоўваюцца для арашэння. Ва ўнутр. ч. нагор’я азёры Дэр’ячэйс-Немек, Хамун. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. І.н. — ачаг фарміравання спецыфічнай флоры нагорных ксерафітаў «іранскай фрыганы» — калючага падушкападобнага хмызняку (астрагал, аканталімон і інш.). На паветраных вільготных схілах лясная расліннасць (у гарах Эльбурса — платан, жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, самшыт і інш.). На ўсх. схілах гор Сулейманавы і Кіртхар участкі саванн, рэдкалессі і лістападныя лясы. У аазісах Пд растуць фінікавыя пальмы. Багаты жывёльны свет: леапард, буры мядзведзь, казуля, горны казёл, баран, ліс-корсак, гіена; паўзуны (гюрза, кобра, пясчаная гадзюка); грызуны; насякомыя; павукападобныя (тарантулы, каракурты, скарпіёны).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.

Літ.:

Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ. М., 1982;

Айвазян С.А., Енюков И.С., Мешалкин Л.Д. Прикладная статистика: Исслед. зависимостей. М., 1985;

Прикладная статистика: Классификация и снижение размерности: Справ. изд. М., 1989.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙОРК (New York),

штат на ПнУ ЗША. Пл. 127,2 тыс. км². Нас. 18137 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Олбані. Найб. гарады і прамысл. цэнтры — Нью-Йорк і Буфала. Большая ч. тэр. занята адгор’ямі Апалачаў. На в-ве Лонг-Айленд, каля воз. Антарыо і ўздоўж р. Св. Лаўрэнція — нізіны. Клімат умераны, марскі. Сярэднямесячныя т-ры паветра на нізінах ад 0 °C (студз.) да 23 °C (ліп.). Ападкаў 800—1000 мм за год. Гал. р. Гудзон, у ніжнім цячэнні даступная марскім суднам. Пад хваёвымі і мяшанымі лясамі каля 25% тэрыторыі. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па аб’ёмах прадукцыі апрацоўчай прам-сці, банкаўскіх укладаў, гандл. абаротаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн., электронная, оптыка-механічная, інструментальная, выраб навук. апаратуры, авіяракетная, судна- і прыладабудаванне; швейная, паліграф., чорная і каляровая металургія, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, харч., гарбарна-абутковая, ювелірная. Выраб спарт. абсталявання і цацак. Здабыча цынкавай і жал. руды, буд. матэрыялаў. Лесанарыхтоўкі. Марское рыбалоўства. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. На в-ве Лонг-Айленд вырошчваюць бульбу і агародніну, на ўзбярэжжах азёр Эры і Антарыо — вінаград і фрукты (яблыкі, ігрушы, вішні). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

На тэр. Н.-Й., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны іракезаў, першыя еўрапейцы з’явіліся ў 1524. У 1614 галандцы засн. тут гандл. факторыю. У 1621 кіраванне гэтай тэр. атрымала галандская Зах.-інд. кампанія, якая заснавала калонію Новыя Нідэрланды са сталіцай Новы Амстэрдам. У 1664 калонію захапілі англічане і перайменавалі яе і сталіцу ў Н.-Й. У 17 і 18 ст. за валоданне гэтай тэр. ваявалі англічане і французы, паступова выцясняючы індзейцаў на 3. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 тэр. Н.-Й. была ахоплена ваен. дзеяннямі, у іх ліку бітва 1777 пад Саратогай, аблога г. Нью-Йорк. У 1788 Н.-Й. ратыфікаваў канстытуцыю ЗША і ўвайшоў у склад федэрацыі як штат-заснавальнік. З 1-й пал. 19 ст. пачалося інтэнсіўнае эканам. развіццё штата, значны наплыў імігрантаў з Еўропы.

т. 11, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),

адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.

С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.​Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.​К.​Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.​Жукоўскі, А.​Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.​Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.​Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.

У бел. паэзію С. увёў Я.​Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.​Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.​Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.​Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.​Труса («Над кубкам возера»), М.​Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.​Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.​Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.​Барадуліна, Э.​Валасевіча, С.​Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.​Кірэенкі, Я.​Сіпакова, М.​Федзюковіча і інш.

Літ.:

Барычэўскі А. Тэорыя санету. Мн., 1927.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ДАВЫЯ СТРА́ВЫ,

адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. Традыц. абрадавыя стравы беларусаў — каша, бліны, аладкі, хлеб і інш. — выконвалі знакавую функцыю і звычайна суправаджалі магічныя абрадавыя дзеянні. Каша з цэлага зерня (ячменнага, прасянога і інш.) — неад’емная частка радзіннага, вясельнага, памінальнага, каляднага, жніўнага абрадаў. Цэнтр. месца ў святкаванні радзін адводзілася бабінай кашы. На другі дзень вяселля кашу падносілі маладой. На памінкі варылі салодкую ячную кашу, а таксама рытуальную памінальную страву — канун. Ва ўсх. Беларусі сярод памінальных страў былі клёцкі. Гал. абрадавай стравай каляднага святкавання была куцця; яе абносілі вакол хаты, ставілі на покуць, каб паспрыяць будучаму ўраджаю, верх з яе аддавалі курам, каб добра несліся. На бедную куццю гаспадар або старэйшая жанчына клікалі мароз, прыгаворваючы, каб ён не марозіў «ні кійкоў, ні гуркоў, ні аратаяў старых, ні пагонічаў маладых» (Гродзеншчына). Куцця, як і бліны, была атрыбутам варажбы. На Палессі жытнюю кашу бралі з сабой, ідучы першы раз жаць: нажаўшы першы сноп, тры разы бралі ў рот кашы, астатнюю выкладвалі ў сноп і завязвалі яго. З рытуальнай сімволікай ураджаю звязаны і велікодныя стравы: рэшткі асвячоных у царкве яек, пірагоў, кумпяка (косці) закопвалі на загонах. Адно велікоднае яйка захоўвалі да пачатку сяўбы (яго бралі з сабой, едучы першы раз сеяць). Асаблівая магічная сіла надавалася блінам і аладкам, якія сімвалізавалі сонца і яго гадавы круг (бліны абавязковая страва на масленіцу і Каляды). Да абрадавых страў адносяцца і паўсядзённыя стравы, якія традыцыйна гатуюць у пэўныя святочныя або памінальныя дні. На бедную куццю варылі посны бурачны боршч (квас), падкалочаны мукой або рошчынай, з грыбамі ці алеем, крупнік, аўсяны кісель, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пяклі бліны ці аладкі, ламанцы з цёртым макам (гл. Лазанкі); на багатую куццю — бліны з салам і каўбасой, боршч з мясам, крупнік, куццю з салам і інш. На масленіцу акрамя бліноў абавязковыя былі сыр і масла, на Вялікдзень — яйкі, сыр, масла, сала, мяса, па магчымасці — кумпяк, парася, на Купалле варылі кулагу. На памінальным стале (на дзяды, радаўніцу) абавязкова былі боршч з мясам або капуста, сытая каша, каўбаса, бліны. Гл. таксама Абрадавае печыва.

Літ.:

Листова Н.М. Пища в обрядах и обычаях // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРА́ЦЫЯ (позналац. decoratio літар. ўпрыгожанне) у тэатры і кіно, афармленне трохмернай прасторы, у межах якой адбываецца дзеянне спектакля або фільма. Існуе для вобразнай характарыстыкі гіст. абставін, умоў і атмасферы спектакля або фільма — асяроддзя, у якім дзейнічае акцёр. Ствараецца з дапамогай архітэктуры, жывапісу, графікі, маст. планіроўкі месца дзеяння, спец. фактур, асвятлення і тэхнікі.

Сістэмы тэатр. Д.: кулісная перасоўная — мяккія навясныя кулісы або цвёрдыя на рухомых рамах, размешчаныя ад партала ўглыб сцэны (вядома з 1628); кулісна-арачная пад’ёмная — жывапісныя палотны, зробленыя з улікам перспектывы і сшытыя ў выглядзе арак (вядома з 17 ст.; разнавіднасць кулісна-арачнай Д. — ажурная, умацоўваецца на сетцы або апліцыруецца на цюлі); павільённая — сценкі-рамы, зацягнутыя маляваным палатном, перакрытыя столлю (з 1794); аб’ёмная — камбінацыя плоскіх сцен і аб’ёмных дэталей: станкоў, лесвіц, пандусаў і інш. (з 1870); для змены аб’ёмнай Д. ўжываюцца рухомыя пляцоўкі-фуркі, паваротны круг і інш.; праекцыйная Д. заснавана на праекцыі на экран статычных і дынамічных выяў — арх. і пейзажных матываў, дажджу, полымя і да т.п. (з 1908). Сярод прыёмаў — афармленне з ужываннем розных сістэм Д.: сімультантны (адначасовы паказ розных месцаў дзеяння), умоўны (афармленне ў нейтральных сукнах ці шырмах або ў іх спалучэнні з арх. і бытавымі дэталямі па рухомай устаноўцы), прасторавы (сцэна з Д. акружае гледача з усіх бакоў). Кінадэкарацыі робяцца трохмерныя з улікам умоў здымкі (план, ракурс, асвятленне), характару здымкі і стужкі. Ім дадаюць жывапісную і фактурную апрацоўку: умоўна-абагульненую для агульных і аддаленых планаў і ілюзорна-натуральную для буйных і сярэдніх планаў. Д. ў кіно робяцца ў натуральную велічыню аб’екта або ў выглядзе яго фрагмента (т.зв. «ігравой часткі»), Фрагмент Д. часам дапаўняецца макетамі і рознымі фонамі, якія ў кадры злучаюцца ў адно цэлае. Развіццё мастацтва Д. цесна звязана з развіццём тэатра, кіно, драматургіі, выяўл. мастацтва. Актыўным творчым пошукам адметныя работы мастакоў тэатра і кіно М.​Апіёка, М.​Блішча, Б.​Герлавана, А.​Грыгар’янца, Я.​Ждана, А.​Марыкса, П.​Масленікава, Дз.​Мохава, С. і Я.​Нікалаевых, Ю.​Тура, Я.​Чамадурава і інш. Гл. таксама Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва.

Літ.:

Козлинский В.И., Фрезе Э.П. Художник и театр. М., 1975;

Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.

Г.​І.​Барышаў.

Да арт. Дэкарацыя. М.​Апіёк. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Варвары» М.​Горкага. 1966.
Да арт. Дэкарацыя. П.​Масленікаў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Яснае світанне» А.​Туранкова. 1958.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСІСІ́ПІ (Mississippi, на мове мясц. індзейцаў — вял. рака),

рака ў ЗША, адна з самых вял. на зямным шары. Даўж. 3766 км (ад вытоку р. Місуры 5970 км), пл. басейна 3230 тыс. км². Пачынаецца з невял. возера на ПнЗ штата Мінесота, перасякае ЗША з Пн на Пд па Цэнтр. раўнінах і Прымексіканскай нізіне, упадае ў Мексіканскі заліў. У вярхоўі рака працякае праз сістэму невял. азёр, даліна вузкая, месцамі М. ўтварае парогі і вадаспады. Ніжэй вусця р. Дэ-Мойн шыр. даліны да 10—15 км, перад упадзеннем р. Місуры — да 20 км. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі рэк Місуры і Агайо) даліна ракі шырокая, рэчышча ад 600 м да 3—4 км, месцамі разгаліноўваецца на рукавы. У ніжнім цячэнні даліна паступова расшыраецца ад 25 км да 70—100 км, рэчышча замацавана ад паводак сістэмай штучных дамбаў. Каля г. Батан-Руж пачынаецца дэльта (пл. каля 33,5 тыс. км²), дзе вылучаюцца 6 гал. рукавоў. Буйныя прытокі: Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер (справа), Вісконсін, Ілінойс, Агайо (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні М. снегавое і дажджавое, у сярэднім і ніжнім пераважна дажджавое. Вясенне-летняе разводдзе і бурныя дажджавыя паводкі, якія перыядычна выклікаюць навадненні (адно з найб. у ліп. 1993). Сярэдні гадавы расход вады ад 1800 м³/с у вярхоўі да 19 тыс. м³/с (макс. 50—80 тыс. м³/с) у вусцевай ч. ракі. Цвёрды сцёк каля 360 млн. т за год. У верхнім цячэнні М. замярзае на 3—4 месяцы. Водзяцца акуні, фарэлі (у вярхоўі), сазаны, самы, рыбы буфала (у сярэднім і ніжнім цячэнні). М. мае вял. трансп. значэнне: злучана рэкамі і суднаходнымі каналамі з Вял. азёрамі і глыбакаводным шляхам па р. Св. Лаўрэнція з Атлантычным ак. Рачное суднаходства ад вусця да г. Мінеапаліс (на 3 тыс. км), марское — да г. Батан-Руж. Даўж. суднаходных шляхоў бас. М. больш за 25 тыс. км. Па М. перавозіцца штогод каля 360 млн. т грузаў (каля 60% рачных перавозак ЗША). Гідратэхн. рэсурсы — 27,5 ГВт. У бас. М. некалькі ГЭС (найб. каля г. Кіякак). Буйныя гарады і парты: Мінеапаліс з Сент-Полам, Сент-Луіс, Мемфіс, Батан-Руж, Новы Арлеан.

Л.​В.​Лоўчая.

У дэльце Місісіпі.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,

адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.​Т.​Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн. чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.​С.​Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц. рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.​Ф.​Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.

Літ.:

Иеговизм. Мн., 1981.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАНІМІ́Я (ад грэч. synonymia аднайменнасць),

поўнае ці частковае супадзенне значэнняў моўных адзінак. Сінанімічнымі могуць быць словы, фразеалагізмы, марфемы, словаўтваральныя мадэлі, сінтаксічныя канструкцыі. Лексічныя сінонімы — словы і выразы, што аб’ядноўваюцца ў групы (сінанімічныя рады) на аснове блізкасці значэння. Сярод іх вылучаюць сінонімы семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя, абсалютныя. У сучаснай бел. літ. мове найб. семантыка-стылістычных сінонімаў, абсалютныя сінонімы адзінкавыя. Семантычныя сінонімы (звычайна нейтральныя словы і выразы) ажыццяўляюць камунікатыўную функцыю мовы, што выяўляецца ў дыферэнцыяцыі адценняў значэння, дэталізацыі, выдзяленні і актуалізацыі паняцця («Сланечнікі ў гародчыку апусцілі прывялае лісце, схавалася ў засень, у цень усё жывое...». І.​Навуменка). Стылістычныя сінонімы ажыццяўляюць эстэт. функцыю мовы, што выражаецца ў эмацыянальна-экспрэсіўнай характарыстыцы слова, выразу («І якраз у той момант, калі я зразумеў, што тут, пэўна, давядзецца і начаваць, калі ўжо такім далёкім і недасягальным здаўся мне цягнік, якім сёння ноччу я думаў ехаць, пачуўся далёкі прыглушаны бас машыны». Я.​Сіпакоў). Семантыка-стылістычныя сінонімы адрозніваюцца адначасова сэнсам і стылістычнай афарбоўкай («Не раз я за мурам астрожным па родных гонях сумаваў Адны любяць пад песню схіліць галаву, зажурыцца, як неба ўвосень. Ну, засні, і не варта тужыць. Вось ты тут сохнеш за астрожным мурам». М.​Танк). Абсалютныя сінонімы — тэрміналагічныя словы-дублеты, якія адрозніваюцца толькі паходжаннем (бел. «назыўны», «правапіс» і запазычаныя «намінатыўны», «арфаграфія»), Кантэкстуальныя (сітуацыйныя, аўтарскія, аказіянальныя) сінонімы — словы і выразы, якія суадносяцца з пэўным агульным аб’ектам рэчаіснасці (рэаліяй) толькі ў адпаведным кантэксце, выражаюць адно паняцце метафарычна-вобразна і ўтвараюць семантыка-стылістычную групу, блізкую да сінанімічнага рада («А сын жа мой яшчэ малы. Зусім яшчэ маладзенькі мой Данілка. Ён жа яшчэ не поўня, а паўмесячык. Маладзічок». А.​Бялевіч) Марфалагічныя сінонімы — сінанімічныя формы слоў («жыццядайнай сілы — жыццядайнае сілы», «самы дарагі — найдаражэйшы»), Сінтаксічныя сінонімы — канструкцыі, аднародныя са структурна-сэнсавага і функцыянальнага пункту погляду, але адметныя семантычнымі адценнямі (у межах агульнага іх значэння) і стылістычнай афарбоўкай («пайсці да рэчкі — пайсці пад рэчку, пайсці ў бок рэчкі, пайсці ў напрамку рэчкі»). Развітасць сінанімікі (сукупнасці сінонімаў ў мове) — паказчык дакладнасці, вобразнасці, багацця мовы.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Яўневіч М.С. Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1977;

Беларуская мова. Мн., 1991;

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1992.

А.​К.​Юрэвіч.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)