БУРАКАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна ​1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн. га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.

Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс. га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс. т (гл. табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.

Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.

Н.І.Жураўская.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЖАНЦЫ,

асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.

Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у тым ліку беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас. к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел. сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел. нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).

У пачатку Вял. Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс. чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт. эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.

З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец. Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).

В.У.Скалабан (бежанцы 1-й сусв. вайны).

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНАСЦЬ,

публічнасць, права чалавека выражаць публічна свае погляды і перакананні, свабода вуснага і пісьмовага слова; адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведнымі міжнар. прававымі актамі і заканадаўствам кожнай краіны. Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948) абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выражэнне, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзярж. межаў. Элементы галоснасці як адной з формаў рэалізацыі правоў грамадзян існавалі ўжо ў Стараж. Грэцыі (раз у месяц у Афінах адбываўся нар. сход і кожны з яго ўдзельнікаў мог выказваць сваю думку, пастаянна праводзіліся праверкі і публічныя справаздачы выбарных службовых асоб). Палажэнні пра адкрытасць і публічнасць у вырашэнні грамадскіх праблем знайшлі адлюстраванне ў хрысц. веравучэнні, англ. Вялікай Хартыі Вольнасцей (1215), Статуце ВКЛ 1588, «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), у працах Дж.Лока, Т.Гобса, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Літвіна, А.Волана, Т.Джэферсана, Ф.Міранды, А.І.Герцэна, К.Каліноўскага і інш. Спец. пастановай урада Расіі 1859 дазвалялася публікацыя ў друку пра факты беспарадкаў і злоўжыванняў чыноўнікаў, іншых матэрыялаў з неафіц. крыніц. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 спец. Дэкрэтам аб друку абвяшчалася адмена ўсякіх адм. уздзеянняў на друк. Але ва ўмовах цэнтралізацыі ўсіх сфер жыцця ў СССР галоснасць была значна абмежавана, перш за ўсё ў адносінах да вышэйшых уладных структур; свабоднае выказванне думак было небяспечна па палітычных, ідэалагічных і інш. меркаваннях. Некаторае пашырэнне галоснасці назіралася ў перыяд паміж XX—XXII з’ездамі КПСС (1956—61). Пазней яна падтрымлівалася гал. чынам дысідэнцкім рухам і «самвыдатам». На афіц. узроўні пытанне пра галоснасць як неабходную перадумову дэмакратызацыі сав. грамадства ўпершыню пастаўлена ў спец. рэзалюцыі 19-й Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (1988).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996, гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1995) устаноўлена, што ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі ў якой-небудзь форме, у т. л. праз цэнзуру, павінна цягнуць за сабой дысцыплінарную, крымін. і інш. адказнасць, устаноўленую заканадаўствам. Рэалізацыя правоў і свабод, звязаных з палітыкай галоснасці, забяспечваецца гарантыямі ад незаконных і адвольных абмежаванняў і забарон, строгім захаваннем прынцыпаў законнасці, справядлівага і публічнага разбору ў судзе розных відаў парушэнняў (гл. Галоснасць судаводства).

Літ.:

Гласность: Насущные вопр. и необходимые ответы. М., 1989;

50/50: Опыт словаря нового мышления. М., 1989;

Международные документы по правам человека. Франкфурт-на-Майне, 1990;

Конституция Республики Беларусь;

Науч.-правовой коммент. Мн., 1996.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў вер. 1947 на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. У станаўленні творчага калектыву значную ролю адыгралі адзін з заснавальнікаў т-ра і маст. кіраўнік (да 1950) М.Кавязін, рэжысёры А.Міронскі і І.Папоў. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы сав. драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. У пач. 1950-х г. пастаўлены п’есы бел. драматургаў: «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» В.Кучара, а таксама творы рус. і замежнай класікі. У ліку лепшых спектакляў 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. «Нявольніцы» А.Астроўскага, «Іспанцы» М.Лермантава, «Улада цемры» Л.Талстога, «У добры час!» В.Розава, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Юстына» Х.Вуаліёкі. У 2-й пал. 1960 — пач. 1970-х г. рэпертуар характарызаваўся пэўнай эклектычнасцю, нераўназначнасцю маст. якасці пастановак. У 1970-я г. пастаўлены бел. п’есы: «Трыбунал» А.Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», «Апошні шанц» В.Быкава, «Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, п’есы рус. і замежных аўтараў — «Навальніца» А.Астроўскага, «Акіян» А.Штэйна, «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана, «Дом на скале» Вуаліёкі і інш. Станоўчыя зрухі ў творчасці калектыву адбыліся ў 2-й пал. 1970-х г., калі яго ўзначаліў У.Караткевіч. Рэпертуар т-ра вылучаўся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вял. ўвага аддавалася бел. драматургіі: «Паўлінка» Я.Купалы, «Мілы чалавек» К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага, «Трывога» і «Францыск Скарына» Петрашкевіча; пастаўлены п’есы Астроўскага, М.Горкага, А.Вампілава, І.Друцэ, А.Арбузава, А.Гельмана, Т.Уільямса і інш. Сярод лепшых спектакляў 1980-х г.: «Князь Навагрудскі» Л.Пракопчыка і Дз.Кальчанкі, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Стары» М.Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У.Набокава) Э.Олбі. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» У.Рудава (паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча), «Сонейка, свяці» У.Ягоўдзіка (па матывах бел. казачнага фальклору), «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава, «Нора» Г.Ібсена, «Дарагая Памэла» Дж.Патрыка, «Беззаганнае забойства» Ж.Рабера, «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І.Губача, «Сейлемскія ведзьмы» А.Мілера і інш. З 1979 працуе малая сцэна.

Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі нар. артысты Беларусі Г.Дубаў, Я.Кімберг, Ю.Сідараў, засл. арт. Беларусі С.Аляксандраў, З.Асмалоўская, М.Астанкава, А.Бірычэўскі, Г.Глінаецкі, В.Грачынскі, С.Іванова, М.Кавязіна, Н.Караткевіч, У.Мішанчук, Ю.Нікіцін, Т.Нікалаева, Г.Панкрат, Л.Сторажава, П.Філіпаў, Т.Шашкіна, засл. арт. Расіі А.Лявонаў і Н.Меліхава, засл. арт. Малдавіі І.Таран. У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі А.Гайдуліс, Л.Дзяменцьева, М.Емяльянаў, А.Марцінюк, В.Смачнеў, засл. арт. Расіі Л.Рудой, засл. арт. Абхазіі У.Шакала. Гал. рэжысёр М.Разцоў (з 1991), гал. мастак Ф.Розаў (з 1991).

Т-р працаваў у будынку былога т-ра А.Тызенгаўза (гл. ў арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек), з 1984 — у новым (арх. Г.Мачульскі). Будынак складаецца з 6-граннага асн. аб’ёму (з гал. глядзельнай залай на 700 месцаў) і П-падобнага 3-павярховага адм.-службовага корпуса (на 1-м паверсе малая глядзельная зала на 200 месцаў).

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ АЙЧЫ́ННАЯ ВАЙНА́ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА 1941—45,

вызваленчая вайна народаў СССР супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў (Італія, Румынія, Венгрыя, Фінляндыя); найважнейшая састаўная частка другой сусветнай вайны 1939—45. Працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. Германія пачала падрыхтоўку да нападу на СССР у 1940. Яна ставіла перад сабой мэты: разгром і ліквідацыя Сав. дзяржавы, знішчэнне асн. часткі насельніцтва і германізацыя тэрыторыі да Урала. Германія выставіла супраць СССР (у адпаведнасці з «Барбароса планам») 153 дывізіі, яе саюзнікі — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 паветр. флаты; усяго 5,5 млн. чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. баявых самалётаў, 192 баявыя караблі. Гэтыя сілы былі разгорнуты ў трох асн. напрамках: на Ленінград наступала група армій «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.Лееб), на Маскву — група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Ф.Бок), на Кіеў — група армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.Рундштэт); у Фінляндыі былі сканцэнтраваны: ням. армія «Нарвегія» (ген.-палк. Н.Фалькенхорст) і 2 фін. арміі (маршал К.Манергейм). Ням. армія напярэдадні вайны была поўнасцю адмабілізавана, аснашчана сучаснай тэхнікай, мела двухгадовы вопыт вайны. Зах. граніцы СССР прыкрывалі ваен. акругі: Ленінградская (ген.-лейт. М.М.Папоў); асобыя Прыбалт. (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў), Зах. (ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, гл. Заходняя Асобая ваенная акруга) і Кіеўская (ген.-палк. М.П.Кірпанос); Адэская (ген.-лейт. Я.Ц.Чаравічэнка). У першыя дні вайны на іх базе ўтвораны франты: Паўн., Паўн.-Зах., Зах. (гл. Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. і Паўднёвы. Марскія рубяжы на З ахоўвалі флаты: Паўн. (контр-адм. А.Р.Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.П.Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі); ваен. флатыліі: Пінская (контр-адм. Дз.Дз.Рагачоў, гл. Пінская ваенная флатылія) і Дунайская (контр-адм. М.В.Абрамаў). У войсках гэтых акруг, флатоў і флатылій было 170 дывізій і 2 брыгады (2,9 млн. чал.), 1540 баявых самалётаў новых канструкцый, 37,5 тыс. гармат і мінамётаў; 1800 цяжкіх і сярэдніх танкаў, у т. л. 1475 новых тыпаў і значная колькасць лёгкіх танкаў устарэлых канструкцый.

На Беларусь наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск, якая наносіла гал. стратэгічны ўдар на Маскву — група армій «Цэнтр» у складзе 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.В.Гудэрыян, ген.-палк. Г.Гот), 4-й і 9-й палявых армій (ген.-фельдмаршал Г.Клюге, ген.-палк. А.Штраус); усяго 50 дывізій, у т. л. 15 танк. і матарызаваных, 2 матарызаваныя брыгады. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот (1,6 тыс. баявых самалётаў). Праз тыдзень сілы ворага на Зах. фронце павялічыліся да 60 дывізій. Уздоўж зах. граніцы (яе працягласць 470 км) ім процістаялі 3-я (ген.-лейт. В.І.Кузняцоў), 10-я (ген.-м. К.Дз.Голубеў) і 4-я (ген.-м. А.А.Карабкоў) арміі; усяго 11 стралк., 2 танк. і 1 кав. дывізіі. У іх тыле размяшчалася 13-я армія (ген.-лейт. П.М.Філатаў). Усяго ў Зах. Асобай ваен. акрузе было каля 50 дывізій, разгрупаваных на глыбіню 400—600 км. 22.6.1941 акруга ператворана ў Зах. фронт: 24 стралк., 12 танк., 6 матарызаваных, 2 кав., 6 авіяц. дывізій, 3 артыл.-супрацьтанк. брыгады, 2 брыгады супрацьтанк. абароны, 8 умацаваных раёнаў, значная колькасць асобных часцей і падраздзяленняў, усяго 671,9 тыс. чал. асабовага складу, 2202 танкі, 10087 гармат і мінамётаў, 1789 баявых самалётаў.

Баявая гатоўнасць войск акругі была на нізкім узроўні. Тэхніка, як правіла, знаходзілася ў парках на кансервацыі. Дывізіі і палкі мелі толькі 1 камплект боепрыпасаў і 1 запраўку паліва. Артылерыя дывізій і карпусоў, зенітныя часці злучэнняў акругі незадоўга да вайны былі накіраваны на палігоны, дзе праводзіліся вучэбныя стрэльбы. Лётныя экіпажы авіяпалкоў, якія атрымалі на ўзбраенне самалёты новых канструкцый, былі камандзіраваны для перавучвання ў спец. навуч. цэнтры, што размяшчаліся далёка ад раёнаў пастаяннага базіравання.

22.6.1941 у 4 гадз раніцы ням. войскі адкрылі масіраваны артыл. агонь па пагран. заставах, вайск. штабах, вузлах сувязі і раёнах размяшчэння часцей і злучэнняў Чырв. Арміі. Адначасова ням. самалёты ўварваліся ў паветр. прастору СССР на глыбіню 250—300 км і пачалі варварскія бамбардзіроўкі гарадоў Беларусі, Украіны, прыбалт. рэспублік і Малдавіі, ваен. аб’ектаў у пагран. зоне. На Зах. фронце варожая авіяцыя нанесла масіраваныя бомбавыя ўдары па аэрадромах і гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш. За 5—10 мін да артпадрыхтоўкі спец. ням. каманды захапілі 6 мастоў цераз р. Буг, у т. л. 2 чыгуначныя. Ваен.-паветр. сілы Зах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не змаглі даць належны адпор ворагу і адбіць паветр. налёты. У 1-ы дзень вайны яны страцілі 738 самалётаў (47% іх баявога складу), у т. л. 528 самалётаў на аэрадромах. Войскі Зах. фронту з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе і ліквідаваць яго глыбокія прарывы. Да канца 4-га дня вайны ням. танк. злучэнні групы армій «Цэнтр» прасунуліся да 200 км. У выніку больш за 60 акруговых (франтавых) складоў і баз з забеспячэннем і ўзбраеннем былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час паліва, боепрыпасаў, аўтабранятанк. маёмасці, харчавання і інш.

З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войск прыкрыцця. З усіх 485 пагран. застаў не было ніводнай, якая б здалася ворагу ці пакінула свой участак без загаду. Самаахвярна змагаліся пагранічнікі 86-га Аўгустоўскага, 87-га Ломжынскага, 88-га Шапятоўскага, 17-га Брэсцкага атрадаў, гарнізон Брэсцкай крэпасці (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). У першыя дні вайны лётчыкі Л.Г.Бутэлін, С.М.Гудзімаў, А.С.Данілаў, І.І.Іваноў, Дз.В.Кокараў, А.І.Макляк, Я.М.Панфілаў ажыццявілі таран варожых самалётаў; экіпажы капітана М.Ф.Гастэлы, капітана А.С.Маслава, капітан А.М.Аўдзееў, старшы лейт. І.З.Прэсайзен, лейт. П.П.Страленка свае падбітыя самалёты накіравалі на скопішчы варожых салдат і тэхнікі. Асабліва цяжкае становішча склалася на Зах. фронце. Перадавыя злучэнні 3, 10, 4-й армій, якія не паспелі заняць прадугледжаныя планам абарончыя рубяжы, вымушаны былі ўступаць у сустрэчныя баі з ходу, разрознена, весці абарончыя баі на непадрыхтаваных пазіцыях. На правым флангу часці 3-й арміі, якія панеслі вял. страты, вымушаны былі раніцай 23 чэрв. пакінуць Гродна. На левым флангу часці 4-й арміі 23 чэрв. пакінулі Кобрын, Бярозу, Пружаны, адышлі да Баранавіч і працягвалі адступаць у напрамку Мінска. 10-я армія, якая размяшчалася на беластоцкім выступе і знаходзілася ў цэнтры Зах. фронту, апынулася ў вельмі цяжкім становішчы: пасля няўдалай спробы камандуючага Зах. фронтам Дз.Р.Паўлава арганізаваць контрудар сіламі 6-га і 11-га механіз. і 6-га кав. карпусоў вымушана была адступаць. Ударным групоўкам ворага ўдалося адсекчы асн. сілы 3-й і 10-й армій і адрэзаць шляхі іх адступлення. 17 дывізій, што апынуліся ў акружэнні, працягвалі мужна змагацца ў раёнах Беластока і Навагрудка (гл. Навагрудскі «кацёл»). Практычна да 26 чэрв. ўсе тры арміі Зах. фронту апынуліся ў «катле» паміж Беластокам і Мінскам. Іх разрозненыя падраздзяленні вялі цяжкія баі па прарыве акружэння, скоўваючы значныя сілы ворага на гал. стратэг. напрамку. Упарта супраціўляліся сав. воіны на подступах да Мінска. Абарона Мінска была ўскладзена на войскі 44-га стралк. корпуса (камдыў В.А.Юшкевіч) 13-й арміі. Для прыкрыцця подступаў да горада 25 чэрв. перакінуты 2-і стралк. корпус (ген.-м. А.М.Ермакоў). Абарончая бітва пад Мінскам працягвалася 4 дні. Асабліва напружаныя баі ішлі ў раёнах Дзяржынска, Старога Сяла і Заслаўя (гл. Мінска абарона 1941). 26—27 чэрв. перадавыя атрады 2-й і 3-й ням. танк. груп, якія наносілі ўдары па сыходных напрамках, прарваліся ў прадмесце горада. 28 чэрв. яны захапілі Мінск і адрэзалі шляхі адступлення 11 сав. дывізіям. 29 чэрв. ням. войскі замкнулі чарговы «кацёл» вакол дывізій Зах. фронту, што абаранялі Мінск. Жорсткія баі разгарнуліся каля Барысава, дзе 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія (ген.-м. Я.Р.Крэйзер) разам з курсантамі Барысаўскага танк. вучылішча і зводнай дывізіяй з воінаў, што адышлі з раёна Мінска, на 2 сутак затрымалі ворага і нанеслі контрудар у раёнах Барысава і Чарняўкі. 7-ы і 5-ы мех. карпусы, якія мелі каля 1 тыс. танкаў пераважна ўстарэлых канструкцый, нанеслі контрудар з раёна на ПнЗ ад Оршы па флангу 3-й танк. групы ворага, што наступала з Лепеля на Віцебск. Гэта была адна з буйнейшых танк. бітваў пачатку вайны. У ёй з абодвух бакоў удзельнічала каля 1,5 тыс. танкаў (гл. Лепельскі контрудар 1941). Але гэты контрудар не даў магчымасці развіць наступленне.

Не менш жорсткія баі разгарнуліся ў раёне Полацка, дзе дзейнічала 22-я армія (гл. Полацка абарона 1941), і ў раёне Віцебска, які абараняла 19-я армія (гл. Віцебска абарона 1941). 11 ліп. вораг захапіў Віцебск і плацдарм на Зах. Дзвіне. Пад Оршай сав. войскі ўпершыню выкарысталі магутную зброю — рэактыўныя мінамёты «кацюша». На Дняпры і Зах. Дзвіне вораг сустрэў арганізаванае супраціўленне войск 2-га стратэг. эшалона Чырв. Арміі, куды ўваходзілі 20-я (ген.-лейт. П.А.Курачкін), 21-я (ген.-лейт. В.П.Герасіменка), 22-я (ген.-лейт. П.А.Ершакоў) арміі. За імі, на У ад Віцебска і ў раёне Смаленска, былі сканцэнтраваны 19-я (ген.-лейт. І.С.Конеў) і 16-я (ген.-лейт. М.Ф.Лукін) арміі. У 1-м эшалоне знаходзілася 13-я армія (ген.-лейт. Ф.М.Рэмезаў). Асаблівае месца ў летніх бітвах 1941 займала Магілёва абарона 1941. Тут упартыя баі 3—15 ліп. вялі на подступах, а 15—26 ліп. ў асаджаным Магілёве воіны 61-га стралк. корпуса і 12-тысячная армія апалчэнцаў (гл. Магілёўскае народнае апалчэнне, Буйніцкае поле). 13 ліп. на Бабруйскім напрамку ў наступленне перайшла 21-я армія; 63-і стралк. корпус (ген.-лейт. Л.Р.Пятроўскі) вызваліў Рагачоў і Жлобін (гл. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). У канцы ліп. праціўнік адбіў удары сав. войск на Бабруйск і прымусіў іх адысці за Дняпро. 10—11 ліп. 2-я танк. група ворага фарсіравала Дняпро, 16 ліп. захапіла Смаленск. Намаганнямі войск Зах. фронту наступленне гітлераўцаў тут было спынена на 2,5 месяца (гл. Смаленская бітва 1941), што мела вял. значэнне ў зрыве плана «маланкавай вайны», прымусіла гітлераўскае камандаванне прыняць новае рашэнне, не прадугледжанае першапачатковым планам (паварот часткі сіл правага крыла фаш. групы армій «Цэнтр» на Пд, у тыл гал. сілам Паўд.-Зах. фронту, якія ўтрымлівалі рубеж на Дняпры). У агні баёў на Смаленшчыне нарадзілася савецкая гвардыя. 18 вер. 4 праслаўленыя дывізіі Зах. фронту — 100, 127, 153 і 161-я — першыя атрымалі найменне гвардзейскіх. У 2-й пал. ліп. на цэнтр. напрамку сав.-герм. фронту вызначыліся 2 стратэгічна важныя ачагі ў раёнах Смаленска і Рагачова — Жлобіна. Рашэннем Стаўкі Вярх. камандавання Рагачоўска-Жлобінскі ўчастак быў вылучаны ў Цэнтральны фронт (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў), якому былі перададзены 13-я і 21-я арміі. У пач. жн. з акружэння ў Калінкавічах выйшаў штаб 3-й арміі. Каля 2 месяцаў ішлі абарончыя баі на Гомельскім напрамку, куды вораг вымушаны быў перакінуць значныя сілы з-пад Смаленска. Разам з чырвонаармейцамі гераічна змагаліся больш за 6700 апалчэнцаў Гомельшчыны (гл. Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 19 жн. Гомель пакінуты сав. войскамі. Рэшткі 13, 21 і 3-й армій перададзены ў падпарадкаванне Бранскаму фронту. Абарончыя баі на тэр. БССР, якія працягваліся больш за 2 месяцы, закончыліся цяжкім паражэннем. Нягледзячы на мужнасць і гераізм, войскі Зах. фронту не здолелі затрымаць ворага, і ўся тэр. Беларусі да пач. вер. была акупіравана. Толькі на працягу першых 18 дзён баёў войскі Зах. фронту страцілі больш за 417 тыс. чал. забітымі, параненымі, палоннымі і тых, што прапалі без вестак. З 44 дывізій (без авіяцыйных), якія на пач. вайны ўваходзілі ў склад Зах. фронту, 24 былі разгромлены, астатнія 20 дывізій страцілі ад 30 да 70% сваіх сіл і сродкаў. Фронт страціў 9427 гармат і мінамётаў, больш за 4700 танкаў і 1797 самалётаў. Але і ворагу былі прычынены вял. страты ў людзях і баявой тэхніцы. Тэмпы яго наступлення з кожным днём зніжаліся. Хоць група армій «Цэнтр» дамаглася значных поспехаў, яна не здолела канчаткова зламаць супраціўленне войск Зах. фронту і прарвацца да Масквы. За адвагу і самаадданасць 18 воінам Зах. фронту прысвоена ганаровае званне Героя Сав. Саюза, сотні воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Жорсткія прыгранічныя баі адбываліся і на інш. напрамках — у раёнах Лібавы (Ліепаі), Перамышля, Луцка, Бродаў, Роўна, Дубна і інш. Да сярэдзіны ліп. 1941 фаш. войскі прасунуліся ў глыбіню сав. тэрыторыі на 350—600 км, разграмілі да 100 дывізій з 170, якія знаходзіліся ў зах. прыгранічных акругах на пач. вайны. Чырв. Армія страціла не менш як 850 тыс. чал., каля 6 тыс. танкаў, 3,5 тыс. самалётаў, 9,5 тыс. гармат.

Трагедыя пач. перыяду вайны і паражэнне Чырв. Арміі былі абумоўлены не толькі аператыўнымі і тактычнымі памылкамі камандавання, але і паліт. і стратэг. пралікамі Сталіна і яго акружэння. Агульнай памылкай паліт. і ваен. кіраўніцтва была няправільная ацэнка стану Чырв. Арміі, якая заключалася ў перабольшванні яе магчымасцей. У выніку масавых рэпрэсій у перадваен. гады быў нанесены сур’ёзны ўдар па камандных кадрах. Сталін не паверыў данясенням разведчыкаў, якія называлі дакладную дату нападу Германіі на СССР. Усю віну за няўдачы ў першыя дні вайны Сталін усклаў на камандаванне франтоў і армій. Былі расстраляны камандуючы Зах. фронтам ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, нач. штаба фронту ген.-м. У.Я.Клімаўскіх, камандуючы артылерыяй Зах. фронту ген.-лейт. М.А.Кліч, камандуючы 4-й арміяй ген.-м. А.А.Карабкоў і інш.

22 чэрв. Прэзідыум Вярх. Савета СССР выдаў указ аб мабілізацыі ваеннаабавязаных і ўвядзенні ваен. становішча ў шэрагу рэспублік і абласцей, у т. л. на Беларусі. 29 чэрв. СНК СССР і ЦК ВКП(б) прынялі дырэктыву парт. і сав. арг-цыям прыфрантавых абласцей, якая стала праграмай барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў. Да 1.7.1941 было мабілізавана 5,3 млн. чал. Намер ням. камандавання разграміць Чырв. Армію да заканчэння мабілізацыі не меў поспеху. Да 1.12.1941 Чырв. Армія папоўнілася 291 дывізіяй і 94 брыгадамі, з іх нанава сфарміраваны 194 дывізіі і 94 брыгады. Ствараліся нар. апалчэнні (гл. Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайну). 30.6.1941 створаны Дзярж. к-т абароны (ДКА), які аб’ядноўваў кіраўніцтва паліт., ваен. і эканам. жыццём СССР для арганізацыі перамогі над ворагам. 24 чэрв. створаны Савет па эвакуацыі. Да ліст. 1941 з зах. раёнаў на У эвакуіравана больш за 1500 з-даў пераважна ваен. значэння, у т. л. з Беларусі 124 буйныя прамысл. прадпрыемствы, 1,5 млн. чал. Для кіраўніцтва Узбр. Сіламі 23.6.1941 створана Стаўка Гал. Камандавання пад старшынствам С.К.Цімашэнкі, 10 ліп. пераўтворана ў Стаўку Вярх. Камандавання, а 8.8.1941 — у Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання на чале са Сталінам. За лета 1941 у БССР прызвана ў Чырв. Армію больш за 500 тыс. чал., вайск. часцям перададзена 2,5 тыс. аўтамашын, больш за 35 тыс. коней, 23 тыс. павозак і інш. Сотні тысяч мужчын, жанчын і падлеткаў былі мабілізаваны для буд-ва абарончых рубяжоў. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі сфарміравана 78 знішчальных батальёнаў (больш за 13 тыс. чал.), створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш за 33 тыс. чал.). Праграма барацьбы ў тыле ворага сфармулявана ў Дырэктывах ЦК КП(б)Б ад 30.6.1941 «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падп. работу партарганізацый раёнаў, якія знаходзіліся пад пагрозай фашысцкай акупацыі» і ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага», а таксама ў Пастанове ЦК ВКП(б) ад 18.7.1941 «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск». Пры Школе ЦК КП(б)Б быў створаны Аператыўна-вучэбны цэнтр Зах. фронту, які займаўся падрыхтоўкай дыверсійна-разведвальных груп і перакідкай іх за лінію фронту. За ліп.кастр. 1941 у тыл ворага накіравана 317 атрадаў (2605 чал.).

Ням.-фаш. група армій «Поўнач» імкнулася прарвацца да Ленінграда. У жорсткіх баях пад Лугай, каля воз. Ільмень, пад Старой Русай і інш. сав. войскі абаронай і контратакамі нанеслі яму значныя страты. Аднак ворагу ўдалося акупіраваць Эстонію і прарвацца на блізкія подступы да Ленінграда.

На паўд.-зах. напрамку сав. войскі ў ліп.вер. 1941 у жорсткіх баях стрымлівалі націск ням.-фаш. групы армій «Поўдзень». Герм. камандаванне спадзявалася ўдарамі ў фланг і тыл знішчыць асн. сілы Паўд.-Зах. і Паўд. франтоў і прарвацца да гал. прамысл. раёнаў Украіны, а потым — да нафтаносных крыніц Каўказа. Частка сіл 1-й ням. танк. групы прарвалася на подступы да Кіева. Але сав. войскам удалося тут спыніць іх наступленне (гл. Кіеўская абарончая аперацыя 1941). Пад націскам ворага да жн. сав. войскі адступілі да Дняпра і вялі абарончыя баі на фронце ад Нікапаля да Херсона. У ходзе гераічнай абароны Адэсы (5 жн.—16 вер.) было скавана больш за 18 рум. і ням. дывізій. Сав. галоўнакамандаванне пераацаніла баявыя магчымасці выматаных цяжкімі баямі войск Паўд.-Зах. фронту і адхіліла просьбу яго камандавання адвесці войскі за Дняпро. У выніку яны былі акружаны ворагам пад Кіевам. 19 вер. сав. войскі пакінулі Кіеў. Пасля цяжкіх і ўпартых баёў у кастр.ліст. 1941 Чырв. Армія пакінула Данбас.

Намаганні сав. знешняй палітыкі летам — восенню 1941 былі накіраваны на з’яднанне антыфаш. краін і стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі. 12 ліп. падпісана пагадненне паміж Вялікабрытаніяй і СССР аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фаш. Германіі (гл. Савецка-англійскія пагадненні). 18 ліп. ў Лондане падпісана пагадненне паміж СССР і ўрадам Чэхаславакіі, 30 ліп. — з польск. эмігранцкім урадам. У пач. жн. ўстаноўлены кантакты з урадам ЗША, які прыняў рашэнне аказваць СССР эканам. дапамогу ў вайне (гл. Савецка-амерыканскія пагадненні). 8 снеж. ЗША і Англія аб’явілі вайну Японіі, 11 снеж. Германія і Італія аб’явілі вайну ЗША.

Да восені 1941 ням.-фаш. войскі акупіравалі значную ч. еўрап. тэр. СССР, выйшлі на блізкія подступы да Масквы, блакіравалі Ленінград (гл. Ленінградская бітва 1941—44). 30.9—2.10.1941 ням. камандаванне пачало аперацыю «Тайфун», каб да зімы авалодаць Масквой. Аслабіўшы ворага ў абарончых баях, на тэрыторыі Беларусі і пад Смаленскам, скрытна сканцэнтраваўшы буйныя рэзервы, 5—6.12.1941 сав. войскі пачалі контрнаступленне — першую ў Вял. Айч. вайне буйную аперацыю стратэг. значэння (гл. Маскоўская бітва 1941—42). Сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі, разграмілі 38 яе дывізій і развеялі міф аб яе непераможнасці. Нямецкі «Бліцкрыг» поўнасцю праваліўся. Разгарнулася агульнае зімовае наступленне на фронце ад Ленінграда да Чорнага м. Паводле задумы Стаўкі, яго мэтай было акружыць і знішчыць асн. сілы груп армій «Поўнач», «Цэнтр», «Поўдзень», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942 г.». Ставячы такія звышзадачы, члены Стаўкі на той час яшчэ не валодалі неабходным ваен. майстэрствам для таго, каб выбраць час пачатку аперацыі, назапасіць сілы і сродкі для нанясення моцнага ўдару на гал. напрамку. У выніку не ўдалося стварыць дастаткова моцных груповак ні на адным стратэг. напрамку. Сав. войскі патрацілі створаныя з вял. цяжкасцямі восенню і ў пач. зімы рэзервы і не змаглі вырашыць пастаўленыя задачы. Неапраўданымі былі і надзеі на тое, што рэзервы Германіі скончацца да вясны 1942. Тым не менш у выніку наступлення Чырв. Армія адкінула ворага на 350—400 км, на Віцебскім напрамку наблізілася да граніцы Беларусі, наладзіла ўзаемадзеянне з партызанамі Віцебскай вобл. (гл. Віцебскія «вароты»).

На акупіраванай тэр. СССР, у т. л. на Беларусі, ням.-фаш. захопнікі ўстанавілі рэжым тэрору, «новы парадак» (гл. Лагеры смерці, Карныя аперацыі). У раёнах, захопленых фашыстамі, ствараліся партыз. атрады, групы, падп. парт., камсамольскія, антыфаш. арг-цыі. Партыз. рух перарос ва ўсенар. вайну супраць фашыстаў (гл. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле, Антыфашысцкія арганізацыі, Абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б, Абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ, Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Гарадскія падпольныя камітэты ЛКСМБ). На працягу 1941—42 партызаны Беларусі ліквідавалі больш за 500 апорных пунктаў ворага, разграмілі 123 гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, падарвалі каля 850 эшалонаў праціўніка, 115 км рэек, разбурылі 179 мастоў. Партызанскія зоны ў канцы 1942 ахоплівалі каля 30% тэр. Беларусі.

Да ліст. 1942 становішча на сав.-герм. фронце было складанае. Вораг захапіў тэр. СССР, на якой да вайны жыло 42% насельніцтва, здабывалася 63% вугалю, выплаўлялася 71% чыгуну і 58% сталі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у ліп. — Севастопаль (гл. Севастопальская абарона 1941—42). Сур’ёзнай няўдачай скончылася наступальная аперацыя сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. Жорсткія баі вяліся на Каўказскім напрамку (гл. Бітва за Каўказ 1942—43). Вораг падышоў да Варонежа і рваўся да Волгі. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада № 227, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіўныя меры ў адносінах да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі. 23 жн. на Пн ад Сталінграда гітлераўцы прарваліся да Волгі. Пачалася гераічная абарона Сталінграда. Дзякуючы намаганням усіх народаў СССР да канца 1942 у краіне была створана зладжаная ваен. гаспадарка, што дало магчымасць сав. Узбр. Сілам дасягнуць перавагі на напрамках гал. удараў. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне пад Сталінградам, у выніку якога сав. войскі да лют. 1943 акружылі і разбілі 330-тысячную групоўку ням. войск (гл. Сталінградская бітва 1942—43). Гэта была найбуйнейшая перамога, якая стала карэнным пераломам у ходзе вайны. Стратэг. ініцыятыва перайшла да сав. войск. Пачалося масавае выгнанне захопнікаў з тэр. СССР. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка ад Волгі і Церака на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць стратэг. ініцыятыву, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл. Курская бітва 1943), але і тут вораг быў разгромлены. Сав. войскі пачалі шырокае летне-асенняе наступленне на фронце ў 2 тыс. км. У жн.вер. Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю 1943, у выніку якой вызвалілі Смаленск і выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту 17 вер. вызвалілі Бранск і выйшлі да р. Сож. Чырв. Армія ўступіла на бел. зямлю і да пач. 1944 вызваліла ўсх. раёны Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей (гл. Бранская аперацыя 1943, Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943). Войскі Цэнтральнага, Варонежскага, Сцяпнога, Паўд. і Паўд.-Зах. франтоў у жн.вер. 1943 прайшлі на З да 300 км, вызвалілі Данбас, выйшлі да Дняпра ў паласе 700 км ад вусця Сажа да Запарожжа (гл. Бітва за Дняпро 1943). Войскі 1-га Укр. Фронту 6 ліст. вызвалілі Кіеў. 26 ліст. войскі Беларускага фронту вызвалілі Гомель. Усяго ад фашыстаў было вызвалена амаль ​2/3 акупіраванай імі тэрыторыі.

Магутны размах набыла ўсенар. барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі. У 1943 тут дзейнічала больш за 153 тыс. партызан. Дзесяткі тысяч патрыётаў былі членамі падп. арг-цый. Барацьбу сав. людзей у тыле ворага накіроўвалі ЦК КП(б), рэспубліканскія, краявыя, абласныя парт. арг-цыі і падп. парт. органы. Цэнтралізаванае кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ажыццяўлялі рэсп. і абл. штабы партыз. руху. 30.6.1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР, нач. штаба П.К.Панамарэнка), 9.9.1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР, нач. штаба П.З.Калінін). У 1943—44 партызаны правялі вял. аперацыі па разбурэнні камунікацый ворага (гл. «Рэйкавая вайна», «Канцэрт»), У выніку іх толькі бел. партызаны ўзарвалі 211 тыс. рэек, пусцілі пад адхон больш за 2 тыс. эшалонаў, разбурылі каля 300 чыг. мастоў. Ваен. перавозкі ворага па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Паміж партызанамі і гітлераўцамі часта адбываліся жорсткія баі (гл. Плешчаніцкая аперацыя 1943, Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943, Бялыніцкія аперацыі 1943, Лепельская аперацыя 1943). Значную дапамогу Чырв. Арміі аказалі партызаны ў час Невельскай, Гарадоцкай, Чарнігаўска-Прыпяцкай і інш. аперацый.

У канцы 1943 ваен.-паліт. і стратэг. становішча карэнным чынам змянілася на карысць СССР. Павялічыўся выпуск ваен. прадукцыі. Абарончая прам-сць у 1944 вырабляла танкаў і самалётаў у 5 разоў больш, чым у 1941. Становішча ж Германіі рэзка пагоршылася. 24.12.1943 Чырв. Армія пачала наступленне на Правабярэжнай Украіне, да крас. 1944 выйшла на дзярж. граніцу СССР і ўступіла на тэр. Румыніі. У студз.сак. 1944 у выніку наступлення Ленінградскага і Волхаўскага франтоў ва ўзаемадзеянні з 2-м Прыбалт. фронтам, Балт. флотам, авіяцыяй і партызанамі вызвалены Ленінградская і частка Калінінскай абласцей. У выніку наступлення 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян), Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бел. (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) франтоў у студз.—лютым 1944 вызвалена частка Усх. Беларусі (гл. Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). У маі 1944 вызвалены Крым (гл. Крымская аперацыя 1944). 6.6.1944 высадкай дэсанта на Пн Францыі адкрыты другі фронт. Вырас міжнар. аўтарытэт СССР, што яскрава выявілася на Тэгеранскай канферэнцыі 1943, дзе кіраўнікі 3 дзяржаў (СССР, Вялікабрытаніі і ЗША) узгаднілі планы сумесных дзеянняў па разгроме фаш. Германіі.

Летам 1944 гал. ўдар Чырв. Армія нанесла на Беларусі (гл. Беларуская аперацыя 1944). З 23 чэрв. да 29 жн. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка на фронце ў 500 км, акружылі і знішчылі яго найбуйнейшыя групоўкі ў раёне Віцебска (гл. Віцебска-Аршанская аперацыя 1944, Віцебскі «кацёл»), Бабруйска (гл. Бабруйская аперацыя 1944, Бабруйскі «кацёл»), Магілёва (гл. Магілёўская аперацыя 1944); 3.7.1944 вызвалілі сталіцу Беларусі Мінск (гл. Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»), 8 ліп. — Баранавічы, 10 ліп. — Слонім, 13 ліп. — Вільню, 16 ліп. — Гродна, 28 ліп. — Брэст (гл. Вільнюская аперацыя 1944, Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944). У ходзе Бел. аперацыі разгромлена ням. група армій «Цэнтр», поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, усх. Польшчы, сав. войскі падышлі да граніцы Усх. Прусіі. Чырв. Арміі актыўна дапамагалі бел. партызаны. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 яны нанеслі масіраваны ўдар па асн. чыг. магістралях, узарвалі 40 тыс. рэек (да 29 чэрв. дадаткова ўзарвана 20 тыс. рэек), што парушыла перавозкі ворага і работу яго аператыўнага тылу. Партызаны перагароджвалі шляхі адступлення варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы, плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, у ліквідацыі акружаных варожых груповак. Усяго на акупіраванай тэр. Беларусі гераічна змагаліся з акупантамі 374 тыс. партызан; створаны і дзейнічалі 1255 партыз. атрадаў, з іх 258 асобна дзеючых, астатнія ў складзе 213 брыгад.

Да канца 1944 Чырв. Армія амаль поўнасцю вызваліла тэр. СССР і аднавіла дзярж. граніцы ад Баранцава да Чорнага м.; ваен. дзеянні перанесены за межы краіны (гл. Яска-Кішынёўская аперацыя 1944, Бялградская аперацыя 1944, Будапешцкая аперацыя 1944—45, Усходне-Пруская аперацыя 1945, Вісла-Одэрская аперацыя 1945, Балатонская абарончая аперацыя 1945, Берлінская аперацыя 1945, Пражская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Карлсхорсце (прыгарад Берліна) ген.-фельдмаршал В.Кейтэль ад імя герм. вярх. галоўнакамандавання падпісаў акт аб безагаворачнай капітуляцыі. Вайна ў Еўропе была пераможна закончана.

Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, 8.8.1945 сав. ўрад аб’явіў вайну Японіі (гл. Савецка-японская вайна 1945). У ноч на 9 жн. войскі Забайкальскага, 1-га і 2-га Далёкаўсх. франтоў ва ўзаемадзеянні з Ціхаакіянскім флотам і Амурскай ваен. флатыліяй пачалі наступаць на фронце каля 4 тыс. км. У вайне ўдзельнічалі і войскі МНР. За 3 тыдні былі разгромлены гал. сілы Японіі — Квантунская армія, вызвалены Маньчжурыя, Паўд. Сахалін, Курыльскія а-вы, Паўн. Карэя. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб безагаворачнай капітуляцыі. 2-я сусв. вайна была закончана.

Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў Руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але народы СССР і яго Узбр. Сілы адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе супраць фашызму, вынеслі на сваіх плячах асн. цяжар вайны. Яны не толькі адстаялі свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, але і выратавалі ад фаш. прыгнёту многія краіны Еўропы і Азіі, пазбавілі чалавецтва ад фашызму. Гал. фронтам 2-й сусв. вайны быў сав.-германскі. Ён вызначаўся незвычайным прасторавым размахам. У пач. вайны яго працягласць складала каля 4 тыс. км, у 1942 — больш за 6 тыс. км. Глыбіня ваен. дзеянняў дасягала 2 тыс. км. З 1418 дзён існавання сав.-герм. фронту баявыя дзеянні вяліся 1320 дзён. Рашучасць і напружанасць ваен. дзеянняў выявілася і ў вял. беззваротных стратах у людзях з абодвух бакоў. Кожныя суткі толькі забітымі страчвалася каля 14 тыс. салдат і афіцэраў. На сав.-герм. фронце вораг страціў 607 дывізій (у баях супраць саюзнікаў 176 дывізій). Страты ў асабовым складзе, нанесеныя вермахту на сав.-герм. фронце, былі ў 4 разы большыя, чым на зах.-еўрап. і міжземнаморскім тэатрах ваен. дзеянняў, разам узятых, а па колькасці забітых і параненых — у 6 разоў. Тут страты ворага склалі каля 75% танкаў і штурмавых гармат, больш за 75% авіяцыі, 74% артыл. гармат ад агульных страт. Дарагой цаной заплацілі народы СССР за перамогу. Сав. Узбр. Сілы страцілі за час вайны 8,7 млн. чал. забітымі, памерлымі ад раненняў, трапіўшымі ў палон і прапаўшымі без вестак. Колькасць параненых, кантужаных і тых, што захварэлі, склала 18 млн. чал. Прамыя людскія страты СССР у вайне склалі больш за 27 млн. чал. (уключаючы цывільных асоб). На Беларусі загінуў амаль кожны 3-і яе жыхар. Фаш. Германія страціла ў 2-й сусв. вайне 7,4 млн. салдат і афіцэраў (на сав.-герм. фронце больш за 6 млн.), войскі яе саюзнікаў — 1,2 млн. чал. (на сав.-герм. фронце — больш за 1 млн.). Прамыя страты Германіі склалі каля 11 млн. чал. (без уліку мільёнаў скалечаных, інвалідаў). Матэрыяльныя страты СССР склалі 2600 млрд. руб. БССР у вайне страціла больш за палавіну свайго нац. багацця. Сума матэрыяльных страт склала 75 млрд. руб. (у цэнах 1941). Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак (4 420 995 дамоў), разбурана 100,5 тыс. прадпрыемстваў, 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС, знішчаны тысячы ўстаноў асветы, аховы здароўя, навукі, культуры, у т. л. 8825 (з 12 294) школ, усе ВНУ, н.-д. цэнтры, АН БССР, 219 б-к, 5425 музеяў, т-раў і клубаў, 2187 бальніц і амбулаторый, 2651 дзіцячая ўстанова.

Больш за 7 млн. удзельнікаў вайны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, больш за 11 тыс. чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 462 беларусам і ўраджэнцам Беларусі. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена 88 бел. партызанам. Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны 204 тыс. працаўнікоў тылу, 201 чал. прысвоена званне Героя Сац. Працы. Больш як 16 млн. узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—45 гг.».

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938—1945 гг.). Мн., 1975;

В непокоренном Минске: Документы и материалы о подпольной борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Документы и материалы. Т. 1—3. Мн., 1967—82;

Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;

История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения Об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;

Памяти павших: Великая Отечественная Война, 1941—1945. М., 1995;

Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944: [Документы и материалы]. 2 изд. Мн., 1965;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 гг.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2] Мн., 1980—90.

У.І.Лемяшонак.

т. 4, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ РУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР БЕЛАРУ́СІ.

Створаны ў 1932 у Бабруйску на базе вандроўнай рус. трупы як Дзярж. рус. драм. т-р БССР, у 1955—92 імя М.Горкага, з 1994 акадэмічны. У 1935—41 і 1944 працаваў у Магілёве, з крас. 1945 у Гродне, з ліп. 1947 у Мінску. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1932—36) У.Кумельскі. Праграму і творчае аблічча т-ра 1-й пал. 1930-х г. вызначалі яго сцэн. індывідуальнасць, ідэйна-маст. і эстэт. погляды, якія склаліся пад уплывам абвешчанага закліку да дзеячаў мастацтва краіны падначаліць т-р інтарэсам рэвалюцыі. Гэта абумовіла яго рэпертуар і прынцыпы сцэн. ўвасаблення, класава-сац. падыход да інтэрпрэтацыі тагачаснай драматургіі, класічнай рус. і сусв. спадчыны. Кумельскі імкнуўся спалучаць акрэсленую грамадзянскую пазіцыю т-ра з маляўнічай формай спектакляў, дасягаць глыбокага пранікнення ў характары персанажаў. У рэпертуары пераважала сав. драматургія: «Чапаеў» паводле Дз.Фурманава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука, «Мой сябра» М.Пагодзіна, «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Браняпоезд 14-69» У.Іванава, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага. Асаблівай увагай карысталася драматургія М.Горкага. Праграмным і этапным спектаклем т-ра стаў «Ягор Булычоў і іншыя». Поспех пастановак гэтага перыяду шмат у чым вызначаўся ўдзелам у іх Кумельскага — акцёра яркай індывідуальнасці. Трупа фактычна кожны сезон фарміравалася нанава, пастаянна мяняліся маст. кіраўнікі. Найб. плённы перыяд звязаны з дзейнасцю рэжысёра А.Данаці (1936—38). У 1939 калектыў узначаліў Дз.Арлоў, была праведзена рэарганізацыя т-ра, ён папоўніўся выпускнікамі Ленінградскага і Маскоўскага тэатр. вучылішчаў. Сярод спектакляў «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. З пач. Вял. Айч. вайны т-р спыніў дзейнасць. Адноўлены летам 1943 у Маскве як франтавы. Сярод пастановак першых пасляваен. гадоў: «Сустрэча ў цемры» Ф.Кнорэ, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра. «Тры сястры» А.Чэхава, «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога. Вызначальнымі ў рэпертуары канца 1940-х г. былі пастаноўкі класічных твораў: п’ес Астроўскага «Жаніцьба Бялугіна» (нап. з М.Салаўёвым), «Апошняя ахвяра» і «На бойкім месцы», Чэхава «Дзядзька Ваня», М.Горкага «Дзеці сонца», Шэкспіра «Атэла». З пастановак тагачасных п’ес найб. поспехам карысталася «Старыя сябры» Л.Малюгіна. У 1950 т-р у другі раз пасля інсцэнізацыі «Сымона Карызны» М.Зарэцкага ў 1935 звярнуўся да бел. драматургіі: пастаўлена п’еса В.Палескага «Песня нашых сэрцаў», у 1953 адноўлена пад назвай «Што пасееш, тое і пажнеш». 1950-я г. ў творчасці т-ра адметныя дзейнасцю рэжысёра высокай тэатр. культуры В.Фёдарава. Сярод лепшых пастановак гэтага перыяду: «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава, «Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі. Асаблівае месца сярод іх займалі «Варвары» М.Горкага (пасля паказу гэтага спектакля на Дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве т-ру было прысвоена імя М.Горкага) і «Кароль Лір» Шэкспіра, прызнаныя дасягненнем тэатр. мастацтва краіны 1950-х г. Спектакль «Кароль Лір» і найперш выкананне А.Кіставым гал. ролі былі высока ацэнены дзеячамі тэатр. мастацтва Англіі.

У канцы 1950 — пач. 1960-х г. плённым было супрацоўніцтва т-ра з рэжысёрамі М.Співаком («Галоўная стаўка» Губарэвіча, «Аптымістычная трагедыя» Вішнеўскага, «Барабаншчыца» А.Салынскага, «Улада цемры» Л.Талстога) і В.Рэдліх («Беспасажніца» Астроўскага, «Дзеці сонца» М.Горкага, «Дванаццатая гадзіна» А.Арбузава, «Антоній і Клеапатра» Шэкспіра). Рэпертуар папоўніўся п’есамі бел., сав. і тагачасных замежных драматургаў. У 2-й пал. 1960-х — 1-й пал. 1970-х г. назіралася стракатасць рэпертуару, з’яўляліся спектаклі сярэдняга ўзроўню. Поспехі калектыву ў гэты перыяд звязаны з асобнымі пастаноўкамі класічных твораў: «Маскарад» М.Лермантава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Марыя Сцюарт» Шылера. Вылучаліся таксама спектаклі: «А досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Мілы лгун» Дж.Кілці, «Двое на арэлях» У.Гібсана. Творчы ўздым т-ра 1970-х г.

звязаны з дзейнасцю рэжысёра Б.Луцэнкі, праграмнымі спектаклямі якога сталі «Макбет» Шэкспіра (паказаны на міжнар. шэкспіраўскім фестывалі ў ФРГ, 1981), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта, «Трагедыя чалавека» І.Мадача, «Лазня» У.Маякоўскага. Т-р набывае сваё адметнае аблічча. Павышаная цікавасць да маральна-этычных аспектаў, асэнсаванне сутнасці чалавечага быцця, барацьба дабра і зла па-мастацку даследуюцца ў спектаклях «Пайсці і не вярнуцца» паводле В.Быкава, «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча, «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса і інш. Творчы дыяпазон т-ра пашырылі спектаклі рэжысёраў У.Маланкіна, М.Сулімава, А.Даброціна, А.Каца, М.Кавальчыка, А.Кузняцова, Б.Глаголіна, А.Карпава. 1980-я г. ў дзейнасці т-ра найперш звязаны з пастаноўкамі рэж. В.Маслюка («Знак бяды» паводле аповесці В.Быкава, Дзярж. прэмія Беларусі 1986. «Гамлет» Шэкспіра). Сярод інш. спектакляў гэтага перыяду: «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, «І быў дзень» («Звалка») А.Дударава, «Незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» паводле У.Вайновіча. Ставяцца п’есы такіх буйных сучасных драматургаў, як Э.Олбі, Ф.Дзюрэнмат, Т.Уільямс, Ю.О’Ніл, К.Чапек. У пач. 1990-х г. т-р зноў узначаліў Луцэнка. Сярод спектакляў: «Блаславі нас, госпадзі...» С.Бельцюкова і А.Залётнава, «Драўляны рыцар» С.Кавалёва, «Перпетум мобіле, ці Вечар яўрэйскіх анекдотаў» Луцэнкі, «Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага, «Букееў і кампанія» М.Горкага, «Прасцячкі нечаканых астравоў» Б.Шоу, «Амфітрыён» паводле Плаўта. У 1981 у т-ры адкрыта Малая сцэна (спектаклі «Вячэра» Ж.К.Брысвіля, «На Залатым возеры» Э.Томпсана).

Важкі ўклад у развіццё т-ра зрабілі нар. арт. СССР Я.Палосін, нар. артысты Беларусі Г.Абуховіч, Арлоў, А.Кістаў. У розныя гады ў т-ры працавалі: Ф.Шмакаў, нар. артысты Беларусі Я.Карнавухаў, Р.Качаткоў, Ю.Ступакоў, В.Філатаў, І.Шаціла, нар. арт. Расіі К.Шышкін, засл. артысты Беларусі М.Аблаў, А.Бялоў, К.Верамейчык, Л.Весніна, В.Воінкаў, В.Захарава, А.Кашкер, В.Краўчанка, М.Кузьменка, І.Лакштанава, І.Лакштанаў, Г.Някрасаў, І.Ражба, М.Сокал, Т.Трушына, В.Чэмберг, А.Шапс, А.Шкапскі, засл. работнік культуры Беларусі Б.Вішкароў, засл. дзеячы маст. Беларусі акцёры і рэжысёры Ю.Арынянскі і Кумельскі, сцэнографы В.Галубовіч, А.Грыгар’янц, Ю.Тур.

У складзе трупы (1997): нар. артысты СССР А.Клімава, Р.Янкоўскі, нар. артысты Беларусі В.Клебановіч, Б.Масумян, Ю.Сідараў, засл. артысты Беларусі З.Асмалоўская, В.Бандарэнка, Л.Былінская, Э.Гарачы, А.Ткачонак, А.Шах-Парон, У.Шэлестаў, засл. арт. Расіі А.Брухацкі, акцёры У.Курган, Я.Лявонцьеў, Г.Маланкіна, А.Пастрэвіч, Н.Чамадурава і інш. Гал. рэжысёр (з 1991) нар. арт. Беларусі Луцэнка, гал. мастак У.Чарнышоў.

Б.Л.Бур’ян.

Да арт. Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Макбет» У.Шэкспіра.
Да арт Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Варвары» М.Горкага.
Да арт. Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «На Залатым возеры» Э.Томпсана.
Да арт. Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай.
Да арт. Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Майстры» паводле М.Булгакава.

т. 6, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1514,

адбылася пад Оршай (Віцебская вобл.) паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы.

Неўзабаве пасля капітуляцыі Смаленска перад рус. войскамі (жн. 1514) вял. кн. маскоўскі Васіль III паслаў 80-тысячнае войска з коннікаў, дваран і «дзяцей баярскіх» на чале з кн. М.І.Булгакавым-Голіцам і І.А.Чалядніным у напрамку Оршы і Друцка. Паводле польскіх гісторыкаў, кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт І Стары сабраў апалчэнне ВКЛ пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ кн. К.І.Астрожскага (16 тыс. коннікаў), 14 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай пяхоты, атрады паноў з Малой Польшчы і шляхціцаў-добраахвотнікаў з Вял. Польшчы (2500 коннікаў). Паводле звестак рускага гісторыка М.К.Любаўскага, польскіх коннікаў было 4 тыс., а частка польскіх салдатаў засталася ў Бярэсці і Барысаве. Жыгімонт застаўся ў Барысаве з 4-тысячным войскам, а асн. сілы (больш за 30 тыс. чал.) на чале з Астрожскім пайшлі пад Оршу. Атрадамі войска камандавалі Ю.Радзівіл, Я.Свярчоўскі і інш. Папярэднія баі адбыліся 27.8.1514 на р. Бярэзіна, пазней на р. Друць. Перад бітвай рус. войска пераправілася на левы бераг Дняпра і стала паміж Оршай і Дуброўнам на р. Крапіўна. Частка конніцы князя Астрожскага без страт пераправілася цераз Дняпро. Вышэй па цячэнні па наплаўным мосце раку перайшлі пяхота, конніца і артылерыя. Астрожскі павёў войска ў атаку на палкі Булгакава-Голіцы. Чаляднін у бой не ўступіў, а калі ўдар абрынуўся на яго палкі, то ад бою ўхіліўся Булгакаў-Голіца. Пад выглядам адступлення Астрожскі ўцягнуў праціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскіраваных гармат. Пасля гэтага ён зноў нанёс удар па палках Булгакава-Голіцы, якія былі разбіты і часткова трапілі ў палон. Былі разгромлены і палкі Чалядніна. У рус. войску пачалася паніка. Многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне. Паводле летапісаў і звестак рускіх гісторыкаў, рус. войска страціла 40 тыс. чал. У палон трапілі Булгакаў-Голіца, Чаляднін і яшчэ 8 ваявод, 17 інш. военачальнікаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. воінаў. Пераможцам раздалі 20 тыс. трафейных коней і палавіну абозу. Аршанская бітва — адна з буйнейшых бітваў на тэр. Еўропы ў пач. 16 ст. Перамога ў ёй дала магчымасць вярнуць Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў. Смаленск узяць не ўдалося, аднак пасля бітвы да 1518 не адбывалася ўварванняў маск. войскаў на Беларусь. Пра бітву была складзена бел. песня, якая праслаўляла кн. Астрожскага, на тэму Аршанскай бітвы ў 1520—30-я г. напісана батальная карціна (аўтар невядомы, зберагаецца ў Нац. музеі ў Варшаве) — першая ва Усх. Еўропе.

Літ.:

Грыцкевіч А., Трусаў А. Бітва пад Оршай // Мастацтва Беларусі. 1990. № 8;

Военная энциклопедия. Пг., 1914. Т. 17. С. 186—187;

Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. // Спадчына. 1992. № 6;

Зимин А.А. Россия на пороге нового времени. М., 1972. С. 166—167;

Zarys dziejów wojskowosci polskiej do roku 1864. Warszawa, 1965 Т. 1. S. 333—336. Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. Т. 2. S. 378—384.

А.П.Грыцкевіч.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВА́РЫЯ

(Bayern),

зямля (адм. адзінка) на Пд ФРГ. Пл. 70,6 тыс. км². 11,9 млн. чал.(1994). Адм. ц.г. Мюнхен; найбуйнейшыя гарады: Нюрнберг, Аўгсбург, Рэгенсбург, Вюрцбург, Пасаў. Амаль уся тэр. Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і і Франконскім Альбе. На У невысокія горы Чэшскага і Баварскага Лесу, Шумавы; на Пд адгор’і Цірольскіх Альпаў (г. Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на Пд шмат азёраў.

Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 17 °C, студз. каля 2 °C, ападкаў 935 мм за год Невял. радовішчы жал. руды, бурага вугалю, солі, графіту, нафты. Большасць насельніцтва занята ў прам-сці. Каля 50% электраэнергіі даюць ГЭС. Ёсць АЭС. Вядучая галіна — машынабудаванне: электратэхнічнае, агульнае (у тым ліку вытв-сць падшыпнікаў), транспартнае (аўта- і самалётабудаванне), дакладная механіка. Развіты нафтаперапрацоўка і нафтахімія, вытв-сць алюмінію. Важнае значэнне маюць тэкст. і швейная, шклокерамічная, харч. (вытв-сць сыроў, піва, масла, цукру), дрэваапр. прам-сць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, хмель, агародніну, вінаград. Жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунах (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходства па Дунаі і Майне. Курорты. Турызм.

Гісторыя. Баварскае герцагства з цэнтрам у г. Рэгенсбург узнікла ў 6 ст. (утворана герм. племем бавараў). Правіла ў ім дынастыя Агілальфінгаў. З 591 герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 частка імперыі Каралінгаў. У 903—437 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 976 ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. З 1180 Бавары. наз. герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 яно падзялілася на Ніжнюю і Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 герм. кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Ціроль, Нідэрланды. Пасля перыяду раздробленасці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505. У 16 ст. яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Германіі. З 1623 Баварыя — курфюрства. Яе першы курфюрст Максімілян І далучыў у 1628 да Баварыі Верхні Пфальц. Са смерцю Максіміляна II Іосіфа (1777) баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. З 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы саюзу з напалеонаўскай Францыяй, тэр. Баварыі значна павялічылася. З 1815 яна чл. Герм. саюза, з 1834 у герм. мытным саюзе. У 1818 Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу І [1825—48] культ. і навук. цэнтрам Баварыі стаў Мюнхен. Ліберальным і сац. рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II [1848—64]. У час аўстра-прускай вайны 1866 Баварыя на баку Аўстрыі, з 1871 у складзе Герм. імперыі. У ліст. 1918 Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад прастола. З 1919 Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Веймарскай рэспублікі. У крас. 1919 у Мюнхене левыя абвясцілі Баварскую Сав. рэспубліку, якая ў маі ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я г. Баварыя — цэнтр правай герм. апазіцыі супраць Веймарскай рэспублікі.

Пры нацыстах імперскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 ген. фон Эп. Пасля 2-й сусв. вайны акупіравана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца).У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэнне аб утварэнні ФРГ з Баварыяй у яе складзе.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫЯ РЭФО́РМЫ,

пераўтварэнні сістэм землеўладання і землекарыстання. Абумоўлены патрэбамі эканам. і сац. развіцця грамадства, сял. рухам за зямлю. Пераважна маюць антыфеад. характар, паколькі ў асноўным накіраваны на ліквідацыю феад. перажыткаў у агр. сектары.

Аграрныя рэформы, праведзеныя ў шэрагу краін Зах. Еўропы ў перыяд бурж. рэвалюцый 17—19 ст., нанеслі сур’ёзны ўдар па феад. адносінах і расчысцілі шлях капіталіст. развіццю ў сельскай гаспадарцы (Вялікабрытанія, Францыя). Шырокі размах аграрныя рэформы набылі пасля 2-й сусв. вайны ў краінах Азіі і Лац. Амерыкі; іх мэта — ліквідацыя феад., патрыярхальна-радавых адносін і каланіяльнай зямельнай уласнасці. У краінах сацыяліст. арыентацыі аграрныя рэформы ажыццяўляліся рознымі метадамі, але прадугледжвалі ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і пэўныя абмежаванні прыватнага землекарыстання. У развітых капіталіст. краінах аграрныя рэформы былі накіраваны на стварэнне буйной с.-г. вытв-сці на базе дасягненняў навукова-тэхн. прагрэсу.

На Беларусі адна з першых аграрных рэформаў — валочная памера, праведзеная ў сярэдзіне 16 — 1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ у сувязі з развіццём фальварковай гаспадаркі, вызначыла прынцыпы землекарыстання ўсяго бел. сялянства. Паводле Тызенгаўза рэформы 1765 дзярж. сяляне каралеўскіх эканомій пераведзены з аброчнай павіннасці на паншчынную пры адначасовым рэгуляванні іх зямельных надзелаў. У 1830 — 50-я г. царскі ўрад ажыццявіў дзяржаўнай вёскі рэформу, у выніку якой у дзярж. маёнтках зах. губерняў ліквідаваны фальваркі, зямля раздадзена сялянам, а паншчына заменена аброкам. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў вызначыла памер сял. зямельнага фонду ў прыватнаўласніцкіх маёнтках. Паводле сялянскай рэформы 1861 сяляне вызвалены ад прыгону і надзелены зямлёй. Гэта буйнейшая аграрная рэформа азначала пераход Расіі, у т. л. Беларусі, ад феадалізму да капіталізму, хоць і пасля гэтага феад. перажыткі яшчэ доўга захоўваліся. На дзярж. землях Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны праведзена дзяржаўных сялян рэформа 1867, паводле якой сяляне пераводзіліся на выкуп і далучаліся да разраду сялян-уласнікаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі і ў Літве царскі ўрад праводзіў землеўпарадкаванне вольных людзей, якія павінны былі выкупіць арандаваныя землі або адмовіцца ад карыстання імі. Аналагічны характар мела чыншавая рэформа 1886, паводле якой арандатарам-чыншавікам Беларусі, Правабярэжнай Украіны і Літвы неабходна было пацвердзіць свае правы на карыстанне зямлёй і выкупіць яе, інакш з гэтай зямлі іх зганялі. З мэтай стымулявання агр. капіталізму ў ліст. 1906 — чэрв. 1917 ажыццяўлялася сталыпінская аграрная рэформа. У Зах. Беларусі зямельная рэформа 1925 прадугледжвала выкуп за поўны кошт часткі дзярж. і памешчыцкіх зямель, садзейнічала паскарэнню хутарызацыі, насаджэнню на «крэсах усходніх» польскіх вайск. і цывільных каланістаў — асаднікаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля ў Расіі, у т. л. на Беларусі, была нацыяналізавана і перададзена бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. Але ў час калектывізацыі яе ў сялян адабралі і перадалі ў калектыўнае карыстанне калгасам і саўгасам. Пасля распаду СССР у постсацыяліст. краінах з пач. 1990-х г. ажыццяўляюцца новыя аграрныя рэформы. Сутнасць іх у краінах Балтыі і Усх. Еўропы — ва ўмацаванні прыватнага землеўладання, у Расіі, Беларусі і інш. б. сав. рэспубліках — у стварэнні шматукладнай эканомікі ў агр. сектары (арэнда зямлі, рэарганізацыя калгасаў і саўгасаў у акц. т-вы, аграфірмы, кааператывы, стварэнне фермерскіх гаспадарак і інш.).

Л.М.Давыдзенка, У.А.Салановіч.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫХ

(Henri),

імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».

Генрых І Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл. Атон І).

Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.

Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).

Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».

Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).

Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл. Штаўфены). Сын Фрыдрыха І Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда І Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.

Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.

т. 5, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)