КРЫ́НЧЫК Георгій Сяргеевіч (6.8.1927, в. Брожа Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 5.12.1998),
расійскі вучоны-магнітолаг; заснавальнік сучаснай магнітаоптыкі ферамагнетыкаў. Д-р фіз.матэм. н. (1963), праф. (1967). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950), дзе і працаваў з 1954. Навук. працы па фізіцы магн. з’яў, фундаментальных і прыкладных праблемах магнітаоптыкі. Развіў агульную фенаменалагічную тэорыю магнітааптычных з’яў у бігіратропных асяроддзях, распрацаваў магнітааптычныя метады вымярэння магнітных характарыстык тонкага (каля 0,01 мкм) паверхневага слоя ферамагнетыкаў і шырыні даменных межаў. Выявіў з’яву намагнічвання крышталя магнітным полем светлавой хвалі, у 1977 зарэгістраваную як адкрыццё.
Тв.:
Магнитооптика. М., 1980 (разам з А.А.Касцюрыным);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОП (Bopp) Франц (14.9.1791, г. Майнц, Германія — 23.10.1867),
нямецкі мовазнавец. Чл. Прускай АН (з 1822). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Праф. Берлінскага ун-та (1821—64). Заснавальнік параўнальна-гіст. вывучэння індаеўрап. моў і параўнальнага мовазнаўства. Даследуючы марфалагічную структуру слоў у санскрыце, прыйшоў да высновы аб граматычным падабенстве гэтай мовы са стараж. мовамі Еўропы, што дазволіла ўявіць першасную структуру граматычных формаў (найперш дзеяслоўных) у гэтых мовах (кн. «Сістэма спражэння ў санскрыце ў параўнанні з грэчаскай, лацінскай, персідскай і германскімі мовамі», 1816). У 1833—49 выпускамі выходзіла яго «Параўнальная граматыка санскрыту, зенду, грэчаскай, лацінскай, літоўскай, гоцкай і нямецкай моў». Аўтар «Крытычнай граматыкі санскрыту» (1834); выдаў шэраг стараж.-індыйскіх тэкстаў і перакладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТКІН Сяргей Пятровіч (17.9.1832, Масква — 24.12.1889),
рускі тэрапеўт; заснавальнікфізіял. кірунку ў медыцыне і школы рус. клініцыстаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу (1861). Упершыню ў Расіі стварыў клініка-эксперым. лабараторыю (1861), дзе даследаваў фізіял. і фармакалагічнае дзеянне лякарстваў. Распрацаваў шэраг пытанняў паталогіі ўнутр. органаў, інфекц. хвароб (у т. л. пра інфекц. прыроду т.зв. катаральнай жаўтухі — хвароба Боткіна; гл.Гепатыт інфекцыйны), дыягностыку і лячэнне блукальнай ныркі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-палявой тэрапіі. Увёў ін-тсан. урачоў (1886), адкрыў у Пецярбургу бясплатную амбулаторыю (1861), бальніцу (1880), заснаваў Жаночыя ўрачэбныя курсы (1872).
Тв.:
Курс клиники внутренних болезней и клинические лекции. Т. 1—2. М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСПАСІЯ́Н Ціт Флавій (Titus Flavius Vespasianus; 17.11.9, Фалакрыны, каля г. Рыеты, Італія — 24.6.79),
рымскі імператар [69—79], заснавальнік дынастыі Флавіяў. Нарадзіўся ў сям’і конніка, першы імператар несенатарскага паходжання. У часы Тыберыя ўвайшоў у склад сената. Камандаваў адным з рэйнскіх легіёнаў, удзельнічаў у заваяванні Паўд. Брытаніі. У 51 абраны консулам. У 67 удзельнічаў у задушэнні антырым. руху (гл.Іудзейская вайна 66—73). Летам 69 легіёны ўсх. правінцый абвясцілі Веспасіяна імператарам. Ажыццявіў шэраг рэформаў (у т. л. пашырыў на правінцыялаў права на рым. грамадзянства), умацаваў сац. базу імперыі, увёў новыя падаткі, скараціў армію і інш. Падтрымліваў навуку і мастацтва. У часы Веспасіяна ўзведзены шматлікія будынкі ў Рыме (у т. л. Калізей) і ў правінцыях. Біяграфія Веспасіяна выкладзена Светоніем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л.бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧКІН Васіль Прохаравіч (29.1.1868, в. Выкса Ніжагародскай вобл., Расія — 21.9.1935),
рускі вучоны, заснавальнік навукі пра с.-г. тэхніку. Акад. УАСГНІЛ (1932); ганаровы чл.АНСССР (1932). Скончыў Маскоўскія ун-т (1890) і вышэйшае тэхн. вучылішча (1894). З 1913 кіраваў арганізаванай ім машынавыпрабавальнай станцыяй пры Маскоўскім с.-г. ін-це. У 1919—20 рэктар Пятроўскай (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэміі, у 1929 дырэктар, потым кансультант Усесаюзнага ін-та с.-г. механікі (пазней — с.-г. машынабудавання). Распрацаваў тэарэт. асновы разліку і пабудовы с.-г. машын і прылад, метады іх эксперым. даследаванняў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. 2 изд. М, 1968.
Літ.:
Дубровский А.А. Академик В.П.Горячкин: Биогр. очерк. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗЫ (Guise) дэ, французскі арыстакратычны род, адгалінаванне Латарынгскага герцагскага дома; у перыяд Рэлігійных войнаў 16 ст. ўзначальвалі католікаў. Заснавальнік роду — Клод (1496—1550), сын герцага Латарынгіі Рэнэ II, у 1506 натуралізаваўся ў Францыі, герцаг Гізы з 1528. Франсуа (1519—63), сын Клода, праславіўся абаронай Меца ад войск імператара Карла V (1552) і ўзяццем у англічан Кале (1558). Разам з братам Шарлем (1525—74), кардыналам Латарынгскім, фактычна кіраваў краінай пры Францыску II. Франсуа расправіўся з гугенотамі (1560), арганізаваў крывавую разню іх у Васі (1562). Генрых (1550—88), сын Франсуа, адзін з арганізатараў Варфаламееўскай ночы (1572), узначальваў Каталіцкую лігу 1576. Прэтэндаваў на каралеўскі трон. Забіты паводле загаду караля Генрыха III. З заканчэннем рэліг. войнаў род Гізаў заняпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ Мікалай Мікалаевіч (13.1.1826, с. Алфер’еўка Пензенскай вобл., Расія — 13.12.1911),
рускі фізікахімік, заснавальнікрус. школы фізікахімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Казанскі ун-т (1848). З 1849 у Медыка-хірург. акадэміі, з 1855 у Харкаўскім ун-це (з 1859 праф.), з 1886 у хім. лабараторыі Пецярбургскай АН. Навук. працы па фіз. хіміі. Адкрыў здольнасць магнію і цынку выцясняць іншыя металы з іх соляў (1863). Атрымаў бязводныя аксіды шчолачных металаў (1870). Выявіў магчымасць аднаўлення металаў з іх аксідаў алюмініем, што дало пачатак алюмінатэрміі. Вызначыў фіз. хімію як самаст.навук. дысцыпліну.
Тв.:
Избранные произведения по физической химии. Харьков, 1955.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецов Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КАЎ Мітрафан Барысавіч (да 1911 Мартышчанка Мітрафан Паўлавіч; 15.6.1882, хутар Шарпаеўка, Растоўская вобл., Расія — 27.11.1934),
рускі жывапісец, заснавальніксав. батальнага жывапісу. Вучыўся ў Адэскім маст. вучылішчы (1898—1903), Пецярбургскай АМ (1903—11). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1925). Аўтар карцін «Тачанка» (1925), «Кавалерыйская атака», «Трубачы Першай коннай арміі», «Атрад Будзённага» (абедзве 1934) і інш., у якіх з гіст. дакладнасцю, пераканаўча ўзнавіў гераічныя будні грамадз. вайны, атмасферу 1920-х г. Ініцыятар стварэння дыярам і панарам (эскізы дыярам «Штурм Перакопа», 1931; «Абарона Царыцына», 1933, і інш.). Імя Грэкава прысвоена Студыі ваенных мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕНБА́Х (Offenbach; сапр.Эбершт; Eberscht) Жак
(20.6.1819, Кёльн — 4.10.1880),
кампазітар, дырыжор, віяланчэліст. Заснавальнікфранц. класічнай аперэты. З 1833 у Парыжы. Вучыўся ў Ф.Галеві (кампазіцыя). Іграў у тэатр. аркестрах, выступаў як віяланчэліст і дырыжор. У 1855—62 кіраваў створаным ім т-рам «Буф-Парызьен». Аўтар сусветна вядомых аперэт: «Арфей у пекле» (1858), «Прыгожая Алена» (1864), «Парыжскае жыццё» (1866), «Перыкола» (1868), «Дачка тамбурмажора» (1879) і інш. У цэнтры большасці аперэт Афенбаха — з’едлівая сатыра, пародыя на бурж.-арыстакратычнае грамадства. Музыка Афенбаха адметная вытанчанасцю, палкай танц. рытмікай. З твораў лірычнага плана вылучаецца рамант. опера «Казкі Гофмана» (1881; паст. ў Мінску ў 1941, 1983).