ДЫЯСТЭРЭАМЕ́РЫ, дыястэрэаізамеры (ад дыя... + стэрэа... + ізамеры),
прасторавыя ізамеры з некалькімі элементамі хіральнасці (асіметрычнымі цэнтрамі), але з рознай канфігурацыяй часткі з іх. Д. адрозніваюцца адзін ад аднаго велічынёй аптычнага вярчэння і не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі. Маюць розныя фіз. (т-ры кіпення і плаўлення, растваральнасць і інш.) і некат. хім. ўласцівасці, напр., D-(+)-вінная і меза-вінная кіслоты. Адзін з метадаў атрымання аптычна актыўных рэчываў — расшчапленне рацэматаў, заснаваны на ўтварэнні пары Д. і іх наступным раздзяленні фіз. метадамі (напр., крышталізацыяй). Гл. таксама Аптычная ізамерыя, Ізамерыя.
Л.М.Скрыпнічэнка.
Дыястэрэамеры D-(+)-вінная (I) і меза-вінная (II) кіслоты.