кірунак у філасофіі канца 19—1-й пал. 20 ст., мэтай якога было стварэнне маністычнай тэорыі на аснове інтэрпрэтацыі філас. поглядаў Г.Гегеля, яго дыялектычнага метаду і вучэння аб духу. Найбольшае пашырэнне мела ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША. Родапачынальнікі гегелеўскага руху ў Вялікабрытаніі Дж.Стырліг, а таксама філосафы Э. і П.Керды, Т.Х.Грын, Б.Бозанкет, Дж.Э.Мак-Тагарт, Р.Дж.Колінгвуд сцвярджалі, што рэчы, адносіны, рух, прастора, час, прычыннасць ёсць толькі неадэкватныя праявы сапраўднай рэальнасці — Абсалюту, які адзіны, усеабдымны, несупярэчлівы, духоўны і ахоплівае існасць і існаванне. Яны імкнуліся сумясціць гегелеўскі абсалютызм са сцвярджэннем метафізічнай каштоўнасці асобы і паставілі пад сумненне асн. палажэнне гегелеўскай дыялектыкі — «тоеснасць тоеснасці і адрознення». Б.Крочэ (Італія) развіваў філасофію духу на манер Гегеля і лічыў, што творчым пачаткам і мэтай гісторыі з’яўляюцца свабода і свабоднае «маральнае» падпарадкаванне індывіда «ўсеагульнаму», а не сіла ці зло (адсюль яго крытыка гегелеўскай тэорыі дзяржавы і адмаўленне італьян. фашызму). У процівагу яму Дж.Джэнтыле быў адным з афіц. ідэолагаў італьян. фашызму, цалкам падтрымліваў погляды Гегеля на дзяржаву як знешняе ўвасабленне маральнай ідэі. У Германіі за адраджэнне гегелеўскага вучэння выступілі прадстаўнікі неакантыянства (В.Віндэльбанд, Г.Коген, В.Дзільтэй, Р.Кронер, Г.Клокнер), якія імкнуліся «ўкараніць Гегеля ў рэчышчы ням. рамантызму і ірацыяналізму», злучыць гегелеўскую дыялектыку з «філасофіяй жыцця», выводзілі «сапраўдны змест гегелеўскай філасофіі» з кантаўскай «крытыкі здольнасці разважання», разглядалі яе як адзінства «рацыянальнай разумовасці» і «ірацыянальнага духоўнага зместу». Значную ролю ў развіцці Н. ў Германіі адыгралі Г.Герынг, Т.Літ, Ю.Біндэр, Г.Ласан, А.Ліберт, Ф.Розенцвейг і інш. У Расіі Н. развівалі, з аднаго боку, прадстаўнікі рус. ідэалізму і містыцызму 19 ст. (А.Хамякоў, І.Кірэеўскі, У.Салаўёў) і рус. ідэалрэалізму і інтуіцызму (С.Трубяцкой, С.Франк, М.Лоскі), з другога боку — рус. «легальныя марксісты» (П.Струвэ, М.Бярдзяеў, С.Булгакаў), якія рухаліся ад марксізму праз неакантыянства да Н. Найб. значны прадстаўнік рус. Н. — І.Ільін імкнуўся злучыць рэліг.-філас. традыцыю, што ішла ад Салаўёва, з найноўшымі зах. кірункамі; у яго канцэпцыі філасофія Гегеля прадстаўлена як зыходны пункт «змястоўнага метафізічнага светапогляду» і аснова для распрацоўкі універсальнай фенаменалогіі рэліг. вопыту. Ж.Валь, А.Кажэў, Ж.Іпаліт (Францыя) разглядалі гегелеўскую філасофію ў кантэксце праблематыкі «няшчаснай свядомасці» (ёй прысвечаны адзін з раздзелаў «фенаменалогіі духу»), распрацавалі канцэпцыю «экзістэнцыяльнага гегельянства», паводле якой «філасофія духу» Гегеля ўяўляе сабой сапраўдную «анталогію жыцця» і выяўляе ўсеагульныя характарыстыкі чалавечага быцця.
Літ.:
Гарин Э. Хроника итальянской философии XX в. (1900—1943): Пер. с итал. М., 1965;
Богомолов А.С. Английская буржуазная философия XX в. М., 1973;
Кузнецов В.Н. Французское неогегельянство. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРГІЕ́ВІЧ Пётра (Пётр Аляксандравіч; 10.7.1900, в. Стаўрова Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1.11.1984),
бел. жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Засл. дз. маст. Літвы (1965). Вучыўся на маст. ф-це Віленскага ун-та (1919—22, 1925—27), у Кракаўскай АМ (1924—25). Творчасць вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіц. вырашэння, эмац. ладам, цікаўнасцю да самабытнасці бел.нар. культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю. Маст. завершанасцю, глыбокім псіхалагізмам, філас. гучаннем вылучаюцца жывапісныя партрэты: «Партрэт маці» (1929), С.Глякоўскага (1938), «Беларуская настаўніца» (1938), «Рыгор Шырма» (1930—40-я г.), «Дзяўчына ў сінім сарафане», «Аўтапартрэт» (абодва 1940), Ф.Багушэвіча, М.Дучыца, «Селянін» (усе 1946), «Партрэт жонкі» (1946, 1957), «Старшыня калгаса» (1952), «Землямер» (1956), М.Танка (1957), «Сталяр», «Нарачанскі рыбак» (абодва 1968) і інш.Гіст. мінулае роднай зямлі, дзейнасць яе выдатных сыноў адлюстроўваюць тэматычныя карціны «Усяслаў Полацкі» (1932), «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955), «Скарына ў друкарні» (1957), «К.Каліноўскі і В.Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў» (1959), «Скарына ў рабочым кабінеце» (1960), «Арышт П.Багрыма» (1970) і інш. Значнае месца ў творчасці С. займала купалаўская тэма: «А хто там ідзе?», «Званар» (2 варыянты), «А ты, сіраціна, жыві» (усе 1947), «Гусляр», эцюды на тэмы паэмы Я.Купалы «Яна і я» — «Ворыва» і «На сенажаць» (1959), «Партрэт Дамініка Луцэвіча» (1971), трыпціх на тэмы верша Я.Купалы «А зязюлька кукавала» — «Калыханка», «Ясевы універсітэты», «Сейбіт» (1970-я г.) і інш. Жыццю сялян Зах. Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна» (1926), «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі» (усе 1929), «Залёты» (1930), «Беларусы» (1930-я г.), «Шляхам жыцця» («Падарожныя», 1934), «Араты» (1938), «Каваль куе каня» (1939), рэв. падзеям у Літве — «Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе» (1954). Рэв. пафасам напоўнена карціна «Вясляр» («Насуперак буры», 1940, 2 варыянты). Тэму Вял.Айч. вайны адлюстроўваюць партрэт «Партызан Федзя» (1943), карціна «У партызанскай кузні» (1945). Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца» (1936), «Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Вясновая казка» (1957), тэматычнай карціне «Вячэрняя балада» (1970) і інш. Працаваў таксама ў станковай (серыя партрэтаў «Беларускія народныя тыпы», 1930-я г.) і кніжнай (афармляў час. «Нёман», 1931—32; кнігі М.Машары «На сонечны бераг!», 1934 і «На прадвесні», 1935, і інш.) графіцы. Выканаў размалёўкі ў касцёлах у Солах (1934), Смаргоні (1936), Шарашове (1938); у бернардзінскім касцёле ў Гродне, аформіў касцёл у Корцы (Украіна; 1930-я г.). Аўтар абразоў «Св. Францыск» (1934), «Маці Божая Поразаўская» (1937) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Жывапіс.
Тв.:
Аўтабіяграфія // Мастацтва. 1993. №1.
Літ.:
Ліс. А. Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;
Крукоўскі У. Невядомы Сергіевіч // Наша вера. 1996. №1;
Бажэнава В. Роспісы Пётры Сергіевіча // Там жа. 2001. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗНА́ЎСТВА,
галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.
К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.Ланге, П.Вегенера, Х.Хефкера (Германія), Дж.Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.Кануда (Італія), В.Ліндсея, Г.Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г.найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.Арнгайма, Э.Панофскага, В.Беньяміна (Германія), Х.Рыда (Вялікабрытанія), Я.Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.Грырсан, П.Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.Аструк у Францыі і інш.). У італьян. К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.Эйфр, А.Ажэль, Р.Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.Базен, З.Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.Руш, К.Маркер, М.Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.Даніёль-Валькроз, П.Каст. Ф.Труфо, Э.Рамер, семіётыку кіно — Ж.Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.М.Куасак, Т.Рэлуі, Рота, М.Бардэш, Р.Бразіяк, Ж.Садуль, Мітры і інш. У СССРдарэв. кіно вывучалі Б.Ліхачоў, М.Іезуітаў, С.Гінзбург, М.Лебедзеў і інш.Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.Эйзенштэйн, Л.Куляшоў, У.Пудоўкін, Дз.Вертаў, В.Шклоўскі, Ю.Тынянаў, А.Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.Даўжэнкі, Вертава, Э.Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, І.Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.
У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».
Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял.Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АНБССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.Бондарава, Л.Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.Нячай, Г.Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.Тарычу і У.Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.Бабковай, Л.Саянковай, В.Мядзведзевай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.Зайцавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙРАН (Byron) Джордж Ноэл Гордан (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),
англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц.бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, Г.Дубянецкая, Е.Лось, М.Лужанін, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1963;
Лірыка. Мн., 1989;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1987;
На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.
Літ.:
Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;
Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;
Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;
Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр.Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.Тулуз-Латрэка, П.Гагена («Жыццё»), Э.Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст.маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл.гл. таксама да арт.Іспанія, Кубізм.
Літ.:
Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;
Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;
Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;
Зубова М.В. П.Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКІ Міхась (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНО
Першыя сеансы кінематографа на Беларусі адбыліся ў Віцебску ў 1898. Да 1925 уласнай кінавытворчасці не было. У 1910—12 адкрыты кінатэатры ў Віцебску, Мінску, Гомелі, Гродне, Баранавічах, Бабруйску. У 1914 на Беларусі мелася 56 стацыянарных кінаўстановак. Кіназдымкі на тэр. Беларусі праводзілі пераважна кінааператары-хранікёры Масквы і Петраграда. У ліку першых створаны хранікальныя стужкі ў Брэсце (перагаворы ў лістападзе—снежні 1917 паміж сав. дэлегацыяй і германскім камандаваннем), Оршы (вяртанне бежанцаў у горад, вітанне ням. салдат у сувязі з рэв. падзеямі ў Германіі), Мінску (сав.-польскія перагаворы), Віцебску (аднаўленчыя работы на чыгунцы). Кінакадры, знятыя на Беларусі, увайшлі ў агітфільм Л.Куляшова «На чырвоным фронце» (1920). У 1922 заснавана Упраўленне па справах кінематаграфіі Кінорэсбел (Кіно рэспублікі Беларусі), у 1924 — арганізацыя «Беларускае пралеткіно», якія займаліся кінапракатам. Паводле пастановы Саўнаркома БССР ад 17.12.1924 створана Дзярж. ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно), якое ажыццяўляла камерцыйна-гандлёвую і паліт.-асветную дзейнасць і атрымала правы на манаполію кінапракату на Беларусі. Уласная кінавытворчасць пачалася ў 1925 з кінахронікі: зняты першамайскія святочныя ўрачыстасці. З гэтага часу ствараліся хранікальныя кінавыпускі, якія адлюстроўвалі грамадска-паліт. жыццё рэспублікі (аператары М.Лявонцьеў, Я.Глас). Першыя фільмы Белдзяржкіно (кінанарысы «Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва 1925) — т. зв. культурфільмы. Сярод першых дакумент. стужак — «Такая наша Беларусь» (1927), «Беларуская вёска», «Гомельшчына» (абодва 1929), «Уздымайся, Беларусь!» (1930) і інш. У мультыплікацыйнай майстэрні пры Белдзяржкіно пастаўлены фільмы «Кастрычнік і буржуазны свет» (1927), «Жывыя дамы» (1928, рэж. абодвух А.Найдзіч), «Бунт зубоў» (1928, рэж. В.Астроўскі). Анімацыя выкарыстана ў маст. фільме «Прастытутка» (1926, рэж. А.Фрэліх) і рэкламнай стужцы «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930). У 1926 рэж. Ю.Тарыч зняў першы маст. фільм «Лясная быль» паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». Значнае месца ў бел. кінамастацтве занялі фільмы гіст.-рэвалюцыйнай тэматыкі, заснаваныя на рэальных фактах: «Кастусь Каліноўскі» (рэж. У.Гардзін), «Яго яснавяльможнасць» (рэж. Р.Рашаль; абодва 1927), «Хвоі гамоняць» (рэж. Л.Малчанаў), «Атэль «Савой» (рэж. А.Файнцымер), «У агні народжаная» (рэж. У.Корш-Саблін; усе 1929). У 1920—30-я г. створаны фільмы «Прастытутка», «У вялікім горадзе» (рэж. М.Авербах і М.Данской), «Песня вясны» паводле аповесці Я.Коласа «На прасторах жыцця» (рэж. У.Гардзін), «Саша» (рэж. А.Хахлова), «Сапраўднае жыццё» (рэж. А.Гаўронскі і В.Уліцкая), «Суд павінен працягвацца» (рэж. Я.Дзіган), дзіцячы фільм «Кульгаўка» (рэж. Ю.Вінакураў) і інш., у якіх узнімаліся праблемы маралі, сцвярджаўся сацыяліст.быт. Надзённая тэма падзелу Беларусі знайшла адлюстраванне ў сатыр. камедыі «Джэнтльмен і певень» (1928, рэж. У.Балюзек), фільме «Да заўтра» (1929, рэж. Ю.Тарыч). Фільм-памфлет «Нянавісць» (1930, рэж. Ю.Тарыч) паклаў пачатак звароту бел. кінематаграфіі да замежнай тэматыкі. На замежным матэрыяле створаны фільмы «Чатырыста мільёнаў» (1928, рэж. У.Гардзін), «Рубікон» (1930, рэж. У.Вайншток), «Слава свету» (1932, рэж. У.Вайншток), «Першае каханне» (1933, рэж. Б.Шрэйбер). У 1928 у Ленінградзе створана кінастудыя маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1939 у Мінску). З 1931 дзейнічаў сектар кінахронікі (у 1935 ён пераўтвораны ў Мінскую студыю кінахронікі).
Сярод найб. значных дакумент. фільмаў 1-й пал. 1930-х г. «Знойдзеная зямля» (рэж. У.Вайншток), «На ўздыме» (рэж. Л.Эпельбаўм). У 1930 выйшла першая гукавая кінапраграма «Пераварот» (рэж. Ю.Тарыч), паказаная ў дзень адкрыцця ў Мінску першага ў БССР гукавога кінатэатра «Чырвоная зорка». Значнае месца ў пач. 1930-х г. занялі т. зв. агітпрапфільмы — ігравыя кінаілюстрацыі агітацыйна-прапагандысцкага характару «Хто лепш?», «Гонар», «Ураган». Карціна пра калектывізацыю на вёсцы — «Сонечны паход» (1931, рэж. У.Корш-Саблін). Цікавай спробай разгледзець жаночы лёс ва ўмовах сацыяліст. пераўтварэнняў на вёсцы быў фільм «Жанчына» (1932, рэж. Я.Дзіган). На «агітпрапаўскім» фоне вылучаліся гіст.-рэвалюцыйны фільм «Першы ўзвод» (1932, рэж. У.Корш-Саблін) і кінатвор пра сучаснасць «Двойчы народжаны» (1933, рэж. Э.Аршанскі, муз. да абодвух напісаў І.Дунаеўскі), стваральнікі якіх імкнуліся адысці ад вобразаў-тэзісаў і лозунгавага мыслення. У гэтых фільмах упершыню гук выкарыстоўваўся як паўнацэнны сродак маст. вырашэння. У значнай ступені эксперым. была сатыр. камедыя «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.Файнцымер, сцэн. Ю.Тынянава, муз. С.Пракоф’ева). Сярод лепшых фільмаў для дзяцей — экранізацыя аповесці Я.Маўра «Палескія рабінзоны» (1934, рэж. І.Бахар і Л.Малчанаў). Фільмы «Шлях карабля» (1935, рэж. Ю.Тарыч), «Шукальнікі шчасця» (1936, рэж. У.Корш-Саблін) прысвечаны фарміраванню чалавека ва ўмовах сацыяліст. рэчаіснасці (муз. І.Дунаеўскага дадавала ім папулярнасці). На гіст.-рэвалюцыйныя тэмы пастаўлены фільмы: «Балтыйцы» (1937, рэж. А.Файнцымер), «Адзінаццатага ліпеня» (1938, рэж. Ю.Тарыч), «Вогненныя гады» (1939, рэж. У.Корш-Саблін). Сярод фільмаў 1930-х г. значнае месца належала экранізацыям літаратурных твораў: «Салавей» паводле аднайм. аповесці З.Бядулі (рэж. Э.Аршанскі), «Маска», «Мянтуз» (рэж. абодвух С.Сплашноў), «Мядзведзь», «Чалавек у футарале» (рэж. абодвух І.Анненскі) паводле твораў А.Чэхава. Самы папулярны кінатвор таго часу — кінакамедыя «Маё каханне» (1940, рэж. У.Корш-Саблін, муз. І.Дунаеўскага).
У Вял.Айч. вайну бел. дакументалісты М.Бераў, І.Вейняровіч, У.Цяслюк здымалі хроніку на фронце і ў партыз. атрадах. З 1942 у Маскве на Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў выпускаліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь», у якія ўваходзілі сюжэты пра беларусаў-франтавікоў, працу эвакуіраваных прадпрыемстваў, творчасць майстроў нац. мастацтва. У 1942 на Цэнтр. аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін стварылі кіназборнік «Беларускія навелы», прысвечаны барацьбе з ням.-фаш. акупантамі на бел. зямлі. У 1944 выйшлі фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (аўтары — У.Корш-Саблін і М.Садковіч), поўнаметражны дакумент. фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (рэж. У.Корш-Саблін, М.Садковіч, аператары 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў).
У першыя пасляваен. гады кінематограф асвойваў 3 асноўныя тэматычныя пласты: падзеі мінулай вайны, адраджэнне жыцця ў разбураных вайной вёсках і гарадах, культ. спадчына. З 1945 здымаліся кінанарысы, выйшла 12 нумароў кіначасопісаў. У кастр. 1946 кінастудыя «Савецкая Беларусь» перайменавана ў кінастудыю маст. і дакумент. фільмаў «Беларусьфільм». Аднавіўся выпуск маст. («Новы дом», 1947, рэж. У.Корш-Саблін) і дакумент. («Наваселле», 1947, рэж. І.Вейняровіч; «Савецкая Беларусь», 1948, рэж. Л.Голуб; 1951, рэж. У.Корш-Саблін, М.Краўчуноўскі і інш.) фільмаў. Найбольш значны фільм пасляваенных гадоў — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. У.Корш-Саблін і А.Файнцымер). Тэма Вял.Айч. вайны атрымала працяг у фільме пра Мінскае падполле «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958, рэж. М.Фігуроўскі). Экранізаваны п’есы бел. драматургаў: «Паўлінка» Я.Купалы (1952, рэж. А.Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953) і «Хто смяецца апошнім» (1954, рэж. абодвух У.Корш-Саблін) К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага (1955, рэж. А.Зархі). У 1950-я г. выйшлі фільмы пра сучаснасць: «Зялёныя агні» (1955, рэж. С.Сплашноў і І.Шульман), «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956, рэж. У.Корш-Саблін), «Нашы суседзі» (1957), «Каханнем трэба даражыць» (1959, рэж. абодвух С.Сплашноў), «Шчасце трэба берагчы» (1958, рэж. І.Шульман). Л.Голуб зняў дзіцячыя фільмы «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1956), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959). Рэв. падзеям у Зах. Беларусі прысвечаны фільм «Чырвонае лісце» (1958, рэж. У.Корш-Саблін). З пабудовай у 1960 новага памяшкання студыі значна выраслі яе вытворчыя магчымасці. Створаны 3 творчыя аб’яднанні: маст., дакумент. і тэлевізійных (з 1968) фільмаў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Беларусі. Творчы калектыў кінастудыі папоўніўся маладымі кінематаграфістамі: рэжысёры У.Бычкоў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, аператары А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, мастакі У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў. Дзейнічала маладзёжнае творчае аб’яднанне пад кіраўніцтвам С.Скварцова. У пач. 1960-х г. пачалі стварацца кінаальманахі «Апавяданні пра юнацтва», «Маленькія летуценнікі». Пастаўлены фільмы: «Дзень, калі мінае 30 год» (1961, рэж. В.Вінаградаў), «Апошні хлеб» (1963, рэж. Б.Сцяпанаў), «Увага! У горадзе чараўнік!» (1963, рэж. У.Бычкоў). Вырашаныя ў. героіка-рамант. плане эпапея «Першыя выпрабаванні» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1960—61), фільмы пра падзеі Кастр. рэвалюцыі «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970, рэж. усіх У.Корш-Саблін) не пазбаўлены стандартных рашэнняў. На рэальных гіст. фактах першых крокаў сав. дыпламатыі на міжнар. арэне заснавана карціна «Масква — Генуя» (1964, рэж. А.Спешнеў пры ўдзеле У.Корш-Сабліна і П.Арманда). Найб. значныя творы бел. кінамастацтва 1960-х г.прысвечаныВял.Айч. вайне: экранізацыі аповесцей В.Быкава «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Р.Віктараў), «Альпійская балада» (1965, рэж. Б.Сцяпанаў); фільмы рэжысёраў В.Турава «Праз могілкі» (1964), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1969); В.Вінаградава «Лісты да жывых» (1964), «Усходні калідор» (1966), «Чакай мяне, Ганна!» (1969); І.Шульмана «Чалавек не здаецца» (1960); І.Дабралюбава «Іван Макаравіч» (1968); Л.Голуба «Вуліца малодшага сына» (1962). З’явай у кінематографе стаў фільм-казка У.Бычкова «Горад майстроў» (1965).
У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, пераўтвораная ў 1968 у аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» «Беларусьфільма», дзе больш выразна пачалі выяўляцца новыя прынцыпы аўтарскага падыходу да жыццёвага матэрыялу. Сярод маладых яе рэжысёраў і аператараў П.Аліфярэнка, В.Дашук, С.Прошын, У.Скітовіч, В.Сукманаў, М.Хубаў, В.Шаталаў і інш. Значны ўклад у творчыя пошукі зрабіў паэт і сцэнарыст А.Вялюгін. Рэгулярна пачалі выходзіць на экраны кіначасопісы «Мастацтва», «Спартыўныя навіны». Створаны фільмы пра людзей яркіх біяграфій — «Дарога без прывалу» (1965, рэж. І.Вейняровіч), «Арліная крыніца» (1966, рэж. В.Сукманаў), пра падлетка-падпольшчыка Валодзю Шчарбацэвіча — «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967, рэж. В.Чацверыкоў), аб асноўных этапах партыз. руху на Беларусі — «Генерал Пушча» (1967, рэж. І.Вейняровіч), галоўных этапах гісторыі рэспублікі — «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. І.Пікман, У.Цяслюк і Р.Ясінскі). Пры звароце да сучаснасці выкарыстоўваўся метад працяглага назірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963, рэж. С.Фрыд і Р.Ясінскі), «Першыя ноты» (1967, рэж. В.Шаталаў). Зняты стужкі праблемнага характару — «Шчырая размова» (1966), «Гродзенскі кашалёк» (1967, рэж. абодвух М.Хубаў). У 1965 пачаўся выпуск тэлевізійных фільмаў у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Бел. тэлебачання («Матухны благаславенне», 1958, рэж. У.Кухта; «Снежны конь», 1962, рэж. Ю.Дубровін; «Зімовы дуб», 1963, рэж. М.Кожын; «Камлючок», 1968, рэж. М.Калінін). У 1960—70-я г. ў тэлекіно працавалі рэжысёры А.Гутковіч, Ю.Дубровін, І.Калоўскі, В.Карпілаў, У.Станкевіч, Ю.Сцяпанаў, Я.Шабан. Пазней ставілі фільмы С.Агеенка, У.Арлоў, В.Басаў, У.Бокун, А.Войніч, Н.Гаркунова, Л.Гедравічус, В.Жыгалка, А.Кашэўнікаў, У.Траццякоў, В.Шавялевіч, А.Шклярэўскі. З 1966 здымаліся тэлефільмы ў тэлевізійным аб’яднанні «Беларусьфільм». Ствараліся тэленавелы, экранныя мініяцюры: «Крокі па зямлі» (1968, рэж. І.Дабралюбаў), «Страказіныя крылы» (1968, рэж. К.Красніцкі), «Бераг прынцэсы Люські» (1969, рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (1969, рэж. В.Жарыкаў і В.Рыбараў), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969, рэж. В.Рубінчык), «Сачыненне» (1970, рэж. І.Калоўскі). Сярод першых тэлесерыялаў: «Белая зямля» (1970, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Вашынгтонскі карэспандэнт» (1972, рэж. Ю.Дубровін), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972, рэж. М.Калінін), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Шульман); у т. л. для дзяцей — «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974, рэж. абодвух М.Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974, рэж. В.Рубінчык). Найб. значны тэлефільм — «Руіны страляюць...» (1971—72, рэж. В.Чацверыкоў) — пра Мінскае антыфаш. падполле.
У 1970—80-я г. пастаўлены кінафільмы пра сучаснасць: «Неспадзяванае каханне» (1970, рэж. І.Шульман), «Міравы хлопец» (1971, рэж. Ю.Дубровін), «Залаты ганак» (1972, рэж. І.Шышоў), «Вуліца без канца» (1972), «Расклад на паслязаўтра» (1978), «Белыя Росы» (1983, рэж. усіх І.Дабралюбаў), «Час яе сыноў» (1974), «Нядзельная ноч» (1976, рэж. абодвух В.Тураў), «Сын старшыні» (1976), «Узбочына» (1978, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Паводка» (1980, рэж. В.Чацверыкоў). Маладыя кінематаграфісты М.Лук’янаў, С.Сычоў і А.Яфрэмаў у 1977 зрабілі кінаальманах паводле апавяданняў В.Шукшына «У профіль і анфас». Рэж. Л.Нячаеў паставіў дзіцячыя тэлефільмы-казкі ў жанры мюзікла «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977), «Прададзены смех» (1981), «Казка пра Зорнага Хлопчыка» (1983), «Рыжы, сумленны, закаханы...» (1984), «Пітэр Пэн» (1987). Кінематаграфісты звярталіся і да гіст. мінулага. Пра жыццё і дзейнасць бел. асветніка зняты фільм «Я, Францыск Скарына...» (1969, рэж. Б.Сцяпанаў); В.Рубінчык стварыў карціны «Магіла льва» (1971), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979). Рэв. падзеям на Беларусі прысвечаны фільмы «Рудабельская рэспубліка» (1971, рэж. М.Калінін), «Хлеб пахне порахам» (1973, рэж. В.Нікіфараў). Эпізоды гісторыі пагранічнай службы адлюстраваны ў шматсерыйным тэлефільме «Дзяржаўная граніца» (1980—88, рэж. В.Нікіфараў і Б.Сцяпанаў). Тэма Вял.Айч. вайны мела працяг у фільмах пра бел. партызан М.Шмырова — «Бацька» (1971, рэж. Б.Сцяпанаў), пра В.Каржа «Трэцяга не дадзена» (1980, рэж. І.Дабралюбаў), славака Яна Налепку «Заўтра будзе позна...» (1972, рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Біяграфія легендарнага К.Арлоўскага адлюстравана ў дакумент. фільме «У агні жыцця» (1970, рэж. І.Вейняровіч). Падзеі партыз. руху на Беларусі абагульнены В.Чацверыковым у фільме-эпапеі «Полымя» (1974), яго фільм «Чорная бяроза» (1977) пра ваенныя лёсы будучых будаўнікоў Мінскага аўтазавода. Вял.Айч. вайне прысвечаны фільмы для дзяцей «Пяцёрка адважных» (1970, рэж. Л.Мартынюк), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975, рэж. абодвух Л.Голуб), «Зімародак» (1972, рэж. В.Нікіфараў). У жанры кінапаэмы вырашаны фільм «Вянок санетаў» (1976, рэж. В.Рубінчык). У дакумент. кіно падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваны ў фільмах «Бронзавы салдат» (1970, рэж. Б.Сарахатунаў), «Балада пра мужнасць і любоў» (1972, рэж. І.Вейняровіч), «Абпаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Навальнічная далеч памяці» (1983, рэж. В.Сукманаў, Р.Ясінскі). З’явай ва ўсёй сав. кінадакументалістыцы сталі 2 цыклы фільмаў В.Дашука: пра зверствы гітлераўцаў на бел. зямлі — «Жанчына з забітай вёскі», «Жменя пяску», «Немы крык» (усе 1975), «Суд памяці» (1976); пра дзяўчат, удзельніц вайны — «Гэта была не я» (1981), «Страляць хацела», «Раніца туманная, раніца сівая...», «Я вас сустрэў...» (усе 1982), «Калі народзіцца дзяўчынка» (1983), «Тады я не плакала», «Міласэрнасць» (абодва 1984). Экранізаваліся творы бел. і рускай літаратуры. Да твораў Я.Купалы звярнуліся ў маст. кіно Б.Луцэнка («Раскіданае гняздо», 1981), у тэлекіно — В.Раеўскі («Па шчасце, па сонца», 1971, з В.Акімушкіным), Б.Бахціяраў («Гусляр», 1982, паводле паэмы «Курган»), Н.Арцімовіч («На Куццю», 1982), у кінадакументалістыцы — В.Дашук («А зязюля кукавала...», 1972). Вобразы твораў Я.Коласа ўвасоблены ў маст. тэлефільмах «І смех, і бяда» (1973, рэж. Я.Шабан), «Сымон-музыка» (1977) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух У.Траццякоў). Паводле трылогіі І.Мележа «Палеская хроніка» рэж. А.Гутковіч зняў тэлефільм «Людзі на балоце» (1965), рэж. В.Тураў стварыў кінаэпапею з 2 стужак «Людзі на балоце» (1981), «Подых навальніцы» (1982) і 8-серыйны тэлефільм «Людзі на балоце» (1984). Аповесць І.Шамякіна «Вазьму твой боль» (1980) і раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» (1983) экранізаваў М.Пташук. Паводле твораў В.Быкава пастаўлены маст. фільм «Воўчая зграя» (1975, рэж. Б.Сцяпанаў), тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975, А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. В.Нікіфараў). Фільмы рэж. В.Рыбарава «Чужая Бацькаўшчына» (1982) паводле рамана В.Адамчыка, «Сведка» (1985) паводле аповесці В.Казько «Суд у Слабадзе», Э.Клімава «Ідзі і глядзі» (з «Масфільмам», 1985) паводле «Хатынскай аповесці» і «Карнікаў» А.Адамовіча сведчылі аб новым этапе асэнсавання гіст. мінулага. Пастаўлены тэлефільмы паводле твораў І.Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971, рэж. В.Тураў), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975, рэж. В.Рубінчык), «Зацішша» (1981, рэж. В.Чацверыкоў), «Бацькі і дзеці» (1984, рэж. В.Нікіфараў).
Перыяд на мяжы 20—21 ст. у бел.маст. кіно — час змяншэння выпуску фільмаў, зніжэння крытэрыяў і арыенціраў. Дамінуе развіццё дакументалістыкі і анімацыі. З 1989 працуе «Белвідэацэнтр», у якім ствараюцца відэафільмы, прысвечаныя культурна-гіст. падзеям. Пастаўлены маст. фільмы пра сучасныя праблемы: у жанры меладрамы — «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.Пташук), «Батанічны сад» (1997, рэж. У.Гасцюхін), «Павадыр» (2001, рэж. А.Яфрэмаў); у жанры дэтэктыва — «Гладыятар па найме» (1993), «Паміж жыццём і смерцю» (2002, рэж. абодвух Дз.Зайцаў), «Сын за бацьку» (1995, рэж. М.Яроменка-малодшы), «Уцёкі ад смерці» (1996, рэж. В.Дзяругін), «Забіць прытворшчыка» (1997, рэж. В.Марчанкова); у жанры фантастыкі — «Анамалія» (1993, рэж. Ю.Ялхоў), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994, рэж. В.Тураў); у жанры камедыі — «Тры жанчыны і мужчына» (1998, рэж. В.Дудзін), «Армія Выратавання» (1999, рэж. Я.Краўцоў), «Свежына з салютам» (2001, рэж. І.Паўлаў). Спробы больш паглыблена акрэсліць персанажы стужак адчуваюцца ў псіхалагічных драмах «Мяне завуць Арлекіна» (1988), «Прыкаваны» (2002, рэж. абодвух В.Рыбараў), «Восеньскія сны» (1987, рэж. І.Дабралюбаў), «Кветкі правінцыі» (1994, рэж. Дз.Зайцаў). Экранізаваліся творы А.Пушкіна (2-серыйны кінафільм і 4-серыйны тэлефільм «Высакародны разбойнік Дуброўскі», 1988, рэж. В.Нікіфараў), М.Гогаля (дакумент.-маст. тэлефільм «Несыграная роля», 1999, рэж. Н.Гаркунова), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1991, рэж. Я.Маркоўскі), М.Булгакава («Нататкі маладога доктара», 1991, рэж. М.Якжэн), Э.Ажэшкі (тэлефільм «Хам», 1990, рэж. Дз.Зайцаў і С.Шульга). Тэма рэпрэсій і падзеі вайны адлюстраваны ў фільмах М.Пташука «Знак бяды» (1986) — экранізацыя аповесці В.Быкава, «Наш бронецягнік» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (1992). Пасля пэўнага перапынку бел. кінематаграфісты зноў звярнуліся да тэмы Вял.Айч. вайны. Экранізавана ваенная проза В.Быкава: «Яго батальён» (1988, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.Мароз). Зняты эпічныя тэлесерыялы: маст. фільм «Плач перапёлкі» паводле твораў І.Чыгрынава (1991, рэж. І.Дабралюбаў), дакумент. фільм «Пасля Перамогі» (1994—95, рэж. В.Жыгалка і С.Шчаглоў). Дакументалісты расказваюць пра духоўна-маральны вопыт ваеннага пакалення праз успаміны, дзённікі, дакументы ўдзельнікаў вайны («Мы марылі пра мір», 1995, рэж. С.Жыткевіч; «Зямля, зямлянкі, землякі», 1996, рэж. В.Жыгалка, С.Шчаглоў; «Адзін з многіх», 2000, рэж. Т.Вашчанка; «Ад зор чэрвеньскіх...», 2000, рэж. У.Цяслюк; «Апошнія сведкі», 2001, рэж. Ф.Кучар; «Салдаты Італіі», 2002, рэж. А.Алай). Вострадраматычныя падзеі канца вайны адлюстраваны ў фільме пра вызваленне Польшчы («З пекла ў пекла», 1996, рэж. Дз.Астрахан). Пра дзейнасць разведчыкаў у час вайны дакумент. фільмы «Эцьен. Вяртанне» (1998), «Кент, ці Вялікая гульня «маленькага шэфа» (2000, рэж. абодвух С.Агеенка), «Апошні з групы «Джэк» (2000, рэж. В.Жыгалка). У дынамічна-экспрэсіўным маст. фільме «У жніўні 44-га...» (2000, рэж. М.Пташук) у эпічна-манум. плане паказана карціна вызвалення Зах. Беларусі ад ням.-фашысцкіх захопнікаў. Абагульнены вобраз ваеннага пакалення створаны ў дакумент. тэлефільмах «Курган» (1995, рэж. В.Басаў), «Святыні беларускай зямлі. Брэст» і «Святыні беларускай зямлі. Хатынь» (2000, рэж. абодвух В.Купрыянаў). Узрасла цікавасць да шматвяковай гісторыі Беларусі, па-новаму асэнсоўваюцца падзеі мінулых дзесяцігоддзяў. Створаны дакумент.-маст. тэлецыкл В.Шавялевіча: «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90), «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994), «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000—2002) пра гісторыю Беларусі 9—16 ст. У маст. тэлекіно пастаўлены гіст. меладрамы «Раман імператара» (1994, рэж. Дз.Ніжнікоўская), тэлесерыял «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). У жанры легенды вырашаны гіст.-прыгодніцкі фільм «Анастасія Слуцкая» (2003, рэж. Ю.Ялхоў) пра абарону Слуцка ад татарскага набегу ў пач. 16 ст.
Зняты дакумент. фільмы пра гіст.-культ. помнікі: «Чорная дама» (1992), «Брэст» (1993), «Куток Радзімы — Іўе» (1994) і «Нясвіжскі фарны» (1997, рэж. усіх Л.Гедравічус), «Мсціслаў. Жнівеньскія нататкі» (1994), «Гальшаны на мове вады» (1995) і «Заслаўе. Фрагменты стагоддзяў і жыццяў» (1997, рэж. усіх Т.Кіракозава), «Крэва» (рэж. М.Жданоўскі), «Каложская царква» (рэж.
Ю.Ківалаў-Станкевіч, абодва 1996), «Бярэсце» (1997, рэж. В.Сюмакоў), «Замкі Беларусі» (1998, рэж. В.Шышоў), «Крэва» (1997), «Навагрудак» (1998), «Сцены старажытнага Гродна» (1999) і «Гродна. Фарны касцёл» (1999, рэж. усіх С.Пятроўскі). Тэма хрысц. каштоўнасцей увасоблена ў дакумент. тэлефільмах В.Шавялевіча «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Уладыка» (1993), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997), «Крыжу твайму» (1998), «Пісьмы пра добрае і прыгожае» (1998—99), В.Моракавай «Ефрасіння Полацкая» (1989), С.Гайдука «Запавет Ефрасінні» (1997). Рэліг. дзеячам, асветнікам прысвечаныдакумент. фільмы «Сімяон Полацкі» (1995, рэж. С.Гайдук), «Зорка Афанасія» (1997, рэж. М.Князеў) пра А.Філіповіча, «Слова да вас, Георгій Каніскі» (1998, рэж. Б.Калякін, В.Купрыянаў), «...3 забыцця і праху...» Іаан Грыгаровіч» (2000, рэж. М.Якжэн). Дзеячам гісторыі і культуры прысвечаны фільмы «Паланэз для касінераў» (1994) пра Т.Касцюшку, «І засталася музыка» (1998) пра М.К.Агінскага (рэж. абодвух Р.Ясінскі), «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купале» (1993, рэж. абодвух У.Бокун) пра Я.Купалу, «Максім Багдановіч» (1992, рэж. В.Каралёў), «Максім Гарэцкі» (1993, рэж. Ю.Цвяткоў і В.Купрыянаў), «Што ў Пімене табе маім?» (1997, рэж. Г.Адамовіч) пра П.Панчанку, «За Кушлянамі снег» (1996, рэж. М.Жданоўскі) пра Ф.Багушэвіча, «Навагрудак. Чытаючы А.Міцкевіча» (1980, рэж. А.Рудэрман), «Балада пра Свіцязь» (1997, рэж. С.Шчаглоў) і «Два стагоддзі Адама Міцкевіча» (1998, рэж. М.Жданоўскі) пра А.Міцкевіча. Абуджэнне цікавасці да стараж. гісторыі праявілася ў экранізацыі п’есы У.Караткевіча «Маці ўрагану» (1990, рэж. Ю.Марухін). Факты біяграфіі пісьменніцы Л.Геніюш пакладзены ў аснову маст. фільма «Птушкі без гнёздаў» (1996, рэж. В.Дудзін). Дакумент. фільмы «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Беларусь Напалеона Орды» (1994, рэж. М.Жданоўскі), «Летуценні Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка) пра славутых мастакоў Беларусі. Вобразы бел. пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі ў маст. тэлефільме «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1992, рэж. В.Басаў), у дакумент. карцінах «Пасля пленэру. Час цішыні» (1996, рэж. Б.Берзнер), «Вяртанне ў вырай» (1999, рэж. В.Шышоў). Пра маст. школу Віцебска створаны фільмы «Калі Віцебск быў Парыжам» (1992, рэж. У.Бокун), «Дом Шагала» (1994, рэж. М.Дзінаў), «Засталася душа яго тут» (1997, рэж. Ю.Гарулёў), «Мой пачатак» (1998), «Зорнае неба Віцебска» (2000, рэж. абодвух Н.Гаркунова), «Малако без бутэлькі» (1999, рэж. М.Князеў).
Пастаўлены фільмы пра сучасных мастакоў: «Апаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Доўг памяці» (1982, рэж. Б.Гарошка), «Міхаіл Савіцкі» (1992, рэж. С.Жыткевіч), «Крыж надзеі» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра М.Савіцкага, «Аляксандр Кішчанка. Гульні генія» (1995, рэж. Я.Росцікаў), «Мастак Леанід Шчамялёў» (1998, рэж. Ю.Марухін), «Іван Ахрэмчык у часе» (1998, рэж. С.Агеенка), «Маё Палессе» (1981, рэж. Ю.Марухін), «Адлучэнне. Смутак» (1993, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Мастак Гаўрыіл Вашчанка» (2002, рэж. А.Суханава) пра Г.Вашчанку, «Пад знакам любові» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра А.Кузьміча, «Мара» (1992, рэж. У.Арлоў) пра А.Марачкіна, «На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў» (2000, рэж. С.Агеенка), «Дагараючы вечар чалавечага жыцця» (2001, рэж. У.Траццякоў) пра Я.Чамадурава, «Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў» (1999, рэж. М.Якжэн), «Фауст Арлена» (1996, рэж. Г.Адамовіч) пра А.Кашкурэвіча і яго сына І.Кашкурэвіча, «Запрашэнне ў Мадрас» (1978, рэж. В.Шаталаў), «Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць» (1979, рэж. А.Чакмянёў), «Наталля і Георгій» (2001, рэж. В.Скварцова) пра Г. і Н. Паплаўскіх. Бел. скульптарам прысвечаны фільмы «З надзеяй і любоўю» пра З.Азгура (1995, рэж. Ф.Кучар), «Партрэт у рост» пра С.Гарбунову (1999, рэж. Л.Гедравічус), «Анатоль Аляксандравіч Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч), «Дотык да вечнасці» пра В.Занковіча (2000, рэж. А.Кашэўнікаў).
Шматколернае прафес. і нар. мастацтва адлюстравана ў карцінах «Жывая дрэва душа» (1985, рэж. Л.Гедравічус), «Агонь мігатлівы ў сасудзе» (рэж. Дз.Міхлееў), «Іосіф і яго брат Пётр» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Каб квітнела любоў» (рэж. М.Князеў), «Неглюбскі лістапад» (рэж. С.Гайдук, усе 1994), «Мастацтва зямлі і агню» (1995), «Падвор’е» (1996, рэж. абодвух А.Суханава), «Сямейны блюз пад гукі акарыны» (1996, рэж. Р.Грыцкова), «Штукар Ямеля з Хальча» (1996), «Ці застанецца спадчына?» (1999, рэж. абодвух В.Каралёў), «Нёманская вясёлка» (1998, рэж. С.Пятроўскі). Зняты дакумент. фільмы пра музеі Беларусі: «Імгненні музейнай цішыні» (1986, рэж. У.Бокун), «Дырэктар музея» (1998, рэж. І.Волах), «Ронда» (1998, рэж. С.Галавецкі), «Дом на былой Сялянскай» (1981, рэж. У.Бокун), «Дабрахожыя» (1991, рэж. В.Урагаў), «Веткаўская Атлантыда» (1994, рэж. С.Галавецкі), «Свой голас» (2000, рэж. С.Смірноў). Створаны дакумент. фільмы пра бел. акцёраў тэатра і кіно: «У юбілей — выхадны дзень» (1990, рэж. Б.Берзнер), «Прызнанне ў каханні» (1994, рэж. В.Моракава) пра акцёраў Нац.акад.драм.т-ра імя М.Горкага; «Маналог з адступленнямі» (1987, рэж. Л.Гедравічус) пра Р.Янкоўскага; «Гасцюхін» (1995, рэж. М.Князеў); «Брава, Браварская» (1997, рэж. С.Гайдук); «Фёдар Шмакаў. Фрагменты» (1998, рэж. В.Аслюк); «Маналогі за кадрам» (1991, рэж. У.Цяслюк) пра Г.Гарбука; «Артыст Генадзь Аўсяннікаў» (1990, рэж. Б.Берзнер); «У палоне сваіх роляў» (2002, рэж. А.Бугор) пра Г.Давыдзьку; «Такі вось лёс» (1994, рэж. А.Канеўскі) пра Т.Мархель; «Святлана» (1997, рэж. А.Трафіменка) пра С.Акружную; «Нясумны сад Фамы Варанецкага» (2001, рэж. С.Кацьер); «Нерастрачаны час» (1996, рэж. М.Князеў) і «Мікалай Яроменка-старэйшы. Пасляслоўе» (2001, рэж. В.Дудзін).
Значныя набыткі бел. дакументалістыкі звязаны з т. зв. візуальнай антрапалогіяй. Створаны унікальны цыкл этнамузыкалагічных фільмаў паводле сцэнарыяў музыказнаўцы З.Мажэйкі: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы вякоў» (1979), «Памяць стагоддзяў» (1982, рэж. усіх Н.Сава), «Палескія вяселлі» (1986), «Крывыя вечары» (1993, рэж. абодвух Ю.Лысятаў), «Пранясі, Божа, хмару» (1990, рэж. А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. С.Гайдук). У фільмах цыкла ў вобразнай форме зафіксаваны гукаідэал народа, яго інтанацыйны эталон як праява нац. менталітэту. Значэнне нар.муз. культуры вобразна раскрыта ў 1970—90-я г. ў фільмах дакументалістаў Р.Грыцковай («Хутка летца мінецца», «Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава»), І.Волах («Калядныя цары», «Хрэсьбіны»), С.Гайдука («Мужчынскі рой»), А.Шклярэўскага («Карагод»), У.Міхарскага («Іграюць вяселле гармонікі»), У.Арлова («Суботы з дзядзькам Монічам», «Тры тысячы песень», «Як пайду я дарогай»), Л.Гедравічуса («Сцісні ў жмені», «Песня на ўсё жыццё»), В.Скварцовай («Мая 80-я восень»), М.Жданоўскага («У хвіліны музыкі»). Муз. спадчына беларусаў адлюстравана ў фільме «Полацкі сшытак» (1988, рэж. Л.Гедравічус) — экраннай рэканструкцыі вобразаў свецкай музыкі бел. барока 17 ст. У 1970—90-я г. зняты фільмы-канцэрты з удзелам вядучых муз. калектываў рэспублікі, фільмы-спектаклі. Створаны фільмы-партрэты кампазітараў: «І песня ўзлятае сама» (1972, рэж. У.Арлоў) пра У.Алоўнікава, навела «Эцюд» у фільме «Тварам да вас» (1976, рэж. В.Шавялевіч) пра Л.Шлег, «Ты мне вясною прыснілася» (1980, рэж. Ю.Сцяпанаў) пра Ю.Семяняку, «Фантазіі на тэму» (1981), «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў» (1999, рэж. абодвух У.Арлоў), «Яўген Глебаў. Васемнаццаць гадоў пазней» (1995, рэж. С.Лук’янчыкаў) і «Майстар» (2000, рэж. М.Жданоўскі) пра Я.Глебава, «Картэс» (1997, рэж. Я.Росцікаў) пра С.Картэса. З 1999 г. на «Белвідэацэнтры» ствараецца цыкл экалагічных фільмаў: «Жывыя сведкі ледавікоў», «Лясныя хованкі», «Жывая вада», «Жабы на дарогах», «У царстве бакланаў і чапляў», «Чаму ў бабра падрапаны нос», «Апошнія арлы» (рэж. усіх І.Бышнёў). У кіно 1990-х г. увасабляецца тэма Чарнобыля і яго наступстваў: маст. фільмы — «Чорны бусел» (1993, рэж. В.Тураў), «Душа мая, Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Эпілог» (1994, рэж. І.Дабралюбаў); дакумент. — «Жылі-былі людзі» (1991, рэж. В.Жыгалка), «Бяда» (1992, рэж. У.Цяслюк), «Імгненні радасці» (1993, рэж. В.Басаў), «Зона адчужэння» (1994, рэж. С.Бондараў), «Чарнобыль. Попел» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Чарнобыльская восень» (рэж. А.Франскевіч, абодва 1996), «Жыццё пасля Чарнобыля» (1999, рэж. У.Цяслюк), «Жылі-былі...» (рэж. Г.Адамовіч), «Хойніцкія хронікі» (рэж. М.Князеў, абодва 2001). Створаны маст. фільмы для дзяцей у жанры кінафантастыкі («Вогненны стралок», 1994, рэж. М.Князеў; «Падзенне ўверх», 1998, рэж. А.Трафіменка), жорсткай сац. драмы («Шэльма», 1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў; «Маленькі баец», 1998, «Зорка Венера», 2000, рэж. абодвух М.Касымава), камедыі («Аб тым, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію», 1998, рэж. Р.Грыцкова), лірычнай аповесці з элементамі кінаказкі («Бальная сукенка», 2003, рэж. М.Касымава, І.Волах).
З 1970-х г. развіваецца анімацыя (маляваная, лялечная, перакладная і ў галіне змешанай тэхнікі). Пастаўлены фільмы-казкі рэжысёрамі Л.Шукалюковым («Аленчына кураня», 1974; «Касар-волат», 1976), Ю.Бутырыным («Мілавіца», 1977; «Светлячок і Расінка», 1978), К.Красніцкім («Лістападнічак», 1977; «Ціхае балота», 1979; «Пінчэр Боб і сем званочкаў», 1984; «Як дзед за дажджом хадзіў», 1986; «Хлопчык і праменьчык», 1987; «Мая маці — чараўніца», 1989), М.Лубянікавай («Цімка і Дзімка», 1975), Н.Лось («Гліняная Аўдотка», 1984), В.Доўнарам («Як Васіль гаспадарыў», 1983), Т.Жыткоўскай («Кацяня Філя і...», 1981; «Дыназаўрык», 1982; «Фантазіі Сідарава», 1991; «Гора горкае», 1997; «Фантазёрка», 1999), Я.Ларчанкам («Дудка-весялушка», 1978; «Дзед і Жораў», 1983; «Кацігарошак», 1990; «Шэры конік», 1992), І.Волчакам («Як ліса ваўка судзіла», 1989), У.Пяткевічам («Ёрш і Верабей», 1999), А.Туравай («Пра рыцара, які нічога не баяўся», 1991; «Балада пра тры апельсіны», 1995; «Казка пра Сінюю Світку», 1996; «Музыкант-чарадзей», 2000; А.Ленкіным («Зімоўе звяроў», 1999; «Яма, танцы, чатыры струны», 2000). Дарослым адрасаваны фільмы-прытчы, элегіі, экранныя медытацыі, якія насычаны паэт. метафарамі, сімваламі, прасякнуты аўтарскім роздумам пра чалавека ў сусвеце: «Лафертаўская макаўніца» (1986), «Жыло-было дрэва...» (1996), «Казкі лесу» (1996), «Сава» (1998, аўтары ўсіх У. і А. Пяткевічы), «Капрычыо» (1986), «Канчэрта гроса» (1988), «Скерца» (1994), «Пастараль» (1998; рэж. усіх І.Волчак), «Песня пра зубра» (1982, рэж. А.Белавусаў), «Меч» (1998, рэж. В.Доўнар). А.Ленкін звярнуўся да анімацыйных камед. серыялаў («Рэактыўны парсючок-1», 1994—2004). Распрацоўка жанравай палітры анімацыі, пошукі сінтэзу розных навейшых тэхнік адчуваюцца ў кінаальманахах, што аб’ядноўваюць асобныя навелы: «Крокі» (1998, рэж. В.Альковіч, В.Бакуновіч, М.Тумеля), «Лабірынт-1» (1990, рэж. М.Берэнштэйн, Н.Касцючэнка, Л.Крэсікаў, А.Ленкін), «Лабірынт-2» (1992, рэж. І.Волчак, В.Доўнар, А.Суслава). У жанры філас. прытчы на тэмы хрысц. каштоўнасцей вырашаны фільмы І.Кадзюковай («Прытча пра Гасана», 1987; «Калядныя апавяданні», 1994; «Дзяўчынка з запалкамі», 1996; «Дзіўная вячэра на Куццю», 1999; «Прытча пра Каляды», 2000; «Сястра і брат», 2002; «Легенда пра лэдзі Гадзіву», 2004). Бел. анімацыйныя фільмы адзначаны прызамі на міжнар. кінафестывалях у Расіі, Германіі, Францыі, Партугаліі, Канадзе, Японіі і інш. краінах. У бел.маст. кіно выразныя, яскравыя вобразы ў розныя гады стварылі акцёры: В.Арланава, Г.Аўсяннікаў, У. і З.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, У.Гасцюхін, Г.Глебаў, С.Зелянкоўская, М.Кірычэнка, А.Клімава, А.Кот, У.Крыловіч, Г.Макарава, В.Манаеў, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, С.Станюта, С.Сухавей, В.Тарасаў, Р.Янкоўскі, М.Яроменка. Плеяду майстроў экраннай пластыкі склалі аператары бел. кіно: Б.Аліфер, А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ф.Кучар, Т.Логінава, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, У.Спарышкоў, А.Суханава, Ю.Ялхоў. Візуальны вобраз фільмаў бел. кіно ўзбагацілі мастакі: Я.Ганкін, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў, В.Назараў, А.Чартовіч. Плённа працавалі ў кіно як драматургі бел. пісьменнікі: В.Быкаў, А.Адамовіч, А.Дудараў, У.Караткевіч, А.Макаёнак, Г.Марчук. Гуказрокавы вобраз карцін узбагацілі сваёй музыкай кампазітары Я.Глебаў, В.Капыцько, І.Лучанок, А.Янчанка. Кадры для бел. кіно рыхтуюцца ў Бел.АМ. Сярод іх: Г.Адамовіч, В.Аслюк, І.Волах, Р.Грыцкова, А.Кудзіненка, А.Трафіменка, І.Чацверыкоў. Кінадраматургаў рыхтуе Бел. універсітэт культуры. Пытанні бел. кіно і тэлебачання асвятляюцца ў часопісах «Мастацтва», «На экранах» і «Роднае слова». Навукова-даследчая работа праводзіцца ў аддзеле кіна- і тэлемастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Літ.:
История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—1970;
Кино Советской Белоруссии. М., 1975;
Современное белорусское кино. Мн., 1985;
Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;
Гісторыя кінамастацгва Беларусі: У 4 т. Т. 1—3. Мн., 2001—04;
Белорусское кино: Молодые режиссёры. Мн., 1999;
Экран и культура (Белорусское документальное кино и культура Беларуси): К 75-летию бел. кино: Сб. материалов научно-практ. конф. Бел. союза кинематографистов, Мин-ва культуры Респ. Беларусь, НАН Беларуси, Минск, 27—30 сент. 1999. Мн., 1999;
Белорусское игровое кино на пороге XXI века: Реальность и перспектива. Мн., 2000;
Концепция развития белорусского кино. Мн., 2001;
Все белорусские фильмы: Кат.-справ. Т. 1—2. Мн., 1996—2000;
Белорусская культура и кино: Тематич. кат.бел. документ. фильмов. Мн., 2002.
А.В.Красінскі, В.Ф.Нячай.
Кадр з фільма «Лясная быль». 1926.Кадр з фільма «Рыжы, сумленны, закаханы...». 1984.Экранізацыя «Палескай хронікі» І.Мележа. 1981—82.Кадр з тэлефільма «Бацькі і дзеці». 1984.Кадр з фільма «Павадыр». 2001.Кадр з фільма «Паміж жыццём і смерцю». 2002.Кадр з тэлефільма «Хам». 1990.Кадр з фільма «Анастасія Слуцкая». 2003.Кадр з фільма «Знак бяды». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаныфін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен у яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТВАРДО́ЎСКІ Аляксандр Трыфанавіч (21.6.1910, б. хутар Загор’е, Пачынкаўскі р-н Смаленскай вобл., Расія — 18.12.1971),
рускі паэт і грамадскі дзеяч. Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (1939). У час вызвалення Зах. Беларусі ў 1939, сав.-фінляндскай 1939—40 і Вял.Айч. войнаў ваен. карэспандэнт. У 1950—54, 1958—70 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкаваўся з 1924. У даваен. зб-ках «Сельская хроніка» (1939), «Загор’е» (1941) тэмы перабудовы вёскі. У паэме «Краіна Муравія» (1936; Дзярж. прэмія СССР 1941) з вял.маст. сілай адлюстраваў складанасць калектывізацыі і выкліканыя ёю змены ў лёсе і псіхалогіі сялянства. У паэме «Васіль Цёркін: Кніга пра байца» (1942—45; Дзярж. прэмія СССР 1946) створаны вобраз бывалага салдата, у якім увасоблены лепшыя духоўныя і маральныя рысы народа. Чаргаванне трагічных і побытавых малюнкаў, лірычных адступленняў і вясёлага досціпу, трапнасць і выразнасць мовы дазволілі шматгранна выявіць атмасферу нар. вайны, думкі і пачуцці людзей. Лірыка Т. ваен. гадоў перадавала перажыванні народа, захоўваючы канкрэтнасць падзей і абставін, сувязі з уяўленнямі радавога салдата, учарашняга працаўніка; спалучала душэўную пранікнёнасць і публіцыст. страснасць з эпічным размахам. У пасляваен. час паглыбляў і развіваў асн. праблематыку творчасці, працягваў асэнсаванне ваен. выпрабаванняў і нар. подзвігу (паэма «Дом ля дарогі», 1946; Дзярж. прэмія СССР 1947), у сац.-маральным і філас. плане раскрываў гіст. лёс народа, паказваў сучасніка ў складаных калізіях часу. У лірыка-публіцыст. паэме «За даллю — даль» (1953—60; Ленінская прэмія 1961) абагульнены найб. істотныя з’явы ў жыцці краіны, грамадскія настроі 1950-х г. У зб-ках «Вершы з запісной кніжкі» (1961) і «З лірыкі гэтых гадоў, 1959—1967» (1967; Дзярж. прэмія СССР 1971) унутр. свет чалавека, узбагачанага вял. вопытам падзей 20 ст. Аўтар сатыр. паэмы «Цёркін на тым свеце» (1963), ліра-эпічнага цыкла вершаў «Па праву памяці» (1968—69; выд. 1987), нарысаў, апавяданняў і аповесцей («Дзённік старшыні калгаса», 1932: «З Карэльскага перашыйка», нап. 1939—41; «У родных мясцінах», 1946; «Печнікі», 1958; «Нататкі з Ангары», 1959), літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, І.Буніна, М.Ісакоўскага, А.Куляшова і інш. Творчасці Т. ўласцівы далучанасць да нар. жыцця, прастата і яснасць стылю, сувязь з фальклорам і класічнай традыцыяй. Высока цаніў бел. л-ру, удзельнічаў у рабоце многіх з’ездаў пісьменнікаў Беларусі. Беларусі прысвяціў вершы «Слова пра зямлю», «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша» і інш., нарысы ў кн. «Радзіма і чужына» (1947). Перакладаў на рус. мову бел.нар. песні, творы Я.Купалы, Я.Коласа, Куляшова, М.Засіма, М.Сурначова і інш., рэдагаваў «Анталогію беларускай паэзіі» (М., 1952), складальнік зб. «Паэты Заходняй вобласці» (Мн., 1935). На бел. мову творы Т. пераклалі Э.Агняцвет, П.Броўка, А.Бялевіч, М.Калачынскі, К.Крапіва, Куляшоў, М.Лужанін, Р.Няхай, А.Русак, Г.Пашкоў, М.Танк, і інш.; яму прысвечаны паэма Куляшова «Варшаўскі шлях» (1973), верш Ю.Голуба «Аляксандр Твардоўскі ў Гродне», артыкулы Броўкі, В.Быкава, А.Зарыцкага, Куляшова і інш. Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1950—54, 1959—71).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М. 1976—83;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1953;
За даллю — даль. Мн., 1962;
Вершы. 1931—1970. Мн 1989.
Літ.:
Македонов А.В. Творческий путь Твардовского. М., 1981;
Воспоминания о А.Твардовском. 2 изд. М., 1982;
Кондратович А.И. «Ровесник любому поколению»: Док. повесть. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),
1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл.Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.
2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.Дзідро, Л.С.Мерсье ў Францыі, Г.Э.Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.П.Чэхава, Б.Шоу, Б.Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.Коласа («Антось Лата»), Л.Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял.Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Апошні шанц» В.Быкава, «Радавыя» А.Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.Марчука, «Пятля часу» Р.Баравіковай і інш.).