прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн.хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл.Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв.прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв.малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.
Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн.біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ.М., 1987;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;
Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр.М., 1990.
У.М.Рашэтнікаў.
Да арт.Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАІ́ЦІ (Haïti),
Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,9 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).
Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс.ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс.ж., Ганаіў — 63 тыс.ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.
Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр.з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш.с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.
Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах.ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх.ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.К.Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.Б.Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыяАмер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.Прэваль. Гаіці — чл.ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер.эканам. супольнасці. Найб.паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСТВА,
саслоўе свецкіх землеўладальнікаў, якое валодала спадчыннымі прывілеямі; адзін з пануючых класаў у феад. грамадстве. Першапачаткова значэнне рус. тэрміна «Д.» і зах.-еўрап. тэрмінаў, якія перакладаюцца як Д., не зусім ідэнтычнае: на Русі — гэта пры сваім узнікненні ваенна-служылы слой, які проціпастаўляецца баярству, у Зах. Еўропе тэрміны (noblesse у Францыі, nobility у Англіі, Adel у Германіі) першапачаткова азначалі арыстакратыю, знаць (ад лац. nobilis знатны). З умацаваннем цэнтралізаванай дзяржавы і аб’яднаннем усіх свецкіх феадалаў у адзінае саслоўе гэтыя тэрміналагічныя адрозненні знікалі. Д. належала прамое паліт. панаванне ў феад. грамадстве. Асновай яго паліт. і эканам. магутнасці была ўласнасць на зямлю. Сярод інш. саслоўяў Д. вылучалася становішчам, прывілеямі, выхаваннем, побытам, асобым кодэксам дваранскай маралі.
У Заходняй Еўропе Д. фарміравалася па меры станаўлення феад. саслоўяў, але канчаткова як адзінае саслоўе свецкіх феадалаў складвалася разам з ліквідацыяй феад. раздробленасці ў саслоўных і абсалютных манархіях. У асяроддзі Д. існавала пэўная іерархія, падзел на вышэйшае і ніжэйшае Д. (не заўсёды замацаваны юрыдычна): бароны і рыцары ў Англіі, гранды і ідальга ў Іспаніі, магнаты і шляхта ў Польшчы і ВКЛі г.д. Да вышэйшага Д. прылічвалі найб.стараж. арыстакратычныя роды. Дваранскую іерархію ў некат. ступені адлюстроўвалі шматлікія тытулы — герцаг, маркіз, граф, барон, віконт і інш. Становішча Д., ступень яго адасобленасці ад інш. саслоўяў, паўната яго прывілеяў у розных краінах былі розныя. У Францыі Д. было вызвалена ад падаткаў, жыло за кошт рэнты, служыла ў арміі або пры двары, у дзярж. апараце. Лічылася, што праца, прадпрымальніцтва, гандаль прыніжаюць дваранскую годнасць. Вышэйшае Д. звычайна з’яўлялася носьбітам сепаратысцкіх памкненняў на карысць феад. раздробленасці, ніжэйшае служыла апорай каралеўскай улады ў палітыцы цэнтралізацыі. У некат. краінах спецыфічныя ўмовы развіцця прывялі да непасрэднага паліт. панавання Д. — пры аслабленні каралеўскай улады («шляхецкая рэспубліка» ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст.). Са стварэннем феад.-абсалютысцкай дзяржавы Д. гуртуецца вакол каралеўскай улады. Ва ўмовах абсалютызму крыніцай існавання Д. акрамя феад. рэнты становіцца яшчэ т.зв. цэнтралізаваная рэнта, якая раздавалася каралеўскай уладай у выглядзе жалавання, пенсій, субсідый. У ходзе развіцця капіталіст. адносін адна частка Д. здолела да іх прыстасавацца, стала на шлях бурж. прадпрымальніцтва, другая па-ранейшаму трымалася за чыста феад. формы гаспадарання і паступова разаралася. Знішчэнне Д. як прывілеяванага саслоўя і яго паліт. панавання было адной з задач бурж. рэвалюцый. Аднак Д. звычайна ўдавалася зберагчы некат. прывілеі. Гэтаму садзейнічала і зліццё ў перыяд капіталізму часткі Д. з буржуазіяй. Асабліва доўга, калі не юрыдычна, то фактычна, захоўваліся такія прывілеі Д., як каставасць каманднага складу арміі, вярхоў дзярж. апарата, дыпламат. корпуса, дваранскія тытулы і інш.
У краінах Усходу Д. найб. выразна акрэслілася ў Японіі ў выглядзе ваенна-феад. саслоўя (бусі), якое ўключала буйных князёў (дайме) і шматлікі слой дробнага ваеннага Д. — самураяў. У Кітаі феад. іерархія ўключала 6 тытулаў: ван, гун, хоу, бо, цзы, нань. У краінах мусульм. Усходу пры юрыд. роўнасці ўсіх мусульман перад законам на практыцы існавала дакладнае размежаванне насельніцтва на «знаць» і «просты народ».
У Расійскай дзяржаве Д. як ніжэйшая праслойка феад. ваенна-служылага саслоўя ўзнікла ў 12—13 ст., складала двор князя або буйнога баярына. Дваранамі наз.т.зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайск. службы ў князёў і найб. багатых баяр. У працэсе аб’яднання рус. зямель у цэнтралізаваную дзяржаву Д. стала сац. і ваен. апорай вял. князя ў барацьбе з феад. міжусобіцамі. Судзебнік 1497 юрыдычна прызнаў Д. катэгорыяй пануючага класа феадалаў. Паводле перапісу 1678, дваране валодалі 85% прыгонных двароў. З 17 ст. радавое Д. запісвалася ў дзярж. радасловец і Аксамітную кнігу. Адмена месніцтва і ўказ Пятра 1 пра адзінаспадчыннасць (1714) ліквідавалі розніцу паміж Д. і баярамі і злілі іх у адзін клас Д. У 18 ст. правы і прывілеі Д. пашыраны: у 1722 яно атрымала прывілеі на дзярж. і вайск. службу, у 1762 манаполію на землеўладанне і вызвалена ад абавязковай дзярж. службы, у 1785 неабмежаваныя правы над прыгоннымі сялянамі. У выніку сял. рэформы 1861 Д. страціла неабмежаваныя правы над сялянамі і частку зямель, але захавала пануючае становішча ў кіраванні дзяржавай, паліт. жыцці, вял. зямельныя ўладанні. У канцы 19 ст. ў еўрап.ч. Расіі 30 тыс. памешчыцкіх сем’яў (каля 150 тыс.чал.) мелі 70 млн. дзесяцін зямлі, а 10,5 млн.сял. гаспадарак (каля 50 млн.чал.) — 75 млн. дзесяцін.
У Беларусі ў Д. пераведзена шляхтаВКЛ, якая атрымала дваранскія правы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1770-я г. Кацярына II раздавала рус. дваранам надзелы з дзесяткамі тысяч дзяржаўных прыгонных. У Магілёўскай губ. Завадоўскі атрымаў 25 860 прыгонных, Пацёмкін — 14 250, Зорыч — 11 800, Румянцаў — 11 100 і г.д. 3 развіццём капіталіст. адносін пачаўся эканам. заняпад часткі Д. Але і пасля адмены прыгону Д. ў Беларусі захавала пануючае становішча. Дваранам належалі ўсе адм. пасады ў губернях, права кіраваць установамі па сял. і вайск. справах, прызначаць міравых суддзяў. Па ўдзельнай вазе дваранскага землеўладання Беларусь займала 2-е месца ў еўрап.ч. Расіі пасля прыбалт. губерняў. У Беларусі было 14 магнацкіх сем’яў, ва ўласнасці якіх у 1870—80-я г. знаходзілася чацвёртая частка агульнай плошчы памешчыцкай зямлі (у Патоцкіх 261 тыс.дзес., Радзівілаў 178 тыс.дзес., Пуслоўскіх 160,1 тыс.дзес., Тышкевічаў 148,6 тыс.дзес. і інш.). Найб. ўладанні былі ў кн. П.Л.Вітгенштэйна — больш за 790 тыс.дзес. Як саслоўе Д. скасавана дэкрэтам ЦВК і СНК ад 24.11.1917 «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».
Літ.:
Люблинская АД. Франция в начале XVII в (1610—1620 гг.). Л., 1959;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг.: Состав, численность, корпоративная организация. М., 1979;
Каханоўскі А.Г. Дваранства Беларусі ў другой палове XIX ст.: Склад і сацыяльнае аблічча // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж, асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),
расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміжрамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.Чарот, М.Грамыка, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Лужанін, У.Хадыка, П.Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.Міровіч і Л.Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.Панчанкі, М.Танка, К.Кірэенкі, А.Русецкага, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, П.Макаля, С.Гаўрусёва, У.Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.Дзяркач, М.Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.Лужанін, Р.Лынькоў), Т.Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.Вітка і Р.Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, В.Жуковіч, К.Крапіва, Куляшоў, Г.Пашкоў, М.Танк, У.Шахавец, А.Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1955—61;
Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг.М., 1978;
Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;
Выбр. творы. Мн., 1952;
Кім быць? Мн., 1932;
Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміжСССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДА,
у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П, паза якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.
У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш.Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.
Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд.г. назад) і прайшло складаны шлях біял.эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл.Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзуарган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл.Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл.Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл.Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл.Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаўрэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс.га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс.га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл.Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл.Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл.Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб.гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл.Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).
Літ.:
Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
В.С.Аношка, А.М.Петрыкаў.
Да арт.Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТЫМЕНТАЛІ́ЗМ (франц. sentimentalisme ад англ. sentimental пачуццёвы),
плынь у еўрапейскай маст. культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Сфарміравалася ў л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах пад уплывам ідэалогіі эпохі Асветніцтва і ранняга рамантызму як альтэрнатыва рацыяналістычнай зададзенасці і нарматыўнасці класіцызму. Узнікла пад уплывам дэмакратызацыі грамадскага жыцця, пераадольвання яго саслоўнай ізаляванасці, пераходу ад феад. да бурж. грамадскіх адносін, барацьбы за свабоду асобы і свабоднага выяўлення яе гуманных пачуццяў.
У літаратуры С. зарадзіўся ў Англіі ў канцы 1720-х г., сфарміраваўся там у 1740—50-я г. (С.Рычардсан, Дж.Томсан, Э.Юнг, Т.Грэй, Л.Стэрн і інш.), тэарэт. абгрунтаванне атрымаў у сац.-філас. і літ. творах Ж.Ж.Русо і ў грамадска-літ. руху «Бура і націск» (Германія). У рус. л-ры быў дваранскім гуманістычна-асветніцкім кірункам (М.Карамзін, І.Дзмітрыеў, В.Капніст, ранні В.Жукоўскі). Асаблівасць С. як літ.-маст. і эстэт. плыні — яго недастатковая храналагічная акрэсленасць: сентыментальныя рэмінісцэнцыі і рэпрызы, характэрныя для большасці посткласіцысцкіх маст. метадаў і кірункаў — рамантызму, крытычнага рэалізму, натуралізму, сацыялістычнага рэалізму, некат. мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх плыняў.
У бел. л-ры С. — адна з плыняў бел.-польскага рамантызму 1-й пал. 19 ст.Найб. поўна выявіўся ў творчасці Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, часткова ў паэзіі У.Сыракомлі, ранняй паэзіі і драматургіі В.Дуніна-Марцінкевіча. Пры гэтым рамантычныя ідэалы дамінуюць у іх польскамоўнай паэзіі, а сентыментальная арыентацыя на маральнае асветніцтва, гармонію паміж класамі і саслоўямі грамадства, дыдактыку і зварот да простага народа — у бел. творах, разлічаных на сялянства і фальварковую шляхту (вершы Чачота «Да мілых мужыкоў», «Як добра, калі мужык...», «Плакала бяроза ды гаварыла...», «Паночкі, нашы кветачкі...», «Ой, чаму ж ты, зязюлечка...»; вершы Баршчэўскага «Дзеванька», «Да Юліі», балада «Дзве бярозы»), Класічнымі ўзорамі С. ў бел. л-ры з’яўляюцца лібрэта камічнай оперы Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1844, апубл. 1846), яго вершаваная аповесць «Гапон» (1855), вершы «Літвінка», «Галубкі», «Смутак на чужыне», прасякнутыя ідэяй гармоніі грамадскіх адносін, акцэнтацыяй маральных крытэрыяў ацэнкі людскіх учынкаў, ідэалізацыяй натуральнай культуры і вясковага побыту, культам пачуццёвасці. Лепшыя здабыткі С. ўвайшлі ў бел. класічную і сучасную л-ру.
У выяўленчым мастацтве і архітэктуры С. набыў некат. агульныя стылявыя прыкметы: пяшчотнасць, мяккасць мадэліроўкі і каларыстычных адценняў, паветранасць дэталей, вытанчанасць збудаванняў, прадметаў, фігур, лёгкасць, прастату і высакародства. Культ прыроды, натуральнага пачуцця, прыроджанай несапсаванасці людзей і маральнай чысціні нараджалі асаблівую духоўную атмасферу, у якой узнікалі маст. вобразы, поўныя шчырасці, душэўнай высакароднасці, прыроднай грацыі. Элегічныя і пастаральныя настроі, ідэалізацыя патрыярхальнага побыту, захаплення натуральнай прыродай наклалі адбітак на архітэктуру пейзажных паркаў і размешчаных у іх палацаў, павільёнаў, будынкаў, якія пераймалі сельскія і экзатычныя ўзоры (архітэктары У.Кент, У.Чэймберс у Вялікабрытаніі, Ж.А.Габрыэль, Р.Мік у Францыі, Ф.В.Эрдмансдорф у Германіі, Ч.Камерон, П.Г.Ганзага, В.Няелаў у Расіі). Для С. ўласцівы пяшчотныя, замілавальныя жаночыя, юнацкія і дзіцячыя вобразы (у скульптуры — Э.М.Фальканэ ў Францыі, М.Казлоўскі ў Расіі; у жывапісе — партрэты Т.Гейнсбара ў Вялікабрытаніі, Ж.Л.Вуаля, Э.-Л.Віжэ-Лебрэн у Францыі, У.Баравікоўскага ў Расіі), велічыня і меланхалічныя пейзажы з ант. руінамі і паркавымі пабудовамі (Ю.Рабер у Францыі, С.Шчадрын у Расіі). Папулярнасцю карысталіся творы Ж.Гроза, А.Каўфман, Ж.А.Фраганара, В.Гісландзі, Ф.Гвардзі і інш. У бел. мастацтве рысы С. найб. праявіліся ў творах І.Аляшкевіча, С.Богуша-Сестранцэвіча, Н.Сілівановіча.
У тэатрытэарэт. абгрунтаванне С. далі Ж.Ж.Русо («Ліст да Д’Аламбера аб відовішчах», 1758), Л.С.Мерсье («Аб тэатры, ці Новы вопыт пра драматургічнае мастацтва», 1773), Я.Ленц («Заўвагі пра тэатр», 1774). Пад уплывам С. ўзніклі жанры «слёзнай камедыі», мяшчанскай драмы. Прыёмы С. выкарыстаны ў драматургіі «Буры і націску», п’есах П.Бамаршэ, у ранніх творах Ф.Шылера, у меладрамах. У акцёрскім мастацтве ўвага звярталася на ўнутраны свет герояў, іх пачуцці (у супрацьпастаўленні з рацыяналістычным класіцызмам з яго пафаснасцю, дэкламацыйнай рыторыкай). Маўленне акцёраў набліжалася да побытавых інтанацый. Сярод прадстаўнікоў С. акцёры Д.Гарык (Вялікабрытанія), А.Каратыгіна, Я.Шушэрын (Расія). У сцэнаграфіі замест традыц. «палацавых» залаў для трагедый і нейтральных статычных інтэр’ераў для камедый з’явіліся маляўнічыя пейзажы, прадметы побыту простага люду.
У бел. драматургіі і тэатры С. у самаст. кірунак не склаўся. Існаваў сумесна з інш. плынямі ў асобных прыёмах і матывах і меў выразна дэмакр. акрэсленасць (спагада да бедных, замілаванне роднай прыродай). На сумежжы класіцызму і С. напісана лібрэта М.Радзівіла да оперы Я.Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784); матывы і элементы С. сустракаюцца ў «Сялянцы» Дуніна-Марцінкевіча, у жанрах драмы і меладрамы пач. 20 ст. («У іншым шчасці няшчасце схавана» К.Каганца, «Блуднікі» Л.Родзевіча, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «Апошняе спатканне» і «Ганка» У.Галубка, «На Купалле» М.Чарота, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча і інш.). У сцэн. мастацтве найб. выразна рысы С. выявіліся ў спектаклях Бел. вандроўнага т-ра ў 1-й пал. 1920-х г.
У музыцы быў звязаны з аднайменным літ. кірункам. Тэарэтыкі С. (К.Ф.Э.Бах, Ж.Ж.Русо, Д.Шубарт і інш.) лічылі музыку «мовай пачуццяў», здольнай «закрануць сэрцы слухачоў», адметная рыса якой — выразнасць мелодыі. Пад уздзеяннем С. ўзбагацілася вобразна-жанравая палітра музыкі, у оперы пашырылася супрацьлеглая класіцыстычнай эстэтыцы тэндэнцыя змешвання жанраў, у камічнай оперы, у т. л. ў Расіі — элементы драматызму, якія набліжалі яе да «слёзнай камедыі» («Добрая дачка» Н.Пічыні і інш.). Узнік новы муз.-драм. жанр — меладрама. У інстр. музыцы С. часткова праявіўся ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы. С. спрыяў росквіту сольнай песні з інстр. суправаджэннем любоўнага зместу: песні кампазітараў берлінскай школы, «расійская песня» (Ф.Дубянскі, В.Казлоўскі, Р.Цяплоў).
Літ.:
Маркус С.А. История музыкальной эстетики. Т. 1. М., 1959;
Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;
Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX — пачатку XX ст.Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НІЯ (Slovenija),
Рэспубліка Славенія (Republika Slovenija), дзяржава на Пдцэнтр.ч. Еўропы, на ПнЗ Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Аўстрыяй, на У з Венгрыяй, на Пд і ПдУ з Харватыяй, на З з Італіяй і абмываецца Трыесцкім зал. Адрыятычнага мора. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 1927, 6 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славенская. Сталіца — г.Любляна. Падзяляецца на 62 раёны. Нац. свята — Дзень дзяржаўнасці (25 чэрв.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Парламент — Дзяржаўны сход з 90 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Дзяржаўны савет (у ім 40 дэпутатаў, выбіраюцца на 5 гадоў і прадстаўляюць сац., эканам., прафес. і мясц. інтарэсы) — дарадчы орган, карыстаецца правам адкладальнага вета. Вышэйшая выканаўчая ўлада належыць ураду, які самастойны ў межах сваёй кампетэнцыі і падсправаздачны Дзярж. сходу.
Прырода. С. — пераважна горная краіна. На ПнЗ і Пн хрыбты Альпаў (усх.ч.), у т. л. Юлійскія Альпы з г. Трыглаў (2863 м). На Пдпаўн. ўскраіна Дынарскага нагор’я, у т. л. вапняковае плато Карст. Нізінныя і раўнінныя ўчасткі на З, каля ўзбярэжжа Адрыятычнага м. і на У. Ёсць радовішчы свінцова-цынкавых і медных руд, бурага вугалю і інш. Клімат на большай ч.тэр. ўмерана-кантынентальны. У міжгорных далінах т-растудз. ад 0 °C да -2 °C, ліп. 18—19 °C. На ўзбярэжжы клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў 800—1200 мм за год, у гарах месцамі больш за 2000 мм. Асн. рэкі — Сава і Драва (бас. Дуная). Горныя ледавіковыя і карставыя азёры. Горныя букавыя, дубовыя і хвойныя лясы займаюць каля 55% тэр., ёсць участкі са стэпавай расліннасцю (плато Карст), горныя лугі, на ўзбярэжжы міжземнаморскія хмызнякі. Жывёльны свет больш захаваўся ў гарах, там трапляюцца мядзведзі, рысі, дзікі, ваўкі, алені, серны і дзікія козы. Ёсць запаведнікі і заказнікі. Пячоры Скочыян уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць славенцы. Жывуць таксама харваты (3%), сербы (2%), баснійцы-мусульмане, венгры, італьянцы і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 70%), ёсць лютэране, уніяты, мусульмане. Сярэдняя шчыльн. каля 95 чал. на 1 км², на раўнінах і ў міжгорных далінах дасягае 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10—20 чал. на 1 км². У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Любляна — 330, Марыбар — 103,5, Цэле — каля 50. У прам-сці і буд-ве занята каля 45% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах — 35%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. С. насялялі ілірыйцы. У 1 ст.н.э. яе каланізавалі рымляне (значна раманізавана). З 6 ст. заселена славянамі (славенцамі). У 7 ст. яны ўтварылі княства Карантанія, якое напачатку ўваходзіла ў дзяржаву Сама, потым падпарадкоўвалася Баварыі (з 740—745) і Франкскай дзяржаве (з 788). Тут узніклі паселішчы ням. каланістаў (у Зах. С), у 11—13 ст. утварыліся княствы Карынтыя, Штырыя, Крайна, Горыца, Істрыя. З 1282 яны пад уладай аўстр. Габсбургаў (канчаткова з пач. 16 ст.), тэр. ядром С. з 1394 было герцагства Крайна. У час напалеонаўскіх войнаў большая ч. С. ўваходзіла ў Ілірыйскія правінцыі (1809—14) Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 славенскія землі зноў трапілі пад уладу Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Аўстра-Венгрыі тэр. С. 1.12.1918 увайшла ў новастворанае Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну землі С. акупіраваны ў ходзе Балканскай кампаніі 1941 і падзелены паміж Германіяй, Італіяй і Венгрыяй. Да 15.5.1945 яны вызвалены Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. Пасля абвяшчэння Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (29.11.1945) С. ўвайшла ў яе склад як адна з 6 рэспублік (з 1963 у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі). Уз’яднанню тэр. С. пасля 2-й сусв. вайны садзейнічалі Парыжскія мірныя дагаворы 1947. С. ўносіла значны ўклад у агульнаюгасл. эканоміку. На мяжы 1980—90-х г. улады С., як і суседняй Харватыі, сталі ініцыятарамі выхаду сваіх рэспублік са складу югасл. федэрацыі і тым самым распаду Югаславіі. Напачатку Саюз камуністаў С. (СКС) на чале з М.Кучанам прапаноўваў пераўтварыць Саюз камуністаў Югаславіі (СКЮ) у саюз самаст.рэсп. арг-цый, а югасл. федэрацыю — у канфедэрацыю незалежных рэспублік. Потым Кучан узначаліў працэс супраціўлення С. югасл. федэральным уладам («раздружэнне»).
У сак. 1990 Сацыяліст. Рэспубліка С. перайменавана ў Рэспубліку С. У крас. 1990 у краіне адбыліся першыя свабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамог саюз 7 партый «Дэмас»; прэзідэнтам С. выбраны Кучан (перавыбраны ў 1992 і 1997). 2.7.1990 парламент прыняў «Дэкларацыю аб суверэнітэце дзяржавы Славенія». На плебісцыце (праведзены 23.12.1990) 88,2% выбаршчыкаў выказаліся за дзярж. незалежнасць С. 25.6.1991 парламент прыняў акт аб незалежнасці С. (абвешчаны 26.6.1991 адначасова з Харватыяй). Паміж 27.6 і 7.7.1991 адбыліся сутыкненні паміж уведзенымі ў С. часцямі югасл. федэральнай арміі і славенскімі ўзбр. атрадамі («малая вайна»). Пры пасрэдніцтве Еўрап. супольнасцей (ЕС) і процістаянні з Харватыяй югасл. ўрад спыніў узбр. канфлікт і 29.7.1991 вывеў свае войскі з тэр. С., і яна стала незалежнай дзяржавай дэ-факта. Незалежнасць С. першымі прызналі ФРГ (26.12.1991), краіны ЕС (15.1.1992), Расія (14.2.1992). 22.5.1992 С. прынята ў ААН. 13.8.1992 дзярж. суверэнітэт С. прызнаў і югасл. ўрад (двухбаковыя дыпламат. адносіны ўстаноўлены 30.11.1995) У С. разгарнуліся паліт. і сац.-эканам. пераўтварэнні. 23.12.1991 прынята канстытуцыя, паводле якой С. стала парламенцкай рэспублікай. Найб. уплывовай паліт. сілай стала ў 1992 Ліберальна-дэмакр. партыя (зноў пасля выбараў 1996), лідэр якой Я.Дрноўшак стаў прэм’ер-міністрам С. У 1994 С далучылася да праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру». У 1995 парафіравана пагадненне аб асацыіраваным партнёрстве С. і Еўрап. Саюза. За гады незалежнасці С. дасягнула пэўных эканам. поспехаў, пераважна за кошт унутр. рэсурсаў. Урад краіны стымуляваў развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў, заахвочваў вытв-сць на экспарт. Праведзена рэформа цэнаўтварэння і эканам. лібералізацыя ў цэлым, уведзена нац. валюта (толар). С. — чл. Савета Еўропы (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 23.7.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Найб. уплывовымі паліт. партыямі краіны з’яўляюцца: Ліберальна-дэмакр. партыя С., Славенская нар. партыя, С.-д. партыя С., Славенскія хрысц. дэмакраты, Аб’яднаны спіс сацыял-дэмакратаў, Дэмакр. партыя пенсіянераў, Славенская нац. партыя і інш.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна, па ўзроўні эканам. развіцця блізкая да найб. развітых краін Зах. Еўропы. Нягледзячы на эканам. спад пасля распаду Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі, нармалізавалася сітуацыя ў нар. гаспадарцы, праведзена прыватызацыя. Краіна атрымлівае штогод 1,8—2 млрд.дол. замежных інвестыцый (пераважна з Германіі, Аўстрыі, Францыі). Валавы ўнутр. прадукт у 1998 склаў 20,4 млрд.дол. (каля 10 300 дол. на 1 чал.), 35% яго атрымліваюць у прам-сці, 5% — у сельскай гаспадарцы, 60% — у сферы паслуг. У горнай прам-сці найб. значэнне мае здабыча бурага вугалю (4,6 млн.т у 1999, асн. радовішчы на Пд), свінцовых і цынкавых руд, буд. матэрыялаў. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (175 ГЭС на горных рэках, у т. л. каскады ГЭС на рэках Драва, Сава, Соча), бурага вугалю і імпартнай нафты (68 ЦЭС). Працуе АЭС у Кршко (штогод выпрацоўвае каля 4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі). У 1999 выпрацавана 13,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Шматгаліновая апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная (у 1999 чыгуну, сталі, ферасплаваў атрымана 947 тыс.т, асн. цэнтр г. Есеніцы) і каляровая (вытв-сць свінцу, цынку, алюмінію, гарады Межыца і Кідрычава) металургія, хім. (вытв-сць мыйных сродкаў, лакафарбавых вырабаў, пластмас, пестыцыдаў і мінер. угнаенняў) і фармацэўтычная прам-сць. Развіта машынабудаванне, асабліва с.-г., электратэхн., трактара- і аўтамабілебудаванне, цяжкае машынабудаванне і інш. Аўтамабілі (118,9 тыс., 1999) выпускаюць філіялы ням. і франц. кампаній. Эл.-тэхн. прадпрыемствы выпускаюць разнастайную прадукцыю быт. (халадзільнікі, маразільнікі, пральныя машыны і інш.) і прамысл. прызначэння. Вырабляецца таксама абсталяванне для харч. прам-сці і металург. з-даў. Харч. і лёгкая прам-сць у асн. забяспечвае ўнутр. патрэбы, часткова — знешні рынак. У цэнтр. і ўсх. раёнах развіты мукамольная, маслабойная, мяса- і малочна-кансервавая, цукр.прам-сць. На Адрыятычным узбярэжжы вінаробства, вытв-сць аліўкавага алею, рыбных і фруктовых кансерваў, перапрацоўка імпартнай прадукцыі (кавы, чаю і інш.). Баваўняная, шарсцяная, шаўковая і гарбарна-абутковая прам-сць працуе пераважна на імпартнай сыравіне. Есць вытв-сць штучных валокнаў і скуры. У 1999 атрымана 39,1 млн.м² баваўняных і 4 млн.м²сінт. тканін. Развіты электронная, лясная і дрэваапр., папяровая, паліграф., мэблевая, швейная, шкляная і керамічная, буд. матэрыялаў прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы, выраб сувеніраў і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 680 тыс.га зямлі, у т. л. каля 500 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 180 тыс.га пад пашай і лугамі. Збожжавыя культуры займаюць каля 90 тыс.га, тэхн. — 15 тыс.га, збожжа на фураж —49 тыс.га, кармавыя травы — 292 тыс.га, пад садамі і вінаграднікамі —31 тыс.га. У 1999 сабрана 117,2 тыс.т пшаніцы, 309 тыс.т кукурузы. У жывёлагадоўлі (2000) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы (453 тыс. галоў) і свінагадоўля (592 тыс. галоў). У гарах і на плато Карст гадоўля авечак і коз. Птушкагадоўля (8,55 млн. курэй, 2000). У 1999 атрымана 247 тыс.т мяса (128,6 кг на душу насельніцтва), 620 тыс.т малака (323 л на душу). Марское і рачное рыбалоўства. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. У 1999 у С. было 20,1 тыс.км аўтадарог, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 16,3 тыс.км (619 км дарог міжнар. класа); 1201 км чыгункі. У краіне 657 тыс. легкавых, 37 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў (2000). Развіты авіяц. транспарт, каля г. Любляна — міжнар. аэрапорт. Гал. марскі порт Копер. Выкарыстоўваюцца таксама парты Трыест (Італія) і Рыека (Харватыя). У 1999 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт 10,1 млрд.дол. У экспарце пераважае прадукцыя машынабудавання і тэкст. прам-сці (разам больш за 70% кошту), хім. (8%) і с.-г. (5%) прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, сыравіна і паліва. Гал.гандл. партнёры: Германія (29% экспарту, 21% імпарту), Італія (15 і 17% адпаведна), Харватыя, Аўстрыя, Францыя, Расія, ЗША. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Ёсць горнаклімат. і прыморскія курорты. Штогод С. наведвае больш за 1 млн. замежных грамадзян. даход ад замежнага турызму ў 1999 склаў 1,01 млрд.дол. Грашовая адзінка — талар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (9 тыс. 550 чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя, 4,5 тыс.чал.). Рэзерв —61 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву На ўзбраенні 96 танкаў, да 100 баявых браніраваных машын, каля 230 адзінак рэактыўных сістэм залпавага агню, гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 9 пускавых установак зенітных ракет, да 60 гармат зенітнай артылерыі, каля 10 самалётаў-разведчыкаў, 18 лёгкіх трансп. самалётаў, 16 верталётаў, 2 патрульныя катэры.
Ахова здароўя. Агульнадзярж. палітыку ў галіне аховы здароўя ажыццяўляе савет па ахове здароўя. Разам з бясплатным дзярж. лячэннем існуюць страхавая медыцына, прыватныя ўрачы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72, жанчын 79 гадоў. Узровень нараджальнасці — 9 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: — 0,05%. Дзіцячая смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 177 чал., урачамі — 1 на 866 чал. (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. каля 656 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Dnevnik» («Штодзённік», з 1951), «Večer» («Вечар», з 1952), «Delo» («Праца», з 1959), «Slovenske novice» («Славенскія навіны», з 1991). Інфарм. агенцтва — Славенскае тэлегр. агенцтва (СТА, з 1991). Радыё і тэлебачанне С. ў складзе прадпрыемства «Радыё і тэлебачанне Славенія». Радыёвяшчанне з 1928. Радыёстанцыя «Радыё Славенія» вядзе перадачы па 3 нац. праграмах. У 1996 зарэгістравана 59 радыёстанцый, у т. л. 19 мясц., 2 студэнцкія і камерцыйныя (найб. уплывовыя «Радыё Копер-Кападзістрыя» і «Радыё Марыбар»). Тэлебачанне з 1959 (каляровае з 1974). Цэнтр. студыя тэлебачання «Тэлебачанне Славенія» вядзе перадачы па 2 нац. каналах. Дзейнічаюць 2 рэгіянальныя каналы. З 1998 трансліруюцца праграмы па кабельным тэлебачанні і праз Інтэрнет. З 1999 працуе 41 прыватная камерцыйная, рэгіянальная і лакальная тэлевізійныя станцыі. Вяшчанне на славенскай, венг. і італьян. мовах.
Літаратура. Развіваецца на славенскай мове. Першы літ. твор рэліг. зместу на лацінцы — Фрэйзенгскія фрагменты (10—11 ст.). У 14—15 ст. створаны Ратацкі і Сцічанскі рукапісы, якія ўключалі малітоўныя творы, у т. л. казанні і царк. песні. У 16 ст. пад уплывам пратэстантызму абуджалася нац. свядомасць славенцаў, развівалася літ. мова (біблейскія пераклады П.Трубара, поўны пераклад Бібліі Ю.Далмаціна). Пасля застою ў літ. жыцці на мяжы 18—19 ст. выйшаў першы паэт. альманах «Пісаніцы». Вылучыліся драматургія А.Т.Лінхарта, паэзія В.Водніка, аўтара першай славенскай граматыкі на славенскай мове (1811). Рамант. паэзія 19 ст. прадстаўлена творчасцю Ф.Прашэрна, які спалучыў дасягненні нар. паэзіі з высокім узроўнем літ. мовы. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі: у прозе — лірычныя і рэаліст. апісанні сял. побыту (Ф.Леўсцік, І.Юрчыч), у паэзіі — вершы І.Стрытара, С.Грэгарчыча, А.Ашкерца. На мяжы 19—20 ст. праявіліся шматлікія плыні і школы, у т. л. мадэрнізм і новы рамантызм з імпрэсіянізмам, дэкадансам, экспрэсіянізмам, сімвалізмам (творы І.Цанкара, О.Жупанчыча, С.Косавела), якія спрыялі ўздыму славенскай л-ры. У 1930-я г.найб. уплывовай плынню быў сац. рэалізм (творчасць Прэжыхава Воранца, Ю.Казака, М.Кранеца, С.Касмача). Л-ра перыяду 2-й сусв. вайны прадстаўлена партыз. лірыкай і драматургіяй М.Бора К.Дзястоўніка-Каюха, прозай Т.Свяціны. У сучаснай прозе традыцый рэалізму прытрымліваецца Б.Зупанчыч, пераемнікам мадэрнізму і новага франц. рамана з’яўляецца Р.Шаліга, да постмадэрнізму схіляецца А.Блатнік. Яскравыя прадстаўнікі жаночай прозы — Б.Баету, М.Новак. У паэзіі пераважаюць інтымнасць, двухсэнсавасць, ірацыяналізм і суб’ектыўнасць (Д.Зайц, Я.Менарт, К.Ковіч, В.Таўфер, С.Макаравіч, Т.Шаламун, Б.А.Новак, А.Дабяляк). У драматургіі значнае месца заняла творчасць Д.Янчара. У перакладзе на бел. мову выдадзены апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975), казкі ў зб. «Югаславянскія казкі» (1999), вершы ў зб-ках «На волю птушку выпускаю» (1989), «На зорных шляхах» (1991), «Знічкі сямі нябёс» (1992), анталогія паэзіі «Маці мая, Славенія» (1976), творы Леўсціка («Марцін Крпан», 1982), Зупанчыча («Памінкі», 1983), Жупанчыча («У вечным дазоры»), Прэжыхава Воранца («Падарункі»), Юрчыча («Як аднойчы казла судзілі: Незвычайная аповесць з даўніх часоў», усе 1986), Прашэрна («Санеты смутку», 1987). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Н Гілевіч, С.Законнікаў, А.Зарыцкі, В.Зуёнак, Р.Люхцікаў, С.Мінскевіч, А.Разанаў, У.Рубанаў, К.Севярынец, Я.Сіпакоў, І.Чарота, Г.Шаранговіч і інш.
Архітэктура. З эпохі бронзы вядомы абкружаныя валамі і равамі паселішчы, некропалі з магіламі на круглых каменных падмурках. Захаваліся ўмацаваныя паселішчы ілірыйцаў, рэшткі паселішчаў кельтаў (Цэле), стараж.-рым. гарадоў (Любляна, Птуй). З 8 ст. будавалі 1-нефавыя хрысц. храмы дараманскага тыпу (падмуркі з неапрацаванага каменю, плоскія драўляныя дахі). У 12—13 ст. панаваў манум. раманскі стыль, будавалі кляштарныя комплексы з 3-нефавымі базілікамі (у Сцічне, 1136—56; Кастаневіцы), 1-нефавыя касцёлы і ратонды (баптыстэрый у Коперы), касцёлы са шматграннай апсідай (у Сподня-Муце), невял. замкі з палацам, капэлай і данжонам (у Хмельніку каля Нова-Места). Гар. паселішчы, што вырасталі на месцы ант. (Любляна, Птуй, Цэле), захоўвалі іх рэгулярную планіроўку. У 13 ст. з’явіліся гатычныя арх. элементы, раслі ўмацаваныя гарады. У цэнтр.ч. С. пераважалі 2-павярховыя дамы з вузкімі фасадамі, на ўзбярэжжы Адрыятыкі — 3-павярховыя палацы з параднымі заламі і стральчатымі аконнымі праёмамі (у Коперы, Піране і інш.). У культавым буд-ве стаў пашыраным тып 3-нефавага касцёла (касцёл Маці Божай у с. Птуйска-Гора каля Птуя); сустракаліся 2-нефавыя зальныя касцёлы з вежай на фасадзе (у Свеці-Прымажы-над-Камнікам, каля 1459—1507) і 1-нефавыя з плоскай столлю і шматграннай скляпеністай апсідай. Саборы вызначаліся строгім вонкавым выглядам, акцэнтаваліся шмат’яруснымі квадратнымі вежамі з шатровым завяршэннем (у Марцьнцы, каля 1392; Солчаве, 1461—85); іх убранне стала больш дэкаратыўным, сеткавыя і зорчатыя скляпенні пакрывалі маляўнічай арнаментацыяй (у Шэнт-Руперце, каля 1482—97). У свецкай архітэктуры 16 ст. з’явіліся рэнесансавыя элементы — балконы, лоджыі, арачныя галерэі, ордэрныя парталы (ратуша і замак у Марыбары; замкі Тур’як і Жужамберк, палац «Старая графовія» ў Цэле). У пач. 17 ст. пашырыўся стыль барока. Формы італьян. і аўстр. дойлідства спалучаліся з мясц. асаблівасцямі. Касцёлы ўзводзілі 1-нефавыя з прадстаўнічым фасадам (касцёл св. Якаба, 1613—15; сабор св. Мікалая, 1700—07; урсулінак, 1718—26, 1744, гал. алтар маст. Ф.Роба, у Любляне), у плане трохвугольныя (у Шмарна-Горы, 1711—12), авальныя (у Паляне, 1720, арх. абодвух Г.Мачак) ці з увагнутым 2-вежавым фасадам (у Сладка-Горы, каля 1750). З 19 ст. ўсталяваўся класіцызм, з’явіліся элементы гістарызму (неагатычная ратуша ў Птуі, неарэнесансавы Нац. музей у Любляне) і стыль мадэрн (творы арх. М.Фабіяні ў Любляне). 1920-я г. адзначаны пошукамі ў стылі нац. неарамантызму з выкарыстаннем сярэдневяковай, рэнесансава-барочнай спадчыны, нар. архітэктуры (б-ка ун-та ў Любляне, арх. І.Плечнік, дзейнасць якога заклала аснову славенскай арх. школы 20 ст.). У 1930-я г. выявілася тэндэнцыя да функцыяналізму (арх. І.Вурнік, В.Шубіц у Любляне, Марыбары). Вял. урбаністычныя праекты канструктывізму рэалізоўваліся з рэгіянальнымі адметнасцямі: выкарыстанне разам з бетонам мясц. парод каменю, цэглы, дрэва, арганічнае ўпісанне архітэктуры ў горны ландшафт, пашырэнне 8-павярховых «кропачных» і вежападобных дамоў «стоўпніц». Пасля 2-й сусв. вайны ўзведзены новыя гарады з выразнай свабоднай планіроўкай, прамысл. раёны, добраўпарадкаваныя жылыя комплексы з грамадскімі цэнтрамі, школамі і інш. Паводле праектаў арх. Фабіяні і Плечніка рэканструяваны плошчы і набярэжныя Любляны. Сярод найб. значных пабудоў 2-й пал. 20 ст.: Нар. скупшчына (арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (арх. М.Божыч), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (арх. Э.Раўнікар) у Любляне, атэль «Рыўера» у Петравіцы (арх. І.Арнаўтавіч), комплекс вакзала і атэля «Славія» ў Марыбары (арх. М.Чэрнігай), работы арх. В.Мушыча, С.Севеча, М.Міхеліча і інш. У 1959 засн. Саюз архітэктараў С.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. выяўлены дробная пластыка эпохі палеаліту, неалітычная кераміка з геам. арнаментам, блізкая да помнікаў Апуліі і Сіцыліі, творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва ілірыйцаў (бронзавыя пасудзіны-сітулы з рэльефнымі культавымі і быт. сцэнамі). Да 4—7 ст. адносяцца маст. вырабы готаў і стараж. славян. У сярэдневякоўі пашыраны рэльефы ў тымпанах, з’явіліся алтары са статуямі і рэльефамі, драўляная скульптура («Божая Маці», 3-я чвэрць 14 ст., царква ў Солчаве). Асобным творам скульптуры 13—14 ст. уласцівы прыальпійскія і паўн.-італьян. ўплывы. Лінейна-плоскасны стыль размалёвак 1-й пал. 14 ст. (у Турнішчы, у Свеці-Янезе на Бохінскім воз.) пад італьян. уплывам змяніўся больш аб’ёмнымі выявамі з наіўнай непасрэднасцю (у Марцьянцы, 1392, майстар Янез Аквіла). Лірызмам, цікавасцю да пейзажу, быт. дэталей, простанар. вобразаў вылучаюцца размалёўкі Янеза Люблянскага ў Вісака (1443) і Муляве (1456). Евангельскія сцэны часта ствараліся ў выглядзе сцэн з сял. жыцця (размалёўкі касцёла ў Црнгробе, 1453, майстар Вольбенк). Рысы Адраджэння праяўляліся ў разных алтарах, рэльефных эпітафіях, найб. у размалёўках касцёлаў у Крыжна-Горы (1502) і Свеці-Прымажы-над-Камнікам (1504 і каля 1520), у якіх спалучаліся жывая характэрнасць вобразаў і шматлікасць быт. дэталей. Пад венецыянскім уплывам у канцы 16 ст. ўзніклі свецкія жанры — партрэт і дэкар. жывапіс. У скульптуры вылучаюцца пластычна-выразныя і дынамічныя работы Ф.Робы, у жывапісе — ілюзіяністычныя размалёўкі і алтарныя карціны Ф.Ялоўшака, партрэты Ф.Берганта. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыранымі сталі вырабы з металу, дрэва, керамікі. У выяўл. мастацтве класіцызм суіснаваў з рамантызмам (творы Ф.Каўчыча, М.Лангуса). У жанрава-партрэтных кампазіцыях І.Томінца рамант. ноты спалучаліся з рысамі бідэрмееру. У канцы 19 ст. ў стылістыцы позняга класіцызму жывапісныя кампазіцыі стваралі А.Ажбе, А.Гангл, І.Заец, А.Карынгер, браты Ю. і Я. Шубіцы, у якіх рысы акадэмізму саступілі месца пленэрным пошукам. У пач. 20 ст. склаўся славенскі імпрэсіянізм (нац. пейзажы часта са сцэнамі сял. працы І.Грохара, М.Стэрнена, М.Ямы, Р.Якапіча). Жывапісцы і графікі І.Ваўпаціч, Х.Смрэкар, Ф.Тратнік у пошуках нац. своеасаблівасці звярталіся да сімволікі і стылізацыі. Цікавасць да сял. жыцця, драм. выразнасць, часам сац.-крытычныя ноты ўласцівы творчасці экспрэсіяністаў Ф. і Т.Краляў, В.Пілана, Тратніка. У 1920—30-я г. побач з экспрэсіянізмам і сюррэалізмам (С.Крэгар) развіваўся т. зв. паэтычны рэалізм: вытанчаныя па каларыце інтымныя і лірычныя жанравыя сцэны, партрэты, пейзажы Б.Якаца, Г.А.Коса, Ф.Міхеліча і інш., якія выкарыстоўвалі прыёмы постімпрэсіянізму. У скульптуры пад уплывам І.Мештравіча неакласічная манументальнасць спалучалася з дэкар. стылізацыяй. З 1950-х г. мастакі звяртаюцца да фармальна-фактурных і колеравых пошукаў: жывапіс і графіка Я.Берніка, Г.Ступіцы, скульптура Я.Савіншака, С.Ціхеца. Нац.рэаліст. і гуманіст. традыцыі развівалі Кос, Міхеліч, Якац, Л.Далінар. Развіваецца манум. мастацтва (мазаікі М.Прэгеля, вітражы Крэгара), маст. канструяванне.
Музыка. Муз. фальклор С. падзяляецца на прыморска-істарскі, альпійскі і меджымурскі (усх.ч.). Бытуюць лірычныя, жартаўлівыя, шлюбныя песні, стараж. балады. Нар. песні і танцы маюць агульныя рысы з ням.-аўстр. і венг.нар. музыкай. У альпійскіх, прыморскіх і ўсх. рэгіёнах пашыраны шматгалосыя спевы, у паўд.-ўсх. — аднагалосыя абрадавыя песні, т.зв. каледы. Нар. музыка дыятанічная, для яе характэрны скачкі на шырокія інтэрвалы, пераменны метр, складаны рытм. Сярод муз. інструментаў пераважаюць духавыя — фрулы, рог, губны гармонік. Прафес. музыка развіваецца з 12—13 ст. Сярод кампазітараў 15—16 ст. Б.Праспергіус, Ю.Слатканя, Я.Галус (царк. і свецкае шматгалоссе). З 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. актывізавалася муз. жыццё ў гарадах. У 1701 Я.Хёфер засн. у Любляне Філарманічную акадэмію (адна са старэйшых у Еўропе, з 1794 — Філарманічнае т-ва). Сярод кампазітараў 18 ст. Я.Зупан (аўтар першай оперы на славенскай мове «Белін», 1780 ці 1782, не паст.), Я.Новак, М.Омерза, Хёфер, Я.Хочавар, М.Чадзеж. Рысы нац. стылю, пераважна ў песенна-харавым жанры, усталяваліся да сярэдзіны 19 ст. (Ю.Флейшман, М.Вілхар, Г. і К. Машакавы). Пры муз. т-ве «Глазбена маціца» ў Любляне (з 1872) засн.муз. школа (1882), хор (1891), сімф. аркестр. У 1892 адкрыты Славенскі т-р (ставіліся нац. оперы і аперэты), пры ім — Славенская опера. У канцы 19—пач. 20 ст.нац.муз. мастацтва развівалі Ф.Гербіч, А.Фёрстэр, у пач. 20 ст. — Г.Крэк, Э.Адаміч, Р.Савін, А.Лаявіц. У 1919 адкрыта Люблянская кансерваторыя (з 1926 Дзярж. кансерваторыя, з 1939 Муз. акадэмія, з 1945 Вышэйшая муз. школа), у 1934 — Ін-т фальклору, у 1935 — Люблянская філармонія. Пачынальнік сучаснай нац. кампазітарскай школы С.Осцерц (прыхільнік зах.-еўрап. музыкі). Да нац. вытокаў звярталіся Б.Арніч (сімф. творы), М.Казіна, Д.Швара, П.Шывіц, М.Ліпаўшак. Пасля 2-й сусв. вайны развіццю муз. культуры С. садзейнічалі: кампазітары І.Петрыч, П.Рамаўш, Швара; дырыжоры Д.Жэбрэ, Б.Лескавіц, С.Хубад, З.Цыгліч; піяністы Ліпаўшак, Шывіц; скрыпач І.Озім; спевакі В.Букавец, Л.Корашац, Ф.Лупша, Р.Францп, Х.Хелцл; музыказнаўцы А.Рыявец, Д.Цветка і інш. Працуюць Ін-т музыказнаўства пры Люблянскім ун-це, Славенская філармонія, сімф. і камерны аркестры, аркестр лёгкай музыкі пры радыё і тэлебачанні, Люблянскі камерны хор, Славенскі актэт, «Актэт Галус» у Любляне і інш. З 1950 дзейнічае Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні паказаны ў пач. 17 ст. ў Любляне ў гімназіі езуітаў. У 17—18 ст. адбываліся лац. і ням. містэрыі. Першае славенскае прадстаўленне, створанае манахам Ромуальдам, пастаўлена ў 1721. У 1765 у Любляне адкрыўся пастаянны Саслоўны т-р (з 1862 — Дзярж.т-р), у якім у 1789 пастаўлена першая славенская п’еса «Міцка — дачка жупана» А.Лінхарта. У 2-й пал. 19 ст. ствараліся аматарскія гурткі пры славенскіх чытальнях. У 1867 арганізавана Тэатр.т-ва ў Любляне, пры якім працавала драм. школа. Драм. т-вы існавалі таксама ў Трыесце (1902), Марыбары (1909), Цэле (1911), Птуі (1912). У 1892 у Любляне засн. першы прафес. Славенскі нац.т-р, дзе ставілі п’есы класічнай драматургіі і нац. аўтараў (І.Цанкар, Э.Крыстан, Ф.Фінжгар). На яго сцэне працавала першае пакаленне славенскіх акцёраў: І.Борштнік, С.Борштнік-Звонарава, А.Даніла-Цэрар, А.Данілава, Л.Дрэнавац, Х.’Нучыч, М.Скрбіншак. Паміжсусв. войнамі нанава сфарміравана трупа Славенскага нац.т-ра (акцёры М.Вера, М.Данілава, І.Левар, Скрбіншак, рэжысёры Ц.Дзебевец, Б.Гавела, Б.Крэфт, Б.Ступіца, О.Шэст), засн.т-р у Марыбары. У 1945 дзейнасць гэтых т-раў адноўлена, створаны новыя тэатр. калектывы, у т. л. Гарадскі т-р у Любляне. З 1950-х г. ствараліся эксперым. т-ры, якія аддавалі перавагу драме абсурду. У 1970-я г. распачалі дзейнасць шматлікія авангардысцкія калектывы («Глей», «Пекарна» ў Любляне). Існуе больш за 10 прафес. т-раў, працуюць таксама аматарскія калектывы; асн. цэнтры тэатр. жыцця — Любляна, Марыбар, Цэле, Нова-Горыца. Працуюць акцёры П.Бабіч, Ш.Дрольц, Д.Почкай, Р.Роліч, В.Юван; рэжысёры М.Корун, З.Шэдлбаўэр, Д.Іованавіч і інш. З 1945 у Любляне працуюць Акадэмія тэатр. мастацтва, Славенскі тэатр. музей.
Герб і сцяг Славеніі.Да арт.Славенія. Падножжа Юлійскіх Альпаў на ПнЗ краіны.Да арт.Славенія. Горад Марыбар.Да арт.Славенія. Ландшафт паблізу г. Любляна.Да арт.Славенія. Галоўны алтар касцёла урсулінак у Любляне. Мастак Ф.Роба.Да арт.Славенія. Від горада Любляна.Да арт.Славенія. Касцёл урсулінак у Любляне.