хвароба зубоў з разбурэннем цвёрдых тканак зуба і ўтварэннем у ім поласцей. У аснове К.з. — парушэнне харчавання зуба і нястача ў арганізме некат. бялкоў, вітамінаў і солей (пераважна фтору), празмернае ўжыванне салодкага, дрэнная гігіена поласці рота. Праяўляецца плямай (шурпатая, балючая) на эмалі ад белага да цёмна-карычневага колеру. Бывае К.з. паверхневы, сярэдні і глыбокі. Для паверхневагахарактэрны значная пігментацыя і шурпатасць эмалі, балючасць ад тэмпературных, хім. і мех. раздражняльнікаў. Пры сярэднім адбываецца поўнае разбурэнне эмалі і частковае дэнціну; сценкі карыёзнай поласці пігментаваныя, больш цёмныя, балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні ў вобласці дна. Глыбокі карыес ахоплівае большую ч. зуба; паміж пульпай і карыёзнай поласцю вельмі вязкі слой дэнціну; балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні рога пульпы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, выдаленне пашкоджаных тканак, пламбаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі, утвораныя з малекул, звязаных паміж сабой слабымі Ван-дэр-Ваальса сіламі або вадароднай сувяззю. Унутры малекул сувязь паміж атамамі больш моцная, звычайна кавалентная, таму фазавыя ператварэнні М.к. (плаўленне, узгонка, паліморфныя пераходы) адбываюцца без разбурэння асобных малекул.
Большасць М.к. — крышталі арган. злучэнняў (нафталін і інш.); М.к. ўтвараюць некаторыя простыя рэчывы (H2, галагены, N2,O2, S8), бінарныя злучэнні тыпу CO2, металаарган. злучэнні, некаторыя комплексныя злучэнні. Да М.к. адносяцца крышталі многіх палімераў, у т. л. бялкоў і нуклеінавых кіслот. Для М.к. характэрны нізкія т-ры плаўлення (ад -150 да -350 350 °C), вялікія каэф. цеплавога расшырэння, вял. сціскальнасць, малая цвёрдасць. Большасць М.к. пры звычайнай т-ры — дыэлектрыкі, некаторыя М.к. (напр., арган. фарбавальнікі) — паўправаднікі. Гл. таксама Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне.
Літ.:
Китайгородский А.И. Молекулярные кристаллы. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУ́ЗЫ,
асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.
Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РВІ ((Nervi) П’ер Луіджы) (21.6.1891, г. Сондрыо, Італія — 9.1.1979),
італьянскі інжынер і архітэктар; стваральнік жалезабетонных канструкцый. Вучыўся ва ун-це Балонні (1908—13). З 1946 выкладаў ва ун-це ў Рыме. Для яго творчасці характэрны эксперыменты з буд. матэрыяламі і канструкцыямі, пошукі спецыфічнай для іх маст. выразнасці. У структуры збудаванняў дамагаўся выразнасці прасторавай кампазіцыі (стадыён у Фларэнцыі, 1929—32), распрацоўваў канстр. сістэму зборных вялікапралётных скляпенняў з ромбападобных жалезабетонных звёнаў (ангары для самалётаў у Арвіета, Арбетэла, 1935—40). Сярод лепшых работ Н.: будынак ЮНЕСКА у Парыжы (1957, з М.Броерам і Б.Зерфюсам), 32-павярховы будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане (1956—60, з Дж.Понці), Палац працы ў Турыне (1961, з А.Нерві).
Літ.:
Иванова Е.К., Кацнельсон Р.А. П.Л.Нерви. М., 1968.
П.Л.Нерві. Выставачная зала Палаца працы ў Турыне. 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРУ́К (Юрый Міхайлавіч) (н. 12.10.1957, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1981). У 1981—95 працаваў на Магілёўскім камбінаце «Мастацтва», адначасова ў 1988—93 выкладаў у Магілёўскім вучылішчы культуры. З 1995 старшыня Магілёўскай абл. арганізацыі Бел. саюза мастакоў. Працуе ў жывапісе і манум. мастацтве. Аўтар жывапісных твораў «Партрэт Паўліны Мядзёлкі» (1982), «Крыж у Давыд-Гарадку» (1988), «Сон Палешука» (1990), «Мост на Гарыні» (1995), «Фотаздымак з вёскі Вепрын» (1996), «Беларускія могілкі» (1997), вітражоў «Музыка» (1984), «Беларускія асветнікі» ў Ін-це ўдасканалення настаўнікаў у Магілёве (1986), серыі вітражоў «Майстры» (1988), аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі ў Палацы шлюбу (1987), мазаічнага пано на фасадзе шпіталя №1 (1994; абодва ў Магілёве). Творам характэрны стрыманая каляровая гама, пошукі пластычнай выразнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Іван Мікітавіч) (каля 1690, Масква — 1742),
расійскі жывапісец, партрэтыст, адзін з заснавальнікаў рус. свецкага жывапісу. Вучыўся ў Пецярбургу ў І.Танаўэра. Пасланы Пятром I у Італію, у 1716—19 вучыўся ў Венецыі і Фларэнцыі. Для ранніх партрэтаў характэрны адыход ад прыёмаў парсуны, імкненне дакладна перадаць характэрныя рысы мадэлі (партрэты Праскоўі Іванаўны, 1712; цэсарэўны Ганны Пятроўны, царэўны Наталлі Аляксееўны; абодва да 1716). У 1720-я г.вял. ўвагу аддаваў індывідуальнай характарыстыцы мадэлі, аб’ёмнай перадачы прадметаў, гучнасці каларыту з пераважаннем цёплых залаціста-карычневых тонаў: «Пётр I на смяротнай пасцелі» (1725), партрэты Пятра I, польнага гетмана (1720-я г.), С.Строганава (1726). У 1732 арыштаваны па справе аб пасквілі на Феафана Пракаповіча, у 1737 сасланы ў Табольск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРОДАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
найб. пашыраныя мінералы зямной кары, з якіх пераважна або цалкам складзены горныя пароды. Прадстаўлены сілікатамі (больш за 75% масы зямной кары), карбанатамі, аксідамі, хларыдамі і сульфатамі. Вылучаюць галоўныя (асноўныя) П.м. (больш за 10% у пародзе), другарадныя (1—10%) і акцэсорныя мінералы (менш за 1%). Найб. пашыраныя П.м.; кварц, палявыя шпаты, слюды (характэрны для ўсіх груп парод: магматычных, асадкавых, метамарфічных); амфіболы, піраксены (магматычныя, метамарфічныя); гліністыя (гідраслюда, каалін, монтмарыланіт) і карбанатныя (кальцыт, даламіт) мінералы (пераважна асадкавыя). Радзей П.м. з’яўляюцца алівін, ільменіт, нефелін, лейцыт, магнетыт, гранат, хларыт, глаўканіт, апатыт, гіпс, ангідрыт, галіт, сільвініт і інш. Адрозніваюць П.м.: светлыя (кварц, палявыя шпаты і інш.) і цемнаколерныя (біятыт, амфіболы, піраксены і інш.); першасныя (сінгенетычныя з утварэннем пароды) і другасныя (узнікаюць пры пераўтварэнні пароды). Хім. элементы, якія складаюць П.м., наз.петрагеннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЦЕ́ЛЬНЫЯ КЛАПЫ́ (Cimicidae),
сямейства насякомых атр. паўцвердакрылых. Каля 40 відаў. Пашыраны ўсюды. Крывасмокі; паразітуюць на пазваночных жывёлах (галубы, куры, лятучыя мышы і інш.), некат. віды — у чалавека. Актыўныя пераважна ўначы. Найб. вядомыя на Беларусі — П.к. звычайны (Cimex lectularius) і клоп ластаўчын (Oeciacus hirundi).
Цела акруглае ці авальнае, моцна сплюшчанае. Надкрылы ўкарочаныя. Даўж. П.к. звычайнага: самцоў — да 6,5 мм, самак — да 8,4 мм. Мае добры нюх. Характэрны ўласны рэзкі, непрыемны пах. Здольны хутка перамяшчацца (да 1 м за 1 мін). Ротавы апарат колюча-сысучы. Працінае хабатком скуру і ўпускае ў ранку сліну, якая перашкаджае згушчэнню крыві. Укусы выклікаюць сверб, раздражненне скуры. Вытрымлівае галаданне да некалькіх месяцаў. Развіццё з няпоўным ператварэннем; лічынка праходзіць 5 стадый (узростаў); для чарговай лінькі лічынка павінна насмактацца крыві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РМЕКЕ ((Permeke) Канстан) (31.7.1886, г. Антверпен, Бельгія — 4.1.1952),
бельгійскі мастак; вядучы прадстаўнік бельг.экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у г. Гент (1904). У 1909—12 узначальваў «2-ю групу» бельг.маст. латэмскай школы. Для ранніх твораў характэрны пошукі выразных сродкаў праз аналіз мясц. мастацтва: «Зіма ў Фландрыі» (1.912), «Мацярынства» (1913). Пазней працаваў у рэчышчы экспрэсіянізму: «Чужы», «Мяснік» (абодва 1916), «Аматар сідру» (1917), «Едакі бульбы» (1935). Творам (марыны, выявы сялян і рыбакоў, аголеная натура), выкананым у шырокай манеры з насычаным каларытам, уласцівы жывапісная экспрэсія ў кантрасце з цяжкавагавасцю форм, трагізм светаўспрымання, містычная напружанасць маст. бачання. З 1935—36 працаваў і як скульптар («Галава Хрыста», 1936, і інш.).
Літ.:
Алпатов М.В. Пейзажи К. Пермеке // Алпатов М.В. Этюды по истории западноевропейского искусства. 2 изд. М., 1963.