уласны момант імпульсу элементарнай часціцы ці сістэмы такіх часціц (напр., атамнага ядра, атама). Мае квантавую прыроду, не звязаны з рухам часціцы ў прасторы і не можа тлумачыцца з пазіцый класічнай механікі. Паняцце С. прапанавана галандскімі фізікамі Дж.Уленбекам і С.Гаўдсмітам (1925); тэорыю С. распрацаваў В.Паўлі (1927).
С. часціцы s вымяраецца ў адзінках прыведзенай Планка пастаяннай, бывае паўцэлы (у ферміёнаў) або цэлы (у базонаў) і вызначае яе ўласны магнітны момант μ = gs, дзе g — гірамагнітны фактар часціцы. Праекцыя С. на пэўны напрамак — адзін з квантавых лікаў (спіральнасць), прымае 2s + 1 значэнне праз 1 ад -s да +s. З дапамогай С. растлумачаны структура электронных абалонак атамаў (гл.Паўлі прынцып). многія з’явы ферамагнетызму, тонкая і звыштонкая будова атамных спектраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РЫКАЎ Іван Захаравіч (6.4.1841, в. Навасёлава Яраслаўскай вобл., Расія — 6.5.1880),
рускі паэт. Самастойна навучыўся грамаце і вершаскладанню. Друкаваўся з 1864. Выдаў зб-кі вершаў (1871, 1875, 1877). Асн. тэмы яго паэзіі — жыццё сялян, гарадской беднаты, цяжкая доля жанчыны. У творах з рус. гісторыі бунтарскі настрой: паэмы «Пакаранне смерцю Сценькі Разіна», «Садко» (на яе аснове аднайм. опера М.Рымскага-Корсакава). Многія вершы прысвечаны рус. прыродзе, дзецям. Творчасць С. звязана з фальклорам. Некат. яго вершы сталі папулярнымі нар. песнямі: «Рабіна» («Што стаіш. гайдаешся...». «У стэпе» (у нар. апрацоўцы «Стэп ды стэп вакол...») і інш. Па яго ініцыятыве падрыхтаваны калектыўны зб. «Світанак» (1872), які стаў пачаткам існавання Сурыкаўскага літ.муз. гуртка (існаваў да 1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧЫ́, ткачыкавыя,
група птушак сям. ткачыкавых (Ploceidae) і ўюрковых ткачыкаў (Estrildidae). Найб. вядомыя Т. з родаў: грамадскі (1 від), сапраўдныя (57 відаў), агнявыя (11 відаў), амаранты (6 відаў): амадзіны, астрыльды, удоўкі. Пашыраны ў асн. у субтропіках і тропіках Усх. паўшар’я, пераважна ў Афрыцы. Жывуць на адкрытых ландшафтах. Чародныя, часта каланіяльныя. 4 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 30 см, маса да 100 г; хвост ад кароткага да вельмі доўгага. Апярэнне рознае — да ярка чырв. або сіняга. Гнёзды «ткуць» (адсюль назва) з расл. валокнаў. Кормяцца зернем, насякомымі. Многія шкоднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫТУ́НЬ, табака (Nicotiana),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах Амерыкі, Аўстраліі і Палінезіі. На Беларусі культывуюць махорку, якая часам дзічэе, некалькі сартоў і форм Т. сапраўднага, або курыльнага (N. tabacum), крылатага, або пахучага (N. alata), і Сандэра (N. sanderae).
Адна- і шматгадовыя травы. радзей кусты. Сцёблы прамастойныя. простыя або разгалінаваныя, выш. да 2 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта залозістаапушанае. Кветкі буйныя, жоўтыя, ружовыя або чырв., сабраныя ў рыхлую мяцёлку. Плод — каробачка. Многія віды маюць (пераважна ў лісці) ядавіты алкалоід нікацін. Выкарыстоўваюцца для атрымання тытунёвых вырабаў. чыстага нікаціну для фармацэўтычнай прам-сці і аховы раслін ад шкоднікаў. Тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСНЕ́Я (Usnea),
род лішайнікаў сям. пармеліевых. Каля 600 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 17 відаў. Найб. пашырана У. шорсткавалосая (U. hirta), у Чырв. кнігу занесены У. арагавелая (U. ceratina), квітучая (U. florida) і эстонская (U. estonica). Растуць на дрэвах.
Слаявіна кусцістая, звычайна павіслая, часта ў выглядзе шаравата-зялёных «барод», да субстрату прымацоўваецца дыскападобнай асновай. Даўж. слаявіны ад 5 см да 2 м, са шматлікімі ніткападобнымі галінкамі, у цэнтры якіх знаходзіцца восевы цыліндр, утвораны шчыльным перапляценнем гіфаў. Пладовыя целы (апатэцыі) размешчаны збоку або на канцах галінак, часта ўтвараюцца сарэдыі. Многія У. адчувальныя да забруджвання паветра (біяіндыкатары). Выкарыстоўваюць для атрымання антыбіётыкаў (уснінавая к-та і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЦІ́НАЎ (Ustinov) Пітэр (н. 16.4.1921),
англійскі рэжысёр, акцёр, прадзюсер, драматург. Па паходжанні рускі. Скончыў Вестмінстэрскі каледж і Лонданскую тэатр. студыю. З 1937 тэатр. акцёр, з 1940 у кіно. Аўтар п’ес «Раманаў і Джульета» (1957), «На паўдарозе да вяршыні» (1967), «Дзесятая Бетховена» (1983) і інш. (многія экранізаваны) з эфектна пабудаваным сцэн. дзеяннем, трапнымі дыялогамі. Раман «Крамнэгел» (1971) — сатыра на стэрэатыпы амер. жыцця. Паставіў фільмы «Школа тайнай службы» (1946), «Білі Бад» (1962), «Хамерсміт выйшаў на волю» (1972; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне) і інш. Зняўся ў больш як 50 фільмах, у т. л. «Кама градзешы?», «Спартак», «Смерць на Ніле», «Зло пад сонцам» У 1997 паставіў у Вял. т-ры (Масква) оперу «Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЯРКО́ЎСКІ Аляксандр Георгіевіч (н. 6.7.1931, С.-Пецярбург),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1975). Нар.арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955, кл. Ю.Шапорына). У 1950—57 выкладаў у Маскоўскім хар. вучылішчы. У 1976—80 нам. міністра культуры Расіі. Творчасці ўласціва цікавасць да гіст.-гераічнай, лірычнай і маладзёжнай тэматыкі. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Адважны трубач» (паст. 1985), «Час раставаць снягам» (паст. 1988); аперэты, кантатна-аратарыяльныя і сімф. творы, рамансы, песні (больш за 170), музыка да кінафільмаў (больш за 60). Аўтар твораў на вершы бел. паэтаў (М.Танка, У.Дубоўкі, А.Куляшова), апрацовак нар. песень і інш., многія з якіх упершыню былі выкананы бел. выканаўцамі. Аўтар кн. «Жыццё маё — музыка: Успаміны. Уражанні» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́АВА (Haava) Ганна (сапр.Хааваківі Ганна Разаліе; 15.10.1864, Йыгеваскі павет, Эстонія — 13.3.1957),
эстонская пісьменніца. Нар. пісьменнік Эстоніі (1954). Скончыла Тартускую вышэйшую жан. школу (1884). Працавала ў г. Лейпцыг (Германія) і Пецярбург. Друкавалася з 1886. У зб. «Вершы» (т. 1—3, 1888—97) і кн. «Перакрыжаваныя хвалі» (1910) рамант. любоўная лірыка. Зб-кі «Хвалі» (1906), «Дзеці Поўначы» (1913), «Пра нашы дні» (1920) Прасякнуты грамадз., сац.-крытычнымі матывамі. У зб-ках «А ўсё-такі жыццё добрае» (1930), «Я эстонскую песню спяваю» (1935) матывы адзіноты, незадаволенасці жыццём. Яе паэзія адметная эмацыянальнасцю, нар. прастатой; многія вершы пакладзены на музыку. У кн. прозы «Карцінкі з жыцця Эстоніі» (1911, 2-е выд. 1972) аўтабіягр. эскізы, сял. апавяданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАСТА́ТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Caudata, або Urodela),
атрад земнаводных. 8—9 сям., да 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, асобныя ў Паўд. Амерыцы і Афрыцы. Многія жывуць у вадзе (некат. ў перыяд размнажэння) або на сушы, дрэвах. На Беларусі 2 віды трытонаў. 19 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. звычайна 10—30 см, рэдка да 1,8 м (гіганцкія саламандры). Цела прадаўгаватае, паступова пераходзіць у добра развіты хвост (адсюль назва). Скура голая. Ногі кароткія, 3-, 5-пальцыя, у некат. слабыя або часткова рэдукаваныя. Грудны пояс храстковы. Апладненне пераважна ўнутр., без спароўвання, асобным відам характэрна неатэнія. Размнажаюцца ікрой, некат. жыва- ці яйцажывародныя. Развіццё з метамарфозай. Маюць здольнасць да рэгенерацыі. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Іл.гл. да арт.Амбістомы, Амфіумы, Земнаводныя, Пратэі, Саламандравыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПАКО́ВЫЯ (Sturnidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. Паводле розных сістэм класіфікацыі 24—36 родаў, 104—111 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі, акліматызаваны ў Паўн. Амерыцы, Новай Зеландыі, на некат. акіянічных астравах. Жывуць у лесастэпах, стэпах, пустынях, лясах і інш. На Беларусі 2 віды: шпак звычайны (Sturnus vulgaris) і залётны від шпак ружовы (Pastor roseus).
Даўж. цела 17—45 см, маса 50—150 г. Апярэнне ў большасці цёмнае, карычневае або чорнае з метал бляскам, у некат. яркае, чырв., сіняе і інш. Самцы буйнейшыя за самак. Крылы завостраныя ці закругленыя. Ногі моцныя. Дзюба прамая, радзей злёгку кручкаватая Нясуць 2—9 (часцей 4) яец. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі беспазваночнымі, ягадамі, насеннем і інш.Многія добра спяваюць, могуць пераймаць галасы інш. птушак і розныя гукі.