ЛЕКСІКАЛО́ГІЯ (ад лексіка + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы, яе лексіку. Мае сваю праблематыку (суадносіны слова і значэння, значэння і паняцця, лексічнага і граматычнага ў слове, вызначэнне месца слова сярод інш. адзінак мовы, выяўленне будовы лексіка-семантычнай сістэмы мовы і інш.) і свае метады вывучэння лексікі (дыстрыбуцыйны, кампанентны, кантэкстуальны, логіка-паняційны і інш.).

Л. цесна звязана з лексікаграфіяй, граматкай, стылістыкай і культурай мовы. У залежнасці ад ахопу і характару вывучаемай лексікі, сутнасці праблем і спецыфікі метадаў, што выкарыстоўваюцца, Л. падзяляецца на шматлікія разгалінаванні.

Агульная Л. вывучае праблемы слоўнікавага складу розных моў; прыватная, ці нацыянальная (бел., рус., ням. і г.д.), — лексіку канкрэтнай мовы; апісальная, ці сінхранічная, — лексіку мовы на пэўным этапе яе развіцця (найчасцей на сучасным); гістарычная, ці дыяхранічная, разглядае лексіку мовы ў працэсе яе развіцця, выяўляе яе гіст. пласты, паходжанне, змяненне семантычнай структуры, фанетыка-марфал. будовы; этымалагічная высвятляе паходжанне асобных слоў; супастаўляльная, ці параўнальная, аналізуе лексіку 2 і больш моў адначасова; функцыянальная апісвае розныя групы слоў з улікам іх функцый у маўленні; нарматыўная вызначае агульнаўжывальную лексіку літ. мовы і нормы яе выкарыстання ў маўленні і г.д.

Бел. Л. зарадзілася ў пач. 20 ст. Актуальным пытанням Л. прысвечаны працы бел. мовазнаўцаў А.​Я.​Баханькова, А.​М.​Булыкі, А.​І.​Жураўскага, М.​І.​Крукоўскага, А.​Я.​Супруна, Л.​М.​Шакуна, П.​П.​Шубы і інш.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,

умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.

Літ.:

Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЗЬ,

кіраўнік манархічнай дзяржавы ці асобнага паліт. ўтварэння (удзельны К.) пераважна ў 9—16 ст. у славян і інш. народаў; пазней дваранскі тытул. Першапачаткова К. — правадыр племя часоў дакласавай ваен. дэмакратыі; паступова ён ператварыўся ў кіраўніка феад. дзяржавы, напачатку выбарнага, потым спадчыннага (напр., Рурыкавічы на Русі, Гедзімінавічы і Ягелоны ў ВКЛ, Пясты ў Польшчы, Пржэмыславічы ў Чэхіі). К., што ўзначальвалі ВКЛ і буйныя дзярж. ўтварэнні на Русі, наз. вялікімі князямі. У Польшчы, Чэхіі, Румыніі і Сербіі кіруючыя К. прынялі каралеўскі тытул. З утварэннем цэнтралізаваных манархій удзельныя К. паступова страчвалі свае суверэнныя правы і станавіліся прыдворнымі велікакняжацкіх двароў Расіі (з 1547 царскага) і ВКЛ, каралеўскага ў Польшчы і інш. Паступова з разрастаннем княжацкіх родаў значэнне тытула К. зменшылася. Стаць К. у ВКЛ і Польшчы можна было толькі праз нараджэнне ў сям’і К. (выключэнне — прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства — біскупы і канонікі, якія карысталіся княжацкім тытулам пажыццёва), таму бел. магнаты Радзівілы (у 16 ст.) і Сапегі (у 18 ст.) набылі сабе ад імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» ганаровы тытул імперскіх К. У Расіі да 18 ст. тытул К. быў таксама толькі радавым. З 1707 рас. цары пачалі надаваць тытул К. вышэйшым саноўнікам за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. Адначасова ў Расіі на ўзор «Свяшчэннай Рым. імперыі» ўведзена больш высокая за звычайны княжацкі тытул ступень княжацкай годнасці — тытул святлейшага К. («яго светласці», у адрозненне ад «іхніх сіяцельстваў» — інш. князёў). Княжацкія тытулы ў Расіі адменены ў адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў» ад 10(23).11.1917.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАПІЎНІ́ЦКІ (Марка Лукіч) (22.5.1840, с. Крапіўніцкае Новаўкраінскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.4.1910),

украінскі драматург, акцёр, рэжысёр; адзін з заснавальнікаў укр. прафес. т-ра. Скончыў Бобрынецкае пав. вучылішча (1856). Выступаў як акцёр-аматар, з 1871 акцёр-прафесіянал, валодаў вялікім акцёрскім тэмпераментам, вобразнай выразнасцю. Арганізатар першай прафес. укр. тэатр. трупы (1882, разам з М.​Старыцкім), якая выступала ў гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску (1890, 1892, 1893, 1899), Гомелі, Бабруйску (1894). Аўтар больш як 40 драм. твораў. Сярод іх: драмы «Дай сэрцу волю, завядзе ў няволю» (1863), «Памірыліся» (1869), «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць» (1882), «Алеся» (1891), вадэвілі «Пашыліся ў дурні» (1875) і «Па рэвізіі» (1882), у якіх адлюстраваў побыт, норавы парэформеннай укр. вёскі, беспрасветнасць правінцыяльнай рэчаіснасці. Пашырыў жанравыя межы ўкр. драматургіі, узбагаціў яе моўна-стылістычныя сродкі. Перапрацоўваў і інсцэніраваў творы Т.​Шаўчэнкі, М.​Гогаля, Я.​Грабінкі і інш. Пісаў песні, рамансы, вак. дуэты, музыку для спектакляў. Аўтар мемуараў. Творы К. мелі вял. папулярнасць на бел. сцэне ў пач. 20 ст. Яго п’есы «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» ставілі Першая бел. трупа І.​Буйніцкага, у 1920-я г. бел. аматарскія гурткі і прафес. т-ры: Бел. муз.-драм. гурток у Вільні, Бел. драм. гурток у Пецярбургу, трупа У.​Галубка, БДТ.

Тв.:

Твори. Т. 1—6. Київ, 1958—60;

Драматичні твори. Київ, 1990;

Бел. пер. — Пашыліся ў дурні. СПб., 1910;

Па рэвізіі. СПб., 1911;

Рус. пер. — Пьесы. Л.;

М., 1960.

Літ.:

Киричок П.М. Марко Кропивницький. Київ, 1985;

Ахрыменка П.П. Летапіс братэрства. Мн., 1973.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,

найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.​Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).

Публ.:

Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮК ((Gluck) Крыстаф Вілібальд) (2.7.1714, Эрасбах, цяпер у межах г. Берхінг, Германія — 15.11.1787),

нямецкі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў муз. класіцызму, рэфарматар оперы 18 ст. Найб. важныя перыяды творчасці звязаны з Венай і Парыжам. Разумеючы неабходнасць рэфармаваць абцяжараную ўмоўнасцямі, далёкую ад рэальнасці традыц. італьян. оперу, ён пачаў гэтую працу ў оперы «Арфей і Эўрыдыка» (1762). Найб. паслядоўна рэфарматарскія прынцыпы ўвасоблены ў «Альцэсце» (1767) і «Парысе і Алене» (1770). У вядомых гісторыка-легендарных сюжэтах акцэнтаваў этычны пачатак. Імкнучыся да прастаты і натуральнай выразнасці ў оперы, да больш цеснага зліцця музыкі з драмай і паэт. словам, гал. элементам муз.-драм. дзеяння ён зрабіў рэчытатыў, узмацніў функцыі аркестра, аднавіў значэнне хору і балетных нумароў, стварыў оперу з яснай структурай. Найважнейшыя палажэнні рэформы сфармуляваў у прадмове да партытуры «Альцэсты». У Парыжы ён напісаў свае лепшыя творы: «Іфігенія ў Аўлідзе» (1774), «Арміда» (1777), «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1779), новыя рэд. «Арфея і Эўрыдыкі» (1774) і «Альцэсты» (1776), пастаноўка якіх завяршыла яго оперную рэформу. Напісаў таксама 5 балетаў, у т. л. «Дон Жуан» (1761), «Аляксандр» і «Семіраміда» (абодва 1765), оды і песні на словы Ф.​Г.​Клопштака. На творчасць Глюка, прадстаўніка асветніцкага класіцызму, паўплывала ідэалогія «трэцяга саслоўя». Яго рэформа зрабіла вял. ўплыў на муз. т-р 19—20 ст. (Л.​Бетховен, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Л.​Керубіні, Э.​Мегюль і інш.).

Літ.:

Рыцарев С.А. Кристоф Виллибальд Глюк. М., 1987;

Роллан Р. Глюк: По поводу «Альцесты» // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр. М., 1988. Вып. 3;

Querelle des Gluckistes et de Piccinnistes. Genève, 1984.

К.В.Глюк. Мастак І.​С.​Дзюплесі.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГ ((Gogh) Вінсент Вілем ван) (30.3.1853, Грот-Зюндэрт, каля г. Брэда, Нідэрланды — 29.7.1890),

галандскі жывапісец, адзін з пачынальнікаў постімпрэсіянізму. З 1869 служыў камісіянерам маст. гандл. фірмы ў Гаазе, Бруселі, Лондане, Парыжы; з 1878 — прапаведнікам. Звярнуўшыся да мастацтва, наведваў АМ у Бруселі (1880—81) і Антверпене (1885—86), прыватную студыю ў Парыжы (1886—88); адначасова вывучаў жывапіс імпрэсіянізму і японскую гравюру. Раннія творы, прасякнутыя спагадай да цяжкага жыцця простых людзей Галандыі, напісаны ў змрочнай, стрыманай гаме («Едакі бульбы», «Сялянка», абедзве 1885). Пазней яго палітра стала больш светлай, з’явіўся характэрны для Гога дынамічны мазок. У 1888 Гог пераехаў у Арль, дзе маляваў партрэты і пранізаныя стрыманым жыццялюбствам пейзажы. Жывапісная сістэма гэтых твораў пабудавана на спалучэннях яркіх колераў, выразным рытме малюнка і смелых, свабодных рашэннях («Начное кафэ», «Чырвоныя вінаграднікі ў Арлі», «Сланечнікі», «Спальня ван Гога ў Арлі», усе 1888; Аўтапартрэт з люлькай, 1888—89). Творчасць двух апошніх гадоў адметная абвостранай экспрэсіяй каляровых спалучэнняў, рэзкімі зменамі настрою ад змрочнага візіянерства («Дарога з кіпарысамі і зоркамі», 1890) да трапяткога пачуцця прасвятлення і прымірэння («Пейзаж у Аверы пасля дажджу», 1890). Напружаная праца ў апошнія гады жыцця суправаджалася прыступамі хваробы, якая прывяла Гога ў шпіталь для псіхічнахворых, дзе ён скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Письма. Л.;

М., 1966.

Літ.:

Перрюшо А. Жизнь Ван Гога: Пер. с фр. М., 1973;

Дмитриева Н.А. В.​Ван Гог: Человек и художник. М., 1982;

Стоун И. Жажда жизни: Повесть о В.​Ван Гоге: Пер. с англ. М., 1992.

В. ван Гог. Сланечнікі. 1888.
В. ван Гог. Партрэт доктара Гашэ. 1890.
В. ван Гог. Аўтапартрэт з люлькай 1888—89.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп (каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.​І.​Сухаў), паравозавагонарамонтным (М.​В.​Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.​Ц.​Брыкс), чыг. вузле (Ф.​С.​Варонін), лесакамбінаце (М.​Д.​Жызнеўскі, Р.​М.​Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.​І.​Каленікаў), у пашпартным стале (Н.​Я.​Заўгародні), у Навабеліцы (А.​В.​Мацвіенка, Ф.​С.​Кусцін, В.​Ц.​Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Михайлашев Н.А. Невидимый фронт // Неман. 1968. № 2;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.​В.​Аржаева.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАЗІ́ЙСТВА,

ідэйна-палітычная і філас. плынь у рас. эміграцыі 1920—30-х г. Пачаткам руху стаў выхад зб. «Выйсце да Усходу» (Сафія, 1921) групы маладых рус. вучоных-эмігрантаў. Гіст.-філас. і геапаліт. дактрына Е., услед за ідэямі позніх славянафілаў, ва ўсім супрацьпастаўляла гіст. лёсы, задачы і інтарэсы Расіі і Захаду і трактавала Расію як «Еўразію». Асн. тэарэтыкі — М.С.Трубяцкой, Г.​В.​Флароўскі, Л.П.Карсавін, П.​М.​Савіцкі, Г.У.Вярнадскі. Мэта Е. — стварыць новую ідэалогію, здольную асэнсаваць тое, што адбылося з Расіяй пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, і абгрунтаваць метады дзеяння «для адраджэння Айчыны» на аснове трывалага Саюза ўсходнеславянскіх народаў — рускіх, украінцаў, беларусаў. Тэрыторыю Расіі (СССР) еўразійцы разумелі як непаўторную гіст. і геагр. індывідуальнасць, адметны свет, які не належыць ні да Еўропы, ні да Азіі. Агульнаметадалагічным іх прынцыпам стаў поліцэнтрызм: Еўразія не супрацьпастаўляецца ўсяму «астатняму свету», яна — не якісьці міфічны цэнтр, што дамінуе ў свеце, а адзін з сусв. цэнтраў. Асн. ідэі Е.: самабытнасць культуры (на базе велікарускай), панаванне ідэалогіі (стрыжань — праваслаўе), агульнанац. інтарэс; канцэпцыя ўлады прадугледжвала кіруючую партыю (пераемніцу бальшавікоў) як дзярж.-ідэалаг. саюз, які не супадае з дзярж. апаратам. На 1-м этапе еўразійцы ажыццявілі шэраг плённых гіст.-культ. распрацовак, але потым Е. пачало набываць усё больш паліт. афарбоўку: левае яго крыло прызнавала заканамернасць рас. рэвалюцыі і апраўдвала бальшавізм, што выклікала пратэст другой часткі еўразійцаў. У выніку некалькіх расколаў у сярэдзіне 1930-х г. Е. як арганізаваны рух спыніла сваё існаванне. У апошнія гады інтарэс да яго ідэй аднавіўся.

Літ.:

Люкс Л. Евразийство: Пер. с нем. // Вопр. философии. 1993. № 6.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАГЛЯ́НЕ СО́НЦА І Ў НА́ША АКО́НЦА»,

першая легальная бел. выдавецкая суполка. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—14. Створана па ініцыятыве Б.Д.Эпімах-Шыпілы; ставіла перад сабой асветныя мэты. Выдавала кнігі (38 назваў, агульным тыражом больш за 100 тыс. экз.), навук.-папулярныя і публіцыстычныя брашуры, паштоўкі з краявідамі Беларусі і партрэтамі бел. пісьменнікаў. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.​Л.​Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай. Асн. частка тыражу трапляла на Беларусь. Дзейнасць пачала з выдання падручнікаў для школ, сярод якіх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа (1909). У 1907—09 наладзіла выданне літ. спадчыны ў падпісной серыі «Беларускія песняры» (творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш.). З аб’яўленых 8 кніг да сак. 1908 выйшла 6, кожная тыражом 4300 экз. Выдала першыя кнігі Я.​Купалы («Жалейка», 1908), З.​Бядулі («Абразкі»), Ц.​Гартнага («Песні», абедзве 1913). Асобнымі кнігамі перавыдала творы Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы» (1909), «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» (1910). Ў 1910—13 літаграфскім спосабам выдала рэпертуарную серыю драм. твораў («Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Сватанне» А.​Чэхава, «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, «Хам» Э.​Ажэшкі, «Паўлінка» Купалы). Суполцы належыць спроба стварэння літ.-мастацкага альманаха «Маладая Беларусь». Дзейнасць суполкі прыпынена ў сувязі з 1-й сусв. вайной.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 169—184;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Саламевіч Я. Выйшлі з светлага знання сяўбою // Маладосць. 1986. №6;Туронак Ю. «Загляне сонца...» і Вацлаў Іваноўскі // Спадчына. 1992. № 2.

Н.​Л.​Ракіцкая.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)