МАТЭО́ЦІ ((Matteotti) Джакома) (22.5.1885, Фрата-Палясіне, прав. Равіго, Італія — 10.6.1924),

італьянскі паліт. дзеяч, герой антыфаш. супраціўлення. Юрыст. Адзін з лідэраў Італьян. сацыяліст. партыі. У 1-ю сусв. вайну за антываен. дзейнасць быў зняволены ў турму. У 1919—24 дэп. парламента. У 1922 за рэфармісцкую дзейнасць выключаны з Сацыяліст. партыі. Адзін з заснавальнікаў і паліт. сакратар (з 1922) Унітарнай сацыяліст. партыі. 30.5.1924 у палаце дэпутатаў публічна выкрыў перадвыбарныя махінацыі і злоўжыванні фаш. партыі. Выкрадзены і забіты фашыстамі. Выступленне і забойства М. выклікалі востры паліт. крызіс фаш. рэжыму ў Італіі — т.зв. «М. крызіс».

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел. АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯР ((Major) Тамаш) (26.1.1910, Будапешт — 1986),

венгерскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Венгрыі (1950). У 1945—62 дырэктар Нац. т-ра ў Будапешце, з 1962 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1947 праф. Венг. вышэйшай школы тэатр. і кінамастацтва. Прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Сярод роляў: Люцыфер («Трагедыя чалавека» І.​Мадача), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра), Іван Васілевіч («Іван Васілевіч» М.​Булгакава). Паставіў: «Банк-бан» І.​Катаны (1945), «Ворагі» М.​Горкага (1949), «Баявое хрышчэнне» Э.​Урбана́ (1951), «Трагедыя чалавека» (1955, 1960, 1964) і «Добры чалавек з Сезуана» (1972) Б.​Брэхта. З 1941 здымаўся ў кіно.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАСТО́МАВЫЯ (Merostomata),

клас пераважна вымерлых марскіх членістаногіх жывёл. 3 (або 4) атр., з іх 2 (або 3) — ракаскарпіёны — вядомы з кембрыю — дэвону (каля 500 млн. гадоў назад), 1 — мечахвостыз сілуру (каля 400 млн. гадоў назад) і існуе цяпер. Ракаскарпіёны жылі на дне мелкаводных мораў, некаторыя, магчыма, у прэснай вадзе.

Даўж. вымерлых форм да 3 м, сучасных да 0,9 м. Цела ўкрыта хіцінавым панцырам, падзяляецца на галавагрудзі і членістае (да 12 сегментаў) брушка з іголкай на канцы. Мелі 12 пар канечнасцей (брушныя са шчэлепнымі пласцінкамі). Драпежнікі.

Да арт. Мерастомавыя. Ракаскарпіён птэрыготус.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЁРСКІ УСПЕ́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Міёры Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1907 з цэглы на беразе Мёрскага воз. Манум. 3-нефавы 2-вежавы храм з 5-граннай апсідай, да якой з паўд. боку далучана сакрысція. Фасады будынка з высокім цокалем рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным парталам і акном-ружай. 3-ярусныя вежы завершаны высокімі шпілямі, раскрапаваны вузкімі нішамі. Вежа-ліхтар завяршае цэнтр. аркатурны шчыт. Нефы перакрыты стральчатымі скляпеннямі.

А.​М.​Кулагін.

Міёрскі Успенскі касцёл.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕЛУ́ЧЫ ((Michelucci) Джавані) (2.1.1891, г. Пістоя, Італія — 1990),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Фларэнцыі. Праф. ун-таў у Фларэнцыі (1932—48) і Балонні (з 1948). З 1946 дырэктар час. «La Nuova Cittá» («Новы горад»). У 1930—50-я г. прыхільнік рацыяналізму, пазней эвалюцыяніраваў да арганічнай архітэктуры. Арганічна спалучаў смелыя паводле канструкцыі сучасныя збудаванні з гіст. забудовай (цэнтр. вакзал у Фларэнцыі, 1930—36, з арх. Н.​Бароні і інш.; таварная біржа ў Пістоі, 1949—50), складаныя кампазіцыйныя вырашэнні лаканічныя, пластычна выразныя (царква Сан-Джавані на Вія дэль Соль каля Фларэнцыі, 1964).

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ КАФЛЯ́НА-ГАНЧА́РНЫЯ ЗАВО́ДЫ.

Дзейнічалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Мелі газавыя і паравыя рухавікі, лакамабіль, паравыя катлы. На з-дзе купца Авербаха (дзейнічаў у 1897—1914) у 1898 працавала 47 чал., выпушчана тэракотавых вырабаў на 2,8 тыс. руб., ганчарных на 25 тыс. руб., кафлі на 22,5 тыс. руб. На з-дзе купца Поляка (дзейнічаў з 1883 як з кафлянай пліткі) у 1895 працавала 67 чал., выпушчана кафлі, тэракотавых аздабленняў і вогнетрывалай цэглы на 25,1 тыс. руб. Гл. таксама Мінскі фарфоравы завод.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НАВА (Марыя Уладзіміраўна) (6.1. 1911—13.11.1997),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1991). Скончыла Тэатр. тэхнікум імя Луначарскага (1927). З 1927 у МХАТ-2, у 1932—36 у т-ры Мюзік-хол, з 1938 у Маскоўскім т-ры мініяцюр. У 1948—82 выступала ў дуэце з мужам А.​Менакерам. Вострахарактарная актрыса, майстар пераўвасаблення. Сярод спектакляў: «Справы сямейныя», «Кляксы», «Мужчына і жанчыны», «Нумар у атэлі». З 1990 у Маскоўскім тэатры-студыі пад кіраўніцтвам А.​Табакова: Казіцкая («Настаўнік рускай» А.​Бураўскага), Старая («Сыходзіў стары ад старой» С.​Злотнікава). Здымалася ў кіно.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАКРА́ТНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая паўтараецца ў вершы 5 і больш разоў запар. Асабліва характэрна для ўсх. паэзіі. Трапляецца і ў бел. паэзіі, для спалучэння тых радкоў твора, у якіх разгорнута адна вобразная думка:

І мне наканаваны бой З другімі і самім сабой
Бой з тупасцю. як пень, тупой,
Бой з чэрствасцю, як час, скупой.
Бой з крывадушнасцю любой.
Бяскроўны, ды смяротны бой.
Бой нерваў, сэрца перабой,
Калі нібы перад табой
Такі, як ты, ды не такі,
А пустазвоны-мастакі.
(А.​Лойка. «...І мне наканаваны бой»).

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАЎ (Анатоль Васілевіч) (н. 23.10. 1929, с. Любоўнікава Касімаўскага р-на Разанскай вобл., Расія),

казахскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. Казахстана (1970). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Саратаўскую кансерваторыю (1954). Вучань А.Свешнікава. З 1952 хормайстар многіх хар. калектываў, з 1959 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. хар. капэлы Казахстана. З 1958 адначасова выкладае ў Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1980 праф.). Аўтар муз. твораў для хору, апрацовак каз. і рус. нар. песень, артыкулаў і метадычных дапаможнікаў па хар. мастацтве.

Літ.:

Птица К. Мастера хорового искусства в Московской консерватории. М., 1970.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)