ВЕСПАСІЯ́Н Ціт Флавій
(Titus Flavius Vespasianus; 17.11.9, Фалакрыны, каля г. Рыеты, Італія — 24.6.79),
рымскі імператар [69—79], заснавальнік дынастыі Флавіяў. Нарадзіўся ў сям’і конніка, першы імператар несенатарскага паходжання. У часы Тыберыя ўвайшоў у склад сената. Камандаваў адным з рэйнскіх легіёнаў, удзельнічаў у заваяванні Паўд. Брытаніі. У 51 абраны консулам. У 67 удзельнічаў у задушэнні антырым. руху (гл. Іудзейская вайна 66—73). Летам 69 легіёны ўсх. правінцый абвясцілі Веспасіяна імператарам. Ажыццявіў шэраг рэформаў (у т. л. пашырыў на правінцыялаў права на рым. грамадзянства), умацаваў сац. базу імперыі, увёў новыя падаткі, скараціў армію і інш. Падтрымліваў навуку і мастацтва. У часы Веспасіяна ўзведзены шматлікія будынкі ў Рыме (у т. л. Калізей) і ў правінцыях. Біяграфія Веспасіяна выкладзена Светоніем.
т. 4, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)