АДНО́СІНЫ,

1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).

Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).

Літ.:

Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;

Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;

Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЧУВА́ННЕ,

псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.

У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.

Літ.:

Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;

Ананьев Б.Г. Теория ощущений. Л., 1961.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́РД (ад італьян. сугучнасць),

спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл. таксама Абарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.

Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл. Санорыка), фактар гучнасці.

Літ.:

Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЕ І АДНО́СНАЕ,

катэгорыі дыялектыкі. Абсалютнае абазначае безумоўнае, нестваральнае, вечнае, усеагульнае, характарызуе яго аўтаномнасць ад інш. формаў. Адноснае (рэлятыўнае) выступае як умоўнае, апасродкаванае, якое залежыць ад тых або інш. умоў і, значыць, часовае, недаўгавечнае, спароджанае. У стараж.-грэч. філасофіі абсалютнае вызначалася як дасканаласць, завершанасць, самадастатковасць існага і выражалася ў паняццях «па прыродзе», «у чыстым выглядзе», «само па сабе». У Арыстоцеля адноснае выступае як нешта, што залежыць ад інш. ці адносіцца да яго. У сярэдневяковай філасофіі існавала рэліг. тлумачэнне абсалютнага як «божага», якое процістаіць «зямному», «свецкаму». У філасофіі Новага часу (асабліва ў ням. класічным ідэалізме) вылучаюцца розныя аспекты абсалютнага і адноснага, якія раскрываюцца ў сістэме катэгорый «у сабе», «для іншага», «для сябе», «само па сабе» і да т.п. Для метафізікі характэрны адрыў абсалютнага ад адноснага. Рэлятывізм зыходзіць з разумення адноснага толькі як рэлятыўнага, якое выключае момант абсалютнасці. У розных формах ідэалізму абсалютнае ўяўляецца як самадастатковая існасць — абсалют. З пункту гледжання матэрыяліст. дыялектыкі процілегласць абсалютнага і адноснага не выключае, а дапускае іх адзінства, узаемасувязь. Пра абс. і адносную ісціну гл. ў арт. Ісціна.

Літ.:

Кураев В.И., Лазарев Ф.В. Точность, истина и рост знания. М., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.​Арагон, Б.​Брэхт, У.​Маякоўскі, В.​Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАКЛІМАТЫ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі па ступені спрыяльнасці кліматычных умоў для земляробства. Асн. задача агракліматычнага раянавання — вылучэнне тэрыторый (паясоў, зон, абласцей, раёнаў і г.д.), што адрозніваюцца паміж сабой асаблівасцямі клімату і ўмовамі с.-г. вытв-сці. Падзяляецца на агульнае, якое дае магчымасць вызначыць у цэлым агракліматычныя рэсурсы для сельскай гаспадаркі, і спецыяльнае, што служыць для вырашэння канкрэтных вытв. задач. Ацэнка агракліматычных рэсурсаў праводзіцца пераважна праз паказчыкі колькасці цяпла і вільгаці, умоў перазімоўкі культур. У аснову агракліматычнага раянавання ва ўмераных шыротах пакладзена сума т-р вышэй за 10 °C і працягласць залягання ўстойлівага снегавога покрыва. У найб. пашыранай схеме агракліматычнае раянаванне Беларусі (паводле А.​Х.​Шкляра) тэр. рэспублікі падзяляецца на 3 агракліматычныя вобласці з 6 падвобласцямі і 19 агракліматычнымі раёнамі (гл. схему). Раянаванне грунтуецца на аснове фіз.-геагр. правінцый, улічваюцца сумы т-р паветра за цёплы перыяд года (з т-рамі паветра вышэй за 10 °C), каэфіцыент увільгатнення, кантынентальнасць клімату, колькасць дзён з т-рамі паветра ад 5 да 15 °C і інш. паказчыкі.

Літ.:

Грингоф И.Г., Попова В.В., Страшный В.Н. Агрометеорология. Л., 1987;

Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Белоруссии и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973.

Т.​С.​Папова.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТА́ЦЫЯ ў біялогіі, развіццё новых біял. уласцівасцяў арганізма, папуляцыі, віду, біяцэнозу, якія забяспечваюць іх нармальнае існаванне пры змене ўмоў навакольнага асяроддзя. У эвалюцыйна-гіст. плане ўзнікае і развіваецца на базе спадчынных змен (мутацый) і камбінавання іх пад кантролем адбору. Аснову адаптацыі арганізма складае сукупнасць морфафізіял. змен, накіраваных на захаванне адноснага пастаянства яго ўнутр. асяроддзя — гамеастазу. Сярод шматлікіх формаў адаптацыі вылучаюць генатыпічную, якая ажыццяўляецца праз натуральны адбор карысных для выжывання прыкмет, і фенатыпічную (індывідуальную), што праяўляецца пераважна ў колькаснай мадыфікацыі спадчынна абумоўленых уласцівасцяў.

Адаптацыя забяспечваецца неспецыфічнымі механізмамі, што ляжаць у аснове адаптацыйнага сіндрому, а таксама кампенсатарнымі працэсамі, якія залежаць ад характару патагеннага раздражняльніка. Напр., працэсы акліматызацыі да новых кліматагеагр. умоў, да фону — ахоўная афарбоўка жывёл і інш. Паслядоўныя стадыі адаптацыі да пэўнага спосабу жыцця могуць быць звязаны генеалагічна і складаць адаптыўны рад (напр., паступовае развіццё лятальнай перапонкі ў млекакормячых). У працэсе эвалюцыі адбываецца пастаянная змена прыватных адаптацый і намнажэнне агульных (гл. таксама Адаптыўная радыяцыя). У арэале віду могуць быць адаптыўныя зоны, якія вызначаюцца спецыфічным характарам прыстасаванасці. Найб. складаныя формы мае адаптацыя сацыяльная.

Літ.:

Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987;

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. Л., 1969.

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НТЭ (Brontë),

англійскія пісьменніцы, сёстры. Нарадзіліся ў Торнтане, графства Йоркшыр (Вялікабрытанія). Працавалі настаўніцамі. У 1846 выдалі зб. вершаў пад псеўд. браты Бел. Тэма жаночай свабоды, ідэал паўнакроўнага, яркага, не ўшчэмленага жорсткімі ўмоўнасцямі жыцця ўласцівы творчасці ўсіх Бронтэ: увялі ў англ. л-ру 19 ст. вобраз незалежнай жанчыны, роўнай мужчыне па інтэлекце і сіле характару.

Шарлота (псеўд. Карэр Бел; 21.4.1816—31.3.1855), аўтар сац.-псіхал. раманаў «Настаўнік» (1846, выд. 1857), «Джэйн Эйр» (т. 1—3, 1847), «Шэрлі» (т. 1—3, 1849), «Вілет» (т. 1—3, 1853). Эмілі Джэйн (псеўд. Эліс Бел; 30.7.1818—19.12.1848) належаць рэфлексійна-філас. вершы і раман «Пагоркі буйных вятроў» (1847, рус. пер. «Навальнічны перавал», 1956) — гісторыя трагічнага кахання батрака і дачкі яго гаспадароў — цесна звязаны з эстэтыкай рамантызму. Ганна (псеўд. Актан Бел; 17.1.1820—28.5.1849), аўтар вершаў, раманаў «Агнес Грэй» (1847, аўтабіягр.), «Арандатар Уайлдфел-Хола» (1848).

Тв.:

Рус. пер. — Бронте Ш. Городок: Роман. М., 1990;

Джейн Эйр: Роман. Мн., 1992;

Бронте Э. Грозовой перевал: Роман. М., 1988;

Бронте А. Агнес Грей: Роман;

Незнакомка из Уайлдфелл-Холла: Роман;

Стихотворения. М., 1990.

Літ.:

Тугушева М. Шарлотта Бронте: Очерк жизни и творчества. М., 1982.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДЗЬКА (Эдзюк) (Эдуард Адамавіч; 22.3.1882, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.8.1958),

бел. паэт, публіцыст, выдавец. Вучыўся ў Рыжскім політэхн. ін-це, які пакінуў з-за беднасці. У 1916 у Петраградзе выдаваў газ. «Светач», з Ц.​Гартным супрацоўнічаў у газ. «Дзянніца». Удзельнік 1-га Усебел. кангрэса 1917 у Мінску. У 1918 арганізаваў бел. гімназію ў Будславе. Кіраваў настаўніцкімі курсамі ў Дзвінску (1921—22). У Зах. Беларусі быў актывістам каап. руху. У Вільні аб’явіў конкурс на лепшы бел. твор (1932). У Айч. вайну настаўнічаў у Мінску і Баранавічах. З 1944 у Ватэнштэце (Германія), з 1950 у ЗША. Дэбютаваў вершамі ў 1906 у газ. «Наша ніва». Зямельнае пытанне, праблемы нар. асветы, грамадска-паліт. жыцця беларусаў асвятляў у публіцыст. артыкулах («Воўк ягнё ўсё ж дык і з’еў», 1919; «Вера да вольнасці давядзець!», «Беларус сам аб усім пастановіць», «Важная прыкмета», «Дагаворацца людзі, што зямелька народу пападзець», усе 1920). У эміграцыі друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына» і інш.

Літ.:

Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;

Жук-Грышкевіч Р. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 198—206.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)