СМІТ (Smith) Адам (5.6.1723, Керколды, Вялікабрытанія — 17.7.1790),

шатландскі эканаміст і філосаф; класік эканам. навукі. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1737—40) і Оксфарда (1740—46). Праф. логікі (1751), філасофіі (1752—63) ун-та Глазга. Гал. яго праца «Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў» (1776). У аснове вучэння С. было разуменне, што эканам. законы, як і законы прыроды, вызначаюць развіццё грамадства. Адыграў важную ролю ў распрацоўцы тэорыі прац. вартасці. Даказаў, што вартасць стварае не толькі праца ў пэўнай галіне, а ўсякая праца ў кожнай галіне вытв-сці. Упершыню прааналізаваў класавую структуру грамадства; вылучаў 3 класы: землеўладальнікаў, наёмных рабочых і капіталістаў. Распрацаваў тэорыю зямельнай рэнты, у якой нароўні з навук. палажэннямі былі і памылковыя. Супярэчлівай была і яго тэорыя заработнай платы. Абараняў свабодную канкурэнцыю. Лічыў, што функцыі дзяржавы павінны абмяжоўвацца абаронай краіны, барацьбой са злачынствам і ажыццяўленнем тых гасп. мерапрыемстваў у эканам. жыцці, якія не пад сілу прамысл. буржуазіі. Навук. бок вучэння С. значна паўплываў на развіццё паліт. эканоміі ў свеце.

Літ.:

Аникин А.В. Адам Смит. М., 1968.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ШЫЦ (Staszic) Станіслаў (ліст. 1755, г. Піла Велікапольскага ваяв., Польшча — 20.1.1826),

польскі філосаф, публіцыст, грамадскі і дзярж. дзеяч, вучоны-натураліст. З 1799 ксёндз. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга, Гётынгена, Парыжа. У час працы Чатырохгадовага сойма 1788—92 прапанаваў праграму рэформ антыфеад. характару. Адзін са стваральнікаў у 1800 у Варшаве Т-ва сяброў навук, у 1806—26 яго старшыня, ахвяраваў для т-ва сваю сядзібу («палац С.»). У 1807—12 чл. Адукац. палаты, у 1810—12 чл. Дзярж. Савета Варшаўскага герцагства. З 1815 чл. і кіраўнік шэрагу дзярж. устаноў Каралеўства Польскага; адзін з заснавальнікаў Варшаўскага ун-та (1816), горнай школы ў Кельцах і інш. У 1816 заснаваў у Грубешаве сялянскае т-ва, якому перадаў у вечнае карыстанне свае землі. Шмат зрабіў для развіцця навукі, асветы, горназдабыўной прам-сці. Аўтар антыпрыгонніцкай публіцыстыкі, кнігі «Пра геалогію Карпат...» (1815) і інш. Асн. філас. твор С. — паэма «Род чалавечы» (1819—20) — энцыклапедыя польскага Асветніцтва.

Літ.:

Chyra-Rolicz Z. Stanisław Staszic. Warszawa, 1980;

Wysokińsky J. Szlakiem Stanisława Staszica. Warszawa, 1988.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВЯДЗЕ́НСКІ Аляксандр Іванавіч (31.3.1856, г. Тамбоў, Расія —7.3.1925),

расійскі філосаф, псіхолаг, логік, прадстаўнік неакантыянства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881), працаваў у ім у 1881—84, 1887—1922 (з 1890 праф.). У сваёй філас. канцэпцыі — «лагіцызме» — развіваў і паглыбляў асн. палажэнні І.​Канта. На думку У., усялякае душэўнае жыццё падпарадкоўваецца ўздзеянню закону адсутнасці аб’ектыўных адзнак адушаўлення («псіхафізічны закон У.»), таму чужую душу нельга аднесці да пазнавальных з’яў. Прызнанне самога факта духоўнасці ў інш. людзях лічыў выяўленнем маральнага пачуцця чалавека, звязанага з маральным абавязкам, свабодай волі («Пра межы і адзнакі адушаўлення», 1892). Навук. псіхалогію лічыў дысцыплінай, што абмяжоўваецца апісаннем душэўных станаў з дапамогай метаду інтраспекцыі (саманазірання); крытычна ставіўся да эксперым. псіхалогіі і яе эмпірычных магчымасцей («Псіхалогія без усялякай метафізікі», 1914). Логіку разглядаў як частку гнасеалогіі, а яе гал. функцыяй лічыў праверку дакладнасці працэсу пазнання («Логіка як частка тэорыі пазнання», 1909). Выступаў супраць атэізму, які, на яго думку, з’яўляецца вынікам нізкай культуры грамадства, засілля матэрыялізму, пазітывізму і марксізму («Лёс веры ў бога ў барацьбе з атэізмам», 1922).

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВЯДЗЕ́НСКІ (псеўд. Басаргін) Аляксей Іванавіч

(26.5.1861, г. Серпухаў, Расія — 8.3.1913),

расійскі філосаф. Д-р багаслоўя (1902). Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1886), з 1887 працаваў у ёй (з 1892 узначальваў кафедру). У працы «Пра задачы сучаснай філасофіі ў сувязі з пытаннем пра магчымасці і кірункі філасофіі самабытна-рускай (pia desideria)» (1893) разглядаў праблемы спецыфікі рус. філасофіі і магчымых шляхоў яе развіцця. Сцвярджаў, што гал. месца ў рус. філас. светасузіранні належыць пытанню пра сэнс і каштоўнасць жыцця, якое, на яго думку, складае перадумову аналізу ўсіх інш. філас. пытанняў. Лічыў, што рус. філасофія звяртаецца да розных праблем, але і ў яе аснове ляжыць рэліг.-царк. пачатак ці «саборнасць свядомасці». У вырашэнні праблемы суадносін матэрыяльнага і ідэальнага светаў зыходзіў з прынцыпу дуалізму матэрыі і духу; выступаў супраць матэрыяліст. і ідэаліст. манізму, абмежаванасць якіх, на яго думку, пераадольваецца трансцэндэнтальным манізмам, што аб’ядноўвае матэрыяльны і духоўны пачаткі. Лічыў, што спасціжэнне ісціны даступна не індывід., а калект. розуму; ступень разумення ісціны ў грамадстве звязваў са стварэннем умоў для зладжанай калект. працы.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАСЕ́ЕЎ Пётр Мікалаевіч (22.8.1908, с. Старынскае Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 18.10.1990),

расійскі філосаф і сацыёлаг. Акад. АН СССР (1960, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Горкаўскі пед. ін-т (1930). З 1936 у Ін-це філасофіі АН СССР. З 1941 у апараце ЦК КПСС, адначасова ў 1945—49 гал. рэдактар час. «Большевик», у 1954—55 — час. «Партийная жизнь». З 1955 дырэктар Ін-та філасофіі АН СССР, адначасова з 1959 акадэмік-сакратар Аддзялення эканам., філас. і прававых навук АН СССР. У 1962—67, 1971—88 віцэ-прэзідэнт АН СССР, у 1967—73 дырэктар Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Навук. працы па праблемах дыялект. і гіст. матэрыялізму, грамадскага развіцця, навук. пазнання, гісторыі зах.-еўрап. і рус. філасофіі і сацыялогіі.

Тв.:

Исторический материализм как наука об основных законах общественного развития. М., 1951;

Диалектика современного общественного развития. М., 1965;

Марксизм в XX в.: Маркс, Энгельс, Ленин и современность. 2 изд. М., 1977;

Диалектика современной эпохи. 3 изд. М., 1978;

Мировоззрение, философия, наука. М., 1979;

Философия и научное познание. М., 1983.

П.М.Федасееў.

т. 16, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРНАВО́Й Алег Сяргеевіч (н. 12.9.1933, г. Туркменабат, Туркменістан),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1976), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Скончыў Маскоўскі ін-т міжнар. адносін (1957). З 1957. у МЗС Беларусі. З 1961 у Бел. пед. ун-це (у 1973—2003 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах сац. філасофіі, этыкі, паліт. сістэмы грамадства, методыкі выкладання філасофіі і грамадазнаўчых навук. Аўтар прац па гісторыі кубінскай філасофіі, у т. л. пра Х.​Марці; яго кніга «Філасофія на Кубе (1790—1878 гг.)» апубл. ў Гаване (1981).

Тв.:

Хосе Марти. М., 1966;

Исторический материализм. Мн., 1970 (у сааўт.);

Философия Кубы (1790—1878 гг.). Мн., 1972;

Pensar es servir a la humanidad // Anuario martianó. La Habana. 1976. № 6;

Concepciones filosoficas de la lucha por la independencia en Cuba (1790—1878) // En de libro: La Historia de Cuba. M., 1978. T. 1;

Философия. 2 изд. Мн., 1998 (у сааўт.);

Альтернативы развития политической системы Республики Беларусь в XXI в.: методол. аспект пробл. // Политическая система Беларуси: достижения, пробл., возможности совершенствования. Мн., 2001.

т. 17, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ВЕЛЬ Сяргей Аляксандравіч (н. 17.10.1940, в. Геруцева Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р сацыялагічных н. (1990), канд. філас. н. (1977). Скончыў Маскоўскі ун-т (1969). З 1969 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1970 у трэсце «Беларусмантажспецбуд». З 1974 у БДУ. З 1981 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 заг. аддзела Ін-та сацыялогіі і сац. тэхналогій Нац. АН Беларусі (у 1991—93 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах сац. палітыкі, развіцця сац. сферы і сац. структуры грамадства, матывацыі і стымулявання працы і эканам. актыўнасці, тэорыі і методыкі сацыялагічных даследаванняў.

Тв.:

Социальная сфера общества и личность. Мн., 1988;

Социальная политика суверенной Беларуси. Мн., 1996 (разам з Р.​А.​Смірновай);

Тенденции изменения социальной структуры Беларуси. Мн., 1996;

Социальная структура, мобильность, идентификация. Мн., 1998 (разам з А.​У.​Рубанавым, Р.​А.​Смірновай);

Трудовой коллектив и рынок: опыт социол. анализа. Мн., 1999 (разам з В.​В.​Бушчыкам);

Политические элиты России и Белоруссии. М.; Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎМЕ́НАЎ Леанід Фёдаравіч (н. 22.7.1932, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),

бел. філосаф і паэт. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р філас. н. (1977), праф. (1979). Скончыў БДУ (1955), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1962). У 1954—58 сакратар Мінскага гаркома ЛКСМБ. З 1961 у Мінскім пед. ін-це замежных моў. З 1970 лектар ЦК КПБ, з 1971 супрацоўнік аддзела філасофіі Дэпартамента сац., гуманіт. навук і культуры ЮНЕСКА (Парыж). У 1975—79 заг. кафедры БДУ. З 1979 заг. сектара крытыкі бурж. філасофіі і права, з 1982 заг. Аддзела навук. інфармацыі па грамадскіх навуках Нац. АН Беларусі. З 2002 заг. кафедры Бел. ін-та правазнаўства. Навук. працы па праблемах дыялектыкі, паліт. філасофіі, адчужэння і правоў чалавека, зах.-еўрап. філас. думкі. У зб. вершаў «Чужая планета» (1980), «Блізкія далі» (1983), «Існасць» (1997) паэт. адлюстраванне філасофіі быцця чалавека.

Тв.:

Диалектика и революция. Мн., 1969;

Философия антимарксизма и диалектика. Мн., 1981;

Тотальный кризис и права человека. Мн., 1986;

Международная идеология прав человека: проблемы — решения. Мн., 2000.

Л.Ф.Яўменаў.

т. 18, кн. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЦКЕ́ВІЧ Сяргей Анатолевіч (н. 12.11.1949, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф, культуролаг, сацыёлаг. Д-р філас. н. (1991), праф. (1992). Прэзідэнт Міжнар. акадэміі вывучэння нац. меншасцей (з 1996). Сын А.Ф.Яцкевіча. Скончыў БДУ (1978). З 1973 у Брэсцкім тэхн. ін-це. З 1982 у Брэсцкім ун-це (у 1991—92 заг. кафедры). З 1999 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ Польшчы. Навук. працы па метадалогіі сац. пазнання і кіравання сац. працэсамі, культуры бел. памежжа, адукацыі нац. меншасцей. Распрацаваў канцэпцыі «Нацыянальна-культурнае развіццё нацыянальных меншасцей Беларусі» (1996), «Беларуская дыяспара» (1997). Рэдактар-складальнік навук. зб-каў: «Нацыянальная адукацыя» (кн. 1—9, 1992—98), «Нацыянальныя меншасці Беларусі» (кн. 1—3, 1996), «Культура беларускага пагранічча» (кн. 1—6, 1997—99).

Тв.:

Социальный эксперимент и научное управление обществом. Мн., 1984;

Диалектика управления: Роль науч. знаний в управлении обществ. процессами. Мн., 1989;

Kultura białorusko-polsko-ukraińskiego pogranicza. Віаłystok;

Brześć, 1998 (у сааўт.);

Edukacja regionalna mniejszości narodowych i etnicznych. Gdańsk, 1999 (у сааўт.);

O potrzebie dialogu kultur i ludzi. Warszawa, 2000 (у сааўт.);

Deteminanty procesów społecznych a potrzeby narodowe. Brzest;

Plock, 2001 (у сааўт.).

т. 18, кн. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЯКО́ВІЧ Надзея Мікалаеўна (н. 1.12.1946, в. Сакалы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. сацыёлаг, філосаф і палітолаг. Д-р сацыялаг. н. (1993), канд. філас. н. (1976), праф. (2000). Скончыла БДУ (1971), дзе і працуе (з 1994 праф. кафедры паліталогіі). Навук. працы па праблемах паліт. і сац.-класавай трансфармацыі сучасных грамадстваў, сац. адносін, правоў і свабод чалавека. Распрацавала тэарэт. асновы сацыялогіі творчасці і новыя канцэптуальныя падыходы да вывучэння паліт. працэсаў і дзейнасці ін-таў грамадз. супольнасці як феноменаў сац. творчасці. Аўтар навуч., вучэбна-метадычных і практычных дапаможнікаў па курсах «Паліталогія (1998, 2001)», «Правы і свабоды чалавека» (2001). Навук. рэдактар і сааўтар «Паліталагічнага слоўніка» (2004).

Тв.:

Социальная активность рабочего класса. Мн., 1978;

Политическая деятельность как феномен социального творчества // Право и демократия. Мн., 1998. Вып. 9;

Лоббистские группы как институты гражданского общества // Там жа. Мн., 1999. Вып. 10;

Социальное государство как основной гарант прав человека // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 3;

Права человека: «прирожденная» данность, или социокультурное образование // Право и демократия. Мн., 2003. Вып. 14;

Социология творчества. Мн., 2004.

т. 18, кн. 1, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)