род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. ягадны, або воўчыя вочкі (C. baccifer), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца сярод хмызняку, па берагах рэк, у цяністых лясах. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
П. ягадны — шматгадовая трава з галінастым узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўж. 0,5—2 м. Лісце суцэльнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, адзіночныя, зеленавата-белыя. Плод — бліскучая, чорная, сухая ягада. Дэкар., лек. і харч. (спажываецца маладое лісце) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧКО́ВАЯ ЗБРО́Я,
відзброі, заснаваны на выкарыстанні паскораных часціц высокіх энергій. Па сваіх уласцівасцях блізкая да прамянёвай зброі; вызначаецца больш эфектыўным паражэннем цэляў (аб’ектаў).
Прынцып дзеяння ўключае генерацыю, факусіроўку і навядзенне на цэль інтэнсіўнага імпульснага (ці неперарыўнага) пучка зараджаных часціц з энергіяй да 1 ГэВ (гл.Паскаральнікі зараджаных часціц). Паражальныя фактары: мех. пашкоджанні, падрыванне зараду боепрыпасаў, вывядзенне са строю электроннага абсталявання за кошт радыяцыйнага ўздзеяння і эфектаў эл.-магн. імпульсу. Выкарыстоўваецца ў комплексах стратэгічнай проціракетнай абароны, у т. л.касм. базіравання.
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁШНІК, райковы верш,
від народнага верша (гл.Народнае вершаскладанне). Назва паходзіць ад райка. Р. выкарыстоўваўся вандроўнымі артыстамі, мядзведнікамі, валачобнікамі і каляднікамі ў тэкстах для батлейкі. Рытм Р. заснаваны на паўтарэнні вершаваных радкоў як пэўных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў, звязаных паміж сабой сумежнай рыфмоўкай. Колькасць складоў у радках неаднолькавая, няма ўпарадкаванасці ў размяшчэнні націскаў. З нар. творчасці перайшоў у л-ру. У бел. паэзіі ўжываўся ў ананімных творах, да яго звярталіся Цётка (верш «Ласы»), М.Чарот (паэма «Босыя на вогнішчы»). У сучаснай бел. паэзіі амаль не выкарыстоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦЯЖЭ́ННЕ-СЦІСКА́ННЕ,
віддэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.
Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл.Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПЛО́ДНІК (Isopyrum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Р. пылюшнікавы (I. thalictroides), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў дубова-грабавых і грабавых лясах.
Р. пылюшнікавы — шматгадовая карэнішчавая расліна. Ранневясновы эфемероід. Сцябло тонкае, голае ці слабаапушанае выш. да 30 см. Лісце з перапончатымі прылісткамі, прыкаранёвае — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, трайчастае. Кветкі дыяметрам да 1 см, белыя, адзіночныя, радзей сабраныя па 2—3, на доўгіх кветаножках. Плод — шматлістоўка. Дэкар. і меданосная расліна. Ядавіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАРА́МА (ад пан... + грэч. horama від, відовішча) у мастацтве, 1) сінтэтычны від мастацтва, разлічаны на стварэнне зрокавай ілюзіі, эфекту прысутнасці пры адлюстраванай падзеі. Стужкападобная карціна, вертыкальна нацягнутая на ўнутр. паверхні цыліндрычнага падрамніка, спалучаецца з аб’ёмным пярэднім планам, макетам (бутафорскія і рэальныя рэчы і інш.). Разлічана на штучнае асвятленне. Змяшчаецца ў спец. будынках у круглай зале з пляцоўкай у цэнтры, адкуль вядзецца агляд П. Звычайна адлюстроўвае вял. падзеі (пераважна ваенныя), якія адбываюцца на вял. прасторы з вял. колькасцю ўдзельнікаў. У адрозненне ад дыярамы ахоплівае ўвесь гарызонт.
Першая П. створана ў канцы 18 ст. Р.Баркерам у Эдынбургу (Вялікабрытанія). Асабліва пашырыліся ў 19 ст. і адлюстроўвалі знакамітыя бітвы. Найб. значныя П. ў Расіі. Ф.Рубо «Абарона Севастопаля» (Севастопаль, Украіна, 1902—04, адноўлена ў 1954), «Барадзінская бітва» (Масква, 1911, адноўлена ў 1962); жывапісцаў студыі ваен. мастакоў імя Грэкава П.Мальцава, М.Самсонава і інш. «Сталінградская бітва» (Валгаград, 1981).
2) Пейзажны матыў, у якім прастора (навакольнае асяроддзе) адлюстравана праз выкарыстанне мастаком вельмі шырокага пункту агляду, пераважна з высокага пункта, з паветранай перспектывай і зыходзячым удалечыню гарызонтам. П. называюць таксама агульныя далевыя віды гарадоў, аб’яднаныя ў адзіны цыкл відавыя творы. Тэрмін ужываецца ў дачыненні да натуры і да яе адлюстравання. Да П. звярталіся бел. мастакі В.Грамыка, М.Данцыг, З.Літвінава, М.Назарчук, В.Цвірка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАЛЁЎКАдэкаратыўная, арнаментальныя ці сюжэтныя кампазіцыі, выкананыя фарбамі на розных частках арх. збудаванняў (манум.-дэкар. Р.), рэчах хатняга ўжытку (мэбля, посуд і інш.), ювелірных вырабах, творах маст. і сувенірнага прызначэння і інш.; віддэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. З глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету вядома Р. па кераміцы, дрэве, метале, лаках і інш. (гл.Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Растоўская фініфць, Фядоскінская мініяцюра, Хахламская размалёўка). На Беларусі манум.-дэкар. Р. вядома з 11 ст. (фрэскі на сценах храмаў), з 16 ст. адзін з найб. пашыраных відаў манументальнага жывапісу. З 15 ст. вядома Р. па шкле (гл.Шкло мастацкае), з 17 ст. — батык. У 18 ст. Р. дэкарыравалі вырабы Свержанскай фаянсавай мануфактуры і Целяханскай фаянсавай мануфактуры. Р. эмалямі па метале і фарфоры (фініфць) аздаблялі дэталі абкладаў кніг, крыжы, літургічны посуд і інш. Здаўна ў побыце беларусаў вядомы пісанкі. З канца 19 ст. Р. вылучылася ў самаст.віднароднага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, ёю аздаблялі інтэр’еры жылля, хатняе начынне, мэблю. У 1-й пал. 20 ст. пашырылася Р. па дрэве, паперы, тканіне, шкле (гл.Агоўскія куфры, Агоўская размалёўка, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-дзісенскія дываны). З 2-й пал. 20 ст. размаляваныя рэчы дэкар.-прыкладнога і сувенірна-маст. характару (насценныя пано, кухонныя наборы, куфэркі, цацкі і інш.) выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць), ствараюць нар. майстры. Манум.-дэкар. Р. пашырана ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў.
Літ.:
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Размалёўка. Лекіф з выявай Афрадыты з лебедзем. Каля 490 да н.э.Да арт.Размалёўка. П.Пучкоў. Куфэрак «Від на храм Хрыста Збавіцеля, 1920 г.». Фядоскіна. Расія. 1994.Да арт.Размалёўка. Коўш. Беларусь. 16 ст.Да арт.Размалёўка. І.Баранюк. Паляўнічы страляе ў аленя. Гуцульская кафля. Пач. 20 ст.Да арт.Размалёўка. А.Макоўчык. Размалёўка па шкле. Бярозаўскі раён Брэсцкай вобл. 1960-я г.Да арт.Размалёўка. Дз.Цубер. Куфэркі. Горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1987.Да арт.Размалёўка. Я.Драздовіч. Дыван 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць біял. кампанентаў біясферы, якія складаюць асяроддзе пэўнай геагр. зоны, тэрыторыі (рэгіёна, краіны, вобласці), ландшафту або яго часткі (лесу, вадаёма) і інш.; відпрыродных рэсурсаў. З’яўляюцца крыніцамі ці ствараюць перадумовы набыцця неабходных людзям біял. прадуктаў, жывёльнай і расліннай сыравіны і рэчываў; прамысл. аб’екты, культ. расліны, свойскія жывёлы, мікраарганізмы і інш. Існуюць у эстэт. і рэкрэацыйным аспектах. Біялагічныя рэсурсы — аб’ект інтэнсіўнага выкарыстання і эксплуатацыі і звязанай з гэтым прыродаахоўнай дзейнасці. Асн. прынцып аховы біялагічных рэсурсаў абумоўлены іх рацыянальным выкарыстаннем, заснаваным на зберажэнні (падтрымцы, стварэнні) аптымальных умоў іх натуральнага ці штучнага ўзнаўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНІЦЫ (Parus),
птушкі сям. сініцавых атр. вераб’інападобных. 2 віды: блакітніца блакітная, або звычайная (P. caeruleus), і блакітніца белая, або князёк (P. cyanus). Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі блакітніца блакітная — звычайная на ўсёй тэрыторыі, блакітніца белая — рэдкі аселы від (зах. мяжа арэала віду). Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах. Блакітніца белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 13,5 см, маса да 12 г. Апярэнне белае, шаравата-зялёнае з жоўтым, блакітным і чорным. Гняздуюцца невысока ад зямлі ў дуплах дрэў, шчылінах пнёў. Кормяцца пераважна насякомымі, восенню і зімой — насеннем раслін. Карысныя птушкі.