ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ САМААЧЫШЧЭ́ННЕ,

здольнасць біяцэнозаў нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне тэхнагенных, быт. і інш. антрапагенных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Адбываецца бесперапынна з удзелам жывых арганізмаў у цеснай сувязі з кругаваротам рэчываў у прыродзе. Засн. пераважна на паглынанні і раскладанні забруджвальнікаў мікраарганізмамі-рэдуцэнтамі і залежыць ад іх колькасці і фізіял. актыўнасці. Поўнае ачышчэнне навакольнага прыроднага асяроддзя ад арган. забруджвальнікаў настае пасля іх мінералізацыі, ад шэрагу неарган. рэчываў — у выніку хім. рэакцый. Здольнасць асяроддзя да біялагічнага самаачышчэння залежыць ад колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р паветра і глебы, наяўнасці ў асяроддзі акісляльнікаў. У адносінах да стойкіх забруджвальнікаў біялагічнае самаачышчэнне блізкае да нуля. З’ява біялагічнага самаачышчэння шырока выкарыстоўваецца пры ачыстцы сцёкавых і пітных водаў.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АЧЫ́СТКА сцёкавых водаў,

метад ачысткі быт. і прамысл. сцёкавых водаў, заснаваны на выкарыстанні здольнасці арганізмаў (пераважна бактэрый) разбураць (мінералізаваць) забруджвальнікі арган. паходжання. Ажыццяўляецца на ачышчальных збудаваннях самастойна ці ў комплексе з мех., фіз.-хім. і інш. метадамі. Аэробная (з удзелам кіслароду паветра) мінералізацыя адбываецца на палях фільтрацыі, палях арашэння, у біялагічных сажалках, каналах, біяфільтрах, аэратэнках. Анаэробная (без прысутнасці кіслароду) — у двух’ярусных адстойніках і метантэнках. Ступень ачысткі сцёкавых водаў пры выкарыстанні метадаў біялагічнай ачысткі дасягае 98% (арган. рэчываў у вадзе практычна няма, вада не гніе, колькасць шкодных мікраарганізмаў зніжаецца). Для разбурэння і дэтаксікацыі «незгнівальных» сінт. рэчываў выкарыстоўваюць спец. штамы мікраарганізмаў, якія атрымліваюць у выніку штучнага мутагенезу.

Літ.:

Очистка производственных сточных вод. 2 изд. М., 1985.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЖЫ́ВІКА (санскр.),

адно з неартадаксальных стараж.-індыйскіх вучэнняў, якое адмаўляла існаванне душы. Заснавальнікам аджывікі па традыцыі лічаць мудраца Маркалідэка (6—5 ст. да н.э.). Паводле вучэння аджывікі, існуюць 4 разнавіднасці атамаў, з якіх пабудаваны 4 стыхіі прыроды: зямля, вада, агонь і паветра; «жыццё» ёсць тое, што ўспрымае і пазнае спалучэнні атамаў. Разнавіднасці атамаў і жыццё ўтвараюць 5 існасцяў, якімі вычэрпваецца ўсё існуючае. Свядомасць уяўляецца як асобны агрэгат звыштонкіх атамаў, што ўваходзяць у «канфігурацыю жыцця»; атамы вечныя, непадзельныя, нікім не створаныя і незнішчальныя. Аджывіка выступала пераважна як матэрыяліст. вучэнне, якое процістаяла стараж.-інд. рэлігіі і філасофіі брахманізму. У Паўн. Індыі аджывіка злілася з дагматызмам і вішнуізмам, у паўд. Індыі існавала да 14—15 ст.

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).

На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл. рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pv​γ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.

Адыябатны працэс: адыябата ідэальнага газу.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́ЧКА (Wieliczka),

горад і бальнеалагічны курорт у Польшчы, у Кракаўскім ваяв. Вядомы з 11 ст., гар. правы з 1290. На Пд ад Кракава, у перадгор’ях Карпат. Мяккі клімат, мінер. воды і аэразольнае паветра саляных падземных вырабатак спрыяльныя для лячэння хвароб органаў руху і апоры, бранхіяльнай астмы і інш. хвароб лёгкіх. Алергалагічны санаторый. Буйны цэнтр адпачынку і міжнар. турызму. Захаваліся сярэдневяковыя касцёлы (у т. л. драўляны 16 ст.), руіны замка караля Казіміра Вялікага (каля 1350, 18 ст., разбураны ў 1945). Саляная шахта (13 ст.) з падземнымі капліцамі (17 ст.), у стараж. частцы якой адзіны ў свеце такога роду Музей кракаўскіх капальняў солі. Саляная шахта ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗААЧЫ́СТКА,

ачыстка прамысл. і прыродных газаў ад цвёрдых, вадкіх і газападобных прымесей. Робіцца мех., эл. і фіз.-хім. спосабамі.

Цвёрдыя і вадкія прымесі выдаляюць асаджэннем (у пылавых камерах, цыклонах), прамываннем вадой (у скруберах), фільтраваннем (праз порыстыя матэрыялы — фільтры з тканін, паперы і інш.), іанізацыяй (асаджэннем цвёрдых часцінак у эл. полі высокага напружання); газападобныя — абсорбцыяй (прамыўкай растваральнікамі ў апаратах тыпу скрубера), адсорбцыяй (з дапамогай порыстых матэрыялаў, напр., актываванага вугалю), хемасорбцыяй (паглынаннем вадкасцю або цвёрдым целам з утварэннем хім. злучэнняў), ахаладжэннем і сцісканнем (прымесі ператвараюцца ў вадкасць), акустычным спосабам, заснаваным на здольнасці цвёрдых часцінак каагуляваць пад дзеяннем гукавых ваганняў. На промыслах выкарыстоўваюць устаноўкі комплекснай падрыхтоўкі газу да транспартавання. Гл. таксама Ачыстка паветра.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАТУРБІ́ННЫ РУХАВІ́К,

цеплавы рухавік, у якім энергія сціснутага і нагрэтага газу пераўтвараецца ў мех. работу на вале газавай турбіны. Сціснутае атм. паветра падаецца ў камеру згарання, куды паступае газападобнае, вадкае або цвёрдае пылападобнае паліва. Энергія газападобных прадуктаў згарання пераўтвараецца ў мех. работу ў рабочым коле газавай турбіны. Бываюць адна- і двухвальныя. Выкарыстоўваюцца: у якасці асн. рухавікоў сілавых установак лятальных апаратаў, аўтамабіляў (гл. Газатурбінны аўтамабіль), газатурбавозаў, трактароў і інш.; на цеплавых і перасоўных электрастанцыях (гл. Газатурбінная электрастанцыя), для прыводу кампрэсараў з адначасовай выпрацоўкай эл. і цеплавой энергіі ў нафтавай, газавай, металургічнай, хім. прам-сці і інш.

Газатурбінны рухавік: 1 — кампрэсар; 2 — камера згарання; 3 — фарсунка; 4 — сапло; 5 — рабочае кола турбіны; 6 — выпускны патрубак.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ, гідрастатычнае супраціўленне,

сіла супраціўлення руху цела ў вадкасці (газе); сіла супраціўлення руху вадкасці (газу), выкліканая ўплывам сценак труб, каналаў і інш.

Гідрадынамічнае супраціўленне ў выпадку руху цела ў газах наз. аэрадынамічным супраціўленнем, абумоўленае вязкасцю вадкасці — вязкасным супраціўленнем. На целы, што рухаюцца каля мяжы раздзелу вадкасць — газ, дадаткова ўздзейнічае хвалевае супраціўленне, абумоўленае стратамі энергіі на ўтварэнне хваль. Для змяншэння гідрадынамічнага супраціўлення целам надаюць абцякальную форму, выкарыстоўваюць метады ўздзеяння на пагранічны слой і інш. Гідрадынамічнае супраціўленне ўлічваюць пры праектаванні і буд-ве лятальных апаратаў, марскіх і рачных суднаў, розных гідратэхн. збудаванняў, установак, апаратаў (турбінныя ўстаноўкі, паветра- і газаачышчальныя апараты, газа-, нафта- і водаправодныя магістралі, кампрэсары, помпы і інш.).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁГАЦЬ,

прадукт сухой перагонкі драўніны, торфу, бурага і каменнага вугалю, сланцаў. Густая вадкасць бурага ці чорнага колеру. Складаная сумесь арган. рэчываў, састаў якой залежыць ад сыравіны і метадаў перапрацоўкі.

Пры паўкаксаванні (сухая перагонка пры 500—600 °C) вугалю, торфу, сланцаў утвараецца т.зв. першасны Дз., які мае (у залежнасці ад сыравіны) фенолы, насычаныя вуглевадароды, альдэгіды, кетоны і інш. арган. рэчывы. Пры каксаванні каменнага вугалю ўтвараецца Дз. каменнавугальны (гл. Каменнавугальная смала). Дз. драўняны падзяляюць на бяроставы (атрымліваюць награваннем бяросты да 200—300 °C без доступу паветра), і менш якасны бярозавы (атрымліваюць разгонкай прадуктаў піролізу драўніны з карой). Драўняны Дз. выкарыстоўваюць пры тлушчаванні скуры, у медыцыне і ветэрынарыі (кампанент дзягцярнага мыла, розных мазей).

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)