ФРАКТА́ЛЫ (ад лац. fractus складзены з фрагментаў, разбіты),
мноствы з нерэгулярнай разгалінаванай ці парэзанай структурай; структуры, складзеныя з частак, якія ў некаторым сэнсе падобныя да цэлага. Напр., натуральнымі Ф. з’яўляюцца берагавыя лініі мацерыкоў і астравоў, горы, воблакі, галіны і лісце дрэў, сняжынкі, броўнаўскія крывыя.
Найб. часта Ф. ўзнікаюць у задачах нелінейнай дынамікі, гідрадынамікі, стат. механікі, тэорыі фазавых пераходаў, тэорыі палімераў. хім. кінетыцы і інш. Адрозніваюць 3 класы Ф.: геаметрычныя Ф. (у 2-мерным выпадку іх атрымліваюць з дапамогай ламанай лініі, у 3-мерным — паверхні, якія наз. генератарам). За 1 крок алгарытму пабудавання кожны з адрэзкаў ламанай замяняюць на ламаную-генератар у пэўным маштабе. Алгебраічныя Ф. (атрымліваюць з дапамогай нелінейных працэсаў у n-мерных прасторах) і стахастычныя Ф., якія атрымліваюць, калі ў ітэрацыйным працэсе выпадкова змяняюць які-н. з параметраў (генерыруюцца аб’екты, якія нагадваюць прыродныя — дрэвы, берагавыя лініі, рэльефы мясцовасці, паверхні мора і інш.). Ф. выкарыстоўваюцца ў машыннай графіцы для адлюстравання і мадэліравання розных працэсаў, пры пераўтварэнні відарысаў і інш.
Літ.:
Федер Е. Фракталы: Пер. с англ.М., 1991.
М.П.Савік.
Да арт.Фракталы. Першыя этапы атрымання «дывана Сярпінскага».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДЖЭ́ННЕ,
сярэдневяковы літаратурны жанр. Узнік у выніку паломніцтва на Б. Усход да святынь Палесціны і Візантыі. Апісанне гэтых падарожжаў, асобных падзей грамадска-паліт. і культ. жыцця таго часу складае аснову зместу Х. Найб. ранні помнік жанру ў стараж.-рус. л-ры — «Хаджэнне ігумена Данііла» (пач. 12 ст.). Пазней узніклі складзеныя выхадцамі з Беларусі Х. Аграфенія (канец 14 ст.) і Варсанофія (2-я пал. 15 ст.), «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 — пач. 15 ст.).
У эпоху Вял.геагр. адкрыццяў актывізаваліся разнастайныя ўзаемасувязі паміж народамі, многія літ. жанры набылі новыя якасці. Х. сталі больш свецкімі і ператварыліся ў апісанні падарожжаў за мяжу наогул («Хаджэнне за тры моры» А.Нікіціна). Адным з апошніх твораў, які не страціў жанравай сувязі з Х., было «Перагрынацыя, або паломніцтва... у Святую зямлю» М.К.Радзівіла (1590-я г.). Часам Х. называліся асобныя творы інш. жанраў, напр., апокрыф «Хаджэнне багародзіцы па пакутах».
Літ.:
Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэт. нарыс развіцця бел. паломніцкай літ. XII—XVI стст. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́РАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, харафіты,
лучыцы (Charophyta),
аддзел ніжэйшых раслін. 1 клас, 1 парадак, 2 сям. (нітэлавыя і харавыя), 6 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Паходзяць, магчыма, ад зялёных водарасцей. Вядомы з сілуру. Утвараюць вял. зараснікі на заіленых і пясчаных грунтах у прэсных вадаёмах і апрэсненых участках мораў. На Беларусі 15 відаў з родаў нітэла, нітэлопсіс і хара.
Шматклетачныя кусцістыя водарасці знешне падобныя да некат. вышэйшых раслін (рагаліснік, хвошч). Слаявіна выш. 20—30 см, часам да 1—2 м, прымацаваная да субстрату рызоідамі. Бакавыя галіны размешчаны кальчакамі на шматклетачных вузлах. Міжвузеллі з адной доўгай клеткі, якая можа абрастаць карой з вузкіх клетак. Абалонкі клетак часам абвапнаваныя. Хларапласты зялёныя, маюць хларафілы a і b, караціноіды, запасное рэчыва — крухмал. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое (аагамія). Выкарыстоўваюцца як угнаенне. Гіганцкія клеткі міжвузелляў — аб’ект цыталагічных і фізіял. даследаванняў (напр., біяпатэнцыялаў раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭМЕ́НТ (ням. Zement ад лац. caementum друз),
парашкападобнае вяжучае рэчыва (пераважна гідраўл.), здольнае ўтвараць з вадой (воднымі растворамі солей або інш. вадкасцямі) пластычную масу, што з часам загусае і пераходзіць у каменепадобны стан.
У залежнасці ад сыравіны і спосабу атрымання адрозніваюць віды Ц.: портландцэмент і яго разнавіднасці (шлакавы і пуцаланавы; гл.Пуцаланы), гліназёмісты, расшыральны і шэраг спец. марак (напр., кіслотатрывалы). Прамысл.вытв-сць з 19 ст.Найб. пашыраны портландцэмент — прадукт тонкага памолу, атрыманы абпальваннем да спякання (т-ра каля 1450 °C) вапняку і гліны (суадносіны 3:1). Каб палепшыць тэхн. ўласцівасці, пры памоле да клінкеру дадаюць каля 3% двухводнага гіпсу і каля 15% актыўных мінер. дабавак (дыятаміту, трэпелу, доменнага грануляванага шлаку і інш.). Якасць Ц. вызначаецца тонкасцю памолу, тэрмінам ахоўвання і маркай (характарыстыкай трываласці пры сцісканні стандартных узораў) — абазначаецца лічбамі 200, 300, 400, 500, 600 і 700. Чым вышэй марка, тым больш трывалы выраб на яго аснове. Асн. галіны выкарыстання Ц. — атрыманне маналітнага і зборнага бетону і жалезабетону, прыгатаванне буд. раствораў.
На Беларусі Ц. выпускае прадпрыемства «Ваўкавыскцэментнашыфер», ВА«Крычаўцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКРА́Н (ад франц. écran заслона, шырма),
прыстасаванне з паверхняй, якая пераўтварае, адбівае ці паглынае выпрамяненне розных відаў энергіі для выкарыстання гэтых выпрамяненняў або аховы ад іх уздзеяння (гл.Экранаванне). 1) Э. топачны — радыяцыйная паверхня нагрэву катла, уключаная ў агульную сістэму цыркуляцыі вады, якая ўспрымае цеплату гарэння паліва і топачных газаў. Ахоўвае сценкі топачнай камеры ад шлакавання і разбурэння пад уздзеяннем цеплавога выпрамянення і змяншае т-ру газаў, што выходзяць з топкі.
2) Э. электронна-прамянёвай прылады (ЭПП) — слой люмінафору ці інш. рэчыва на ўнутр. паверхні балона ЭПП, на якім у выніку пераўтварэння энергіі электроннага пучка ў светлавую ствараецца бачны відарыс. Выкарыстоўваецца ў кінескопах, электронна-прамянёвых трубках, індыкатарах і інш. ЭПП.
3) Э. рэнтгенаўскай устаноўкі — прыстасаванне, якое пераўтварае рэнтгенаўскія прамяні ў бачны відарыс (флуарэсцэнтны Э.) або ахоўвае ад шкоднага ўздзеяння гэтых прамянёў (свінцовы Э.).
4) Э. светлавы — прыстасаванне, якое адбівае светлавыя прамяні, што ўтвараюць на ім аптычны відарыс (напр., кінаэкран).
5) Э. плаціны — проціфільтрацыйны слой, размешчаны на верхнім адкосе грунтавой ці каменна-земляной плаціны. Гл. таксама Геліяканцэнтратар, Экранаплан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРА́КЦЫЯ, экстрагаванне (ад лац. extraho выцягваю),
вылучэнне рэчыва з вадкай або цвёрдай сумесі з дапамогай арган. растваральнікаў (экстрагентаў). Э. вадкасная ў адрозненне ад Э. з цвёрдага цела працякае ў гетэрагеннай сістэме вадкасць — вадкасць і з’яўляецца самаадвольным працэсам выраўноўвання хім. патэнцыялаў рэчываў у фазах, якія кантактуюць (гл.Раўнавага тэрмадынамічная).
Э. з цвёрдага цела ў вадкую фазу кінетычна падпарадкоўваецца законам масаабмену, дыфузіі, пераносу рэчыва, якое вылучаецца з цвёрдай фазы ў вадкую (гл.Пераносу з’явы). Экстрагент падбіраюць так, каб у ім добра раствараўся кампанент, які трэба вылучыць з сумесі, і не раствараліся (ці мала раствараліся) інш. кампаненты і зыходны растваральнік. Э. — адзін з найважн. метадаў раздзялення рэчываў, ачысткі іх ад дамешкаў. Выкарыстоўваецца для вылучэння арган. злучэнняў з расл. сыравіны, у гідраметалургіі (напр., для вылучэння медзі), для раздзялення рэдкіх элементаў, у аналіт. хіміі, вытв-сці порыстых пластмас, у радыёхіміі і інш.Гл. таксама Вышчалочванне.
Літ.:
Основы жидкостной экстракции. М., 1981;
Романков П.Г., Курочкина М.И. Экстрагирование из твёрдых материалов. Л., 1983;
Романков П.Г., Фролов В.Ф. Массообменные процессы химической технологии. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРЭ́МУМ (лац. extremum крайняе),
значэнне функцыі, якое адпавядае яе максімуму ці мінімуму (гл.Максімум і мінімум). Адрозніваюць Э. лакальны (у некаторым дастаткова малым наваколлі пункта) і глабальны, які з’яўляецца найбольшым ці найменшым значэннем функцыі ў вобласці вызначэння. Функцыя мае лакальны максімум (мінімум) у некаторым пункце, калі яна вызначана ў некаторым наваколлі гэтага пункта і значэнні ва ўсіх дастаткова блізкіх да яе пунктах не большыя (не меншыя) за значэнне функцыі ў гэтым пункце. Напр., лакальны максімум функцыі y = x3/3 − x2 + 1/3 роўны 1/3 у пункце x = 0, лакальны мінімум -1 у пункце x = 2. Глабальнага Э. гэта функцыя на (−∞, ∞) не мае. Неабходнай умовай існавання лакальнага Э. дыферэнцавальнай функцыі ў некаторым пункце з’яўляецца роўнасць нулю вытворнай (для функцыі некалькіх пераменных — усіх частковых вытворных першага парадку ў гэтым пункце); дастатковая ўмова існавання лакальнага Э. функцыі адной пераменнай — змена знака вытворнай пры пераходзе праз гэты пункт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННАЯ МІКРАСКАПІ́Я,
сукупнасць метадаў даследавання з дапамогай электронных мікраскопаў мікраструктуры цел (у т. л. на атамна-малекулярным узроўні), іх лакальнага саставу і лакалізаваных на іх паверхні ці ў мікрааб’ёме эл. і магн. палёў («мікрапалёў»).
Уключае таксама ўдасканаленне і распрацоўку новых электронных і інш. карпускулярных (напр., пратонных) мікраскопаў і прыставак да іх, распрацоўку методык падрыхтоўкі ўзораў для даследаванняў у гэтых мікраскопах, вывучэнне механізмаў фарміравання электронна-аптычных відарысаў (гл.Электронная і іонная оптыка), распрацоўку спосабаў аналізу рознай інфармацыі, атрыманай з дапамогай электронных мікраскопаў. Асн. аб’екты даследаванняў — цвёрдыя целы; парашкі, мікракрышталі, аэразолі і інш. вывучаюць пры нанясенні іх на тонкую (для даследаванняў у прасвечвальных электронных мікраскопах) ці масіўную (у растравых, адбівальных і люстраных мікраскопах) падложку. Вадкія і газападобныя аб’екты даследуюцца з дапамогай спец. мікракамер — прыставак да прасвечвальных электронных мікраскопаў.
Літ.:
Стоянова И.Г., Анаскин И.Ф. Физические основы методов просвечивающей электронной микроскопии. М., 1972;
Утевский Л.М. Дифракционная электронная микроскопия в металловедении. М., 1973;
Хокс П. Электронная оптика и электронная микроскопия: Пер. с англ.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯР, роў,
глыбокі са стромкімі схіламі размыў, утвораны часовымі вадацёкамі; найб. небяспечны вынік воднай эрозіі глебы. Даўж. да некалькіх кіламетраў, шыр. і глыб. — дзесяткі метраў. Узнікаюць пры інтэнсіўных ліўневых дажджах, разворванні і апрацоўцы глебы ўздоўж схілаў, пракладцы дарог, празмерным выпасе жывёлы, знішчэнні дрэвавай і травяністай расліннасці на схілах і інш. Характэрны для ўзгорыстых раўнін, узвышшаў, перадгор’яў, якія складзены з рыхлых парод (лёсаў, лёсападобных суглінкаў і інш.). Я. «растуць» за кошт рэгрэсіўнай эрозіі ўверх па схілах або ў глыб водападзела, а таксама ў выніку доннага і бакавога размыву і разгалінавання, пераважна пры раставанні снегу і ліўнях, калі звязанасць пераўвільготненых грунтоў памяншаецца. Пашыраны на раўнінах стэпавай і лесастэпавай зон Расіі, Украіны, у перадгор’ях Каўказа, Цэнтр. Азіі, шэрагу штатаў ЗША, правінцый Кітая і інш. На Беларусі займаюць больш за 11 тыс.га, у асн. на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім, Ашмянскім і Мінскім узвышшах, Мазырскай і Капыльскай градах. Я. наз. таксама абрывісты бераг ракі (часцей правы ў Паўн. паўшар’і), мора ці возера, уступ дна ракі ці возера, вір. Тэрмін уваходзіць у склад многіх геагр. назваў (напр., Краснаярск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗКАПАМЕ́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
сістэмы, памер якіх уздоўж хаця б аднаго прасторавага напрамку супараўнальны з адным з характэрных памераў яе структурных элементаў. Бываюць двух-, адна-, нульмерныя і фрактальныя. Напр., малекулярны слой — двухмерная сістэма, паколькі мае 2 класічныя памеры і 1 квантавы. Аналагічна, ланцужок малекул — аднамерная сістэма, квантавы пункт (атамны кластэр) — нульмерная сістэма. Аб’екты з дробнай размернасцю наз.фрактальнымі. Адрозніваюць стацыянарныя і нестацыянарныя Н.с. Прыклад стацыянарнай Н.с. — звышрашотка з крышт. слаёў рознага хім. саставу, структуры або арыентацыі, якія перыядычна паўтараюцца ў адным напрамку. Для электрона праводнасці з даўжынёй свабоднага прабегу больш за перыяд звышрашоткі неперарыўны спектр дазволеных значэнняў энергіі электрона ў зоне праводнасці разбіваецца на падзоны (гл.Зонная тэорыя). Пры гэтым спектр энергіі для руху электрона ўздоўж слаёў застаецца неперарыўным. Стацыянарныя Н.с. ствараюць метадамі нанатэхналогіі. Да нестацыянарных Н.с. адносяцца дынамічныя рашоткі, салітоны, дамены эл. поля ў Гана дыёдах, «ніці» току і святла ў паўправадніковых прыборных структурах і інш. Выкарыстоўваюцца як функцыян. элементы нанаэлектронікі з прычыны высокай адчувальнасці да знешніх уздзеянняў і моцнай залежнасці ўласцівасцей ад памераў і формы.