РЭГРЭ́СНЫ ІСК,

адваротнае патрабаванне аб вяртанні грашовай сумы (або інш. матэрыяльнай каштоўнасці), якая была выплачана трэцяй асобе па віне даўжніка. Напр., асоба, адказная за прычыненую шкоду, абавязана па Р.і. страхавой арг-цыі кампенсаваць сумы страхавых выплат пацярпеламу. На даўжніка па Р.і. ўскладаецца абавязак кампенсаваць крэдытору аплачаныя ім трэцяй асобе сумы ў поўным аб’ёме. Выключэнне складаюць Р.і. прадпрыемства (установы) да свайго работніка, калі дзейнічаюць агульныя нормы матэрыяльнай адказнасці (кампенсацыя шкоды, якая аплачана прадпрыемствам, у гэтым выпадку, можа быць у памеры акладу, трэці акладу і г.д.).

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́БРЫКА (лац. fabrica майстэрня),

прамысловае прадпрыемства, заснаванае на выкарыстанні сістэмы машын; форма буйной машыннай вытворчасці. З эканам. пункту гледжання паміж Ф. і заводам розніцы няма. Звычайна Ф. наз. прадпрыемствы лёгкай і здабыўной галін прам-сці (тэкст., абагачальныя Ф.). Узнікла ў выніку прамысловага перавароту ў канцы 18 ст. Зыходным пунктам пераходу ад мануфактурнай майстэрні (гл. Мануфактура) да Ф. паслужыла паяўленне рабочай машыны і развіццё сістэмы машын. У Расіі першыя Ф. (Аляксандраўская мануфактура) засн. ў 1799. На Беларусі першыя паравыя машыны з’явіліся ў 1820-я г. на суконных прадпрыемствах у Хомску і Косаве.

т. 16, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАЦЭЎТЫ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна медыцынскай прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць лекавыя сродкі. Асн. прадукцыя — сінт. і фітахім. прэпараты, медыкаменты з расл. сыравіны, вітаміны, ферменты і каферменты мед. прызначэння, антыбіётыкі, кровазаменнікі, гатовыя лекі. Найб. развітая ў ЗША, Японіі, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Швейцарыі.

На Беларусі ў 1996 створаны дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіял. прадукцыі («Белбіяфарм»), які ўзначальвае работу прадпрыемстваў Ф.п. і мікрабіял. прам-сці. Фармацэўтычную прадукцыю вырабляюць: акц. т-ва «Белмедпрэпараты», Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, Гродзенскі з-д медпрэпаратаў, прадпрыемства «Экзон» і інш.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВЫЯ РЭСУ́РСЫ,

грашовыя даходы, накапленні і паступленні, якія знаходзяцца ў распараджэнні суб’екта гаспадарання. Прызначаны для выканання фін. абавязацельстваў, ажыццяўлення выдаткаў на расшыранае ўзнаўленне, эканам. стымуляванне і задавальненне сац. і інш. патрэб працуючых. Іх фарміраванне ажыццяўляецца за кошт уласных і прыраўнаваных да іх сродкаў, мабілізацыі рэсурсаў на фін. рынку і паступлення грашовых сродкаў ад фін.-банкаўскай сістэмы ў парадку пераразмеркавання. Першапачатковае стварэнне адбываецца ў момант заснавання прадпрыемства, калі зацвярджаецца статутны фонд. Крыніцы Ф.р.: акцыянерны капітал, паявыя ўзносы членаў кааператываў, галіновыя Ф.р., доўгатэрміновы крэдыт, бюджэтныя сродкі.

т. 16, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНКАГРА́ФІЯ (ад цынк + ...графія),

спосаб вырабу рэльефных друкарскіх форм высокага друку (клішэ) з дапамогай фотахім. працэсаў.

Негатыў (дыяпазітыў) відарыса капіруюць на пакрытую святлоадчувальным слоем цынкавую (часам медную або латунную) пласціну, паверхню якой потым апрацоўваюць траўленнем кіслатой у прагальных участках выявы для атрымання рэльефных друкавальных элементаў. Пры электрагравіраванні растравых і штрыхавых клішэ выкарыстоўваюць электронна-мех. гравіравальныя аўтаматы. Спосаб Ц. прапанаваны ў 1850 Ф.​Жыло (Францыя), удасканалены ў 1862 Г.​Джэймсам (Вялікабрытанія). Спосаб электрагравіравання з’явіўся ў 1950-я г. Ц. наз. таксама адпаведны ўчастак або цэх паліграф. прадпрыемства.

т. 17, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭЛЕКТРАМО́ДУЛЬ»,

спецыялізаванае прадпрыемства па вытворчасці сілавой пераўтваральнай тэхнікі. Пабудавана ў г. Маладзечна Мінскай вобл. ў 1970 як з-д сілавых паўправадніковых вентыляў.

З 1986 ВА, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Электрамодуль». У яго склад уваходзяць 2 даччыныя фірмы «Электрамаш» і «БелОвен». Асн. прадукцыя (2003): сілавая пераўтваральная тэхніка (дыёды і блокі паўправадніковыя выпрамляльныя, блокі зварачныя, рэгулятары напружання), спец. тэхнал., вентыляцыйнае і для зварачнай вытв-сці абсталяванне, некат. віды тэхнал. аснасткі, тавары нар. ўжытку (мэблевая і буд. фурнітура, камплектуючыя для эл. абсталявання матацыклаў, мед. тэхніка і інш.).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПЯЛЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік. Цэнтр сельсавета і унітарнага камунальнага с.-г. прадпрыемства. За 28 км на ПдЗ ад г.п. Круглае, 60 км ад Магілёва, 25 км ад чыг. ст. Слаўнае. 401 ж., 155 двароў (2003). Лясніцтва, лесагасп. прадпрыемства «Цяцерына». Сярэдняя школа-сад, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У ВКЛ вядомы з 16 ст. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 рас. армія на чале з кн. А.​М.​Трубяцкім у жн. 1654 каля Ш. разбіла войскі літ. гетмана Я.​Радзівіла. З 1772 у Рас. імперыі. У 1779 пабудавана царква. З 1827 мястэчка ў Магілёўскім пав., 570 ж. У 1848—134 двары. У 1863 адкрыта царк.-прыходская школа. З 1867 быў маёнтак (1606 дзесяцін зямлі, бровар, вадзяны млын, карчма). У 1897—907 ж., 139 двароў, у Цяцерынскай вол. Магілёўскага пав., царк.-прыходская і яўр. малітоўная школы, хлебазапасны магазін, заезны дом, царква. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета. У 1924—35 і ў 1959—66 у Бялыніцкім, у 1935—59 і з 1966 у Круглянскім р-нах. У 1926—1009 ж., 204 двары, у 1940—686 ж., 162 двары. У Вял. Айч. вайну 5.12:1942 партызаны 8-й Круглянскай брыгады разграмілі ў Ш. ням. гарнізон. У 1944 ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 163 жыхары.

А.​Г.​Шчарбатаў.

т. 17, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),

паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.

У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.

Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.

Л.​А.​Лобан.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФА́БРЫКА,

прадпрыемства па выпуску біяпрэпаратаў. Першыя біяфабрыкі створаны на базе вет. бактэрыял. лабараторый і станцый з мэтай вырабу вакцын і сываратак. Сучасныя біяфабрыкі выпускаюць біяпрэпараты для дыягностыкі, прафілактыкі хвароб і лячэння, біял. аховы раслін (напр., развядзенне энтамафагаў), бялкова-вітамінныя канцэнтраты, прэпараты—рэгулятары колькасці і дынамікі развіцця пэўных відаў арганізмаў і інш. На Беларусі існуюць з-ды: Мінскі мед. і эндакрынных прэпаратаў, Мазырскі кармавых дражджэй, Наваполацкі бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Пінскі кармавых вітамінаў, Нясвіжскі біяхім., Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і інш. Да біяфабрык належаць таксама прадпрыемствы па перапрацоўцы смецця (з-д у Мінску), на якіх атрымліваюць арган. ўгнаенні (кампосты) і біяпаліва.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ГОМЕЛЬДРЭ́Ў».

Засн. ў 1929 як дрэваапрацоўчы камбінат разам з фабр.-зав. вучылішчам. Выпускаў мэблю, паркет, драбіны, піламатэрыялы, тару. У 1941 вырабляў лыжы для самалётаў, скрыні для снарадаў, рыштунак для ваенізаваных абозаў, потым эвакуіраваны ў Сталінград, дзе выпускаў прадукцыю для фронту. У 1944 адноўлены ў Гомелі. У 1971 на базе камбіната (галаўное прадпрыемства) створана дрэваапр. аб’яднанне з філіяламі. Асн. прадукцыя (1997): корпусная і офісная мэбля, камплекты для гасцінай, сталовай, спальныя гарнітуры, шафы для абутку, тумбы для радыё-, відэа- і тэлеапаратуры, сталы абедзенныя і пісьмовыя, мяккая мэбля, багет, карнізы, запалкі і інш.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)