ПЛАТУ́Н Антон Мартынавіч (13.11.1896, в. Амлынцы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1938),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Акадэмік АН БССР (1931). Вучыўся ў Нясвіжскім гар. вучылішчы. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1920—27 на парт. і сав. рабоце ў Мазыры, Барысаве, Слуцку. З 1927 старшыня Цэнтр. праўлення прафсаюза працаўнікоў асветы БССР і рэдактар час. «Прафесійны рух Беларусі». У 1929—33 нарком асветы БССР, 7.3.1933 зняты з пасады. З 1933 на парт. рабоце ў Зах. Сібіры. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—33. Чл. ЦВК БССР у 1927—33, Прэзідыума ЦВК у 1931—33. Неабгрунтавана асуджаны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў БССР. Мн., 1930;

За культурную рэвалюцыю. Мн., 1931;

Итоги культурного строительства в БССР за 10 лет. М.; Л.;

1931.

А.​М.​Гесь.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯТНЁЎ Пётр Аляксандравіч (21.8.1792, г. Цвер, Расія — 10.1.1866),

рускі паэт, крытык. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу. У 1832—49 праф. рус. славеснасці, у 1840—61 рэктар Пецярбургскага ун-та. У 1838—46 выдавец і рэдактар час. «Современник». Паэзія П. развівалася пераважна ў рэчышчы элегічнага кірунку, у традыцыях В.​Жукоўскага, К.​Бацюшкава. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Нататка пра творы Жукоўскага і Бацюшкава» (1822), «Шэкспір» (1837), «Чычыкаў, або Мёртвыя душы Гогаля» (1842) і інш. Адзін з першых у Расіі звярнуўся да жанру біягр. нарыса: «А.​С.​Пушкін» (1838), «Я.​А.​Баратынскі» (1844), «Жыццё і творы І.​А.​Крылова» (1847), «Пра жыццё і творы В.​А.​Жукоўскага» (1852). Сябраваў з Жукоўскім, М.​Гогалем, А.​Пушкіным, які прысвяціў яму раман «Яўген Анегін».

Тв.:

Статьи. Стихотворения. Письма. М., 1988.

т. 12, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАВАСЛА́ЎНЫ БЕЛАРУ́С»,

часопіс. Выдаваўся ў лют.—снеж. 1925 у Варшаве на бел. мове па ініцыятыве Беларускага пасольскага клуба. Рэдактар Я.Пачопка, маст. афармленне Я.Драздовіча. Афіцыйна павінен быў асвятляць жыццё правасл. царквы ў Польшчы і Зах. Беларусі. Асн. змест складалі матэрыялы з гісторыі, грамадскага і культ. жыцця Зах. Беларусі, літ. творы. Меў рубрыкі: «Што чуваць у свеце», «Беларускае жыццё», «З народнай творчасці», «З гісторыі археалогіі» і інш. Выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў навуч. установах, царкве. Змясціў артыкулы, прысвечаныя Ф.​Скарыне, Сімяону Полацкаму, Я.​Купалу, па гісторыі стараж. Полаччыны І.​Палачаніна, пра нар. земляробчыя святы М.​Яцкевіча, даследаванне «Месца беларускай мовы сярод моў свету і славянскіх увасобку» І.​Савіцкага. Друкаваў вершы Г.​Леўчыка, П.​Прадухі, С.​Свістуна, апавяданні З.​Бядулі, Пачопкі, М.​Запольскага і інш. Выйшлі 22 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ТЧАНКА Васіль Ульянавіч (н. 7.4.1930, в. Зарэчча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Д-р пед. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1958). З 1971 у Нац. ін-це адукацыі, з 1995 адначасова гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Навук. працы па педагогіцы і філасофіі адукацыі. Аўтар падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

Тв.:

Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ. Мн., 1984;

Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы. Мн., 1987;

Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ. Мн., 1989;

Адукацыя, школа і нацыянальная культура (разам з В.​П.​Протчанка) // Пачатковая школа. 1993. № 1;

Новая праграма па беларускай мове і навучальны працэс // Роднае слова. 1994. №1;

Пераказы ў пачатковай школе. Мн., 1999 (разам з Я.​М.​Лаўрэлем).

В.​У.​Чэчат.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДКО́Ў Іосіф Іванавіч (12.7.1906, в. Падбелле Магілёўскага р-на — 18.10.1996),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1962). Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1933), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1950). З 1927 на камсамольскай рабоце. У 1938—41 выкладчык Мінскага мед. ін-та. З 1946 рэдактар час. «Бальшавік Беларусі». У 1950—63 выкладчык, заг. кафедры БДУ, у Ін-це гісторыі АН БССР. Рэктар Петразаводскага ун-та (1956—57). З 1964 на выкладчыцкай рабоце ў Бел. політэхн. ін-це. Аўтар прац па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і ўстанаўлення Сав. улады на Беларусі.

Тв.:

Социально-экономическое положение Белоруссии до Великой Октябрьской социалистической революции (конец XIX — начало XX в.). Мн., 1957;

Большевики Белоруссии в период подготовки и проведения Великой Октябрьской социалистической революции (март 1917—февраль 1918). Мн., 1957.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗКО́ Вера Аляксандраўна (2.3.1916, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 25.3.1999),

бел. музыказнавец, педагог. Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1948). У 1948—74 выкладчык Мінскага муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (з перапынкам), адначасова ў 1948—68 — Бел. кансерваторыі (з перапынкам), у 1959—64 на Рэсп. радыё (маст. кіраўнік, гал. рэдактар муз. вяшчання, старшыня муз.-рэпертуарнай камісіі). У 1974—89 выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та. Даследавала бел. опернае мастацтва, творчасць бел. кампазітараў. Складальнік зб-каў арт. пра Р.​Шырму «Песня на ўсё жыццё», песень «Спадчына» на вершы Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва 1983), аўтар муз. радыё- і тэлеперадач.

Тв.:

Белорусская советская опера. Мн., 1959;

И.​М.​Лученок // Они пишут для детей. М., 1980. Вып. 3;

Творчае гарэнне // Мастацтва Беларусі. 1989. №11;

Све. духоўнай музыкі // Там жа. 1999. №10.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬСКІ Браніслаў Сільвестравіч (н. 19.3.1909, Мінск),

бел. музыказнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1969). Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1960). У 1928—29 муз. рэдактар Белрадыёцэнтра. Выкладаў у Бел. (1936—41) і Узб. кансерваторыях. У 1943—82 працаваў ва Упраўленні па справах мастацтваў СМ Беларусі, ін-тах л-ры і мастацтва, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследчык гісторыі бел. муз. т-ра і бел. муз. культуры. Аўтар кн. «Беларуская музыка за 40 гадоў» (1957), «Беларускі музычны тэатр», «Беларускі дзяржаўны ордэна Леніна Вялікі тэатр оперы і балета» (абедзве 1963), раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—5, 1970—74), артыкулаў пра творчасць бел. спевакоў, рэцэнзій на муз. спектаклі і інш.

Т.​А.​Дубкова.

т. 15, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ША Мікалай Васілевіч (н. 4.2.1952, в. Вайнілава Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі і кіравання. Канд. эканам. н. (1997). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1985). З 1973 на парт. і сав. рабоце. З 1980 дырэктар з-да «Біяпрадукт», з 1987 нам. старшыні Чэрвеньскага райвыканкома, у 1989—93 прэзідэнт Саюза кааператываў Беларусі. Заснавальнік Мінскага ін-та кіравання (з 1994 яго рэктар), заснавальнік і гал. рэдактар час. «Экономика. Управление. Право». Распрацаваў стратэгію кіравання інавацыямі ў сістэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Информатизация организационно-экономического управления негосударственным вузом на современном этапе развития высшего образования. Мн., 1996;

Управление высшим учебным заведением на примере частных вузов Республики Беларусь. Мн., 2000;

Финансовый менеджмент вуза. Мн., 2001;

Экономический механизм стратегического управления развитием высшего учебного заведения. Мн., 2001.

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫХМАНЕ́НКА Віктар Фёдаравіч (10.5.1923, в. Гуменцы Камянец-Падольскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 27.10.1998),

бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1963). Працаваў у БелТА (1947—49), з 1959 у газ. «Красная звезда», у 1974—79 рэдактар газ. «Во славу Родины». Друкаваўся з 1947. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аўтар зб-каў прозы «Складаны варыянт» (1958), «Чалавек распраўляе крылы» (1961), «Знаёмы почырк» (1964), «Сапраўдная вышыня» (1965), «Сястра белай бярозы» (1979), рамана «Небам хрышчаныя» (1969), дакумент. аповесці «Сяргей Грыцавец» (1987). Асн. тэмы твораў — гераізм сав. воінаў у Вял. Айч. вайну і ў мірны час, рамантыка ратнай працы, пераемнасць пакаленняў, фарміраванне і станаўленне характару моладзі.

Тв.:

Звуковой барьер. Хабаровск, 1959;

Наташины зорьки. Хабаровск, 1961;

Крылья на вырост. Мн., 1984;

На плечах своих: Повести. Мн., 1994.

т. 16, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІРАЎ Мірон Канстанцінавіч (сапр. Шэнфінкель; 27.11.1879, г. Херсон, Украіна — 20.3.1925),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Палескага к-та РСДРП, сав. дзярж. дзеяч. Скончыў Херсонскае с.-г. вучылішча (1898). Вёў работу ў Гомелі па стварэнні і аб’яднанні с.-д. арг-цый Палескага р-на, потым у Екацярынаславе, Адэсе, Луганску і інш. З 1904 старшыня Палескага к-та, дэлегат ад яго на III з’ездзе РСДРП (1905). У рэвалюцыю 1905—07 у Гомелі, рэдактар легальнай с.-д. газ. «Труд». У 1906 сасланы ў Сібір, у маі 1908 уцёк за мяжу. У Кастр. рэвалюцыю 1917 узначальваў харч. ўправу Петраграда. У 1919 чл. РВС і старшыня асобай харч. камісіі Паўд. фронту. З 1921 на дзярж. пасадах у УССР і РСФСР, з ліст. 1924 нам. старшыні ВСНГ СССР. У 1925 чл. ЦВК СССР.

т. 16, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)