ЛЕ́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 750 км. Пачынаецца на ПдЗ ад в. Мыльніск Пружанскага р-на. Зліўшыся з р. Правая Лясная, утварае р. Лясная. Цячэ па Прыбугскай раўніне. Асн. прытокр. Вішня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 1,6—2,5 км, у сярэднім цячэнні месцамі невыразная. Пойма шыр. 300—500 м, нізкая, забалочаная, перасечаная старыцамі і меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 6—20 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАСІ́, Жэхэ,

нагор’е на ПнУ Кітая. Пл. каля 120 тыс. км². На ПнЗ — сістэма хвалістых плато і невысокіх масіваў выш. 500—1300 м, на ПдУ — скалістыя горы выш. 1000—1600 м, найб. — 2050 м (г. Улуншань). Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Радовішчы каменнага вугалю. Перадгор’і глыбока расчлянёныя далінамі рэк бас. Луаньхэ, Ляахэ і інш. У даліне р. Жэхэ (прыток Луаньхэ) гарачыя мінер. крыніцы. Стэп, месцамі зараснікі хмызнякоў і гаі з дубу, клёну, арэху. Даліны густа населены і апрацаваны (палі чумізы, гааляну; сады).

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЙРА (Madeira),

рака ў Балівіі і Бразіліі, найбуйнейшы правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3230 км (з р. Мамарэ), пл. бас. 1391 тыс. км². Пачынаецца ў Андах ад зліцця рэк Бені і Мамарэ, у верхнім цячэнні агінае Бразільскае пласкагор’е, утварае парогі і вадаспады, ад г. Порту-Велью (Бразілія) цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ў кастр.—маі (сезон дажджоў і раставанне снегу ў Андах). Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 21 800 м​3/с. Суднаходная (1060 км) ад вусця да г. Порту-Велью. На М. гарады Порту-Велью, Умайта, Манікарэ.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРХА́,

рака, левы прыток Вілюя, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1181 км, пл. басейна 99 тыс. км². Пачынаецца ва ўсх. ч. Вілюйскага плато, цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. Асн. прытокі: Маркока (справа), Ханя (злева). Высокае веснавое разводдзе і летне-асеннія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 360 м³/с. Ледастаў ад канца вер.пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой перамярзае ў вярхоўі на 7 месяцаў, у нізоўі — на 5 месяцаў. Суднаходная вясной на 984 км ад вусця.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЧА,

рака ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бобр (бас. р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 526 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Баркі Крупскага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Вяляцічы Барысаўскага р-на. Даліна трапецападобная, у многіх месцах невыразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, адкрытая, шыр. 300—600 м, перасечаная меліярацыйнымі канавамі. Рэчышча каналізаванае на працягу 28 км, на астатнім працягу звілістае, шыр. 5—10 м. Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́КС,

рака ў Закаўказзі (вярхоўі ў Турцыі, ніжняе цячэнне ў Азербайджане); правы прыток Куры. На значным працягу па Араксе праходзіць мяжа Арменіі і Азербайджана з Турцыяй і Іранам. Даўж. 1072 км, пл. бас. 102 тыс. км². Пачынаецца на схілах хрыбта Бінгёль, у вярхоўях цячэ ў вузкай глыбокай даліне, у сярэднім цячэнні (на Арарацкай раўніне) даліна расшыраецца, рака падзяляецца на рукавы, нізоўі на Кура-Араксінскай нізіне. Жыўленне мяшанае. Разводдзе з сак. да чэрв., дажджавыя паводкі ў ліст.—снежні. Сярэдні расход вады 285 м³/с. Штогод выносіць 16 млн. т наносаў. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Араксе азерб.іранскі гідратэхн. комплекс.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ НІЛ, Бахр-эль-Аб’яд,

назва р. Ніл у Судане, ад месца ўпадзення левага прытока р. Эль-Газаль да вусця Блакітнага Ніла. Даўж. 957 км, пл. бас. 1059 тыс. км². Важны прыток р. Собат (у час паводкі прыносіць шмат завіслага матэрыялу, які надае вадзе белаватае адценне; адсюль назва). Ад вусця Собата да вусця Блакітнага Ніла цячэнне запаволенае. Сярэдні расход вады ў вярхоўі каля 450 м³/с, ніжэй упадзення Собата павялічваецца да 800 м³/с (макс. — да 1500 м³/с). За 40 км ад г. Хартум — плаціна Гебель-Аулія. Воды Белага Ніла выкарыстоўваюцца на арашэнне. Рыбалоўства. Суднаходства.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́БІЧ,

рака ў Беларусі, у Круглянскім, Шклоўскім, Бялыніцкім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Друці (бас. Дняпра). Даўж. 74 км. Пл. вадазбору 565 км². Пачынаецца за 1,7 км на У ад в. Бураўшчына Круглянскага р-на. Асн. прытокі: Чарнаводка, Васілеўка, Лімнічанка (злева), Свяцілаўка (справа). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Схілы спадзістыя. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма двухбаковая, пераважае шыр. 200—400 м. Рэчышча звілістае, шыр. 10—25 м, у верхнім цячэнні каналізавана 24 км. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. Сістэм.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЦЬ,

рака ў Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 75 км. Пл. вадазбору 433 км2. Пачынаецца за 1,7 км на ПнЗ ад в. Лук’янаўка Добрушскага р-на. Асн. прытокі: ручай Радзвін (злева) і рака без назвы (справа). Цячэ па Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. 300—600 м, у вытоку 150 м. Пойма двухбаковая, месцамі перарывістая, шыр. 200—300 м. Ад вытоку рэчышча каналізаванае на 2 км, у сярэднім цячэнні на 17,2 км. Берагі да в. Вуць Добрушскага р-на нізкія, забалочаныя, ніжэй пераважна стромкія і абрывістыя. На рацэ г.п. Церахоўка.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́НІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Клява (левы прыток р. Бярэзіна, бас. Дняпра), за 5 км на Пд ад г. Беразіно, каля в. Гарэнічы. Створана ў 1951, у 1972 рэканструявана. Пл. 1,08 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 6,1 м. Аб’ём вады 1,24 млн. м³. Даўжыня берагавой лініі 15 км.

Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк 94 млн. м³. Катлавіна выцягнутая. Берагі пад ворывам і сенажацямі, левы спадзісты, правы больш стромкі, выш. 1,5—2,5 м. Зарастае ў вярхоўі і каля берагоў. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, арашэння і як зона адпачынку.

т. 5, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)