комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя ад антрапагеннага ўздзеяння. Падзяляецца на ачыстку паветра, ачыстку паверхневых і падземных водаў, глебы, біясферы і мерапрыемствы па зніжэнні антрапагеннага, шумавога і тэмпературнага забруджвання. Ачыстка паверхневых водаў прадугледжвае стварэнне сістэмы фільтрацыі, аэрацыі, абясшкоджання вады ў паверхневых крыніцах, ачыстку сцёкавых водаў, стварэнне замкнёных сістэм водазабеспячэння прадпрыемстваў, укараненне сістэм біял. ачысткі, рэканструкцыю сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння. Ачыстка падземных водаў неабходная ў выпадках забруджвання гэтых водаў нітратамі, радыенуклідамі і інш. шкоднымі для здароўя чалавека рэчывамі. Пры значным перавышэнні забруджвання падземных водаў прадугледжваецца забарона іх ужывання. Ачыстка глебы патрабуецца ў выпадках перанасычэння яе мінер. ўгнаеннямі і ядахімікатамі, назапашваннем адходаў прам-сці ці жыццядзейнасці чалавека (звалкі). Выкарыстоўваюць прыёмы агратэхнікі і севазвароту, утылізацыі адходаў і інш.; у выпадках катастрафічнага яе забруджвання (напр., радыенуклідамі) неабходна радыкальная ачыстка з выдаленнем і пахаваннем паверхневых пластоў глебы і забаронай іх выкарыстання. Ачыстка біясферы прадугледжвае паніжэнне ў ёй узроўню шкодных рэчываў: новыххім. злучэнняў (ксенабіётыкі, некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), часцінак і чужародных прадметаў (попел, сажа, пыл і інш.), а таксама шуму, радыеактыўнасці (ад ядз. выпрабаванняў, назапашванне радыеактыўных адходаў ад АЭС, пры аварыях на атамных прадпрыемствах і інш.). У выпадках забруджвання біясферы радыенуклідамі неабходна спец. пахаванне заражаных жывёльных і раслінных аб’ектаў ці абмежаванае іх выкарыстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРХІ́ЗМ (ад грэч. anarchia безуладдзе),
ідэалогія, грамадска-паліт. плынь у рэв. руху, мэта якой — вызваленне асобы ад паліт., эканам. і духоўнай улады. У тэарэт. адносінах не мае адзінай, лагічна паслядоўнай канцэпцыі. Асобныя ідэі анархізму існавалі яшчэ ў антычнай філасофіі (Платон, стоікі), атрымалі развіццё ў ідэалогіі гусізму, творах франц. асветнікаў і асабліва грамадска-паліт. дзеячаў 19 ст.: М.Штырнера, П.Прудона, М.Бакуніна, П.Крапоткіна і інш.Сац.-філас. аснова анархізму — індывідуалізм, суб’ектывізм і валюнтарызм. Анархізм негатыўна ставіцца да дзяржавы як сац. ін-та, замяняе дзяржаву абшчынай, у якой рэалізуецца свабода асобы. Як грамадска-паліт. плынь аформіўся ў 1840—70-я г. ў Зах. Еўропе. У Расіі ідэі анархізму ўспрынялі народнікі (гл.Народніцтва). У пач. 20 ст. анархізм атрымаў новае развіццё. У 1903—05 на Беларусі групоўкі анархістаў існавалі ў Баранавічах, Брэсце, Гродне і інш., у 1917—20 — у Віцебску, Гомелі, Мінску. Іх дзейнасці ўласцівы рэв. нецярпімасць, авантурызм, хістанні ад супрацоўніцтва з Саветамі да антысав. выступленняў. Пасля 2-й сусв. вайны анархізм выступае пераважна ў форме неаанархізму (анарха-сіндыкалізм, анарха-калектывізм, анарха-камунізм, трацкізм, мааізм і г.д.). Дзейнасць анархістаў праявілася ў гады грамадзянскай вайны (гл.Махно). Ідэі анархізму ўплываюць на погляды «новых левых», «зялёных», «левых радыкалаў», прыхільнікаў альтэрнатыўных рухаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-ІЗРА́ІЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1948—49, Палесцінская вайна,
вайна паміж араб. краінамі (Іарданія, Егіпет, Ірак, Сірыя, Ліван) і Ізраілем у маі — студз. 1949. Звязана з вырашэннем палесцінскага пытання. Рэзалюцыя Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 прадугледжвала стварэнне на тэр. Палесціны араб. (11,1 тыс.км²) і яўр. (14 тыс.км²) дзяржаў. Вялікабрытанія 14.5.1948 адмовілася ад мандата на Палесціну, а Ізраіль абвясціў сваю незалежнасць. 15.5.1948 сем араб. краін (у т. л. Саудаўская Аравія і Йемен, хоць яны не ваявалі) абвясцілі Ізраілю вайну. У ходзе баявых дзеянняў араб. часці (30 тыс.чал.) заваявалі шэраг населеных пунктаў Ізраіля і наблізіліся да Іерусаліма і Тэль-Авіва. Па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН 11 чэрв. падпісана перамір’е. Ізраіль пасля закупак зброі і баявой тэхнікі за мяжой, прыбыцця новых імігрантаў павялічыў армію з 67 да 120 тыс.чал. 15.10.1948 ён аднавіў ваен. дзеянні і на працягу 2 месяцаў перанёс баі на тэр. Егіпта і Лівана. Пад націскам Вялікабрытаніі кароль Егіпта Фарук пагадзіўся на перамір’е. 7.1.1949 баявыя дзеянні спынены, у лют.—ліп. 1949 заключана перамір’е. У выніку вайны Ізраіль заняў дадаткова 6,7 тыс.км²араб. зямель і зах.ч. Іерусаліма. Гэтыя землі вымушаны былі пакінуць 900 тыс. арабаў. Зах. бераг р. Іардан і ўсх.ч. Іерусаліма засталіся пад уладай Іарданіі, а сектар Газа — Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),
грамадская нац.арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. БНС узначальвалі І.Ермачэнка, Ю.Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1-й трэці 17 ст. — 1830 у Брэсце. Засн. ў 1635 (паводле звестак польск. гісторыка Валыняка — у 1628) брэсцкай войскай Соф’яй Магдаленай Бухавецкай, дачкой каралеўскага сакратара Марыяна Лакніцкага. Адрокшыся ад кальвінізму, яна запісала брэсцкім дамініканцам усе маёнткі, якія атрымала ў спадчыну ад бацькоў і 2 мужоў: 5 фальваркаў і в. Чамяры, Дэрло, Дубаў, Велань. Кляштар размяшчаўся на востраве, пры дарозе на Кобрын. Першыя, верагодна, драўляныя будынкі амаль усе знішчаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кляштар нанава адбудаваны на сродкі Соф’і Пражмоўскай. Яна ж падаравала яму і абраз Маці Божай, які праславіўся як цудатворны (зараз у Фарным касцёле Брэста). Мураваны касцёл св. Соф’і асвячоны ў 1696, карпусы кляштара пабудаваны значна пазней (у 1798 яшчэ не закончаны). Пры кляштары існавалі навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна) і школа філасофіі. Аднанефавы касцёл з 2 бакавымі капліцамі, накрытымі купаламі, вызначаўся багатым жывапісна-разьбярскім аздабленнем; пры гал. алтары знаходзілася надмагілле С.Бухавецкай з партрэтам. Кляштар скасаваны ў 1830, аднак касцёл (адзіны ў Брэсце) пакінуты вернікам як парафіяльны.
Літ.:
Квитницкая Е.Д. Монастыри Бреста XVII—XVIII вв. // Архитектурное наследство. М., 1979. Вып. 27;
Wołyniak. Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Cz. 1. Kraków, 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),
навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).
Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.І.Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.Віндаўс, 1932, Р.Уільямс, І.Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.У.Паладзіна, Б.А.Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.Поляк, Л.М.Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.П.Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.Д.Пеўзнер, Я.І.Бляхер, В.А.Лявонаў, М.Ф.Меражынскі, Ю.М.Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЭ́ЗКА РАСЛІ́Н,
частковае ці поўнае выдаленне парасткаў і галін; прыём догляду пладова-ягадных і дэкар. раслін. Дапамагае сфарміраваць крону, павялічвае прадукцыйны перыяд плоданашэння, стымулюе штогадовае ўзнікненне вял. колькасці парасткаў і маладых пладовых утварэнняў.
Фарміравальную абрэзку робяць у маладым садзе, пры абрэзцы загушчаных крон і ўтварэнні новых галін з ваўчкоў, а таксама пасля перапрышчэплівання дрэў. Абрэзку, якая рэгулюе плоданашэнне, робяць у дарослых пладаносных дрэў, каб стварыць умовы для абнаўлення пладовай драўніны, павысіць ураджайнасць. Амаладжальную абрэзку старых дрэў і кустоў робяць, каб аднавіць рост і збалансаваць плоданашэнне. Звычайна ўсе віды абрэзкі раслін праводзяць адначасова ў розных спалучэннях. Асн. прыёмы — пакарочванне (падрэзка) і выразка галін (прарэджванне). Абрэзка раслін дзеля стварэння «жывых агароджаў» і аб’ёмных кампазіцый наз. стрыжкай.
Кудрявец Р.П. Формирование и обрезка плодовых деревьев: [Альбом]. М., 1976.
Да арт.Абрэзка раслін. А. Асноўныя прыёмы абрэзкі пладовых дрэў: 1 — пакарочванне; 2 — прарэджванне. Б. Абрэзка з мэтай змены напрамку росту галін: 7 — на галіну, якая расце ўверх; 2 — на галіну, якая расце да перыферыі кроны; 3 — на вонкавую галіну ў наступным годзе; 4 — тая самая галіна на трэці год. В. Абрэзка пры фарміраванні разрэджана-яруснай кроны: 1—4 — гады пасля пасадкі; злева — да абрэзкі, справа — пасля абрэзкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАНІ́Т»,
кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял.Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач.Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.З.Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 кмчыг. пуці, 619 кмтэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае вытворныя і дыферэнцыялы функцый, а таксама іх дастасаванні. Разам з інтэгральным злічэннем складае курс матэматычнага аналізу (ці аналізу бясконца малых).
Аформілася ў самастойную матэм. дысцыпліну пасля прац І.Ньютана і Г.Лейбніца, якія сфармулявалі асн. палажэнні Д.з. і паказалі ўзаемна адваротны характар аперацый дыферэнцавання і інтэгравання. Выклікала з’яўленне новых галін матэматыкі: тэорыі шэрагаў, дыферэнцыяльнай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйнага злічэння. Грунтуецца на паняццях: рэчаісны лік, функцыя, ліміт, бясконца малая, неперарыўнасць і інш., якія атрымалі сучасны змест у ходзе развіцця і абгрунтавання аналізу бясконца малых; цэнтральныя паняцці Д.з. — вытворная і дыферэнцыял — і распрацаваны ў Д.з. апарат, які звязаны з імі, даюць сродкі даследавання функцый (у т. л. некалькіх пераменных), лакальна падобных на лінейныя функцыі або паліномы. Асн. дастасаванні Д.з. звязаны з даследаваннем функцый з дапамогай вытворных: знаходзіць выпукласць і ўвагнутасць графіка функцыі, прамежкі нарастання і спадання функцый, іх найбольшае і найменшае значэнне (гл.Экстрэмум), пункты перагіну і асімптоты, а таксама розныя ліміты функцый (напр., віду 0/0, ∞/∞ ; гл.Нявызначаны выраз), якія не паддаюцца вылічэнню інш. метадамі. Метады Д.з. маюць шматлікія дастасаванні ў даследаваннях актуальных праблем матэматыкі, прыродазнаўчых і тэхн. навук.
Літ.:
Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;
Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РШЭЛЬ (Herschel),
сям’я англійскіх астраномаў, оптыкаў і механікаў.
Уільям (Фрыдрых Вільгельм; 15.11.1738, г. Гановер, Германія — 25.8.1822), адзін з заснавальнікаў зорнай астраноміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1781), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1789). У 1757 пераехаў у Англію. Астраномію і матэматыку вывучыў самастойна. З 1774 з дапамогай зробленых ім люстэркавых тэлескопаў вёў сістэматычныя астр. назіранні. Адкрыў планету Уран (1781) і 2 яго спадарожнікі (1787), 2 спадарожнікі Сатурна (1789), больш за 2500 туманнасцей і 806 падвойных зорак. Склаў каталогі падвойных зорак, туманнасцей і зорных скопішчаў. Выявіў рух Сонечнай сістэмы ў напрамку да сузор’я Геркулеса (1783). У канструяванні і вырабе тэлескопаў яму дапамагаў малодшы брат Александэр — таленавіты механік; у назіраннях дапамагала сястра Караліна Лукрэцыя (16.3.1750, г. Гановер, Германія — 9.1.1848). Джон Фрэдэрык Уільям (7.3.1792, г. Слау, каля Лондана — 11.5.1871), сын Уільяма, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1813). Астраноміяй займаўся з 1816 пад кіраўніцтвам бацькі. Правёў сістэматычныя назіранні Паўд. неба (мыс Добрай Надзеі, 1834—38). Адкрыў шэраг новых туманнасцей, зорных скопішчаў і больш за 3000 падвойных зорак; склаў 11 каталогаў падвойных зорак і каталог 5079 туманнасцей і зорных скопішчаў. Зрабіў значны ўклад у развіццё фатаграфіі.
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира. М., 1966.