ГАЛІЛЕ́Й ((Galilei) Галілео) (15.2.1564, г. Піза, Італія — 8.1.1642),

італьянскі фізік, механік і астраном, адзін з заснавальнікаў дакладнага прыродазнаўства. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1611). Вучыўся ў Пізанскім ун-це. У 1589 атрымаў кафедру матэматыкі ў Пізе, а ў 1592 — у Падуі. Адкрыў законы свабоднага падзення цел, руху іх па нахільнай плоскасці, устанавіў закон інерцыі, ізахроннасць вагання маятніка і інш., што дало пачатак развіццю дынамікі. Выказаў ідэю пра адноснасць руху (гл. Галілея прынцып адноснасці). Сканструяваў тэрмометр (1597), гідрастатычныя вагі, маятнікавы гадзіннік, мікраскоп (1610 — 14). У 1609 пабудаваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў горы на Месяцы, 4 спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры, плямы на Сонцы, зорную будову Млечнага Шляху, пацвердзіўшы гэтым праўдзівасць вучэння М.​Каперніка пра будову свету. У кн. «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету — пталамееву і капернікаву» (1632) абгрунтаваў геліяцэнтрычную сістэму свету, за што ў 1633 аддадзены пад суд інквізіцыі, дзе на допыце фармальна адмовіўся ад вучэння М.​Каперніка. У 1992 папа Іаан Павел II абвясціў рашэнне суда інквізіцыі памылковым і рэабілітаваў Галілея. У філасофіі быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, даказваючы, што свет існуе аб’ектыўна, ён бясконцы, матэрыя вечная; адзіная, універсальная форма яе руху — мех. перамяшчэнне. У адрозненне ад схаластаў Галілей распрацаваў і палажыў у аснову пазнання прыроды эксперым. метад, усталяванне якога дало пачатак развіццю дакладнага прыродазнаўства.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964.

Літ.:

Бублейников Ф.Д. Галилео Галилей. М., 1964;

Седов Л.И. Галилей и основы механики: К 400-летию со дня рождения. М., 1964.

Г.Галілей.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШТО́ЛЬДЫ, Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы,

магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Гаштольд (? — 1364), ад вял. князя ВКЛ Альгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш. Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл. Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.

А.​М.​Нарбут.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЭКАФО́НІЯ (ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),

адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл. Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.​М.​Гаўэра, А.​Габы, Э.​Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т. л. бел. В.​Войцік, Г.​Гарэлава, А.​Гураў, У.​Дарохін, У.​Кандрусевіч, В.​Капыцько, С.​Картэс, В.​Кузняцоў, А.​Літвіноўскі, Дз.​Смольскі, А.​Сонін, Р.​Сурус і інш.

Літ.:

Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;

Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;

Яго ж. Гармония. М., 1988.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́ ((Dali) Сальвадор) (11.5.1904, г. Фігерас, Іспанія — 23.1.1989),

іспанскі жывапісец, графік і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў і вядучы прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў АМ у Мадрыдзе (1921—26), захапляўся футурызмам, кубізмам, метафіз. жывапісам. З 1929 у Парыжы, дзе пад уплывам П.Пікасо і А.Брэтона склаўся як сюррэаліст. Абапіраючыся на тэорыю псіхааналізму псіхааналізу З.​Фрэйда, стварыў уласны творчы метад, які назваў «паранаістычна-крытычным». Свае ідэі сцвердзіў у першых сюррэаліст. фільмах, зробленых у супрацоўніцтве з Л.Буньюэлем («Андалускі пёс», 1929, і «Залаты век», 1931), што прынесла Д. славу самага эксцэнтрычнага і экстравагантнага мастака 20 ст. Жывапісныя творы Д., адметныя нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай, як правіла, уяўляюць сабой фантасмагорыі, дзе самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца знешняя дакладнасць і пераканаўчасць: «Пастаянства памяці», «Старасць Вільгельма Тэля» (абодва 1931), «Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле» (1933), «Прадчуванне грамадзянскай вайны» (1936), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959), «Лоўля тунца» (1967) і інш. З 1940 у ЗША, дзе яго ілюзійны прыём жывапісу дасягнуў найб. вастрыні («Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння», 1944, «Атамная Леда», 1949). З 1955 у Іспаніі, пад уплывам ісп. барочнага жывапісу ствараў творы хрысц. тэматыкі «Тайная вячэра», 1955, і інш.). Займаўся сцэнаграфіяй, плакатам, дэкар. мастацтвам, ілюстраваў творы М.​Сервантэса, У.​Шэкспіра і інш. Аўтар аўтабіягр. кніг «Тайнае жыццё Сальвадора Далі» (1942—1944) і «Дзённік генія» (1964). У 1972 у Фігерасе адкрыты музей мастака, у якім ён і пахаваны.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник одного гения. М., 1991.

Я.​Ф.​Шунейка.

С.Далі. Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле. 1933.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,

форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л. рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш. навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.

В.​М.​Навумчык.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРГАМЫ́ЖСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (17.2.1813, с. Троіцкае Тульскай вобл., Расія — 17.1.1869),

рускі кампазітар; адзін з заснавальнікаў рус. класічнай муз. школы (разам з М.Глінкам). Атрымаў рознабаковую (у т. л. муз.) хатнюю адукацыю. Паслядоўнік Глінкі, самабытна развіваў яго традыцыі. Верны асн. прынцыпам народнасці, нац. характэрнасці музыкі, Д. праклаў новыя шляхі ў рус. муз. мастацтве, абнавіў прыёмы і сродкі муз. выразнасці. Яго найб. вядомы твор — опера «Русалка» (1856) знаменавала нараджэнне новага жанру — нар.-бытавой псіхал. муз. драмы. На аснове меладызаванага рэчытатыву, блізкага да жывых інтанацый гаворкі, стварыў тып рэчытатыўнай оперы («Каменны госць» на тэкст А.​Пушкіна; скончана Ц.​Кюі і М.​Рымскім-Корсакавым, 1872). Д. ўпершыню ўвасобіў у музыцы тэму сац. няроўнасці, узбагаціў жанры вак. лірыкі: рамансы «Я вас любіў», «Вяселле», «Начны зефір», «І сумна, і нудна», песня «Млынар», драм. песня «Стары капрал», сатыр.-камічныя песні «Чарвяк», «Тытулярны саветнік». З інш. твораў: опера «Эсмеральда» (1847), опера-балет «Трыумф Вакха» (1848); для аркестра: жарт-фантазія «Баба-яга, або 3 Волгі nach Riga» (1862), «Маларасійскі казачок» (1864), «Чухонская фантазія» (1867). Д. акрэсліў новыя шляхі ў оперным і камерна-вак. жанрах, якія вядуць да творчасці М.​Мусаргскага, П.​Чайкоўскага і інш. рус. кампазітараў.

Літ. тв.: Избр. письма. Вып. 1. М., 1952.

Літ.:

Пекелис М. Даргомыжский и народная песня. М.; Л., 1951;

Яго ж. А.​С.​Даргомыжский и его окружение. Т. 1—3. М., 1966—83;

Скудина Г. Даргомыжский — восхождение к правде // Муз. жизнь. 1984. № 5.

Н.​М.​Юдзеніч.

А.С.Даргамыжскі.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮДО́ (ад яп. дзю мяккасць + до шлях),

японская нац. барацьба (у кімано са свабодным поясам, без абутку). Пры барацьбе стоячы барцы імкнуцца з дапамогай падножак, падсечак, кідкоў і інш. прыёмаў кінуць адзін аднаго на татамі (спец. цыновачная мата), пры барацьбе лежачы — утрымаць праціўніка прыціснутым спінай да татамі або з дапамогай болевых прыёмаў і задушлівых захватаў прымусіць яго прызнаць сябе пераможаным. Схваткі праводзяцца ў 8 вагавых катэгорыях (жанчыны — 48, 52, 61, 66, 72, больш за 72 кг і абсалютная; мужчыны — 60, 65, 71, 78, 86, 95, больш за 95 кг і абсалютная) і працягваюцца 4 мін для жанчын і 5 мін для мужчын.

Дз. створана ў канцы 19 ст. праф. Д.​Кано, які сістэматызаваў і палепшыў тэхніку джыуджыцу (без элементаў, што пагражалі жыццю і здароўю барцоў) і ўвёў шмат новых, створаных ім самім. З канца 19 — пач. 20 ст. Дз. пашырылася ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Амерыкі У 1956 створана Міжнар. федэрацыя Дз. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1956, чэмпіянаты Еўропы — з 1951. З 1964 Дз. — алімпійская дысцыпліна (перапынак у 1968).

На Беларусі развіваецца з 1974, у 1977 створана рэсп. федэрацыя. Сярод бел. дзюдаістаў чэмпіён Еўропы (1983, 1984, 1985), уладальнік Кубка свету (1984, 1986), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1985) В.​Пясняк, чэмпіён Еўропы (1997) Р.​Мамедаў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995) Н.​Багіраў, прызёры чэмпіянату Еўропы 1977 А.​Карыцкая і Т.​Масквіна. Зборная каманда Беларусі сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994).

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ГІЛЕЎ (Сяргей Паўлавіч) (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),

рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.​Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.​Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.​Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.​Пракоф’ева, а таксама К.​Дэбюсі, М.​Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.​Фокін, В.​Ніжынскі, Л.​Мясін, Б.​Ніжынская, Дж.​Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.​Карсавіна, М.​Кшасінская.

М.​Мордкін, Г.​Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;

Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;

Лифарь С. М.​С.​Дягилевым. СПб., 1994.

С.П.Дзягілеў Фрагмент карціны Л.​Бакста. 1906.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА.

Існавала ў 12—16 ст.; адзін з удзелаў, на якія ў 12 ст. распалася Полацкая зямля. Утворана, магчыма, пасля смерці кн. Усяслава Брачыславіча (1101) як удзел яго сына Барыса. Пасля Д.к. належала сынам апошняга Рагвалоду і Івану, менскаму кн. Расціславу Глебавічу і яго сыну Глебу (з 1151), зноў Рагвалоду Глебавічу (з 1158), яго сынам Глебу (1180) і Усяславу (1186) і мяркуемаму ўнуку Барысу (1197). У 13 — пач. 14 ст. ў Д.к., верагодна. правіла мясц. дынастыя, якая ў 1-й пал. 14 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад Гедзіміна ці яго сына Альгерда. Пасля заняцця Альгердам велікакняжацкага пасада (1345) Д.к. ўвайшло ў ВКЛ. У 2-й пал. 14—1-й пал. 15 ст. яно ахоплівала тэрыторыю паміж Барысаўскай вол. на 3, Лукомскім княствам і Аболецкай вол. на Пн, Аршанскай і Копыскай вол. на У, Цяцерынскай вол. на Пд (часткі сучасных Талачынскага, Крупскага і Круглянскага р-наў). З 2-й пал. 15 ст. Д.к. пачало распадацца ў сувязі з падзелам яго тэр. паміж асобнымі галінамі кн. Друцкіх. Маёнткі Багрынава, Гольцава, Шыйкі адышлі да вял. князя і былі падараваны кн. Адзінцэвічам. Друцкі замак заставаўся ў сумесным валоданні ўсіх кн. Друцкіх. З канца 15 ст. ў выніку згасання некат. галін кн. Друцкіх іх долі ў Д.к. перайшлі да інш. феад. родаў: кн. Ямантовічаў, Гаштольдаў, Іллінічаў, Гарнастаяў, Сапегаў. У 16 ст. Д.к. канчаткова ператварылася ў кангламерат самастойных феад. вотчын. Пасля адм. рэформы ў ВКЛ 1565—66 яго тэр. цалкам уключана ў Аршанскі павет.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)