МІ́НСКІ ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,

вышэйшы часовы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў канцы 1918 — пач. 1919. Створаны 15.11.1918 паводле пастановы РВС Зах. арміі ў сувязі з эвакуацыяй ням. войск з тэр. Беларусі. Старшыня С.​І.​Берсан, члены: ваен. кіраўнік Барзінскі, паліт. камісар І.​Ф.​Скуратовіч. М.в.с. падпарадкоўваліся Бабруйскі і Маладзечанскі ваен. саветы. На вызваленай тэр. вёў работу па стварэнні рэўкомаў, органаў сав. улады, батрацкіх к-таў. Склаў паўнамоцтвы 6.1.1919, створаныя ім ваен. і цывільныя органы былі падпарадкаваны Мінскаму губернскаму ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту.

М.​І.​Камінскі.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ КАФЛЯ́НА-ГАНЧА́РНЫЯ ЗАВО́ДЫ.

Дзейнічалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Мелі газавыя і паравыя рухавікі, лакамабіль, паравыя катлы. На з-дзе купца Авербаха (дзейнічаў у 1897—1914) у 1898 працавала 47 чал., выпушчана тэракотавых вырабаў на 2,8 тыс. руб., ганчарных на 25 тыс. руб., кафлі на 22,5 тыс. руб. На з-дзе купца Поляка (дзейнічаў з 1883 як з-д кафлянай пліткі) у 1895 працавала 67 чал., выпушчана кафлі, тэракотавых аздабленняў і вогнетрывалай цэглы на 25,1 тыс. руб. Гл. таксама Мінскі фарфоравы завод.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАВА,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Пінск — в. Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Іванава, 152 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 949 ж., 443 двары (1999). Цагельны з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У канцы 18 — пач. 20 ст. тут існаваў Моладаўскі палац. Помнікі архітэктуры — Свята-Вазнясенская царква (канец 18 ст.) і Моладаўская капліца. Гл. таксама Моладаўскі звон.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,

выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.​Мусальярам (потым — Х.​Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДА,

участак, на якім высякаўся лес, дрэвы спальваліся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Ляднае земляробства вядома на тэр. Беларусі з эпохі неаліту, на Палессі з 4-га тыс. да н.э., у канцы 3-га тыс. пашырылася да Падзвіння. У бронзавым веку — асн. сістэма гаспадаркі. Лядна-агнявым земляробствам займаліся плямёны штрыхаванай керамікі культуры і днепра-дзвінскай культуры, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. слав. плямёны. Часткова выкарыстоўвалася да 19 ст. Ад Л. паходзяць назвы некаторых населеных пунктаў.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСУЛЬМА́НСКАЯ ЛІ́ГА, Усеіндыйская (з 1947 Усепакістанская) мусульманская ліга,

палітычная арг-цыя ў Брыт. Індыі і Пакістане. Створана ў 1906 пры падтрымцы брыт. улад. У 1920—30-я г. кіраўніцтва М.л. на чале з М.​А.​Джынам падтрымлівала барацьбу Індыйскага нацыянальнага кангрэса за незалежнасць Брыт. Індыі. З 1940 выступала за стварэнне асобнай дзяржавы інд. мусульман — Пакістана. Узначальвала ўрад Пакістана ў першыя гады яго існавання (у 1956 скінуты ваеннымі). У канцы 1960-х г. М.л. распалася на некалькі груп, якія спынілі сваё існаванне да пач. 1970-х г.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКАНЕ́ЧНІК,

1) частка ручной кідальнай зброі, якая мацавалася на канцы дрэўка дзіды, кап’я, стралы, суліцы і інш. Найб. стараж. вядомы з эпохі палеаліту, часцей трапляюцца на помніках эпох мезаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў і ў часы сярэднявечча. Рабілі з каменю, косці, дрэва, металу; мацавалі да зброі смалой, бярозавым варам і інш. Формы і памеры Н. залежалі ад таго, у які час іх выраблялі і да якой культуры яны належалі.

2) Элемент канструкцыі гал. часткі артыл. снарада, што павышае яго баявыя ўласцівасці. Адрозніваюць Н. балістычны і бранябойны.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я СЛАНЫ́ (Mirounga),

род цюленевых атр. ластаногіх. 2 віды. Паўд. М.с. (M. leonina) пашыраны ў Паўд. паўшар’і (а-вы Кергелен, Макуоры, Паўд. Георгія і інш.), паўн. (M. angustirostris) — на ўзбярэжжы Мексікі і Каліфорніі. Сезонна мігрыруюць. Жывуць статкамі.

Найб. буйныя з ластаногіх: самцы даўж. да 6,5 м, маса да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Валасяное покрыва кароткае, афарбоўка — ад светла-бурай да карычневай. На канцы морды ў самцоў скурны мяшок («хобат», адсюль назва) даўж 40—80 см. Кормяцца галаваногімі малюскамі, рыбай. Палігамы, у гарэме да 20 самак. Нараджаюць 1 дзіцяня.

Марскі слон.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ДА (стараж.-яўр.),

старажытнаіудзейская крэпасць каля паўд. берага Мёртвага мора ў Ізраілі. Засн. ў канцы 2 ст. да н.э. Пры Ірадзе I (73—4 да н.э.) пабудаваны палацавы комплекс і дадатковыя ўмацаванні. М. была апошняй апорай паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73. Пры раскопках у 1963—65 знойдзена шмат рэчаў матэрыяльнай культуры, у т. л. рымскія і іудзейскія манеты, гліняныя чарапкі з надпісамі фарбай, папірусы і надпісы на скуры, на якіх змешчаны гасп. запісы, пісьмы, літ.-рэліг. тэксты на стараж.-яўр., арамейскай і грэч. мовах.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ІРЛА́НДЫЯ»

(«Young Ireland»),

палітычная групоўка маладой ірл. інтэлігенцыі ў 1842—48. Узнікла ў межах Асацыяцыі рыпілераў. Выступала за разгортванне руху за незалежнасць Ірландыі і аб’яднанне ўсіх ірландцаў у адзінай незалежнай дзяржаве, задавальненне патрабаванняў ірл. сялян, супраць кампрамісаў з англ. калан. ўладамі, прапагандавала ірл. нац. культуру. Лідэры — Ч.​Дафі, Т.​Дэвіс, Дж.Ф.Лалар, Дж.Мітчэл і інш. З 1842 выдавала час. «Nation» («Нацыя»). У канцы 1846 «М.І.» пакінулі леварадыкальныя члены, якія стварылі Ірландскую канфедэрацыю. Спыніла дзейнасць у сувязі з паражэннем ірл. нац.-вызв. паўстання 1848 і рэпрэсіямі з боку англічан.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)