БЕЛАХВО́СЦІК Валянцін Сяргеевіч (н. 6.9.1934, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1994). Скончыў студыю Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1958), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1965). З 1958 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Яго мастацтва адметнае напоўненасцю і каларытнасцю вобразаў пры лаканізме вонкавых выразных сродкаў. Сярод роляў: Сымон («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Зуеў («Апошні шанц» В.​Быкава), Каравай («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Дугін («Радавыя» А.​Дударава), Бялугін («Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага), Урыя Шэлі («Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта). Здымаецца ў кіно: «Рудабельская рэспубліка», «На ростанях», «Воўчая зграя», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена» і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных («Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.​Купалы і інш.) і радыёпастаноўках (за ролі ў спектаклях «Хамуціус» паводле А.​Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.​Коласа Дзярж. прэмія Беларусі 1989).

Ю.​М.​Сохар.

В.С.Белахвосцік.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТЛАС ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

сістэматызаваны збор геаграфічных картаў. Аб’яднаны агульнай назвай, выкананы па адзінай праграме сродкамі картаграфічнага адлюстравання ў форме цэласнага картаграфічнага твора. Назва дадзена фламандскім картографам Г.​Меркатарам (збор картаў; 1595) у гонар Атласа, міфічнага караля Лівіі. Класіфікуюць атласы па тэр. ахопе — атласы геаграфічныя свету, асобных кантынентаў ці буйных частак, краін, асобных абласцей, правінцый і раёнаў, атласы гарадоў; па змесце — агульнагеаграфічныя, тэматычныя (геал., кліматычныя, сельскай гаспадаркі, прам-сці і г.д.); па прызначэнні — навукова-даведачныя, краязнаўчыя, вучэбныя, ваенныя, турысцкія, дарожныя і інш.; па фармаце — настольныя (сумарная пл. больш за 15 м²), сярэднефарматныя (пл. ад 6 да 14 м²), кішэнныя (пл. не больш за 5 м²). Атласы геаграфічныя могуць уключаць тэксты, табліцы, даведачна-статыстычныя звесткі. Першы сістэматызаваны збор картаў склаў стараж.-грэч. географ К.​Пталамей (2 ст. нашай эры). Атлас «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» выдадзены ў 1958, вучэбны атлас — у 1990 (атлас «Беларуская ССР»).

А.​В.​Саломка.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НЦЬЕЎ Валерый Якаўлевіч (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),

расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.​Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДЭ́ЛА (Mandela) Нельсан Раліхлахла (н. 18.7.1918, г. Умтата, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў ун-т Вітватэрсранда (1942). Юрыст. Чл. Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК) з 1944. Узначаліў крыло партыі, якое схілялася да ўзбр. барацьбы супраць рэжыму апартэіду, адзін з заснавальнікаў ваен. арг-цыі АНК. У 1956—61 зняволены ў турме, у 1962 засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пад націскам сусв. грамадскасці вызвалены ў лют. 1990. З сак. 1990 нам., у 1991—97 прэзідэнт АНК. У жн. 1990 афіцыйна адмовіўся ад узбр. барацьбы. Удзельнік перагавораў з урадам ПАР, у выніку якіх выпрацавана канстытуцыя, што паклала канец апартэіду. Прэзідэнт ПАР у 1994—99. Аўтар кніг «Нялёгкі шлях да свабоды» (1965), «Барацьба — маё жыццё» (1978), «Я гатовы памерці» (1979). Нобелеўская прэмія міру 1993 (разам з Ф.В. дэ Клеркам).

Тв.:

Рус. пер. — Нет легкого пути к свободе: Ст., речи, выступления на суде. М., 1968.

т. 10, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ВІЧ Гіпаліт (псеўд. Г.​Няміга; 23.7.1907, Міншчына — 24.10.1997),

грамадска-культурны дзеяч бел. эміграцыі, гісторык. Скончыў сярэднюю школу ў Мінску, пед. ін-т у Ленінградзе (1932). У 1936—40 па падазрэнні ў «нацдэмаўшчыне» зняволены ва Ухта-Іжэлескім лагеры (Рэспубліка Комі, Расія). Пасля вызвалення настаўнічаў у Беларусі. З 1944 у амер. акупац. зоне ў Германіі, выкладаў гісторыю, кіраваў драм. гуртком у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—50). У 1950-я г. супрацоўнічаў з Ін-там па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (г. Мюнхен). Пераехаў у ЗША, дзе скончыў ун-т (1962), працаваў у сістэме б-к Нью-Йорка, адзін з арганізатараў бел. тэатр. груп у рэгіёне Нью-Йорк—Нью-Джэрсі, бел. каталіцкага руху ў ЗША. Аўтар артыкулаў па гісторыі адукацыі, навукі і культуры БССР (апубл. ў «Беларускім зборніку»), кн. «Інстытут беларускай культуры — Беларуская Акадэмія навук — Акадэмія навук БССР» (Мюнхен, 1957). Друкаваўся ў эмігранцкіх часопісах, газетах.

Г.​Г.​Сяргеева.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЦЯЛЕ́ЕЎ Л. (сапр. Ерамееў Аляксей Іванавіч; 22.8.1908, С.-Пецярбург — 8.7.1987),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1924. Першая кніга — «Рэспубліка Шкід» (1927, з Р.​Бялых; аднайм. фільм, 1967) пра школу для беспрытульнікаў імя Ф.​М.​Дастаеўскага, у якой П. выхоўваўся. Кнігі «У абложаным горадзе» (1964) і «Студзень 1944» (1965) пра гераічную абарону Ленінграда ў Вял. Айч. вайну. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Лёнька Панцялееў» (1939, новы варыянт 1952), кн. для бацькоў «Hama Маша» (1966), вершаў, казак, апавяданняў для дзяцей і юнацтва, нарысаў, літ. успамінаў і інш. Яго творы адметныя тонкім веданнем і ўмелым паказам псіхалогіі падлетка, займальным сюжэтам, гумарам, лірызмам; многія з іх экранізіраваны экранізаваны. На бел. мову асобныя творы П. пераклаў С.​Міхальчук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1983—85;

Верую...: Последние повести. Л., 1991;

Бел. пер. — Слова гонару: Апавяданні. Мн., 1978.

Літ.:

Сарнов Б. Л.​Пантелеев. М., 1959;

Путилова Е. Л.​Пантелеев. Л., 1969.

т. 12, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў Сяргей Леанідавіч (н. 1.7.1911, г. Еўпаторыя, Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна),

савецкі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1978), Герой Сав. Саюза (1980). Скончыў Горкаўскае бранятанк. вучылішча (1934), Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войск (1947) і Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1932. З 1934 у танк. войсках на Д. Усходзе, удзельнік баёў на воз. Хасан (1938). У Вял. Айч. вайну нач. штаба ўпраўлення камандуючага бранятанк. і механізаванымі войскамі Карэльскага фронту (1943), каманд. бранятанк. і механізаванымі войскамі 32-й арміі (1944). З 1947 камандзір танк. палка, нач. штаба танк. дывізіі, з 1952 камандзір механізаванай дывізіі, потым нач. штаба і камандзір аб’яднання. У 1960—64 нач. штаба — 1-ы намеснік каманд. войскамі Маскоўскай ваен. акругі. З 1964 1-ы нам. каманд., з 1965 каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі. З 1967 1-ы нам. міністра, у 1984—87 міністр абароны СССР.

С.Л.Сакалоў.

т. 14, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА, Садружнасць польскага народа (Stowarzyszenie Ludu Polskiego),

польская тайная вызв. арг-цыя ў 1835—37. Створаны ў Кракаве на аснове арг-цый карбанарыяў эмісарамі эмігранцкай арг-цыі «Маладая Польшча» (Ш.​Канарскі, А. і Л. Залескія, С.​Гашчынскі). Рыхтаваў паўстанне з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай і правядзення прагрэс. сац.-эканам. рэформ (найперш скасаванне прыгону). Ідэалагічна быў блізкі да «Дэмакратычнага таварыства». Складаўся пераважна са шляхты і інтэлігенцыі. Тэрытарыяльна падзяляўся на 5 правінцый: Кракаўская рэспубліка (там знаходзіўся цэнтр. орган — Гал. абшчына), Галіцыя, Пазнаншчына, Царства Польскае, Літва (б. ВКЛ, уключала Беларусь). Унутры саюза былі 2 плыні: радыкальна-дэмакр. і ліберальная, якія адрозніваліся адносінамі да сял. пытання, часу паўстання і інш. На тэр. Беларусі ў С.п.н. дзейнічалі Канарскі, А.​Ажэшка (гл. Ажэшкі) і інш. У 1837 частка дзеячаў Саюза заснавала Усеаг. канфедэрацыю польскага народа з радыкальнай паліт. праграмай. У выніку расколу ліберальнае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра самароспуск арг-цыі.

т. 14, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ТЗЕЕ (Coetzee) Джон Максвел (н. 1940, г. Кейптаўн, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

паўднёваафрыканскі пісьменнік. Скончыў Тэхаскі ун-т. Працаваў у Кейптаўнскім, Тэхаскім, Нью-Йоркскім ун-тах, ва ун-це Адэлаіды (Аўстралія). Піша на англ. мове. Сусв. вядомасць прынёс раман «У чаканні варвараў» (1980). У рамане «Жыццё і час Міхаэла К.» (1983) пратэст супраць «белага» расізму. Кашмар новай, вызваленай ад рэжыму апартэіду Паўд. Афрыкі — тэма рамана «Ганьба» (1999). Аўтар раманаў «Містэр Фо» (1986), «Восень у Пецярбургу» (1994, пра Ф.​Дастаеўскага), «Жыццё жывёл» (1999), «Юнацтва. Сцэны з правінцыяльнага жыцця II» (2002), «Элізабет» (2003) і інш., навук. прац і літ.-крытычных нарысаў па праблемах цэнзуры і свабоды слова, месца пісьменніка ў грамадстве. Нобелеўская прэмія 2003.

Тв.:

Рус. пер. — В ожидании варваров. Романы: В ожидании варваров;

Жизнь и время Михаэла К.;

Мистер Фо. М., 1989;

Осень в Петербурге. М., 2001;

Бесчестье. М., 2001.

Дж.Кутзее.

т. 18, кн. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Казахстан 1/163; 2/533; 5/224; 9/103, 132, гл. Казахская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)