ГЛАВА́ЦКАЯ (Лідзія Рыгораўна) (н. 1.5.1936, в. Падыгрушша Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. майстар пляцення маст. вырабаў з саломкі. Вучаніца Т.Агафоненка. У творчасці пераважаюць работы анімалістычнага жанру (фігуркі коней, аленяў, пеўняў, паваў і інш.). Дамагаецца надзвычайнага дэкар. эфекту, чаргуючы тонка апрацаваныя рэльефныя саломінкі з гладкімі, збіраючы іх у пучкі ці асобныя дэталі. Стварае таксама творы манум.-дэкар. характару (удзельнічала ў афармленні інтэр’ераў музея Максіма Багдановіча ў Мінску, 1991, і інш.).

Я.​М.​Сахута.

Л.Главацкая. Пеўнік. 1990.

т. 5, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЯЛКО́ЎСКАЯ (Тэрэза) (1854 — май 1933),

бел. перакладчыца і выдавец. Мела маёнтак Габрылёва-Папоўка (Талачынскі р-н, у межах в. Сані). У 1908 з сынам арганізавала там бел. школу, дзе настаўнікам працаваў Я.​Колас. Перакладала на бел. мову творы рус. і польск. пісьменнікаў («Дым» М.​Канапніцкай», 1909; «Архіп і Лявонка» М.​Горкага, 1910; «Дзядзька голад» С.​Віткевіча, 1911). Друкавалася пад псеўд. Зязюля, Т.Г. На ўласныя сродкі выдавала свае пераклады, кнігі Я.​Коласа, Ядвігіна Ш. і інш.

В.​У.​Скалабан.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРО́ВІЧ (Ігар Уладзіміравіч) (23.1.1936, Мінск — 26.7.1986),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965) і выкладаў у ім. Працаваў пераважна ў галіне тэматычнай карціны і партрэта. Асн. творы: «Сувязіст» (1964), «У лабараторыі» (1965), «У заўтра» (1967), «Бібліятэка» (1970), «За гонар краіны» (1971), «Перад пускам» (1973), «Пошук» (1976), «Змена» (1979), «Выпрабавальнікі» (1981) і інш. Аўтар партрэтаў бел. вучоных А.​А.​Зубкова (1963), У.​С.​Камарова (1968), А.​К.​Красіна (1976), А.​У.​Руцкага (1982) і інш.

т. 5, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ДАЧАК ((Hudeček) Антанін) (14.1.1873, мяст. Лоўцка, Чэхія — 11.8.1942),

чэшскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пражскай (1887—91) і Мюнхенскай (1891—95) АМ. У 1903 — 09 наведваў Сіцылію, в-аў Капры, у 1914—31 — Францыю, Славенію, Зах. Украіну, Італію. З 1927 жыў і працаваў у Часталовіцы. Творы Гудачака «Жытнёвае поле» (1880), «Ручай восенню» (1903), «Татры», «Зіма» (абедзве 1930), «Венецыя» (1930-я г.) і інш. адметныя глыбокім лірызмам, свабоднай і экспрэсіўнай манерай пісьма, тонкай каларыстыкай.

Я.​Ф.​Шунейка.

А.Гудачак. Жытнёвае поле. 1880.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́БА, Гебея,

у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.​Кайзера, К.​В.​Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.

Геба. Скульптура А.​Кановы. 1801.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЭ́РА ((Guerrero) Марыя) (1863 ці 1868, Мадрыд — 23.1.1928),

іспанская актрыса. Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Дэбютавала ў т-ры «Эспаньёль» (Мадрыд). Стварыла і ў 1896—1909 кіравала (разам з мужам, акцёрам Ф.​Дыясам дэ Мендоса) трупай «Герэра—Мендоса», у 1908—24 — т-рам «Прынсеса» (у 1931 т-ру прысвоена яе імя). Ставіла творы нац. і сусв. класікі (Лопэ дэ Вэга, Х.​Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Тырса дэ Маліна, П.​Кальдэрон, Ф.​Шылер і інш.), у якіх іграла галоўныя ролі.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАНСКІ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,

адзін са старэйшых сімф. аркестраў ЗША. Створаны ў 1881 у г. Бостан мецэнатам Г. Лі Хігінсанам. Выступаў у зале «Бостан-мюзік-хол», з 1900 — у «Сімфані-хол». Росквіт аркестра звязаны з дзейнасцю С.​Кусявіцкага (1924—49), пад кіраўніцтвам якога выконваліся творы П.​Чайкоўскага і інш. рус. кампазітараў. Сярод гал. дырыжораў: А.Нікіш, П.​Манцё, Ш.​Мюнш, Э.​Лайнсдорф, С.​Адзава. З аркестрам выступалі кампазітары А.Глазуноў, С.Пракоф’еў, В.д’Эндзі, Р.Штраус, Д.Міё, А.Рэспігі, М.Равель і буйнейшыя дырыжоры розных краін.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУФАНА́ДА (італьян. buffonata літар, блазнаванне),

від тэатр. паказу і прыём акцёрскага выканання, заснаваныя на рэзкім, камедыйным перабольшанні пераважна вонкавай характарнасці. Асабліва пашырана ў цырку (гл. Клаунада). Узнікла ў народным тэатры (мім, скамарохі, італьян. камедыя дэль артэ), выкарыстоўвалася ў батлейцы. На выкарыстанне прыёмаў буфанады разлічаны і некаторыя творы Мальера, К.​Гальдоні, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Я.​Купалы, У.​Маякоўскага і інш. Элементы буфанады выкарыстоўвалі пры стварэнні камедыйных вобразаў бел. акцёры А.​Ільінскі, Г.​Глебаў, П.​Малчанаў.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Адкрыты 29.5.1970 у г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. Плошча выставачных залаў 259 м². У музеі 406 экспанатаў (1996). Экспануюцца творы Бялыніцкага-Бірулі («Лёд прайшоў», «Лес зазелянеў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі», усяго 26 карцін), бел. жывапісцаў Н.​Воранава, П.​Данелія, Ф.​Дарашэвіча, К.​Касмачова, П.​Крохалева, А.​Шыбнёва, скульпт. Л.​Гумілеўскага, І.​Міско, Г.​Мурамцава, С.​Селіханава і інш.

Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Адна з залаў музея.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСЕ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ, застольныя песні,

творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.

І.​К.​Цішчанка.

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)