СУ́МЧАТЫЯ (Marsupialia),

атрад млекакормячых інфракласа ніжэйшых звяроў (Metatheria). 2 падатр., 9 (16) сям., каля 250 відаў. Вядомы з ніжняга мелу Паўн. Амерыкі (каля 190 млн. г. назад). Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, а таксама на а-вах Вял. Зондскія, Тасманія, Н.​Гвінея, у Паўд., Цэнтр. і Паўн. Амерыцы; акліматызаваны ў Н.​Зеландыі. Насяляюць разнастайныя ландшафты і вадаёмы. Сярод інш. да С. адносяцца: апосумы, вамбат, каала, кенгуровыя, цэналеставыя. 33 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. ад 4 да 300 см, маса да 90 кг. Раслінаедныя, насякомаедныя, драпежныя, ёсць усёедныя. Размнажэнне ад 1 да некалькіх разоў за год. Самкі большасці відаў маюць вывадковую сумку (адсюль назва), у якую адкрываюцца саскі (2—6) малочных залоз. Дзіцяняты нараджаюцца слабаразвітымі і развіваюцца ў сумцы (да 250 сут), дзе прымацоўваюцца да саска, з якога малако выпырскваецца пры скарачэнні спец. мышцаў.

Літ.:

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. М., 1973;

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989;

Акимушкин И.И. Мир животных: Млекопитающие, или звери. 4 изд. М., 1998.

Э.​Р.​Самусенка.

Сумчатыя: 1 — трусіны бандыкут; 2 — хобатнагаловы кускус; 3 — плямістахвостая сумчатая куніца; 4 — плямісты кускус; 5 — сумчаты д’ябал; 6 — карлікавая сумчатая мыш; 7 — сумчаты крот.

т. 15, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)