ПРОТАЗАО́ЗЫ,

група хвароб жывёл, якія выклікаюцца паразітычнымі прасцейшымі. Шырока распаўсюджаны. Узбуджальнікі паразітуюць у розных тканках і органах, напр., у плазме (трыпанасомы) ці клетках крыві (піраплазмы, бабезіі), у эпітэліі кішэчніка (балантыдыі), печані, нырак (какцыдыі), палавых органаў (трыхаманады) і інш. Перадаюцца праз корм, піццё, таксама кляшчамі, насякомымі-крывасмокамі, кантактным шляхам. П. праходзяць востра, хранічна або ў форме паразітаноснасці. На Беларусі адзначаюцца анаплазмоз, балантыдыёз, какцыдыёз, піраплазмідозы, трыхаманоз і інш.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁМЕТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

узнікненне сілы адштурхоўвання паміж 2 паверхнямі, якія размешчаны ў разрэджаным газе і вытрымліваюцца пры розных т-рах. Тлумачыцца тым, што малекулы газу адскокваюць ад гарачай паверхні з большай кінетычнай энергіяй, чым малекулы, якія ўзаемадзейнічаюць з халоднай паверхняй. У выніку паверхня халоднай пласціны, павернутая да гарачай, атрымлівае большы імпульс, чым процілеглая. На Р.э. заснаваны прынцып работы радыяметра Крукса (вяртушкі Крукса) і радыёметрычнага манометра.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́Н УСЯСЛА́ВІЧ (?—1116?),

полацкі князь у пач. 12 ст. Сын Усяслава Брачыславіча. На думку гісторыка В.​Л.​Яніна, быў старэйшым сынам Усяслава і княжыў у Полацку з 1101. Паводле інш. даследчыкаў, адзін з малодшых Усяславічаў, валодаў нейкім удзелам. У розных летапісах смерць Р.У. датуецца 1113, 1114 і 1116, яна наступіла ў Разані, куды князь трапіў, як мяркуецца, у выніку міжусобіцы ў Полацкай зямлі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПЛЕ́ЦІН (Аляксандр Андрэевіч) (25.8.1908, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 8.3.1967),

расійскі вучоны і канструктар у галіне радыётэхнікі і электронікі. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Ленінградскі эл.-тэхн. ін-т (1936). З 1930 у розных НДІ, праектных арг-цыях і ўстановах АН СССР. Навук. працы па радыётэхніцы, электроніцы і стварэнні тэлевіз. апаратуры. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1958.

А.А.Расплецін.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССВІДРО́ЎКА,

шматлязовы металарэзны інструмент для чыставой апрацоўкі адтулін. Складаецца з рабочай часткі, шыйкі, хваставіка, мае звычайна 6—12 зубоў, што надае ёй высокую ўстойлівасць і павышаную ў параўнанні са свердлам жорсткасць. Бываюць для машыннай (выкарыстоўваюць на станках) і ручной апрацоўкі. Паводле формы адтуліны адрозніваюць цыліндрычныя, канічныя і ступеньчатыя; паводле формы зубоў — з прамымі і вінтавымі зубамі; паводле канструкцыі — суцэльныя, зборныя і інш.

Рассвідроўкі розных тыпаў.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖА ВЯТРО́Ў,

вектарная дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці. Звычайна складаецца паводле шматгадовых паказчыкаў за месяц, сезон або год. Уяўляе сабой кружок (або кропку), ад якога разыходзяцца прамяні ў напрамку асн. румбаў гарызонту. Даўжыня кожнага праменя прапарцыянальная паўтаральнасці вятроў дадзенага напрамку. Ў сярэдзіне кружка лічбамі пазначаецца паўтаральнасць штыляў. Канцы адрэзкаў звычайна злучаюць ломанай лініяй. Р.в. улічваецца пры планаванні буд-ва жылых мікрараёнаў і прамысл. прадпрыемстваў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЭНО́»

(Renault S.A.),

аўтамабільны канцэрн Францыі. Засн. ў 1895 прадпрымальнікам Л.​Рэно. У 2-ю сусв. вайну прадпрыемствы канцэрна знішчаны больш чым на 80%. У 1945 нацыяналізаваны, з 1990 акц. т-ва. З 1979 супрацоўнічае з канцэрнам «Вольва», у 1993 абедзве фірмы аб’ядналіся пад назвай «Рэно-Вольва-Атаматыў». Спецыялізуецца на выпуску легкавых і грузавых аўтамабіляў тыпу «Рэно» розных мадыфікацый і цягнікоў. Штаб-кватэра ў г. Булонь-Біянкур.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДРУ́ЖНАСЦІ МО́РА У Індыйскім ак. каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж Зямлёй Эндэрбі і Зах. шэльфавым ледавіком. Пл. каля 260 тыс. км². Глыб. да 500 м на Пд і больш за 3000 м на Пн. Б.ч. года ўкрыта дрэйфуючымі льдамі. Шмат айсбергаў. На беразе С.м. — аўстрал. навук. станцыі Моўсан і Дэйвіс. Названа ў 1962 удзельнікамі сав. антарктычнай экспедыцыі у азнаменаванне сумесных доследных работ экспедыцый розных дзяржаў у Антарктыцы.

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛА́НЦЬЕЎ (Юрый Васілевіч) (10.4.1919, г. Краснадар, Расія — 20.12.1983),

расійскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1940). З 1948 скрыпач-канцэртмайстар і асістэнт дырыжора Маскоўскага сімф. аркестра. З 1958 маст. кіраўнік і гал. дырыжор створанага ім эстрадна-сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыёвяшчання. Аўтар муз. твораў розных жанраў: рапсодыя «Адыгейскі зафак» (1973), «Камсамольская сімфонія» (1976), балет «Юнацтва» (1976—77) і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЮ́ХА.

цыяноз, сінюшная афарбоўка скуры і слізістых абалонак чалавека. Больш відавочная на твары, губах, пальцах рук і ног. Абумоўлена высокай колькасцю ў крыві адноўленага гемаглабіну (больш за 50 г/л пры норме да 30 г/л). Бывае сімптомам розных захворванняў (найб. часта назіраецца пры дыхальнай недастатковасці і захворваннях сэрца); пры прыроджаных пароках сэрца бывае прыроджаная С. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.

М.​З.​Ягоўдзік.

Сінюха блакітная.

т. 14, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)