змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.
Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл.Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл.Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі, БПА.
Літ.:
Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ.М., 1961;
Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;
Иванов АП. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БЫ (Pisces),
падклас сківічнаротых водных пазваночных. Вядомы з дэвону (каля 410 млн.г.назад). 5 кл.: 3 выкапнёвыя — акантоды, плакадэрмы і крылапанцырныя (Pterichthyes) і 2 сучасныя — храстковыя рыбы і касцявыя рыбы. Больш за 25 тыс. відаў (сучасных больш за 20 тыс. — каля 50% усіх відаў пазваночных), з якіх большасць (96%) складаюць касцявыя рыбы. Кісцяпёрыя Р., магчыма, далі пачатак наземным пазваночным. Пашыраны Р. паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. Жывуць у разнастайных экалагічных умовах: пры дыяпазоне т-р ад -2,1 °C (антарктычныя воды) да 50 °C (тэрмальныя крыніцы), вытрымліваюць салёнасць да 70%. Многія Р. робяць міграцыі дзеля размнажэння, адкорму і зімоўкі. На Беларусі адзначана 58 (59) відаў з 17 сям. Р. з атр.акунепадобных, асетрападобных, вугрападобных, карпападобных, ласосепадобных, траскападобных; з іх 46 (47) відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 194 віды і падвіды Р., у Чырв. кнігу Беларусі — 5 відаў.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 20 м і больш, маса ад 1,5 г да 14 тон. Цела двухбакова-сім. (акрамя камбалападобных), разнастайнай формы. Канечнасці ў выглядзе няпарных і парных плаўнікоў (часам адсутнічаюць). Скура ўкрыта лускою, зрэдку з касцявымі пласцінкамі або голая. Шкілет храстковы або касцявы. Сэрца двухкамернае, адзін круг кровазвароту. Дыхаюць жабрамі, некат. (дваякадыхальныя) маюць дадатковыя органы дыхання, т.зв. «лёгкія». Галаўны мозг невял., прымітыўны. Кішэчнік слаба дыферэнцыраваны на аддзелы, часта ёсць піларычныя прыдаткі — сляпыя вырасты, якія адкрываюцца ў сярэднюю кішку; у іх ідзе дадатковае ператраўліванне корму. Большасць Р. мае плавальны пузыр. У многіх відаў добра развіты нюх, дотык, зрок, слых. Некат. маюць эл. органы. Спецыфічныя для Р. органы бакавой лініі ўспрымаюць водныя ваганні. У глыбакаводных Р. ёсць органы свячэння. Паводле спосабу жыўлення Р. — планктафагі, бентафагі, дэтрытафагі, фітафагі і драпежнікі. Размнажэнне — пераважна шляхам адкладвання ікры, ёсць жывародныя (сярод храстковых). Р. — адна з асн. крыніц харч. бялку, займаюць важнае месца ў харчаванні чалавека і яго гасп. дзейнасці. Агульны гадавы адлоў Р. ў свеце складае каля 75 млн.т (з прэсных вод — каля 10 млн.т). Узнаўленне некат. Р. падтрымліваецца развядзеннем на рыбаводных заводах, у сажалках і рыбагадавальніках. У многіх краінах вядзецца аквакультура і марыкультура. Пашырана акварыумнае рыбаводства (гл.Акварыум, Акварыумныя рыбы), аматарскі лоў і рыбалоўны спорт. Навука аб Р. — іхтыялогія.
Літ.:
Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;
Яго ж. Экология рыб. 3 изд. М., 1974;
Жизнь животных. Т. 4. 2 изд. М., 1983;
Wheeler A. The World encyclopedia of fïshes. London, 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТАІ́ЗМ (ад яп. сінта літар. — шлях багоў),
нацыянальная рэлігія Японіі, якая склалася на аснове стараж. політэістычных вераванняў жыхароў яп. астравоў не менш як 2000 г.назад. Тэрмін «С.» выкарыстоўваецца з канца 6 — пач. 7 ст.н.э., каб адрозніваць уласна яп.рэліг. традыцыю ад распаўсюджаных у Японіі будызму і канфуцыянства. У С. няма заснавальніка, свяшчэнных кананічных тэкстаў, распрацаванага веравучэння. У яго аснове — вера ў існаванне шматлікіх нябачных божастваў (камі), абагаўленне прыроды, культ. продкаў. Лічыцца, што божастваў-камі існуе каля 8 млн. і яны нябачна жывуць паўсюдна побач з людзьмі. Да іх адносяцца духі рэк, азёр, гор, далін, дрэў, камянёў, боскія продкі яп. народа, божаствы-ахоўнікі асобных мясцовасцей і рамёстваў, душы памерлых імператараў, знакамітых военачальнікаў, пісьменнікаў, вучоных і інш. Сінтаісцкі пантэон узначальвае багіня Сонца, родапачынальніца імператарскага роду Аматэрасу — дачка першай боскай пары Ідзанакі і Ідзанамі (Нябесны Бацька і Зямная Маці), якія стварылі Яп. астравы і ўсіх багоў. Гал. сінтаісцкае свяцілішча — храм Аматэрасу ў г. Ісе. Вернікі не павінны штодзённа наведваць храмы і маліцца багам; дастаткова ўдзельнічаць у гал. святах і рабіць прынашэнні на выкананне некат. рэліг. абрадаў і рытуалаў. Важную ролю ў абраднасці С. адыгрывае рытуал ачышчэння чалавека, які найчасцей зводзіцца да сімвалічнага ачышчэння вадой твару і рук перад уступленнем чалавека ў храм. Перад уваходам у храм знаходзяцца вароты (торыі), якія сімвалізуюць пераход чалавека з паўсядзённай прасторы ў сакральную (свяшчэнную) зону. Людзі ўносяць у храм грашовыя ахвяраванні, ускладаюць для камі ахвярапрынашэнні (звычайна ў выглядзе страў, напіткаў) і ўзносяць да камі маўклівую малітву; набываюць там разнастайныя амулеты і талісманы. Асн. змест малітваў у С. — просьба да камі пра дапамогу, абарону ці выяўленне ўдзячнасці. Звычайна абрады, звязаныя з нараджэннем і шлюбам, праводзяцца ў адпаведнасці з сінтаісцкім рытуалам, а пахавальныя — з будысцкім. Важную ролю ў С. адыгрываюць святы ўраджаю, сустрэчы Новага года, святкаванні, прысвечаныя камі-ахоўнікам пэўных родаў і тэрыторый; ушаноўваюцца таксама імператар і яго боскія продкі. Часам японцы робяць паломніцтва да свяшчэнных гор, вадаспадаў і там выконваюць адпаведныя рэліг. рытуалы. У Японіі больш за 80 тыс. сінтаісцкіх свяцілішчаў. Памаліцца божаствам і прынесці ім сімвалічныя ахвяры можна і перад хатнім алтаром (камідана). Свяшчэннаслужыцелямі могуць быць і мужчыны, і жанчыны. У студз. 1946 выдадзены імператарскі эдыкт, паводле якога імператар адракаўся ад свайго боскага паходжання і абвяшчаў, што адносіны паміж тронам і народам трымаюцца выключна на ўзаемных даверы і любові. Існуе таксама сектанцкі С. (больш за 10 сектаў).
Літ.:
Светлов Г.Е. Путь богов: (синто в истории Японии). М., 1985;
Синтоизм и конфуцианство. М., 1994;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ.М., 1996. Т. 2. С. 491—610;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ФЫ (грэч. Skythai),
агульная назва плямён паўн.-іранскай моўнай групы, якія насялялі Паўн. Прычарнамор’е ў 7 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. Паводле розных меркаванняў С. — выхадцы з Сярэдняй Азіі ці Сібіры. У 7 ст. да н.э. яны перасяліліся ў Паўн. Прычарнамор’е, выцесніўшы адтуль кімерыйцаў. С. рабілі паходы ў М.Азію, заваявалі Мідыю, Сірыю, Палесціну, панавалі ў Пярэдняй Азіі, адкуль у пач. 6 ст. да н.э. іх выцеснілі мідыйцы. Асн. іх месца рассялення — тэр. паміж Донам і Дунаем, стэпавы Крым. Паводле Герадота, пануючымі былі царскія С., што жылі паміж Дняпром і Донам; паміж Інгулам і Дняпром жылі С.-земляробы, правабярэжжа Ніжняга Дняпра і Крым займалі С.-качэўнікі. С. валодалі ганчарным, кавальскім, ювелірным майстэрствам; гандлявалі з грэч. гарадамі Паўн. Прычарнамор’я збожжам, футрам, жывёламі, рабамі. Паліт. аб’яднанню С. садзейнічала вайна ў 512 да н.э. з перс. царом Дарыем I (гл.Дарый). Саюз плямён набыў рысы дзяржавы. Улада цара была спадчыннай, але абмежавана саюзнай радай і нар. сходам. Да 340-х г. да н.э. цар Атэй завяршыў аб’яднанне С. ад Азоўскага мора да Дуная. Адм. і гандлёва-эканам. цэнтр іх дзяржавы размяшчаўся ў Ніжнім Падняпроўі каля сучаснага г. Нікапаль. У 4—3 ст. да н.э. вядомы іх т.зв. царскія курганы (Чартамлык, Салоха, Тоўстая магіла, Мелітопальскі, Куль-Аба і інш), у якіх выяўлены бронзавыя шлемы, панцыры, шчыты, лукі, коп’і і інш. У 3 ст. да н.э. пад націскам сарматаў сталіца С. перанесена ў Крым, дзе на р. Салгір (каля г. Сімферопаль) узнік Неапаль скіфскі. Дзяржава С. дасягнула росквіту ў 2 ст. да н.э., калі яны падпарадкавалі Ольвію і ўладанні Херсанеса. У выніку паражэння ў 108—107 да н.э. ў вайне з Мітрыдатам Скіфія была аслаблена, але ў 2-й пал. 1 ст.н.э. зноў узмацнела. Скіфскае царства ў Крыме існавала да 2-й пал. 3 ст. і знішчана готамі. У эпоху Вялікага перасялення народаў С. канчаткова растварыліся сярод мноства плямён. У 4—3 ст. да н.э. на Пд Беларусі ў выніку кантактаў са С. з’явіліся бронзавыя наканечнікі стрэл з трыма і дзвюма лопасцямі. Рэчы скіфскага тыпу знаходзяць на Беларусі пры раскопках помнікаў зарубінецкай культуры. Зрэдку сустракаюцца на помніках мілаградскай культуры, напр. гарадзішча і бескурганны могільнік каля в. Асарэвічы Брагінскага р-на (наканечнікі скіфскіх стрэл і акінак з загнутымі ўгару канцамі наверша).
Літ.:
Смирнов А.П. Скифы. М., 1966;
Граков Б.Н. Скифы. М., 1971;
Хазанов А.М. Социальная история скифов. М., 1975;
Яго ж. Золото скифов. М., 1975;
Шелов Д.Б. Северное Причерноморье 2000 лет назад. М., 1975;
Брашинский И.Б. В поисках скифских сокровищ. Л., 1979;
Куклина И.В. Этногеография Скифии по античным источникам. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (ГРУ́ПА)КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), кайназой, верхняя група агульнай стратыграфічнай шкалы і адпаведная ёй найноўшая эра геал. гісторыі Зямлі. Пачалася каля 67 млн. гадоў назад і цягнецца да цяперашняга часу. Назву прапанаваў англ. геолаг Дж.Філіпс у 1861.
Падзяляецца на палеагенавую, неагенавую (да 1960 аб’ядноўваліся ў трацічную сістэму) і чацвярцічную (антрапагенавую) сістэмы (перыяды), якія складаюцца з 7 аддзелаў (эпох): палеацэну, эацэну і алігацэну; міяцэну і пліяцэну; плейстацэну і галацэну. У кайназоі адбываліся інтэнсіўныя гораўтваральныя рухі, фарміравалася сучаснае аблічча мацерыкоў і акіянаў, рэльефу і ландшафтных зон. За час альпійскай складкавасці, якая ахоплівае кайназой, утварыліся самыя высокія горныя ланцугі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага ак., на Пд Еўропы і Азіі і інш. К.э. (г.) адзначана павелічэннем кантрастнасці паміж кліматычнымі паясамі наступленнем агульнага пахаладання, якое суправаджалася магутнымі мацерыковымі зледзяненнямі Антарктыды (у алігацэне), паўн.ч. Амерыкі, Еўразіі (у міяцэне) і сярэдніх шырот Паўн. паўшар’я (у плейстацэне). Глабальнае пахаладанне аказала істотнае ўздзеянне на фауну і флору зямнога шара. Дамінуючае становішча ў фауне занялі млекакормячыя. У палеацэне з’явіліся першыя прыматы. Але толькі ў адкладах верхняга кайназою знойдзены косці прымітыўных людзей, таму гэты перыяд называюць антрапагенавым. Змены відавога складу флоры на блізкі да сучаснага адбыліся ў алігацэне. Кайназойскія асадкі намнажаліся пад уплывам частых змен марскіх і кантынентальных умоў. Сярод адкладаў кайназою трапляюцца біяліты (паклады э металагенічнымі анамаліямі, багатымі жал. і поліметал. рудамі), тоўшчы алювіяльных і прыбярэжна-марскіх парод з радовішчамі металаў і бурштыну ў россыпах. У покрыўнай тоўшчы палярных і ўмераных шырот значнае месца займаюць адклады, звязаныя з дзейнасцю ледавікоў.
На Беларусі трапляюцца акумуляцыі К.э.(г.) усіх сістэм і аддзелаў. Іх магутнасць дасягае 300—400 м. Палеагенавыя пароды пашыраны на Пд. Яны прадстаўлены марскімі мергелямі, алеўрытамі і пяскамі палеацэну (сумская світа), эацэну (канеўская, бучацкая і кіеўскія світы), алігацэну (харкаўская світа і ніжняя ч. палтаўскай серыі). Неагенавыя кварцавыя пяскі, гліны і буры вугаль таксама часцей трапляюцца ў паўд.ч., хоць маюць кантынентальнае паходжанне. Найб. магутную тоўшчу К.э.(г.) утвараюць чацвярцічныя (плейстацэнавыя) адклады. Па стратыграфічнай паўнаце, магутнасці, разнастайнасці генет. тыпаў, сувязі з сучасным рэльефам, багацці выкапнёвай флоры і фауны чацвярцічныя адклады Беларусі адносяцца да ліку эталонных у Еўропе. Туг пашыраны марэны ўсіх плейстацэнавых зледзяненняў сярэдніх шырот. Вял. плошчы займаюць водналедавіковыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Паміж ледавіковымі пародамі трапляюцца міжледавіковыя тарфы, гітыі, сапрапеліты. Плейстацэнавая тоўшча характарызуецца фацыяльнай стракатасцю, хуткай зменлівасцю парод па распасціранні, перарывамі паміж слаямі, звязанымі з размывамі і глыбокімі эразійнымі і экзарацыйнымі далінамі, пераадкладаннем арган. і інш. рэшткаў, моцнай гляцыядыслацыраванасцю і адарванасцю, пераносамі парод былым ледавіком. Завяршае К.э.(г.) эпоха «геалагічнай сучаснасці» — галацэн. Кайназойская тоўшча змяшчае радовішчы бурага вугалю, тугаплаўкіх, вогнетрывалых і керамічных глін, шкловага пяску, буд. матэрыялаў (пяску, жвіру, гліны), торфу, сапрапелю і праяўленні фасфарытаў, глаўканітаў, бурштыну і інш. Паверхня парод К.э.(г.) выкарыстоўваецца ў гасп. дзейнасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), палеазой (ад палеа... + грэч. zoē жыццё),
першая пасля пратэразою (дакембрыю) эратэма агульнай стратыграфічнай шкалы адкладаў зямной кары фанеразою; папярэднічае мезазойскай эратэме (эры) і адпавядае палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Вылучана ў 1837 англ. геолагам А.Седжвікам. Падзяляецца на кембрыйскую, ардовікскую, сілурыйскую, дэвонскую, каменнавугальную і пермскую сістэмы (перыяды; гл. адпаведныя арт.). Пачалася 570 млн.г.назад, доўжылася каля 340 млн. гадоў.
Утвораныя ў дапалеазойскі час платформы ў Паўн. (Кіт.-Карэйская, Паўн.-Амерыканская, Сібірская, Усх.-Еўрапейская) і Паўд. (Антарктычная, Аравійская, Афрыканская, Аўстралійская, Індастанская, Паўд.-Амерыканская) паўшар’ях існавалі на працягу палеазойскай эры. Яны неаднаразова апускаліся і заліваліся морамі, у якіх намнажаліся марскія асадкі; на кантынентах фарміраваліся чырванаколерныя пароды, у паглыбленнях — вугляносныя тоўшчы (Данбас, Рурскі бас. і інш.) і эвапарытавыя ўтварэнні (Перадуральскі прагін і інш.). На працягу палеазою адбываліся вял. тэктанічныя рухі, якія суправаджаліся інтэнсіўным вулканізмам і гораўтварэннем (каледонская складкавасць, герцынская складкавасць). У канцы палеазою паўн. платформы ўтварылі суперкантынент Лаўразію, паўд. — Гандвану, якія раздзяляліся акіянам Тэціс.
У арган. свеце на пачатку эры з’явіліся жывёльныя арганізмы з цвёрдым мінералізаваным шкілетам, у кембрыі — археацыяты, трылабіты, беззамковыя брахіяподы, у ардовіку—сілуры — грапталіты, імшанкі, наўтыліды, канадонтаносьбіты; у дэвоне — ганіятыты, гастраподы, замковыя брахіяподы, каралы; у карбоне—пермі — фарамініферы, пеліцыподы і інш. З пазваночных, асабліва ў дэвоне, шырока вядомы рыбы, у карбоне—пермі — разнастайныя земнаводныя. Істотныя змены адбыліся і ў раслінным свеце: у кембрыі—ардовіку пераважалі водарасці, у сілуры з’явіліся першыя расліны сушы (псілафіты), у дэвоне — мохападобныя, прапапараці, членістасцябловыя. Каменнавугальны перыяд характарызуецца росквітам дрэвападобных раслін (асн. крын ша намнажэння вугалю), пермскі — пашырэннем хвойных, з’яўленнем цыкадавых і гінгкавых. З адкладамі эратэмы звязаны багацейшыя радовішчы каменнага вугалю, нафты, мінер. солей, фасфарытаў, жал. руд, медзі, золата і інш.
На Беларусі вядомы ўтварэнні ўсіх перыядаў палеазойскай эры. Адклады сістэм: кембрыйскай (гліны, пясчанікі, алеўраліты, магутнасцю да 430 м), ардовікскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, магутнасцю да 150 м) і сілурыйскай (арганагенныя вапнякі, мергелі, гліны, магутнасцю да 630 м) пашыраны ў Брэсцкай ўпадзіне і на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы; дэвонскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, пясчанікі, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, вулканагенныя ўтварэнні, ніжнедэвонскія магутнасцю да 80 м, сярэднедэвонскія да 200 м і верхнедэвонскія да 3000—3500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і месцамі ў Брэсцкай упадзінах, на Жлобінскай і Латвійскай седлавінах, усх. схілах Бел. антэклізы; каменнавугальнай (пясчанікі, гліны, глініста-мергельныя пароды з праслоямі вапнякоў, даламітаў, бурых вуглёў, магутнасцю ад некалькіх метраў да 1000 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, на крайнім ПдЗ Валынскай монакліналі; пермскай (чырванаколерныя пясчанікі, гліны, даламіты, гіпсы і інш., магутнасцю 30—500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне, на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Да адкладаў палеазою прымеркаваны радовішчы нафты, каменнай і калійных солей, даламітаў, гаручых сланцаў, даўсаніту, пітных і мінеральных вод, расолаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХАЛІ́Н,
востраў каля ўсх. ўзбярэжжа Азіі, у Сахалінскай вобл. Расіі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Ад мацерыка аддзелены Татарскім пралівам (у вузкім месцы наз. Невяльскога), Амурскім ліманам і Сахалінскім зал., ад Японскіх а-воў — пралівам Лаперуза. Пл. 76,4 тыс.км². Даўж. 948 км, шыр. ад 27 да 160 км. Берагі слаба парэзаныя, буйныя залівы Аніва і Цярпення, п-вы Шміта, Цярпення, Таніна-Аніўскі, Крыльёнскі рэзка выступаюць у мора. Уздоўж берагоў цягнуцца Зах.-Сахалінскія (выш. да 1330 м, г. Онар) і Усх.Сахалінскія горы (выш. да 1609 м, г. Лапаціна). Паміж імі Тым-Паранайская нізіна, на Пн — Паўн.-Сахалінская раўніна. Бываюць землетрасенні да 8 балаў (на Пн). Карысныя выкапні: нафта, газ, кам. і буры вугаль, золата. Клімат мусонны, больш халодны пад уплывам Ахоцкага м. летам і сіб.кантынент. мусону зімой. Найб. цёплае паўд.-зах. ўзбярэжжа С. (уплыў Цусімскага цячэння). Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пд да -24 °C на Пн, жн. ад 19 °C на Пд да 10 °C на Пн. Ападкаў за год 500—600 мм на раўнінах, да 1200 мм у гарах. Рэкі кароткія, мнагаводныя; найб. — Тым і Паранай. Шмат дробных азёр, балот. Ёсць тэрмальныя і мінер. крыніцы. Глебы тарфяна-падзоліста-балотныя, алювіяльныя лугава-дзярновыя, у гарах бура-таежныя, трапляюцца горныя падзолістыя. Каля 2/3тэр. занята лясамі. На Пн лістоўнічная тайга, у цэнтр.ч. лясы з аянскай елкі і сахалінскай піхты. На ПдЗ мяшаныя лясы з ліянамі (актынідыя, лімоннік, вінаград), на З — з падлескам з курыльскага бамбуку. У гарах зараснікі каменнай бярозы і кедравага сланіку. Жывёльны свет сіб. тыпу, збеднены астраўной ізаляцыяй. Трапляюцца мядзведзь, собаль, вавёрка, бурундук, расамаха. Птушыныя кірмашы (кайры, тапаркі, бакланы). Лежбішчы марскіх жывёл (сівуч, марскі коцік). Паранайскі запаведнік. Звесткі пра гаспадарку, карту гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
С. заселены больш за 4 тыс гназад, яго найстараж. насельнікі — тончы, айны, ніўхі, эвенкі. Першымі з еўрапейцаў берагі вострава ўбачылі рус. казакі атрада І.Ю.Масквіціна ў 1640, у 1643 — галандскі мараплавец М.Г. дэ Фрыз. Першыя звесткі пра С. атрыманы ўдзельнікамі паходу рус. землепраходца В.Д.Паяркава (1643—46). Даследаванне С. пачата ў 18—19 ст. экспедыцыямі француза Ж.Ш.Лаперуза, рус. І.Ф.Крузенштэрна і Г.І.Невяльскога. З сярэдзіны 19 ст. рускія пачалі гасп. асваенне вострава. Паводле рус.-яп. дагавора 1875 прызнаны ўладаннем Расіі. З 1860-х г. С. — месца ссылкі і катаргі. Пасля паражэння Расіі ў рус.-яп. вайне 1904—05 Паўд. С. адышоў да Японіі. У 1920 Японія акупіравала і паўн. частку С., якая з 1925 зноў у складзе РСФСР. 20.10.1932 тут утворана Сахалінская вобл. У канцы 2-й сусв. вайны (жн. 1945) Паўд. С. заняты сав. войскамі і ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 перададзены СССР. У 1946 тут утворана Паўд.-Сахалінская вобл.; у студз. 1947 яна скасавана, яе тэр. ўключана ў Сахалінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́ТАННЕ, сватаўство, сваты,
даўні звычай наладжвання шлюбу ў многіх народаў свету, калі жаніх пасылае сваіх прадстаўнікоў (сватоў) да бацькоў нявесты прасіць яе сабе за жонку; адзін з этапаў падрыхтоўчага перыяду вяселля, у час якога бацькі і нявеста даюць згоду на шлюб. На Беларусі — рэгіянальная назва дружкі (Пружаншчына, Слонімшчына). У С. найчасцей ехалі бацька жаніха, яго старэйшы брат, дзядзька або хто-небудзь з блізкіх сваякоў, абавязкова жанатыя і не ўдаўцы. На ПдЗ Беларусі ў С. магла ўдзельнічаць і замужняя жанчына. Самога жаніха звычайна не бралі. Нярэдка за гал. свата запрашалі каго-небудзь са старонніх, хто добра ведаў рытуалы С. Звычайна сватаць ехалі ў аўторак, чацвер, суботу або напярэдадні якога-небудзь свята ўначы без папярэдняй дамоўленасці або пасля яе. У першым выпадку сваты частавання і падарункаў не бралі, у другім — бралі. Часта сваты прыходзілі нечакана ў будны дзень, каб паглядзець парадак у хаце, як выглядае і апранута нявеста ў час працы.
Перад ад’ездам у С. сватоў частавалі, благаслаўлялі, жадалі поспеху. Сваты не павінны былі адразу заходзіць у хату, а стукалі ў акно і прасілі пусціць іх нанач, выдаючы сябе за падарожных, паляўнічых, купцоў і г.д. Увайшоўшы ў хату, сваты не адразу гаварылі пра мэту прыходу, спыняліся перад першай бэлькай, не віталіся за руку, не ішлі адразу да стала, а калі іх запрашалі, садзіліся на лаву каля сцяны ад двара (паводле нар. прыкмет, садзіцца на лаву каля сцяны ад вуліцы азначала, што адзін з маладых аўдавее). У час С. гаварыліся спец. прымаўкі, прыказкі, намёкі, прыгаворы, іншасказанні, умоўныя формулы. У большасці формул захаваліся рэшткі паляўнічага, жывёлагадоўчага, земляробчага спосабаў жыцця продкаў, водгукі стараж звычаю куплі-продажу нявесты. У С. ездзілі нярэдка да трох разоў. Другі раз прыязджалі з жаніхом. Калі сваты заходзілі ў хату, нявеста хавалася. А калі яе запрашалі выйсці да сватоў, усяляк аднеквалася. Часам яна не хавалася, а дэманстравала перад сватамі сваю працавітасць. Сватоў частавалі (абавязкова былі сыр і яешня), потым сват і бацька нявесты паціскалі адзін аднаму рукі, папярэдне накрыўшы іх крысом.
У час С. бакі гаварылі пра падрыхтоўку да вяселля і тэрмін запоін. Пра пасаг дамаўляліся папярэдне. Перад ад’ездам сватоў маці нявесты давала ім загорнуты ў ручнік свой рытуальны хлеб, які, як і хлеб жаніха, называўся мінельнікам, і бутэльку з-пад гарэлкі, у якую насыпала жыта і абвязвала яе каляровым поясам. У выпадку адмовы ад шлюбу аднаго з бакоў апошні адсылаў мінельнік назад, а нявесце, акрамя таго, вярталі з бутэлькай жыта. У выпадку адмовы сяброўкі нявесты імкнуліся ўваткнуць у сані або воз сватоў дзяркач («галень»), Нярэдка з воза сватоў сяброўкі нявесты выбіралі сена і салому і пасыпалі імі сцежкі да сваіх хат, што павінна было азначаць хуткі прыезд да іх сватоў. Калі нявеста абвязвала сватоў ручнікамі, гэта з’яўлялася знакам згоды на шлюб. Пасля С. спраўлялі заручыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва эпохі першабытнага грамадства. Пачатковыя імпульсы выяўл. дзейнасці вядомы ў неандэртальцаў, фарміраванне П.м. адносіцца да позняга палеаліту і паяўлення сучаснага чалавека (40—30 тыс.г.назад). Найб.стараж. помнікі П.м. выяўлены ў Зах. Еўропе, пераважна на тэр. Францыі і Іспаніі (наскальныя размалёўкі ў пячоры Альтаміра і інш.), Афрыцы (наскальныя выявы на плато Тасілін-Аджэр), а таксама ў Італіі, Аўстрыі, Чэхіі, на Урале, Каўказе і інш. У абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, эскімосаў Канады, некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі і Паўн.-Усх. Сібіры П.м. захавалася да нашых часоў. Першапачаткова П.м. не было аформлена ў асобны від дзейнасці і было звязана з прац. працэсам, паляўнічай (пазней і аграрнай) магіяй, выяўляла асн. жыццёвыя інтарэсы і светаўяўленне першабытнага чалавека, адухоўленне сіл прыроды (гл.Анімізм), культ жывёл — прабацькоў роду (гл.Татэмізм) і інш. Сярод матываў П.м. пашыраны гравіраваныя, рэльефныя і жывапісныя выявы (гл.Наскальнае мастацтва) жывёл — аб’ектаў палявання, схематычныя фігуры чалавека, каменныя і касцяныя статуэткі жанчын з гіпертрафіраванымі формамі цела і схематызаванымі галовамі (т. зв. «палеалітычныя Венеры», магчыма, звязаныя з культам прамаці), абагульнена-выразныя скульпт. фігуркі жывёл і іх гравіраваныя выявы на косці і камені, просты геам. арнамент на посудзе і прыладах працы, пятрогліфы. Помнікі П.м. эпохі палеаліту вызначаюцца яркай, стыхійнай рэалістычнасцю перадачы знешняга выгляду, звычак жывёл. У познім палеаліце зарадзілася архітэктура: паглыбленыя ў зямлю жытлы, дамы на па́лях, культавыя комплексы з вял. камянёў (гл.Кромлех, Дальмен) і інш. У мастацтве мезаліту павялічваецца схематызм, пашыраюцца шматфігурныя кампазіцыі, выявы чалавека ў дзеянні (сцэны паляванняў, бітваў і інш.). Развіццё керамікі, ткацтва, металаапрацоўкі абумовіла пашырэнне і ўскладненне мастацтва арнаменту, спрыяла вылучэнню дэкар.-прыкладнога мастацтва ў самаст. від творчай дзейнасці. На мяжы бронзавага і жал. вякоў у сцяпных стэпавых народаў Еўразіі пашырыўся «звярыны стыль». У перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносін пачалі ўзнікаць развітыя віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.
На тэр. Беларусі знаходкі выяўл. П.м. вядомы з мезалітычнага часу (арнаментаваныя касцяныя наканечнікі, гравіраваныя выявы мужчын і звяроў). На неалітычных стаянках сустракаюцца арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, зубоў, бурштыну, дробныя пластычныя выявы людзей, жывёл і птушак з дрэва, рогу, косці. Арнамент на керамічным посудзе пераважна штампаваны і пракрэслены, складзены з ямак, наколаў, насечак, грабеньчатых адбіткаў, ліній. У канцы неаліту і ў бронзавым веку паявіліся сімвалічныя выявы нябесных свяціл, а таксама сімвалы плоднасці. Для ранніх этапаў бронзавага веку Беларусі характэрна суіснаванне маст. традыцый мясц. паляўнічых з абстрактным стылем маст. творчасці земляробаў. У П.м. жал. веку на Беларусі развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва. Буйныя скульптурныя формы, характэрныя для канца жал. веку, прадстаўлены каменнымі ідаламі. Адчуваліся ўплывы з Прычарнамор’я, Цэнтр. Еўропы і Прыбалтыйскага рэгіёна.
Літ.:
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Мириманов В.Б. Первобытное и традиционное искусство. М., 1973;
Мировая художественная культура: Хрестоматия. [Т.] 1. Художественная культура первобытного общества. СПб., 1994;
Столяр А.Д. Происхождение изобразительного искусства. М., 1985;
Формозов А.А. Памятники первобытного искусства на территории СССР. 2 изд. М., 1980.
С.У.Пешын, М.М.Чарняўскі.
Да арт.Першабытнае мастацтва. Першабытны мастак. З мал. З.Бурыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.