частка артыл. гарматы, на якой мацуецца ствол. Прызначаны для надання ствалу верт. і гарыз. вуглоў (пры дапамозе механізмаў наводкі), паглынанні энергіі аддачы пры выстрале, а таксама для перамяшчэння гарматы. Л. бываюць рухомыя (на калёсным або гусенічным ходзе), паўстацыянарныя (на рухомай аснове ў танк., самаходных, карабельных, авіяц. і інш. гарматах) і стацыянарныя (на нерухомай аснове ў берагавых, казематных і інш. гарматах). На Л. устанаўліваюць труну пры пахаванні заслужаных военачальнікаў, як від ушанавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАВА́Я ШТАМПО́ЎКА,
від штампоўкі, пры якой з ліставога пракату (ліста, паласы, стужкі) атрымліваюць вырабы плоскай або прасторавай формы без змены таўшчыні матэрыялу. Бывае гарачая (штампуюць лісты таўшчынёй больш за 15 мм) і халодная (да 15 мм). Да Л.ш. адносяць гібку, выцяжку, рэзку (разразанне, вырубку, прабіўку адтулін), а таксама адбартоўку, закрутку, зборку і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамаб., радыётэхн., электроннай і інш. галінах вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЎР (франц. livre ад лац. libra фунт),
грашова-лікавая адзінка Францыі ў 9—18 ст. Падзяляўся на 20 су, або 240 дэнье. Як рэальная манета выпускаўся ў 1665 пры Людовіку XIV пад назвай «сярэбраны лі» і ў 1720 пры Людовіку XV. Пры Людовіку XVI выпушчаны залатыя манеты ў 24 Л. і сярэбраныя ў 3 і 6 Л. У выніку псавання манет кошт Л. паніжаўся. У 1795 на змену Л. прыйшоў франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́БРЫУМ (Leucobryum),
род лістасцябловых імхоў сям. ляўкобрыевых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных абласцях Усх. паўшар’я. На Беларусі ў сырых хвойных і мяшаных лясах трапляецца Л. шызы (L. glaucum). Садзейнічае забалочванню глебы. Гумусаўтваральнік.
Л. шызы ўтварае шчыльныя, падушкападобныя дзярнінкі выш. да 20 см, у верхняй ч. шыза- або белавата-зялёныя. Сцёблы прамастойныя, вілавата-разгалінаваныя, густааблісцелыя. Лісце з яйцападобнай асновы звужана ў трубчастую верхавінку. Каробачка са спорамі падоўжаная, на ножцы. Ва ўмовах Беларусі размнажаецца вегетатыўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАСТРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
магнітамяккія матэрыялы з дастаткова вял. эфектам магнітастрыкцыі. Да іх адносяць нікель і сплавы на яго аснове (напр., пермалой), жалезакобальтавыя (напр., пермендзюр) і жалеза-алюмініевыя (алфер) сплавы, а таксама злучэнні рэдказямельных элементаў, некаторыя ферыты і інш. Металічныя М.м. звычайна пракатваюць у стужкі таўшчынёй да 0,3 мм, з якіх штампуюць або навіваюць асяродкі, з ферытавых М.м. вырабляюць маналітныя асяродкі. Выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі эл.-магн. энергіі ў мех. і наадварот (напр., выпрамяняльнікі акустычных ваганняў, датчыкі ціску, радыёчастотныя фільтры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАНКААДВО́Д,
прыстасаванне для аховы будынкаў, прамысл., трансп., с.-г. і інш. збудаванняў ад прамых удараў маланкі.
Складаецца з метал. стрыжня або троса, які ўзвышаецца над аб’ектам і злучаны з надзейным зазямленнем. Ахоўная зона М. з адным верт. стрыжнем мае форму конуса, радыус асновы якога роўны вышыні М. Правады зазямлення выбіраюцца так, каб не плавіліся токам маланкі пры адводзе зараду ў зямлю. М. часам няправільна наз. громаадводам. Метад аховы ад навальнічных разрадаў з дапамогай М. прапанаваў Б.Франклін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАДА́КНА (Monodacna),
род двухстворкавых малюскаў сям. сэрцападобнікаў атр. венерыд. Вядомы з верхняга пліяцэну. 3 віды, 7 падвідаў. Пашыраны ў слабасалёных (не больш за 12‰) і прэсных водах Азоўскага, Каспійскага і Чорнага мораў, вадасховішчах нізоўяў рэк і іх басейнаў. Жывуць на пясчаных і мулавых грунтах да глыб. 35 м.
Даўж. да 41 мм. Ракавіна танкасценная, круглая або авальная, выпуклая, з рабрыстай паверхняй. Нага развітая, з яе дапамогай М. поўзаюць, закопваюцца ў грунт, падскокваюць. Фільтратары, кормяцца водарасцямі, дэтрытам, планктонам. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТА́Ж,
1) у радыёвяшчанні, тэлебачанні, эстрадным мастацтве, фатаграфіі і інш. — падбор асобных маст. твораў або іх частак у залежнасці ад тэмы, сюжэта.
2) Творчы і тэхн. працэс у стварэнні кінафільма пасля правядзення здымак; адзін з найважнейшых сродкаў раскрыцця ідэйна-маст. зместу фільма. Уключае адбор адзнятых фрагментаў у адпаведнасці са сцэнарыем і рэжысёрскай задумай, склейку асобных фрагментаў у адзінае цэлае. М. называюць таксама сістэму зместавых, гуказрокавых рытмічных суадносін паміж асобнымі кадрамі, якая складваецца паступова і замацоўваецца ў гатовым фільме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКО́ЎНІК (Anthriscus),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды М.; лясны (A. sylvestris, нар. назвы ствольны цвет, вадзяны кроп) і цьмянцовалісты, або кервель (A. cerefolium). Трапляюцца ў хмызняках, гаях, каля жылля.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы граністыя. Лісце складанарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя ў парасонавых суквеццях. Плод — падоўжаны віслаплоднік. Культывуюць М. цьмянцовалісты як вострапрыпраўную расліну. Лек., агароднінныя, вострапрыпраўныя, меданосныя, эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́НА (італьян. marina ад лац. marinus марскі),
жывапісны або графічны твор з выявай марскіх відаў, караблёў; жанр пейзажа. У еўрап. мастацтве ў 17 ст. М. перажыла росквіт у творчасці галандскіх жывапісцаў Я.Порселіса, Х.Сегерса, сям’і ван дэ Велдэ і інш. Сярод буйнейшых мастакоў 18—19 ст., якія звярталіся да жанру М., — Ж.Вернэ ў Францыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі, Кацусіка Хакусай у Японіі, І.Айвазоўскі ў Расіі і інш. Мастакі, якія працуюць у жанры М., называюцца марыністамі.