наступальная аперацыя яп. войск 19 лют. — 10 сак. ў руска-японскую вайну 1904—05. Пасля капітуляцыі рас. гарнізона Порт-Артура (снеж. 1904) і няўдачы студзеньскага наступлення рас. войск на Сандэпу стратэгічнае становішча рас. арміі ў Маньчжурыі ўскладнілася. Аднак рас. сілы (293 тыс. штыкоў і шабляў, 1494 гарматы і 56 кулямётаў), пад кіраўніцтвам ген.-ад’ютанта А.М.Курапаткіна рыхтаваліся да наступлення, запланаванага на 25 лютага. Але яп. войскі (270 тыс. штыкоў і шабляў, 1062 гарматы і 200 кулямётаў) пад кіраўніцтвам маршала І.Аямы апярэдзілі расіян і 19 лютага перайшлі ў наступленне. Вышэйшае рас. камандаванне дзейнічала нерашуча і не здолела арганізаваць зладжанае кіраўніцтва. У выніку паспяховых дзеянняў яп. войск навісла пагроза акружэння рас. арміі ў раёне г. Мукдэн (Шэньян). Рас. войска вымушана было адступіць на 175 км на Пн ад Мукдэна, дзе заставалася да канца вайны. Гэта паражэнне рас. арміі вызначыла зыход вайны на карысць Японіі (гл.Портсмуцкі мірны дагавор 1905).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́Му міжнародным праве,
адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл-, адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯЖА́ЦЕЛІ,
рэлігійна-палітычная плынь у Расіі канца 15 — пач. 16 ст., прыхільнікі якой выступалі з патрабаваннем адмаўлення царквы ад «сцяжання» (набыццё зямельных і маёмасных каштоўнасцей), якое пярэчыць евангелічным ідэалам і шкодзіць аўтарытэту царквы. Гэта патрабаванне абгрунтавана ў працах Ніла Сорскага, Васіяна Патрыкеева, старца Арцемія і інш. У «Манастырскім статуце» Сорскі сцвярджаў, што набыццё ўласнасці несумяшчальна з манаскім зарокам, які абавязвае адмовіцца ад усяго свецкага, патрабуе весці строгі, аскетычны лад жыцця, карыстацца вынікамі ўласнай працы. Яго вучань Патрыкееў выступаў за канфіскацыю манастырскіх зямель і стварэнне манастырскага фонду для надзелу дробных і сярэдніх феадалаў. Несцяжацельства адпавядала інтарэсам буйнога баярства і ўдзельных князёў, якія імкнуліся захаваць свае ўладанні і задаволіць патрэбу велікакняжацкай улады ў зямлі для дваранства за кошт секулярызацыі царк. зямель. Супраць Н. выступалі іасіфляне на чале з Іосіфам Валоцкім, якія пераканалі Івана III адмовіцца ад падтрымкі несцяжацеляў як праціўнікаў палітыкі ўзмацнення велікакняжацкай улады. Н. зганьбаваны на царк. саборах 1503, 1531.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФЕ́КТ (ад лац. perfectus закончаны),
складаная дзеяслоўная форма прошлага часу індаеўрапейскіх моў, існуе і цяпер у некат. слав. мовах. У стараж.-рус. мове ўтвараўся спалучэннем дапаможнага дзеяслова «быти» ў формах цяперашняга часу з актыўным дзеепрыметнікам прошлага часу на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Абазначаў дзеянне або стан, вынікі якога захоўваюцца ў момант гутаркі: «азъ есмь пришелъ — я прыйшоў» (і цяпер знаходжуся тут). У бел. мове з развіццём трывальных адрозненняў у дзеяслова П. выцесніў з ужытку аорыст і імперфект, увабраў у сябе іх значэнні і стаў асн. формай для выражэння ўсіх адценняў мінулага дзеяння. Паступова страціў дапаможны дзеяслоў, дзеепрыметнік на «-л» увайшоў у парадыгму дзеяслова, пачаў успрымацца як форма прошлага часу, суадносная з формамі цяперашняга і будучага часу: «пішу — буду пісаць — пісаў». Канцавое «-л» у формах мужч. роду адз. л. ў вымаўленні змянілася на «ў»: «былъ — быў», «далъ — даў». На пісьме гэта з’ява адлюстравалася толькі ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДБА́ЧАННЕ НАВУКО́ВАЕ,
прадказанне на падставе навукі падзей ці з’яў, якія яшчэ не сталі аб’ектам чалавечага вопыту. Ад ненавук. форм прадбачання адрозніваецца тым, што скіроўвае ўвагу на вывучэнне заканамернасцей прыродных і грамадскіх працэсаў. Раскрыццю механізма П.н. дапамагаюць навук. тэорыі і эксперыменты; ад паўнаты і выверанасці даных навукі залежаць дыяпазон, дакладнасць і сапраўднасць вынікаў. Гэта дае падставу, асабліва ў грамадскім жыцці, для распрацоўкі пэўнай колькасці альтэрнатыўных варыянтаў, або мадэляў будучыні. Крытэрый верагоднасці вынікаў П.н. — здольнасць дакладна ўстанавіць гал. змест і кірунак прыродных і грамадскіх працэсаў у дадзеных умовах (П.н. не можа стварыць ідэальны вобраз будучай рэчаіснасці ва ўсіх яе дэталях і індывід. рысах). Катэгорыямі П.н. выступаюць: закон, тэорыя, гіпотэза, пазнанне, кіраванне і інш. Формамі канкрэтызацыі П.н. ў якасці абстрактнай катэгорыі з’яўляюцца навук. паняцці: прадчуванне, прадугадванне, прагназіраванне і інш. Глабальныя маштабы наступстваў глыбокіх змен у прыродным і сац. асяроддзі чалавека павышаюць значэнне П.н., якое становіцца адной з неабходных умоў існавання чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫ́ТАК,
перавышэнне даходаў ад продажу тавараў (паслуг) над затратамі на іх вытв-сць і продаж; адзін з найб. важных паказчыкаў фін. вынікаў гасп. дзейнасці прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў. Вылічаецца як розніца паміж выручкай ад рэалізацыі прадукту гасп. дзейнасці і сумай выдаткаў фактараў вытв-сці на гэту дзейнасць у грашовым выражэнні. Адрозніваюць П.: поўны, ці агульны, які называецца валавым (балансавым); чысты, што застаецца пасля выплаты падаткаў і адлічэнняў; бухгалтарскі, які разлічваецца па бухгалтарскіх дакументах без уліку дакументальна не зафіксаваных выдаткаў самога прадпрымальніка, у т. л. ўпушчанай выгады; эканамічны, які ўлічвае часовыя, альтэрнатыўныя выдаткі. Звычайна эканам. П. меншы за бухгалтарскі на велічыню некампенсаваных уласных выдаткаў прадпрымальніка, не ўлічаных у сабекошт, у якія часам уключаюць упушчаныя магчымасці. Апрача таго, магчымы выдаткі, якія не пазначаны ў балансе. Чысты П. паступае ў распараджэнне прадпрыемства і выкарыстоўваецца для фарміравання фін. рэзерву, фондаў накаплення і спажывання, дывідэнднага і інш., а таксама можа быць перададзены ва ўласнасць членаў прац. калектыву, калі гэта прадугледжана статутам прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак прававой навукі, у якім права разглядаецца як прадукт рознага роду псіхал. установак, інстынктаў, эмоцый. Склалася ў пач. 20 ст. адначасова з паяўленнем псіхал. кірункаў у сацыялогіі і інш.сац. навуках. З пункту гледжання прадстаўнікоў П.ш.п., прычыны, якія абумоўліваюць існаванне і дзеянне права, карэняцца ў псіхалогіі асобы ці сац. групы, а не ў сац.-эканам. і паліт. умовах дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Адзін з пачынальнікаў П.ш.п. — франц. сацыёлаг і правазнавец Г.Тард лічыў, што ў аснове ўсіх каштоўнасцей і норм, у т. л. прававых, ляжыць інстынкт пераймання. Найб. яркім прадстаўніком П.ш.п. быў рас. юрыст Л.І.Петражыцкі. У ням. л-ры пад уплывам фрэйдызму і бергсаніянства склалася канцэпцыя «прававога пачуцця», паводле якой гал. у праве з’яўляюцца судовыя рашэнні, у аснове якіх ляжаць інтуіцыя, падсвядомыя перажыванні, глыбінныя псіхал. ўстаноўкі суддзі, а не нормы права. У 1930-я г.гэта канцэпцыя, якая, парушаючы прынцып законнасці, пашырала т.зв. «свабоднае судзейскае гледжанне», была ўспрынята ў ЗША рэалістычнай школай права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́З, пухоўка (Typha),
род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды Р.: вузкалісты (T. angustifolia) і шыракалісты (T. latifolia), нар. назвы калавей, кіёўка. Утвараюць зараснікі па берагах вадаёмаў і ў балотах.
Шматгадовыя водныя ці балотныя травы з паўзучым карэнішчам. Тоўстыя неразгалінаваныя сцёблы выш. да 2 (3) м, цыбулінападобна патоўшчаныя пры аснове. Лісце вузка- ці шырокалінейнае, плоскае, суцэльнае. Кветкі дробныя, у шчыльных цыліндрычных суквеццях — катахах (уверсе — тычынкавыя, ніжэй — песцікавыя). Плод — дробны арэшак з лятучкай з доўгіх валаскоў. Сцёблы і лісце выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял, для пляцення кошыкаў, цыновак. З багатых на крухмал карэнішчаў атрымліваюць муку, сурагат кавы, таксама гэта корм для андатры, нутрыі. бабра, маладыя парасткі паядаюцца карпам. Прыкветкавыя валаскі жан. «шышак» выкарыстоўваюць у вытв-сці цэлюлозы, кінаплёнкі, фетру (у сумесі з шэрсцю жывёл), у выратавальных паясах. Некат. Р. — пустазелле рысавых палёў. Найважнейшы кампанент плаўняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ФОН,
сумеснае ўздзеянне прыродных і тэхнагенных радыяцыйных фактараў. Прыродны Р.ф. абумоўлены ў асн. (на 84%) іанізавальнымі выпрамяненнямі прыродных радыенуклідаў (пераважна калію-40 і радыенуклідаў уранавага і торыевага радыеактыўных радоў), якія ёсць у глебе, паветры, вадзе, раслінах, харч. прадуктах, буд. матэрыялах, целе жывёл і чалавека, а таксама касм. выпрамяненнем (гл.Касмічныя прамяні). Тэхнагенны Р.ф. абумоўлены пераважна здабычай і спальваннем каменнага вугалю, нафты, газу і інш. гаручых выкапняў, выкарыстаннем фосфарных угнаенняў, здабычай і перапрацоўкай неуранавых руд, у працэсе якіх адбываецца пераразмеркаванне і канцэнтраванне прыродных радыенуклідаў. На тэхнагенны Р.ф. уплываюць таксама выпрабаванні ядз. зброі, развіццё ядз. энергетыкі і інш.
У розных рэгіёнах Зямлі прыродны Р.ф. значна адрозніваецца. Гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення чалавека за кошт прыроднага Р.ф. складае ў сярэднім 2,4 мЗв (гл.Дозы выпрамянення). Гэта доза на 2/3 абумоўлена ўнутр. уздзеяннем газападобных альфа-актыўных прадуктаў распаду радону і тарону (назва радону-220, радыенуклід з перыядам паўраспаду 55,6 с), прычым уклад прадуктаў распаду радону амаль у 5 разоў большы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ЎСКІ (Андрэй Пятровіч) (1.9.1910, с. Нікіцкае Куркінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 26.4.1993),
расійскі і бел. рэжысёр, акцёр. Засл. арт. Беларусі (1959). З 1928 вучыўся і працаваў акцёрам у маскоўскіх тэатр. студыях пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага, А.Жыльцова, М.Хмялёва, з 1932 працаваў у розных трах Расіі. У 1955—80 рэжысёр Магілёўскага абл.драм.т-ра. Для пастановак характэрны дакладнасць рэалізацыі аўтарскай задумы, глыбокая прапрацоўка вобразаў, раскрыццё акцёрскіх індывідуальнасцей: «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.Тарасава (1964), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1965), «Мільянерка» Б.Шоу, «Тры дні і тры ночы» (абедзве 1967), «Амністыя» (1971), «Апошняя інстанцыя» (1975), «Наследны прынц» (1976) М.Матукоўскага, «Гарачае сэрца» А.Астроўскага (1971), «Таблетку пад язык» (1973), «Не сумуй, Верачка» («Верачка», 1979) А.Макаёнка. У Магілёўскім т-ры найб. значныя ролі Керанскі («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Дзяржынскі («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна і «Імем рэвалюцыі» М.Шатрова).