КЕ́ПЛЕР ((Kepler) Іаган) (27.12.1571, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — 15.11.1630),
нямецкі астраном, адзін з стваральнікаў нябеснай механікі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1593). З 1594 працаваў у Вышэйшай школе ў Грацы. У 1600 пераехаў у Прагу да Ц.Браге, пасля смерці якога стаў матэматыкам пры двары імператара Рудольфа II. З 1612 у Лінцы, з 1626 у Ульме. Навук. працы па астраноміі, механіцы, оптыцы, матэматыцы. Адкрыў (1609—19) законы руху планет (гл.Кеплера законы). Распрацаваў тэорыю сонечных і месяцовых зацьменняў, склаў першыя табліцы для вылічэння месцазнаходжання планет — т.зв. Рудольфавы табліцы. Працы К. па астраноміі садзейнічалі ўсталяванню геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Адкрыў закон змяншэння інтэнсіўнасці святла з адлегласцю. Прапанаваў канструкцыю падзорнай трубы для астр. назіранняў. У матэм. працах (стэрэаметрычныя задачы) блізка падышоў да адкрыцця аналізу бесканечна малых. Аўтар прац «Тайна Сусвету» (1596), «Новая астраномія» (1609), «Гармонія Свету» (1619) і інш. Працы К. вядомы на Беларусі з 17 ст.; яны абмяркоўваюцца ў многіх філас. рукапісах (напр., у працах К.Нарбута).
Літ.:
Белый Ю.А. Иоганн Кеплер (1571—1630). М., 1971;
Спасский Б.И. История физики. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
мастацкі музей, у якім сабраны выключна (ці пераважна) творы жывапісу. К.г. наз. таксама раздзелы жывапісу ў вял. музеях (напр., у Эрмітажы, Луўры і інш.), залы для збору карцін у палацах, некат. прыватныя зборы. У стараж. часы К.г. наз.пінакатэкамі. Першыя К.г. і «музеі-кабінеты» ўзніклі ў Еўропе ў 16 ст. Сярод найбуйнейшых — Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Дрэздэнская карцінная галерэя, Нацыянальная галерэя ў Лондане, галерэі Піці і Уфіцы ў Фларэнцыі, а таксама Траццякоўская галерэя ў Маскве, Карцінная галерэя Арменіі.
На Беларусі першы «музей-кабінет» быў створаны М.Радзівілам Чорным у Нясвіжскім палацы ў 16 ст. К.г. партрэтнага жывапісу існавала ў 17—18 ст. у Ружанскім палацы Сапегаў. Частка яе, а таксама новыя творы леглі ў аснову К.г. Г.Сапегі-Ябланоўскай у маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне, дзе ў 2-й пал. 18 ст. быў заснаваны т. зв. «Кабінет натуральнай гісторыі». У 1787 быў адкрыты музей з К.г. пры Полацкім калегіуме езуітаў. Назву К.г. меў да 1957 Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Дзейнічаюць Гурынская карцінная галерэя. Полацкая карцінная галерэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧНЫ (сапр.Рублёў) Цімох Міронавіч
(1909, в. Будзіна Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944?),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі вышэйшы пед.ін-т (1933). З 1928 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь». У 1933—35, 1939—41 Бел. радыёкамітэце, у 1936—40 настаўнік у Мінску (адначасова 1936—39 у Ін-це школьнай педагогікі). У час Айч. вайны настаўнічаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Друкаваўся з 1928. Распрацоўваў жанры фельетона, апавядання, аповесці («Эльбрусы чалавечага шчасця», 1931, «Зямля ў вятрах», 1931, «Маці і сын», 1935, «Андрэй Блажко», 1940), рамана («Белы Камень», 1932). На бел. мову пераклаў раманы Г.Уэлса «Першыя людзі на месяцы», Ф.Беразоўскага «Бабскія сцежкі» (абодва 1931), М.Сервантэса «Дон Кіхот Ламанчскі» (1935), аповесці А.Новікава-Прыбоя «Жанчына ў моры» і В.Фінка «Іншакраінны легіён» (1936) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Генадзь Канстанцінавіч) (8.9.1918, г. Росаш Варонежскай вобл., Расія — 5.8.1987),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т імя Астроўскага (1941). З 1937 працаваў у Ленінградскім Новым т-ры юнага гледача, т-рах Балтыйскага флоту, Паўн. групы войск. З 1950 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі імя Горкага. З 1960 у т-ры імя Массавета. Творчасць адметная псіхал. верагоднасцю, тонкім адчуваннем стылю твора і рэжысёрскай ідэі. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне — Ермашоў і Бонч-Бруевіч («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Сакалоў («Песня нашых сэрцаў» В.Палескага), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эдгар («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Алан Окапел («Шакалы» А.Якабсана); у т-ры імя Массавета — Лужнін («Злачынства і кара» Ф.Дастаеўскага), Генерал («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Вэл Ксаўе («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Дэрвіш («У ноч зацьмення Месяца» М.Карыма). Зняўся ў бел. фільмах «Чалавек не здаецца», «Першыя выпрабаванні» і «Якаў Багамолаў» (тэлевізійны).
ірландскі пісьменнік. З 1926 жыў у Англіі. Пісаў на англ. мове. Першыя п’есы «Цень стралка» (паст. 1923), «Юнона і паўлін» (паст. 1924), «Плуг і зоркі» (1926) прасякнуты ідэямі нац.-вызв. барацьбы ірл. народа. Аўтар гіст. драмы «Зорка становіцца чырвонай» і «мудрагелістай камедыі» «Пурпуровы прах» (абедзве 1940), паэтычна прыўзнятай трагедыі «Чырвоныя ружы для мяне» (1942), фантаст. камедыі «Певень-дэндзі» (1949), лірычнай п’есы «Касцёр епіскапа» (1955), «вясёлай камедыі» «Барабаны бацькі Неда» (1958) і інш. Яго драматургіі ўласціва спалучэнне рэалізму з сімволікай, прынцыпаў высокай трагедыі з камедыйнасцю, буфанадай і фарсам. У аўтабіягр. эпапеі з 6 раманаў «Люстра ў маім доме» (1939—54) паказаў шырокую карціну грамадскага жыцця Ірландыі і Англіі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Э.Садоўнічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯРХА́Т (ад грэч. pater бацька + archē улада),
1) форма родавай арганізацыі першабытнаабшчыннага ладу, якая характарызуецца вяршэнствам мужчыны ў грамадскай вытв-сці і сац. жыцці. П. ўласцівы патрылакальнасць (прыход жанчын у сем’і родавых абшчын) і патрылінейнасць (адлік роднасці па бацькоўскай лініі). Адрозніваюць ранні П., заснаваны на парнай сям’і, і позні П., які з’явіўся ў канцы першабытнаабшчыннага ладу ў выглядзе манагамных патрыярхальных сем’яў. Як і матрыярхат, П. існаваў не ва ўсіх народаў і не быў стадыяй развіцця першабытнаабшчыннага ладу. Прыхільнікамі тэорыі першапачатковай патрыярхальнасці грамадства ў ант. часы былі Платон, Арыстоцель. У сярэднія вякі гэты погляд быў пануючым, у 19 ст. яго абараняў Г.Мэн. У 1860—80-я г. І.Бахафен і Л.Морган абверглі гэту ідэю. На тэр. Беларусі першыя адзнакі патрыярхальных адносін выяўлены пры даследаванні помнікаў эпохі бронзы: на паселішчах Падзвіння скульпт. і графічныя выявы мужчын-духаў, што сведчыць пра большую ролю мужчын у рэліг. вераваннях; на калект. могілках сярэднедняпроўскай культуры пахаванні мужчын часцей займаюць цэнтр. месца.
2) У хрысціянстве П., патрыярхія — кіруемая патрыярхам царква ў сукупнасці яе элементаў: веравучэння, культу, падання і традыцыі, іерархічнай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ САЦЫЯ́Л ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫЯ ГУРТКІ́,
першыя на Беларусі гурткі, якія пачалі прапаганду марксізму сярод рабочых. Узніклі ў 1884—85 па ініцыятыве Э.А.Абрамовіча і І.А.Гурвіча. Летам 1886 у гуртках займаліся каля 130 рабочых. Праграма заняткаў была разлічана на 3 гады. У гуртках 1-й ступені малапісьменныя рабочыя атрымлівалі агульнаадук. падрыхтоўку. 2-я ступень прадугледжвала выхаванне ў слухачоў матэрыяліст. разумення гіст. развіцця прыроды і чалавецтва. На 3-й ступені вывучалі асновы тэорыі Маркса. Мэтай гурткоў была падрыхтоўка з рабочых кадраў прапагандыстаў. З-за строгай канспірацыі гурткоўцы не вялі масавай агітацыі сярод рабочых, не ўдзельнічалі ў іх выступленнях і сутычках. На першым часе прапагандысты цесна супрацоўнічалі з мінскімі народніцкімі гурткамі, выдавалі з імі л-ру, стварылі падп. пашпартнае бюро і інш. У 1887 большасць прапагандыстаў прыняла с.-д. праграму. Пасля шматлікіх арыштаў у вер. 1889 гурткі распаліся, але да сярэдзіны 1890-х г. узніклі новыя гурткі пад кіраўніцтвам Я.Гурвіч, П.Бермана, І.Цёўміна, С.Трусевіча. З іх дзейнасцю звязаны пачатак пераходу сацыял-дэмакратаў Мінска ад гуртковай прапаганды марксізму да масавай агітацыі сярод рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭЙ ((May) Уолтэр) (н. 1912, г. Брайтан, Вялікабрытанія),
англійскі паэт і перакладчык. Працаваў мастаком, настаўнікам, рэдактарам-стылістам газ. «Маскоўскія навіны» (на англ. мове). Друкуецца з 1950-х г. Перакладае з рус. і бел. моў. Першыя пераклады з бел. мовы апублікаваў у 1968. Укладальнік і перакладчык анталогіі сучаснай беларускай паэзіі «Цудоўны край Беларусі» (М., 1976). У яго перакладзе на англ. мову выйшлі творы Я.Купалы «Вершы» (М., 1982) і «Песня сонцу» (Мн., 1982), Я.Коласа «На прасторах жыцця» (М., 1982) і «Голас зямлі» (Мн., 1982), М.Танка «Конь і леў» (Мн., 1975), «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні» (Мн., 1982) і «Палаючы факел» (Мн., 1986) і інш. Аўтар арт. «Самацветы паэзіі» (1972), дзе разглядае некаторыя асаблівасці творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, В.Лукша, С.Панізнік, Я.Семяжон, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Позняе жніво. Мн., 1982;
У кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977.
Літ.:
Семяжон Я. Беларуская паэзія ў англійскіх перакладах // Далягляды, 78. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),
рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыярас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-я г. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ВІЧ (Аркадзь Нічыпаравіч) (н. 10.3.1920, в. Барбарова Глускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950), БДУ (1955). Працаваў у рэдакцыях газет, з 1957 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1964 у выд-ве «Беларусь». У 1974—81 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў у 1938 вершамі. Піша ў жанры лірызаванай аповесці. У цэнтры ўвагі маральна-этычная праблематыка. Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), зб. вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965). Раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985), «Цень крумкачовага крыла» (1991) пра пакаленне, юнацтва якога прыпала на суровыя выпрабаванні вайны і першыя пасляваен. гады; у іх рэтраспектыўна адлюстраваны значныя пласты нар. жыцця цэлай гіст. эпохі. На бел. мову пераклаў аповесць Х.Мянд «Вецер у галаве» (1971), аповесці і адпавяданні С.Баруздзіна (зб. «Месяц і сонца», 1972), К.Паустоўскага (зб. «Белая вясёлка», 1976) і інш.