АДЭ́ЛІ ЗЯМЛЯ́ (Terre Adélie),

частка тэрыторыі Усх. Антарктыды паміж 136° і 142° усх. даўгаты, абмываецца на Пн морам Дзюрвіля. Ледавіковае покрыва таўшчынёй да 2000 м, каля берага трапляюцца ўчасткі, свабодныя ад лёду. Клімат суровы, з перавагай штармавых вятроў. Адкрыта ў 1840 франц. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Ж.​Дзюмон-Дзюрвіля, названа ў гонар яго жонкі. З 1956 паблізу берага Адэлі зямлі (на в-ве Пятрэль) працуе франц. навук. станцыя «Дзюмон-Дзюрвіль».

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ХАВА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Пл. 0,64 км², даўж. 1,53 км, найб. шыр. 0,71 км, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Пл. вадазбору 19,4 км². Схілы выш. ад 2 да 12 м. Берагі стромкія, на Пн зліваюцца са схіламі, параслі хмызняком, на З забалочаныя. Дно плоскае, сапрапелістае, каля берагоў пясчанае і пясчана-галечнае. Выцякае ручай у воз. Саванар.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛА́М, забарол,

невысокая (каля 1,5 м) надбудова над абарончымі сценамі і вежамі драўляных замкаў Беларусі ў 16—17 ст. Служыў пагрудным прыкрыццём для абаронцаў. Меў выгляд верт. сценкі з 3—7 вянкоў, якая апіралася на кансольныя выпускі бэлек гарадзен, тарасаў і вежаў і выступала за сцены ніжніх ярусаў. Па бэльках насцілаўся верхні баявы мост з падсябіццямі. Прарэзаны байніцамі аблам часам завяршаўся дахам і ствараў крытую баявую галерэю, напр., у Віцебскіх замках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТЭ́РНА,

возера ў Беларусі, у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,89 км². Даўж. 5,5 км, найб. глыб. 12 м. Пл. вадазбору каля 115 км².

Берагі пясчаныя. Дно складанай будовы, выслана пяском і сапрапелямі. Схілы пераважна высокія, укрытыя лесам, на У разараныя. Злучана ручаём з воз. Укля, пратокамі з азёрамі Важа і Набіста. У 1967 узровень яго штучна падняты на 1 м.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРЫ́ТЫ, амарэі, амуру,

галіна семіцкіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі Сірыйскі стэп ад Палесціны да Персідскага зал. У канцы 3-га тыс. да н.э. разбурылі шумерскую цывілізацыю Ура і каля 1894 да н.э. заснавалі Старававілонскую дзяржаву. Асеўшы ў Месапатаміі, у 18—17 ст. да н.э. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам, у Сірыі і Палесціне ў 15—10 ст. да н.э. зліліся з ханаанеямі. У 1-м тыс. да н.э. Сірыя наз. Амуру.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАЛУ́СКІЯ ГО́РЫ, Кардыльера-Бетыка (Cordillera Betika),

горная сістэма на Пд Пірэнейскага п-ва ў Іспаніі. Працягласць з ПдЗ на ПнУ каля 630 км. Выш. да 3478 м (г. Муласен). Утвораны некалькімі глыбока расчлянёнымі хрыбтамі і масівамі альпійскага ўзросту. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў. Развіты карст. Радовішчы жал. руды. Укрытыя лістападнымі і вечназялёнымі лясамі і хмызнякамі. У катлавінах і на ўзбярэжжы плантацыі цытрусавых, аліўкаў, вінаграднікі, на У — фінікавыя пальмы.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРУШЭ́ВІЧ (Ян) (пач. 16 ст. — 1567 ?),

рэлігійны і дзярж. дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст. Канонік у Вільні, біскуп у Кіеве і Луцку. Аўтар дыдактычна-рэліг. паэмы «Lens Lituana olim...» (каля 1543) пра легендарнае забойства ў Вільні 14 францысканскіх манахаў у перыяд княжання Альгерда (1345—77). Гал. змест і пафас паэмы ў апалагетычна-хрысц. тэндэнцыйнасці, дыдактызме, асуджэнні братазабойстваў.

Літ.:

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫ ЛАНДША́ФТ,

ландшафт, які ўзнік у працэсе пераўтваральнай дзейнасці чалавека, у т. л. яго ненаўмыснага ўздзеяння на прыроду. Займае каля палавіны тэрыторыі сушы. Вылучаюць антрапагенны ландшафт па ступені змененасці (слабазменены, зменены, моцназменены), па сацыяльна-эканам. функцыях (с.-г., індустрыяльны, урбанізаваны, рэкрэацыйны, запаведны, прыродаахоўны і інш.), па выніках антрапагенных уздзеянняў (акультураны, пераўтвораны, дэградзіраваны). На Беларусі антрапагенны ландшафт займае больш палавіны тэрыторыі. Распрацавана класіфікацыя антрапагеннага ландшафту, вылучаны тыпы, падтыпы, віды.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́Й,

у грэчаскай міфалогіі волат, уладар Лівіі, сын Пасейдона і Геі. Быў непераможны, пакуль дакранаўся да зямлі, якая давала яму новыя сілы. Загінуў у паядынку з Гераклам, які адарваў Антэя ад зямлі і задушыў. Гэты сюжэт адлюстраваны на франтоне храма Геракла ў Фівах, у шматлікіх жывапісных творах Л.​Кранаха Старэйшага, Г.​Бальдунга (Грына), Я.​Тынтарэта, Дж.​Цьепала і інш.

Геракл і Антэй. Скульптурная група А.​Палаёла. Каля 1475.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОЧ (англ. broch),

абарончыя збудаванні ў Шатландыі, мясц. варыянт зах.-еўрап. умацаванняў на пач. новай эры. Уяўлялі сабой круглыя вежы сухой муроўкі (13,7—21,3 м у дыяметры, выш. да 12 м). У іх пустацелых сценах (таўшчынёй 3,7—4,6 м) размяшчаліся жылыя памяшканні і ўсходы на верхні паверх і на дах. Вядома каля 400 такіх вежаў у Паўн. і Зах. Шатландыі. Найлепш захаваўся броч на в-ве Моўза (Шэтлендскія а-вы).

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)