ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

спецыфічна чалавечая форма адносін да навакольнага свету, змест якой складае яго мэтазгоднае змяненне і пераўтварэнне ў інтарэсах людзей; умова існавання грамадства. Усякая дзейнасць уключае мэту, сродак, вынік і сам працэс. Гісторыя грамадства, матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва — гэта працэс рэалізацыі дзейнатворчых адносін чалавека да навакольнага свету, які выражаецца ў пабудове новых спосабаў і праграм дзейнасці (пераход ад палявання і рыбалоўства да земляробства і жывёлагадоўлі, ад рамёстваў і мануфактуры да буйной машыннай вытв-сці, ад індустр. грамадства да постіндустрыяльнага, да навук.-тэхн. рэвалюцыі). Існуюць разнастайныя класіфікацыі тыпаў і форм Дз.: духоўная, матэрыяльная, вытворчая, працоўная, пазнавальная, прадпрымальніцкая, палітычная і г,д. Асаблівай формай прадукцыйнай Дз. з’яўляецца творчасць. Пытанне аб адносінах Дз. і асобы вырашаецца як частка больш шырокай праблемы чалавека (гл. таксама Дзеянне, Дзеянне сацыяльнае, Практыка).

Літ.:

Суходольский Г.В. Основы психологической теории деятельности. Л., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн.. 1992.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)