ПАЛАНЕ́ВІЧ (Гіпаліт) (псеўд. Г.Няміга; 23.7.1907, Міншчына — 24.10.1997),

грамадска-культурны дзеяч бел. эміграцыі, гісторык. Скончыў сярэднюю школу ў Мінску, пед. ін-т у Ленінградзе (1932). У 1936—40 па падазрэнні ў «нацдэмаўшчыне» зняволены ва Ухта-Іжэлескім лагеры (Рэспубліка Комі, Расія). Пасля вызвалення настаўнічаў у Беларусі. З 1944 у амер. акупац. зоне ў Германіі, выкладаў гісторыю, кіраваў драм. гуртком у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—50). У 1950-я г. супрацоўнічаў з Ін-там па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (г. Мюнхен). Пераехаў у ЗША, дзе скончыў ун-т (1962), працаваў у сістэме б-к Нью-Йорка, адзін з арганізатараў бел. тэатр. груп у рэгіёне Нью-Йорк—Нью-Джэрсі, бел. каталіцкага руху ў ЗША. Аўтар артыкулаў па гісторыі адукацыі, навукі і культуры БССР (апубл. ў «Беларускім зборніку»), кн. «Інстытут беларускай культуры — Беларуская Акадэмія навук — Акадэмія навук БССР» (Мюнхен, 1957). Друкаваўся ў эмігранцкіх часопісах, газетах.

Г.Г.Сяргеева.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)