Створаны ў 1933 у Мінску як Дзяржаўны т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 Вялікі, з 1964 акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыўся балетам «Чырвоны мак» Р.Гліэра (1933). У першы перыяд трупа ставіла пераважна класічныя балеты: «Капелія» Л.Дэліба — Ф.Лапухова (балетмайстар, 1935), «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага — К.Мулера (1938), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева — К.Галяйзоўскага (1939). Першы нац. балет — «Салавей» М.Крошнера — А.Ермалаева (1939, 1940), дзе створаны яскравыя вобразы герояў (у гал. партыях А.Нікалаева, С.Дрэчын), выразна і маштабна паказаны народ, сінтэзаваны акад. і нар. танец. Ў 1930—40-я г. сярод артыстаў балета вылучыліся Нікалаева, Дрэчын, З.Васільева, Я.Вяпрынскі, Н.Гурвіч, Л.Крамарэўская, Н.Майсеенка, Т.Узунава, Ю.Хіраска. У 1940—70-я г. ў рэпертуары т-ра пераважалі творы рус. і замежнай класікі: «Лебядзінае возера» (1948, 1967, 1978), «Спячая прыгажуня» (1954, 1970), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Бахчысарайскі фантан» Асаф’ева (1939, 1949, 1973), «Раймонда» А.Глазунова (1972), «Дон Кіхот» (1941, 1947, 1962, 1979) і «Пахіта» (1973) Л.Мінкуса, «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1938, 1959), «Жызэль» А.Адана (1953, 1966, 1976), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966). Ставіліся і балеты сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Сцежкаю грому» К.Караева (1960), «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» А.Лядава і У.Дзешавова (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева і інш. Вяліся пошукі больш дасканалых сцэн.маст. рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этн. своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення твораў бел. кампазітараў Мулерам. («Князь-возера» В.Залатарова, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950; «Падстаўная нявеста» Вагнера, 1958), Ермалаевым («Палымяныя сэрцы» Залатарова, 1955). Сучасная тэма ўведзена на нац. сцэну балетамі «Мара» Я.Глебава — А.Андрэева (1961), «Святло і цені» Вагнера — Андрэева і Н.Стукалкінай (1963). Тэма Вял.Айч. вайны з маст. пераканаўчасцю ўвасоблена ў «Альпійскай баладзе» Глебава — А.Дадышкіліяні (1967, лібр. Р.Чарахоўскай паводлеаднайм. аповесці В.Быкава), дзе яскравыя глыбока псіхалагічныя вобразы стварылі К.Малышава і Л.Чахоўскі. Сярод балетмайстраў гэтага перыяду Андрэеў, І.Бельскі, В.Вайнонен, Дадышкіліяні, Ю.Дружынін, Дрэчын, Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Конюс, А.Месерэр, Мулер, Стукалкіна; салісты балета — В.Давыдаў, Н.Давыдзенка, І.Дзідзічэнка, Т.Караваева, А.Карзянкова, Б.Карпілава, В.Крыкава, Р. і М.Красоўскія, Малышава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Н.Младзінская, Я.Паўловіч, М.Пятрова, Л.Ражанава, І.Савельева, Чахоўскі, М.Шэхаў і інш. У 1973 трупу ўзначаліў В.Елізар’еў. Яго маст. дасягненнем сталі пастаноўкі балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына і «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына (абедзве 1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976) і «Тыль Уленшпігель» Глебава (2-я рэд., 1978; лібр. Елізар’ева паводле Ш. Дэ Кастэра). Новая паэтыка і эстэтыка гэтых і інш. балетаў дазваляюць гаварыць пра з’яўленне аўтарскага т-ра Елізар’ева, які працуе ў цеснай садружнасці з мастакамі (Я.Лысік, Э.Гейдэбрэхт, В.Окунеў і інш.). Бел. балет набыў міжнар. прызнанне і з поспехам гастраліруе ў, многіх краінах свету.
У 1980—90-я г. ў т-ры пастаўлены шэраг па-мастацку значных твораў: «Спартак» Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» (1982) і «Лебядзінае возера» (1986) Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Мінкуса (1989), вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), 1-актовыя балеты «Адажыета» на муз. Г.Малера (1981), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага (балетмайстар усіх Елізар’еў). Набылі вядомасць майстры бел. балетнага мастацтва Л.Бржазоўская, І.Душкевіч, У.Іваноў, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Н.Філіпава, Т.Яршова і інш. Рэпертуар трупы папоўніўся балетамі бел. кампазітараў «Курган» Глебава (1982, лібрэта А.Вярцінскага і Г.Маёрава паводлеаднайм. паэмы Я.Купалы), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кругаверць» А.Залётнева (1996, па матывах нар. балад). Найб. значны рэзананс атрымаў балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані — Елізар’ева (1995; Дзярж. прэмія Беларусі 1996; прэмія Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» 1996), прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды. З класічных пастановак гэтага часу найб. адметныя: «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Спячая прыгажуня» (1990), «У гонар Марыуса Петыпа» на муз. Р.Дрыга, І.Армсгеймера, Мінкуса (1981). Т-р ставіць і спектаклі для дзяцей, у т. л. «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991). Сярод пастаноўшчыкаў балетаў у 1980—90-я г. А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, П.Гусеў, Маёраў, І.Калпакова і інш. У т-ры працавалі: гал. балетмайстры — Мулер (з 1946), Андрэеў (1960—64 і 1971—73), Дадышкіліяні (1965—71), Елізар’еў (з 1973); гал. дырыжоры — І.Гітгарц (1933—36), Н.Грубін (1938-41), А.Брон (1944—48), У.Пірадаў (з 1948), Л.Любімаў (1951—64), Г.Дугашаў (1966—68), К.Ціханаў (з 1969), Я.Вашчак (1972—80), Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. мастакі — С.Нікалаеў (з 1938), Я.Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Гейдэбрэхт (1984—90). Трупа т-ра пастаянна папаўняецца выпускнікамі Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. У ёй працуюць (2000): дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт.СССР Елізар’еў, салісты балета нар.арт. Беларусі К.Фадзеева, засл. арт. Беларусі Н.Дадышкіліяні, У.Далгіх, В.Захараў, Р.Мінін, А.Фурман, Т.Шаметавец, артысты Т.Беранава, С.Гарбунова, Ж.Лебедзева, А.Турко, нам. дырэктара нар.арт. Беларусі Траян, памочнік маст. кіраўніка засл. дз. культ. Беларусі І.Сарокіна, асістэнты засл. артыстка Беларусі Дзідзічэнка, Я.Мінін, балетмайстры-рэпетытары нар.арт. Беларусі Бржазоўская, Яршова, нар. артыстка Расіі М.Подкіна, А.Мартынаў, канцэртмайстры засл. артыстка Беларусі Л.Сямёнава, С.Львовіч, Ч.Шуба.
Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность, Мн., 1999;
Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997;
Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 4], Мн., 1997.
Ю.М.Чурко.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева. 1988.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Спартак» А.Хачатурана. 1980.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. 1976.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Страсці» А.Мдывані. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯМО́ННЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.К.Любаўскі, П.Д.Бранцаў, У.І.Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.
У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.
У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).
Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводлеархеал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.
Традыц. бел. адзенне ў мясц.этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах.дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДАК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс.ж. (2000).
Паводлеархеал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн.Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял.кн.Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс.ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт.Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал.літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.
У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв.Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл.Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт.Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст.Навагрудская ратуша, у 18 ст.Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст.Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.
Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш.Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.Коласу, А.Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКЕ́СТР (ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),
калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.
Вял.інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.
Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл.Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж.т-ра оперы і балета Дзярж.т-рамуз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),
узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш.Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш.Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар.дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.
Літ.:
Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);
Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;
Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.
Я.М.Сахута.
Ручнік з арнаментам. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Мастра». 1990-я г.Да арт.Арнамент. 1. Вязанне. 1920. Магілёўская вобл. 2. Вышыўка. 18 ст. 3. Тканіна. 1920. Гродзенская вобл. 4, Тканіна. 1950. Гомельская вобл. 5. Тканіна. Канец 19 ст. Мінская вобл. 6. Посцілка. 1900. Піншчына. 7. Фрагмент ручніка. 1934. Талачынскі р-н, Віцебская вобл. 8. Вышыўка. 1920. Брэсцкая вобл.Да арт.Арнамент. Франтыспіс Карана Аргун-шаха. Егіпет. 1368—88.Да арт.Арнамент. Ворсавы дыван «Мараза». Шырванская група. Пач. 19 ст.Да арт.Арнамент. Маёлікавая абліцоўка сцен у палацы Таш-Хаўлі ў Хіве. 1830-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ РАЁН,
на ПдУ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,7 тыс.км. Нас. 44,8 тыс.чал. (1995), сярэдняя шчыльн. 26,4 чал./км², гарадскога 12%. Цэнтр — г.Орша; г. Барань, г.п. Арэхаўка і Копысь. 261 сельскі нас. пункт. 18 сельсаветаў: Браздзетчынскі, Веравайшанскі, Высокаўскі, Дубраўскі, Задроўеўскі, Зубаўскі, Клюкаўскі, Крапівенскі, Кудаеўскі, Ліпкаўскі, Малатынскі, Межаўскі, Панізоўскі, Першамайскі, Пішчалаўскі, Смалянскі, Стайкаўскі, Якаўлевіцкі.
Размешчаны ў межах Аршанскага ўзвышша і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паўночная ч. занята Лучоскай нізінай. Паверхня пераважна ўзгорыстая і платопадобная. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 237,5 м (на ПнЗ ад в. Стайкі). Карысныя выкапні: торф, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 дні. Рэкі: Дняпро з прытокамі Аршыца і Адроў (справа), Крапівенка і Лешча (злева). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,43 км/км². Азёры: Вял. Арэхаўскае, Дзевінскае, Перавалачна, Кузьміно, Карэсіна. Пад лясамі 23% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, асінавыя і альховыя. Агульная пл. балотаў 4,2 тыс.га. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (67,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,3%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (3%), тарфяна-балотныя (3%), поймавыя (2,5%); паводлемех. складу — сугліністыя (84,9%), супясчаныя (11,4%), тарфяныя (3%), пясчаныя (0,7%).
Пад с.-г. ўгоддзямі 107 тыс.га, з іх асушаных 11,7 тыс.га. На 1.1.1995 у Аршанскім раёне 23 калгасы і 10 саўгасаў. Развіты льнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінаводства і птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (кафля, цэгла, жалезабетонныя вырабы), металаапрацоўцы (лёгкае машынабудаванне, станкабудаванне), лёгкай (тэкст., швейная), харч. прам-сці. БелДРЭС. Здабыча торфу. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі ад Оршы на Мінск, Магілёў, Крычаў, Віцебск, Лепель. Найб. значныя аўтадарогі Брэст—Масква і Магілёў—Віцебск. Магістральны газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы і нафтаправод на Наваполацк (адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба»). У раёне Смалянскі саўгас-тэхнікум, Высокаўскае СПТУ, 26 сярэднеагульнаадук., 7 базавых, 11 пач. школ, 2 муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 4 клубныя і 58 бібліятэчных устаноў, 6 бальніц, 28 фельч.-ак. пунктаў. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Архітэктурныя помнікі ў в. Смаляны: касцёл дамініканцаў (18 ст.), руіны замка (17 ст.), Спаса-Праабражэнская і Аляксееўская цэрквы (18 ст.). Помнікі прыроды — Высокаўскі і Межаўскі паркі. Выдаецца «Аршанская газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. biblion кніга + ...графія),
1) галіна навукова-практычнай дзейнасці па падрыхтоўцы і апісанні інфармацыі пра творы друку і пісьменства, а таксама па распрацоўцы прынцыпаў і метадаў выкарыстання гэтай інфармацыі.
2) Апрацаваны збор бібліяграф. апісанняў дакументаў, падабраных па пэўных пытаннях.
Зарадзілася ў стараж. часы. Вядомы бібліягр. табліцы, складзеныя пад кіраўніцтвам грэка Калімаха ў Александрыйскай бібліятэцы (3 ст. да н. э.). У Еўропе першая друкаваная бібліягр. праца — «Кніга пра царкоўных пісьменнікаў» І.Трытэнхеймскага (1494). Найб. значнай працай у 16 ст. была «Усеагульная бібліятэка» швейцарскага вучонага К.Геснера (т. 1—4, 1545—55). Самы даўні стараж.-рускі бібліягр. помнік — арт. «Богословъца от словес» у «І зборніку Святаслава» (1073).
На сучасным этапе адрозніваюць бібліяграфію: дзяржаўную, або нацыянальную (рэгістрыруе творы друку і аўдыёвізуальныя матэрыялы, выдадзеныя на тэрыторыі пэўнай краіны, і інфармуе аб іх грамадскасць); навукова-дапаможную (садзейнічае навук. і прафесійна-вытв. дзейнасці); рэкамендацыйную (садзейнічае агульнай і прафес. адукацыі, самаадукацыі, выхаванню і папулярызацыі ведаў); універсальную (адлюстроўвае дакументы паводле фармальных прыкмет — тыпалагічных, храналагічных, моўных); галіновую (адлюстроўвае дакументы пэўнай галіны ведаў ці практычнай дзейнасці); краязнаўчую (пашырае інфармацыю, звязаную зместам з пэўнай мясцовасцю ў краіне); бягучую (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра новыя творы друку); рэтраспектыўную (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра дакументныя масівы за пэўны прамежак часу). З сярэдзіны 20 ст. уніфікуюцца метады апрацоўкі бібліяграфіі, аўтаматызуецца тэхніка іх складання, ствараюцца інфарм. сістэмы, якія каардынуюцца міжнар. арг-цыямі (ЮНЕСКА, Міжнар. федэрацыя бібліятэчных т-ваў і інш.).
На Беларусі бібліягр. дзейнасцю займаюцца Нацыянальная кніжная палата (з 1978 выдае штогод паказальнік «Бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі»), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа АН Беларусі, Бібліятэка прэзідэнцкая, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая і інш., а таксама б-кі ВНУ, абласныя навук. б-кі, органы навукова-тэхн. інфармацыі. Значны ўклад у развіццё бел. бібліяграфіі зрабілі Ю.І.Бібіла, А.Дз.Васілеўская, Н.Б.Ватацы, Л.І.Збралевіч, М.В.Іваноў, В.Е.Лявончыкаў, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі, М.Ц.Талкачоў, В.А.Факееў і інш.
Літ.:
Здобнов Н.В. История русской библиографии до начала XX в. 3 изд. М., 1955;
Симановский И.Б. Белорусская советская библиография. Ч. 1. Мн., 1965;
Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979;
Симон К.Р. История иностранной библиографии. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́НЦТВА ДРУ́КУ,
арганізацыя, якая займаецца зборам, перапрацоўкай і забеспячэннем інфармацыяй перыяд. выданняў, радыё, тэлебачання, урадавых структур, грамадскіх арг-цый і прыватных асоб. Агенцтвы друку збіраюць інфармацыю без абмежавання тэматыкі, характару і спосабу пераказу, у т. л. фота- і кінаінфармацыю, або маюць акрэслены профіль паводле віду інфармацыі (інфармацыйныя, публіцыстычныя, рэкламныя, фотаагенцтвы), тэматыкі (эканам., навуковыя, фінанс., спарт. і інш.) ці прыналежнасці да пэўных слаёў грамадства (маладзёжныя, жаночыя і інш.). Падзяляюцца на міжнар., рэгіянальныя, нац. і мясцовыя. Большасць нац. агенцтваў друку з’яўляюцца афіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання ўрада), паўафіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання колаў, набліжаных да ўрада), незалежнымі (звязаныя з рознымі паліт.эканам. групоўкамі).
Узніклі з развіццём перыяд. друку і ўдасканаленнем тэхнікі сувязі. Першыя агенцтвы друку заснавалі Ш.Авас (1835, Парыж), Б.Вольф (1894, Берлін) і П.Рэйтэр (Лондан). У 1870 агенцтвы Аваса, Рэйтэра і Вольфа падзялілі сферы ўплыву. У канцы 19 ст. вырасла значэнне амер. агенцтва Асашыэйтэд Прэс (АП). У 1904 створана Санкт-Пецярбургскае тэлегр. агенцтва. У 1-й чвэрці 20 ст. ўзніклі нац. агенцтвы ў краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы: Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС), ЧТК у Чэхаславакіі, ПТА у Польшчы і інш. З выкарыстаннем радыётэлеграфа (1919) і тэлетайпа (1929) колькасць агенцтваў друку павялічылася. У 1945 існавалі 55 агенцтваў друку ў 30 краінах, у 1991 — каля 220 агенцтваў у 140 краінах. Узрасло значэнне амер. агенцтва АП і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал (ЮПІ). У Францыі створана агенцтва Франс Прэс (АФП, 1944), у Германіі — Дойчэ Прэсэагентур (ДПА). Усе яны, разам з італьян. АНСА, ісп. ЭФЭ і яп.Кіода Цусіннайб. вядомыя на сусв. рынку інфарм. агенцтваў. У незалежных дзяржавах б.СССР дзейнічаюць агенцтвы друку: РІА — Навіны, ІТАР—ТАСС, Інтэрфакс, Пастфактум (Расія), ЭЛЬТА (Літва), ЭТА (Эстонія), Укрінфарм (Украіна), Азерінфарм (Азербайджан), Армянпрэс (Арменія) і інш.
На Беларусі дзейнічаюць афіц.дзярж.Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА, з 1931; у 1991 — кастр. 1995 Беларускае інфармацыйнае агенцтва, БелІНФАРМ) і таксама недзярж. інфарм. службы Беларускае прыватнае агенцтва навін (БелаПАН), агенцтва «Павет», Рэклама, інфармацыя, дайджэст (РІД).
Апрача ўжо агульнавядомых тэхн. сродкаў перадачы інфармацыі (тэлекс, радыётэлефон, тэлефакс і інш.) усё большае выкарыстанне знаходзяць электронныя сродкі (тэлетэкст, дыстанцыйны набор, сістэма аўтам. кіравання і апрацоўкі інфармацыі). З 1970 агенцтвы друку выкарыстоўваюць спадарожнікавую сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААМЫ́НЬ (партуг. Макао),
тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц. — г. Аамынь. Нас. 497 тыс.чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш.Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.
Тэр. Аамыня са стараж. часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.
Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сцьтэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар.гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн.гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́НІКА (грэч. botanikē ад botanē трава, расліна),
навука пра расліны; адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць раслін (сістэматыка), іх будову (марфалогія і анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія раслін, біяхімія), заканамернасці індывід. і гіст. развіцця (эмбрыялогія, эвалюцыя), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (геаграфія раслін), узаемаадносіны з навакольным асяроддзем (экалогія), структуру расліннага покрыва (геабатаніка).
Развіццё батанікі як навукі ішло адначасова з ростам практычных патрэбнасцяў чалавека і непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва. Шмат звестак пра расліны было вядома людзям з глыбокай старажытнасці. Бацькам батанікі лічаць стараж.-грэч. прыродазнаўца і філосафа Тэафраста. Як стройная сістэма навук. ведаў батаніка аформілася ў 18 ст. дзякуючы ў асноўным працам швед. прыродазнаўца К.Лінея. Франц. вучоныя М.Адансон, Ж.Б.Ламарк, А.Жусьё і інш. распрацавалі натуральную класіфікацыю раслін, паводле якой расліны аб’ядноўваліся па сукупнасці гал. прыкмет (кветка, плод, семя) у парадкі, якія ўпершыню размешчаны ў адзіны рад — ад водарасцяў да кветкавых. У 19—20 ст. інтэнсіўна развівалася батаніка, як і інш.біял. навукі, пад уплывам эвалюцыйнай тэорыі Ч.Дарвіна. У Расіі першыя бат. даследаванні звязаны са стварэннем АН (1724) і арганізацыяй шэрагу экспедыцый для вывучэння расліннасці краіны (І.Г.Гмелін, П.С.Палас, С.П.Крашаніннікаў). У канцы 19 — пач. 20 ст.рус. батанікі І.Н.Гаражанкін, М.С Варонін, У.І.Паладзін, С.Г.Навашын, К.А.Ціміразеў і інш. зрабілі буйныя адкрыцці (двайное апладненне ў кветкавых раслін, раскрыццё энергетычных заканамернасцяў фотасінтэзу і інш.), якія паўплывалі на развіццё бат. навукі ў свеце.
На Беларусі фарміраванне батанікі як навукі пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя бат. даследаванні пераважна апісальнага характару зрабілі І.І.Ляпёхін, В.М.Севяргін, В.Г.Бесэр. Сучасны этап развіцця батанікі звязаны з працамі Ц.М.Годнева, В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, М.Дз.Несцяровіча, М.У.Смольскага, А.А.Шлыка, А.С.Вечара, В.М.Цярэнцьева, І.Д.Юркевіча, В.С.Гельтмана, В.І.Парфёнава, Н.В.Казлоўскай і інш.Навук. праца па батаніцы вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі, БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Гомельскім ун-це, пед. і с.-г. ін-тах, запаведніках. Вызначаны заканамернасці фарміравання, дынамікі флоры і расліннасці, распрацаваны навук. асновы выкарыстання і аховы раслінных рэсурсаў, антрапагеннага ўплыву на расліннае покрыва. Шэраг даследаванняў звязаны з выкананнем міжнар.біял. праграмы.
Літ.:
Базилевская Н.А., Белоконь И.П., Щербакова А.А. Краткая история ботаники. М., 1968;
Жизнь растений. Т. 1—6. М., 1974—82;
Хржановский В.Г. Курс общей ботаники. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982;