РУБА́НАЎ (Уладзіслаў Якаўлевіч) (15.12.1952, в. Аляксандраўка 1-я Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.7.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). Працаваў у друку, у т. л. ў час. «Полымя», з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1972. У кн. «Вокны без фіранак» (1981) даследаваў маральна-этычныя і сац.-псіхал. аспекты жыцця вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, праблемы чалавека ў горадзе. У зб-ках апавяд. і аповесцей «Пахі адталай зямлі» (1984), «Цёплы пух адуванчыкаў» (1987), «Таямніца птушынага гнязда» (1989, Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І.Мележа 1990), «Светлы ручай любві» (1990) імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі, прыроды. Паэтычны вобраз Мінска стварыў у аповесці «Каштаны» (1982). Аўтар рамана «Не аднойчы забіты» (1994).
Л.С.Савік.
т. 13, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)