вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПАЎНЯ́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГНС),
прызначана для прыёму, захоўвання і пастаўкі спажыўцам звадкаванага газу (ЗГ). Газ захоўваецца ў наземных, падземных і ізатэрмічных рэзервуарах, балонах. Яго разліваюць у балоны і аўтацыстэрны і дастаўляюць спажыўцам, часам запраўляюць аўтамабілі, якія працуюць на ЗГ.
На ГНС робяцца таксама рэгазіфікацыя газу, змешванне пары ЗГ з паветрам або нізкакаларыйнымі газамі і падача сумесі ў гар. размеркавальныя сістэмы. ГНС мае зліўную эстакаду (ад чыг. веткі), базу захоўвання ЗГ (агульная ўмяшчальнасць рэзервуараў да 8000 м³), помпава-кампрэсарны цэх для зліву газу зчыг. цыстэрнаў і падачы яго ў цэх для разліву, камунікацыі вадкай і паравой фаз і інш. ГНС будуюць за межамі горада з падветранага боку пануючых вятроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл.Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ СІ́КА ((De Sica) Віторыо) (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),
італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНІ́ЧНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
крыніца электрычнага току, у якой хім. энергія пераўтвараецца ў электрычную. Складаецца з 2 электродаў: катод (мае акісляльнік) і анод (аднаўляльнік), якія кантактуюць з іонаправодным рэчывам (электралітам). Паміж электродамі ўсталёўваецца рознасць патэнцыялаў (электрарухальная сіла), якая вызначаецца свабоднай энергіяй акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі. Бываюць аднаразовага выкарыстання (першасныя гальванічныя элементы), шматразовага дзеяння (другасныя, або абарачальныя, гальванічныя элементы; гл.Электрычны акумулятар) і гальванічныя элементы, якія могуць бесперапынна працаваць за кошт пастаяннага падводу да электродаў рэагентаў і адводу прадуктаў рэакцыі (паліўныя элементы).
Гальванічныя элементы: а — «сухі» (1 — вугальны стрыжань з кантактавым каўпачком, 2 — пастападобны электраліт, 3 — актываваны вугаль, 4 — цынкавы корпус у кардоннай упакоўцы); б — паліўны вадародна-кіслародны (1 — кісларод, 2 — электраліт, 3 — вадарод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖАЎНЫЯ ДАХО́ДЫ,
фінансавыя сродкі, якія паступаюць у дзярж.бюджэт і складаюць даходную частку цэнтралізаваных фін. рэсурсаў дзяржавы. Выкарыстоўваюцца дзяржавай для ажыццяўлення сваіх функцый. Утвараюцца ў асноўным за кошт чыстага даходу ў форме падатку з абароту, плацяжоў прадпрыемстваў і арг-цый з прыбытку, мытных даходаў, узносаў па сац. страхаванні, падаходнага падатку. Крыніцамі Дз.д. з’яўляюцца таксама даходы ад жыллёвага фонду, лясны даход, выручка ад рэалізацыі безгаспадарчай і канфіскаванай маёмасці, незапатрабаваных грузаў і паштовых адпраўленняў, маёмасці прадпрыемстваў, што ліквідуюцца, арг-цый і ўстаноў, даходы ад платных паслуг. Да Дз.д. належаць паступленні сум, якія перавышаюць даходы над расходамі па спец. сродках бюджэтных устаноў, ад арэнднай платы і інш. Адна з формаў папаўнення Дз.д. — замежныя пазыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала звер. 1941 да ліп. 1944 у Дзятлаўскім і Казлоўшчынскім р-нах Гродзенскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Аб’ядноўвала больш за 30 чал., 2 групы: у в. Явар (20 чал., кіраўнікі С.І.Белы, Б.І.Белы), в. Зачэпічы (М.П.Сніціч, Н.П.Сніціч). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты; вясной 1942 пашкодзілі тэлеф. сувязь паміж вёскамі Нясілавічы і Гезгалы; здабылі звесткі пра размяшчэнне варожага гарнізона ў г.п. Казлоўшчына, з іх дапамогай партызаны восенню 1942 разграмілі гарнізон; з групай партызан праводзілі дыверсіі на чыгунцы, падпалілі склады на ст. Наваельня. У канцы 1943 большасць падпольшчыкаў пайшла да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943. Аб’ядноўвала 6 груп, больш за 70 чал. Кіраўнік Н.С.Кулікоў, намеснік Дз.М.Гладышаў. Групы сфарміраваны з рабочых і навучэнцаў Добруша, былых ваеннаслужачых, работнікаў Добрушскага лясніцтва, з жыхароў Добруша і в. Камень. Падпольшчыкі знішчалі абсталяванне папяровай ф-кі, гаручае на Добрушскай МТС, арганізавалі выбух каля чыг. ст. Закапыцце, у выніку якога знішчана вял. колькасць ням. ваеннаслужачых. У маі 1943 на ўчастку чыг. Гомель—Бранск пушчаны пад адхон 3 эшалоны. У ліп. і вер. 1943 партызаны з дапамогай падпольшчыкаў знішчылі электрастанцыю, спалілі аўтарамонтную майстэрню, 2 цэхі, узарвалі пілараму і артыл. склад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАМЫ́СЛІ,
вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., на р. Чарніца. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад г.п. і чыг. ст. Лёзна, 55 км ад Віцебска. 1236 ж., 466 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1749. З 1772 цэнтр воласці ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ.Зпач. 1830-х г. мястэчка. У 1860 у Дабрамыслях 350 ж., у 1910 — 646 ж., 215 двароў, нар. вучылішча, царква, яўр. малітоўны дом, 5 хлебных крам, млын. З 1924 цэнтр сельсавета ў Лёзненскім р-не. У 1971 у Д. 425 ж., 146 дамоў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.