ПУЦЦІ (італьян. putti, мн. л. ад putto літар. дзіця),
выявы маленькіх хлопчыкаў, часам крылатых; улюблёны дэкар. матыў у мастацтве Адраджэння, а таксама 17—18 ст. П., якія спалучалі рысы ант. эротаў і хрысц. анёлаў, сведчылі пра зацвярджэнне ў мастацтве пачуццёвага, свецкага пачатку. Выявы П. сустракаюцца ў застаўках некат. выданняў Ф.Скарыны (Прага, 1518—19). Найб. пашыраны ў скульпт. аздабленні інтэр’ераў бел. храмаў 18 ст. (лепка, разьба па дрэве); гал. і бакавыя алтары Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, інтэр’еры касцёлаў аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на, бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, Троіцкай царквы ў в. Вольна Баранавіцкага р-на і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧАЯ СІ́ЛА,
1) агульная колькасць асоб у працаздольным узросце (ад 16 гадоў і да выхаду на пенсію), у т. л. беспрацоўных (за выключэннем непрацаздольных). Патрэбнасць у Р.с. вызначаецца грамадствам, якое арганізуе яе падрыхтоўку і размеркаванне па базавых галінах, забяспечвае рацыянальную занятасць працаздольнага насельніцтва. Р.с. з’яўляецца паказчыкам, які змяняецца ў залежнасці ад стану ўзроставай структуры насельніцтва (чым большая колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце, тым меней прыпадае непрацаздольных на кожнага працаздольнага).
2) Сукупнасць фіз. і разумовых здольнасцей чалавека, якія ён выкарыстоўвае ў працэсе вытв-сці. Характарызуе ўзровень і якасць работнікаў. Развіваецца ў прац. дзейнасці, а таксама ў выніку набыцця навыкаў да працы, у працэсе атрымання агульнай, прафес. і спец. адукацыі, павышэння кваліфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЛЕ́ВІЧ-ДУТКО́ (Ірэна Міхайлаўна) (н. ў 1942, в. Літоўе Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастачка ў эміграцыі. Пляменніца Н.Кудасавай. З 1944 разам з бацькамі жыла ў Германіі. З 1950 у ЗША, дзе скончыла маст. школу ў штаце Пенсільванія. Як дызайнер спецыялізуецца ў графіцы. Малюе таксама алеем, акварэллю. Аформіла шэраг выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, брашур, каталогаў, календароў, праспектаў і інш. рэкламнай прадукцыі. Намалявала абразы для бел.правасл. царквы ў Саўт-Рыверы. Арганізатар і ўдзельнік традыц.маст. выставак у г. Саўт-Рывер. Адказвала за маст. праграму бел. фестываляў у штаце Нью-Джэрсі (1976, 1977, 1979). Член кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў у Саўт-Рыверы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1505,
канстытуцыя «Нігель нові» (лац. «нічога новага»), заканадаўчы акт Польшчы, прыняты сеймам у г.Радам 30.3—14.6.1505. Забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды палат сейма — Сената і Пасольскай Ізбы. Скасавала Мельніцкі прывілей 1501, якім кароль Аляксандр устанавіў кантроль Сената (г.зн. магнатаў) над каралеўскай уладай, і фактычна аддала ўладу Пасольскай Ізбе. Садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве. Пастанова сейма 1538 дадаткова забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды сейма. Аднак пры гэтым не быў праведзены дакладны падзел кампетэнцыі караля, Сената і Пасольскай Ізбы, што ў спалучэнні з прынцыпам аднагалосся (ліберум вета) стала адной з прычын зрывання сеймаў. Канстытуцыя 1505 зацвердзіла таксама ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАХО́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,
радыепратэктары, прыродныя і сінтэтычныя злучэнні, якія памяншаюць шкоднае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека або жывёлы. Выкарыстоўваюцца ў надзвычайных выпадках (радыяцыйныя аварыі, ядз. выбух) і для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых. Проціпрамянёвы эфект Р.с. можа праяўляцца ў выжыванні пасля апрамянення смяротнай дозай і інш.; ён звязаны са змяншэннем паступлення ў асобныя тканкі і ўзмацненнем выдалення радыенуклідаў, якія трапілі ў арганізм (напр., прэпараты стабільнага ёду для аховы шчытападобнай залозы ад радыеактыўнага ёду), звязваннем утвораных пры апрамяненні свабодных радыкалаў, перакісаў (цыстамін, гамафос і інш.), зніжэннем інтэнсіўнасці абмену рэчываў і інш. Р.с. з’яўляюцца таксама прадукты пчалярства (мёд, пропаліс і інш.), скурны пігмент меланін, вітаміны, адаптагены (прэпараты элеўтэракоку, жэньшэню і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁНАВІГА́ЦЫЯ (ад радыё... + навігацыя),
сукупнасць радыётэхнічных метадаў і сродкаў для забеспячэння ваджэння суднаў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў; раздзел навігацыі. Садзейнічае бяспечнасці і рэгулярнасці палётаў лятальных апаратаў, плавання суднаў у складаных метэаралагічных умовах. Задачы Р. — выбар дакладнага курсу, вызначэнне геагр. каардынат і навігацыйных велічынь (напр., скорасці перамяшчэння) аб’екта — вырашаюцца з дапамогай радыёнавігацыйных прылад (радыёкомпасы, радыёмаякі, радыёдальнамеры і інш.) і радыёнавігацыйных сістэм.
У залежнасці ад навігацыйных велічынь і становішча рухомага аб’екта адрозніваюць: вугламерныя (ці азімутальныя, гл.Азімут), дальнамерныя (кругавыя), рознасна-дальнамерныя радыётэхн. сродкі, а таксама сродкі для вымярэння вуглавых, лінейных скарасцей і камбінаваныя. У залежнасці ад параметра радыёсігналаў, што выкарыстоўваецца пры Вымярэнні навігацыйных велічынь, радыётэхн. сродкі бываюць амплітудныя, фазавыя, частотныя, часавыя і камбінаваныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁХВА́ЛІ,
электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога ўмоўна большая за 50 мкм. Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння Р. вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.
Існаванне Р. эксперыментальна даказана Г.Герцам (1888). Адрозніваюць Р., узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і Р., якія паступаюць ад пазаземных крыніц ні выкліканы маланкай. Р. ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл.Радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх Р. можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Р. выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш.Гл.таксамаАдбіццё хваляў, Выпрамяненне і прыём радыёхваль, Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль, Палярызацыя хваль, Пераламленне хваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МУТАГЕНЕ́З,
узнікненне мутацый, якія выклікаюцца іанізавальным выпрамяненнем (ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.). Мутагенез адбываецца пры парушэнні структуры генаў (разрывы малекулы ДНК, змена нуклеатыднага саставу), храмасом (паяўленне інверсій, дуплікацый, транслакацый), пры разрыве ніткі ахрамацінавага верацяна дзялення (геномныя мутацыі) і інш. Пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ў тканках узнікаюць таксама свабодныя радыкалы, якія пашкоджваюць ДНК, АТФ, ферменты і інш., парушаюць клетачныя структуры, у т. л.генет. апарат клетак, ферментатыўныя рэакцыі, фізіял. працэсы, што прыводзіць да саматычных мутацый. Павышэнне ўзроўню іанізавальнага выпрамянення ў навакольным асяроддзі выклікае пачашчэнне мутацый у раслін, жывёл і чалавека. Р.м. выкарыстоўваецца ў селекцыі мікраарганізмаў і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ПО́ЯС,
вобласць каляземнай (каляпланетнай) прасторы з інтэнсіўнымі патокамі энергічных зараджаных часціц (пратонаў, электронаў, іонаў).
Адкрыты ў 1958—60 пры даследаванні касмічных прамянёўШСЗ. Зараджаныя часціцы ў Р.п. пад дзеяннем магнітнага поля планеты рухаюцца па складаных траекторыях з Паўн. паўшар’я ў Паўд. і наадварот. У Зямлі адрозніваюць унутраны і знешні Р.п. Унутраны мае макс. шчыльнасць часціц (пераважна пратонаў) над экватарам на вышыні 3—4 тыс.км, знешні электронны Р.п. — на вышыні каля 22 тыс.км. Заўважана сувязь часовых варыяцый інтэнсіўнасці часціц знешняга Р.п. Зямлі з магн. бурамі. Магутныя Р.п. маюць Юпітэр і Сатурн. Вывучэнне Р.п. важнае для ацэнкі ступені небяспекі пры палётах касм. лятальных апаратаў. Гл.таксамаМагнітасфера, Сонечны вецер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДАТЧЫК КАРМО́Ў, кормараздатчык,
машына для перамяшчэння кармоў (сцябліністых, сыпкіх, фармаваных, сухіх, сакавітых, вадкіх) і запаўнення імі кармушак на жывёла- і птушкагадоўчых фермах. Кармы для раздачы бяруць з кормапрыгатавальных машын.
Асн. вузлы Р.к. — бункер-сілкавальнік і кормападавальныя транспарцёры. Стацыянарныя Р.к. бываюць мех. (стужачныя, скрабалкавыя, тросашайбавыя, шнэкавыя), пнеўматычныя і гідраўлічныя. Яны непасрэдна звязваюць кармасховішчы, кармацэхі з кармушкамі ці загружаюцца з мабільных сродкаў дастаўкі кармоў. Мабільныя Р.к. (прычапныя, навясныя, паўнавясныя) перамяшчаюцца трактарамі, аўтамабілямі, акумулятарнымі цягачамі па-за памяшканнем (у поле, да сховішчаў, кармацэхаў) і ўнутры ферм, прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці ці электрарухавіка. Для раздачы кармоў выкарыстоўваюцца таксама падвесныя (манарэйкавыя) дарогі.