КАНЮШЫ́НА (Trifolium),

род двухдольных кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, некат. віды ёсць ў гарах Паўд. Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых. Найб. вядомыя К.: гібрыдная, або ружовая (T. hybridum), лутавая, або чырвоная (T. pratense), паўзучая, або белая (T. repens). 8 інтрадукаваных: К. александрыйская, або егіпецкая, бурсіма (T. alexandrinum), бледна-жоўтая (T. ochroleucum), валасістагаловая (T. trichocephalum), каўказская (T. caucasicum), мяса-чырв. (T. incarnatum) і інш. Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць. К. лубінавая (T. lupinaster) і чырванаватая (T. rubens) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі ці верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльна-крайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і інш. суквеццях. Плод — дробны струк. Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лек., меданосная і дэкар. расліна.

Г.​У.​Вынаеў.

Канюшына: 1 — чырванаватая; 2 — лубінавая.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),

расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.​Шлеермахера, Г.​Гегеля, Ф.​В.​Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус. правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.

Тв.:

Критика и эстетика. М., 1979;

Избр. статьи. М., 1984.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,

раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).

В.​В.​Краснова.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНО́ЦІ ((Menotti) Джан Карла) (н. 7.7.1911, Кадэльяна, каля г. Варэсе, Італія),

амерыканскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі (1923—27), у Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі (1928—33), у 1941—45 выкладаў у ім. З 1928 у ЗША. У 1958 заснаваў у г. Спалета (Італія) «Фестываль двух светаў» (італьян. і амер. музыкі; з 1977 дубліруецца ў г. Чарлстан, штат Паўд. Караліна, ЗША). З 1974 жыве ў Шатландыі. Яго оперы (больш за 20; многія ставіў як рэжысёр на ўласныя лібрэта) вылучаюцца яскравай тэатральнасцю, меладычным багаццем: «Медыум» (паст. 1946; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1989), «Тэлефон» (1947), «Консул» (1950), «Амал і начныя госці» (тэлеопера, 1951), «Святая з Блекер-стрыт» (1954; усе Нью-Йорк), «Марыя Галавіна» (паст. 1958), «Апошні дзікун» (паст. 1963), «Лабірынт» (тэлеопера; 1963), «Самы важны чалавек» (паст. 1971), «Таму-таму» (паст. 1973), «Герой» (паст. 1976), «Вар’ятка» (паст. 1979), «Гоя» (паст. 1986). Аўтар балетаў «Себасцьян» (паст. 1944), «Падарожжа ў лабірынт» (паст. 1947), «Аднарог, Гаргона і Мантыкора» (паст. 1956); сімфоніі «Зацішша» (1976), сімф. паэмы «Апакаліпсіс» (1951), канцэртаў для фп. (1945), скрыпкі (1952) з арк.; камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп. і інш.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,

мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.

Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.

У.​М.​Сацута.

Млын вадзяны ў в. Вузла Мядзельскага раёна.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РКВА (Daucus),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Паўд. Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы і Аўстраліі. У культуры вядома з 2 ст. да н.э., у Еўропе — з 14 ст. н.э. На Беларусі 1 дзікарослы від (D. carota) з тонкім неядомым караняплодам зрэдку трапляецца ў хмызняках, на схілах, каля дарог. Культывуецца М. пасяўная (D. sativus).

Двух-, зрэдку адна- і шматгадовыя травы з галінастым сцяблом выш. да 100 см. Караняплоды рознай формы і колеру. Лісце перыста-рассечанае. Дробныя кветкі ў складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Насенне, асабліва дзікіх відаў, мае спецыфічны пах і багатае эфірнымі алеямі. М. пасяўная — адна з асн. агароднінных раслін, вырошчваецца таксама на корм. У культуры двухгадовая расліна, з патоўшчаным сакавітым караняплодам аранжавага, жоўтага, белага, ружовага і фіялетавага колеру. Аранжавыя карані багатыя правітамінам A — карацінам. Лек., харч., кармавая, меданосная расліна.

Літ.:

Переднев В.П. Как вырастить и сохранить морковь. Мн., 1986;

Переднев В.П., Макаревич А.И. Морковь на грядке, на столе и в народной медицине. Мн., 1998.

У.​П.​Пярэднеў.

Морква: 1 — часткі расліны; 2 — сорт Шантэнэ; 3 — сорт Парыжская карацель 443, 4 — сорт Валерыя; 5 — падвіды ўсходняй (азіяцкай) морквы.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),

наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.

Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).
Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕЛІ́ЗМ у літаратуры,

аднародная сінтаксічна-кампазіцыйная пабудова аднатыпных элементаў паэтыкі (з’яў, вобразаў, матываў і інш.), якія супастаўляюцца паміж сабой і размяшчаюцца паралельна ў двух ці трох сумежных сказах, радках, строфах; адна са стылістычных фігур. У некат. сваіх формах П. бывае блізкі да параўнання, але ў адрозненне ад яго не толькі супастаўляе з’явы, а выконвае і кампазіц. функцыю. Здаўна пашыраны ў вуснай нар. творчасці (быліны, песні, прымаўкі, прыказкі), засвоены пісьмовай л-рай (на ім у многім заснаваны паэт. стыль Бібліі).

Выдзяляюць П.: псіхалагічны (суаднясенне з’яў чалавечага жыцця са з’явамі прыроды): «Над ракою ў спакою // Зацвітала каліна; // У сяле за ракою // Вырастала дзяўчына; // Да зялёнай каліны // Прылятала зязюля; // Да дзяўчыны-каліны // Удаваўся Януля» (Я.​Купала. «Над ракою ў спакою...»); сінтаксічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх радкоў); страфічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх строф); адмоўны (адмаўленне падкрэслівае не розніцу, а блізкасць асн. адзінак супастаўляемых з’яў, прадметаў): «Не лясы шумяць, // Не дубравы гамоняць, // Плача бацька, маці: // На паход, бач, звоняць» (М.​Чарот «Атаман»). Па аналогіі са славесна-вобразным, або сінтакс., П. гавораць пра славесна-гукавы (алітэрацыя, рыфма), рытмічны (страфа і антыстрафа ў стараж.-грэч. лірыцы), кампазіцыйным (паралельныя сюжэтныя лініі ў рамане) П. і інш.

Т.​І.​Шамякіна.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),

умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст. Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.

Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.​В.​Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.​П.​Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.​Безміна, І.​Максімава, С.​Ушакова, М.​Чаглокава і інш.

У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.

Да арт. Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,

сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.

Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.

З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.

Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)