ТРАЎМАТАЛО́ГІЯ (ад траўма + ...логія),

галіна медыцыны, якая вывучае пашкоджанні апорна-рухальнай сістэмы (вывіхі, пераломы, расцяжэнні і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; найстараж. раздзел медыцыны, аснова хірургіі. Цесна звязана з артапедыяй. На Беларусі н.-д. работа вядзецца ў НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах. Гомельскім мед. ін-це. Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка вытв., быт., дарожна-трансп. і дзіцячага траўматызму, лячэнне ўскладненых, спалучаных і множных пашкоджанняў касцей і суставаў, артраскапічная хірургія. эндапратэзаванне вял. суставаў, лячэнне траўмаў кісці, вострых ускладненых спінальных траўмаў і інш. Уклад у развіццё Т. зрабілі Я.​Дз.Белаенка, І.Р.Варановіч, А.А.Губко, А.С.Крук, В.А.Маркс, Р.Х.Мініна, А.У.Руцкі і інш.

Літ.:

Воронович И.Р., Белоенко Е.Д. Очерки развития ортопедии и травматологии в Республике Беларусь // Мед. новости. 1997. №5.

А.​М.​Мухля.

т. 15, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)