адасабленне індывідуумаў у выніку распаду асобасных сувязяў паміж імі. Найчасцей адбываецца ў пераходныя перыяды гіст. развіцця, у часы крызісаў і катастроф, калі ў грамадстве нарастае недавер да дзярж. улады, імкненне людзей ва ўсім разлічваць толькі на ўласныя сілы. Характарызуецца парушэннем і нават разбурэннем шляхоў і спосабаў уключэння чалавека ў прафес., тэр., субкульт. і інш. супольніцтвы, адасабленнем яго ад інш. людзей, набыткаў культуры, маралі, палітыкі, суседства і гэтак далей. Гэты працэс суправаджаецца парушэннямі законнасці, ростам злачыннасці, антыграмадскімі паводзінамі, наркаманіяй, хабарніцтвам і інш. негатыўнымі сац. з’явамі. На Беларусі і ў інш. краінах СНД працэс атамізацыі сацыяльнай пашырыўся ў перыяд крызісу ў сувязі з пераходам ад таталітарна-адм. да дэмакр. сістэмы.
Прыкладам філас. асэнсавання атамізацыі сацыяльнай з’яўляецца канцэпцыя Т.Гобса, што прырода вельмі раз’ядноўвае людзей, і для іх натуральнай магла б стаць «вайна ўсіх супраць усіх». Гэта ідэя развіта у працах Дж.Лока і А.Сміта. Супраць яе выступаў Г.Гегель, які лічыў атамізацыю сацыяльную толькі адным з многіх момантаў грамадскага існавання індывідуумаў у грамадскай супольнасці, адарванай ад сям’і і дзяржавы. К.Маркс трансфармаваў гэтую думку ў канцэпцыю адчужэння асобы ад чалавечых умоў існавання ў эксплуататарскім грамадстве. У 20 ст. праблемы атамізацыі сацыяльнай вывучалі сацыёлагі і філосафы зах. краін Ф.Цэніс, Г.Фраер, Г.Маркузе, Э.Фром, М.Хоркхаймер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМА́ТАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел тэарэтычнай кібернетыкі, які даследуе пераўтваральнікі дыскрэтнай інфармацыі. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з развіццём тэорыі выліч. машын, тэорыі алгарытмаў. Асн. паняцці — абстрактны аўтамат і кампазіцыя аўтаматаў. Першае характарызуе алгарытм функцыянавання прыстасавання (алгарытм перапрацоўкі інфармацыі, які яно рэалізуе), складаецца з 3 непустых мностваў (станаў, уваходных і выхадных сігналаў) і 2 функцый (выхаду і пераходу). Другое характарызуе структуру прыстасавання, прынцыпы яго пабудовы з больш простых элементаў. Аўтаматаў тэорыя складаецца з абстрактна-алг., структурнай тэорыі і тэорыі імавернасных аўтаматаў і самаарганізоўных сістэм.
У абстрактна-алг. аўтаматаў тэорыі даследуюцца ўласцівасці абстрактнага аўтамата і спосабы яго задання. У структурнай аўтаматаў тэорыі аўтамат выяўляецца ў выглядзе сеткі, элементы якой выбраны з папярэдне зададзенай сукупнасці элементарных аўтаматаў. Яны злучаны паміж сабой і ажыццяўляюць запамінанне і пераўтварэнне элементарных сігналаў. Тэорыя імавернасных аўтаматаў і самаарганізоўных сістэм выкарыстоўваецца пры праектаванні і аўтаматызацыі праектавання дыскрэтных канструкцый і выліч. машын. Мае важнае значэнне для тэорыі алгарытмаў, тэорыі фармальных машын сістэм, тэорыі праграмавання і інш.
На Беларусі даследаванні па аўтаматаў тэорыі праводзяцца з 1956 у Мінскім пед. ун-це, ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЛЯСО́Ў,
комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні лясоў; састаўная ч.аховы прыроды. Прадугледжвае заканадаўча абумоўлены рэгламент высечак лясоў розных катэгорый, аднаўленне лясоў, іх ахову ад пажараў, хвароб і шкоднікаў шляхам уключэння адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання. На Беларусі ахова лясоў рэгулюецца нормамі ляснога заканадаўства, а таксама адпаведнымі палажэннямі агульнага прыродаахоўнага зямельнага, воднага і інш. раздзелаў заканадаўства. Дзярж. Ахову лясоў і агульны кантроль за ёю ажыццяўляюць Мін-ва лясной гаспадаркі і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Ахова і абарона лясной расліннасці, якая не ўваходзіць у дзярж.лясны фонд, ускладаецца на землекарыстальнікаў. У мэтах аховы і рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў лясны фонд рэспублікі падзелены на 2 групы, для кожнай з якіх устаноўлены адпаведны рэжым карыстання. У адпаведнасці з пастановамі ўрада на тэр. Беларусі ў лясах 1-й і 2-й груп могуць быць вылучаны асобныя ўчасткі з гранічна абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Ахова лясоў як экасістэмы ажыццяўляецца таксама ў запаведніках, нацыянальных парках, комплексных ландшафтных, спецыялізаваных біялагічных лясных і інш. заказніках, таксама як помнікаў прыроды рэсп. значэння (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты).
Літ.:
Основы природопользования. Мн., 1980;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХУ́НДАЎ (Мірза Фаталі) (12.7.1812, г. Шэкі, Азербайджан — 10.3.1878),
азербайджанскі пісьменнік, філосаф, грамадскі дзеяч, заснавальнік азерб. драматургіі і маст. прозы. Атрымаў духоўную адукацыю ў г. Гянджа, вучыўся ў руска-азерб. вучылішчы ў г. Шэкі. Служыў перакладчыкам (1834—61), выкладаў перс. і цюрк. мовы ў Тыфліскім пав. вучылішчы. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (паэма «На смерць Пушкіна», 1837). У камедыях «Мала Ібрагім Халіл, алхімік...», «Мусье Жардан, батанік...», «Прыгоды скнары», «Везір Ленкаранскага ханства», «Правазаступнікі ў горадзе Таўрызе», сатыр. аповесці «Падманутыя зоркі» (усе 1850-я г.) рэалістычна адлюстраваў сучаснае яму грамадства. У артыкулах адстойваў рэаліст. мастацтва. У 1873 на аснове лацінскага і рускага склаў алфавіт, прыстасаваны да гукавой сістэмы азерб. мовы. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам філасофіі Б.Усходу, ідэй франц. матэрыялістаў 18 ст. Не падзяляючы ідэі пра Бога як першакрыніцу свету, выступаў за «прагрэс і цывілізацыю», супраць усх. дэспатызму і тыраніі. У 1860-я г. падтрымліваў ідэю абмежавання ўлады манарха прадстаўнічым органам, дапускаў магчымасць прымусовай ліквідацыі ўлады прыгнятальнікаў. Пазней наблізіўся да разумення ролі эканам. дамінанты ў развіцці грамадства. Аўтар філас.-паліт. трактата «Тры пісьмы...» (пераклаў яго на рус. і перс. мовы), філас.арт. «Крытыка «Ёк кельме», «Адказ філосафу Юму» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНА́МІКА (ад аэра... + дынаміка),
раздзел аэрамеханікі, у якім вывучаюцца законы руху газападобнага асяроддзя і яго ўзаемадзеяння з цвёрдымі целамі; тэарэт. аснова авіяцыі, ракетнай тэхнікі, метэаралогіі, турбабудавання і інш. Разглядае рух целаў з дагукавымі скорасцямі (да 1200 км/гадз); рух целаў са скорасцю, большай за скорасць гуку, вывучае газавая дынаміка. Аэрадынаміка ўзнікла ў 20 ст. ў сувязі з развіццём авіяцыі. Тэарэтычнае рашэнне задач аэрадынамікі заснавана на ўраўненнях гідрааэрамеханікі. Пры вырашэнні найбольш простых пытанняў (размеркаванне ціску і скорасцяў вакол абцякальнага цела і інш.) выкарыстоўваецца набліжэнне ідэальнай вадкасці, несціскальнай пры малых і сціскальнай пры вял. скорасцях. Наяўнасць вязкасці ў рэальных вадкасцях прыводзіць да ўзнікнення супраціўлення і ўлічваецца пры вывучэнні цеплаабмену целаў з патокам газу.
Спец. прыкладныя часткі аэрадынамікі: аэрадынаміка самалёта (вывучае рух самалётаў цалкам), знешняя балістыка (даследуе палёт снарадаў), аэрадынаміка турбамашын і рэактыўных рухавікоў, прамысловая аэрадынаміка (разлік паветранадзімальных установак, ветравых рухавікоў, струменных апаратаў, вентыляцыйнай тэхнікі, аэрадынамічных сіл, якія ўзнікаюць пры руху аўтамабіляў, цягнікоў і інш.). Эксперыментальная аэрадынаміка з дапамогай аэрадынамічных трубаў вызначае лікавыя каэфіцыенты сіл і момантаў, што дзейнічаюць на цела з боку газавага патоку. У аэрадынаміцы шырока выкарыстоўваецца матэм. мадэляванне з дапамогай ЭВМ.
Літ.:
Струминский В.В. Аэродинамика и молекулярная газовая динамика. М., 1985;
ЭВМ в аэродинамике: Пер. с англ.М., 1985;
Киреев В.И., Войновский А.С. Численное моделирование газодинамических течений. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКЛА́Й ДЭ ТО́ЛІ (Міхаіл Багданавіч) (24.12.1761, маёнтак Помуш, цяпер у Пакруойскім раёне Літвы — 25.5.1818),
расійскі палкаводзец і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1814). Выхадзец з шатл. роду, які ў 17 ст. перасяліўся ў Прыбалтыку. Удзельнік руска-турэцкай 1787—91 і руска-шведскай 1788—90 войнаў, т.зв. Польскай кампаніі 1792—94 — задушэння паўстання Т.Касцюшкі (штурм Вільні, знішчэнне атрада С.Грабоўскага каля Гродна). Камандзір дывізіі, корпуса ў руска-пруска-французскую 1806—07 і руска-шведскую 1808—09 войны. З мая 1809 галоўнакаманд. фінл. арміяй і ген.-губернатар Фінляндыі. З 1810 чл.Дзярж. савета. У студз. 1810 — вер. 1812 ваен. міністр, адначасова камандаваў 1-й Зах. арміяй, сфарміраванай у Літве і Зах. Беларусі (сак. — вер. 1812). У час вайны 1812 да 17 жн. фактычна кіраваў баявымі дзеяннямі рас. войскаў, у Барадзінскай бітве 1812 камандаваў правым флангам і цэнтрам баявога парадку. У замежных паходах рускай арміі 1813—14 галоўнакаманд. руска-прускай арміяй. З 1815 галоўнакаманд. 1-й рас. арміяй. У 1817 суправаджаў цара Аляксандра І у яго падарожжы па Беларусі; выступаў супраць ваен. пасяленняў.
Літ.:
Балязин В.Н. Фельдмаршал М.Б. Барклай-де-Толли: Жизнь и полководческая деятельность. Киев, 1990;
Тотфалушин В.П. М.Б.Барклай де Толли в Отечественной войне 1812 г. Саратов, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТАК ((Bartók) Бела) (25.3.1881, Надзьсентміклаш, Венгрыя, цяпер г. Сынікалаў-Марэ, Румынія — 26.9.1945),
венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук.прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг.сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.Кошута 1948.
Літ.:
Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫЧЭ́ЛІ (Botticelli; сапр.Алесандра ды Марыяна Філіпепі; Alessandro di Mariano Filipepi) Сандра
(каля 1445, Фларэнцыя — 17.5.1510),
італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Філіпа Ліпі. Раннія работы вызначаліся яснай прасторавай пабудовай, дакладным малюнкам, увагай да бытавых дэталяў. З канца 1470-х г. быў набліжаны да двара Медычы і гуманістычных колаў Фларэнцыі. Творчасць Батычэлі мае рысы адухоўленасці, арыстакратычнай вытанчанасці. У карцінах «Вясна» (каля 1477—78), «Нараджэнне Венеры» (каля 1483—84) і інш. стварыў паэтычна абагульненыя, гарманічныя вобразы, поўныя светлага летуцення. Далікатнасць фігур, лёгкія трапяткія лінейныя рытмы, празрыстасць фарбаў ствараюць атмасферу элегічнага смутку. У партрэтах з выключнай тонкасцю і вастрынёй раскрыў складаныя нюансы ўнутр. стану чалавека. На яго творчасць значна паўплывалі сац. перамены ў Фларэнцыі ў 1490-я г., што выявілася ў павышаным драматызме і экспрэсіі вобразаў, маралізатарстве і рэліг. экзальтацыі («Святы Себасцьян», 1474; «Пакланенне вешчуноў», 1477; «Паклёп», пасля 1495; «Сцэны з жыцця св. Зіновія», каля 1505; фрэскі «Святы Аўгусцін», 1480; серыя фрэсак з жыцця Майсея і Хрыста ў Сіксцінскай капэле Ватыкана, 1481 — 82; малюнкі да «Боскай камедыі» Дантэ, 1492—97).
Літ.:
Боттичелли: Сб. материалов о творчестве: Пер. с фр., англ., итал. М., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел.нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ.дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел.паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел.сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-вабел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел.навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.А.Тарашкевічам, С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАНЖЭ́ ((Béranger) П’ер Жан дэ) (19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),
французскі паэт. Развіваў традыцыі франц.нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.Агняцвет, А.Дудар, А.Зарыцкі, Н.Мацяш і інш.