ДЫЯГРА́МА (ад дыя... + ...грама),

графічнае адлюстраванне суадносін паміж рознымі велічынямі; у статыстыцы — чарцёж, на якім у маштабе адлюстраваны даныя ў выглядзе ліній ці геам. фігур. Бываюць лінейныя, стужачныя, слупковыя, сектарныя, аб’ёмныя і інш. Напр., Д. накіраванасці антэны паказвае залежнасць напружанасці поля выпрамянення ад напрамку; фазавая Д. — залежнасць устойлівага фазавага стану рэчыва ад тэрмадынамічных параметраў, якія яго вызначаюць (гл. Дыяграма стану); у вытв-сці з дапамогай Д. рашаюцца задачы мадэлявання працэсаў кіравання, выяўляюцца і рацыяналізуюцца ўзаемасувязі паміж рознымі фактарамі, выяўляюцца разліковыя паказчыкі і нарматывы, выконваюцца кантроль, улік і інш. Гл. таксама Гістаграма, Графік, Намаграма.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)